Новы трэк беларускага музыкі Сяргея Башлыкевіча пад назвай «169-145» з’явіўся на ўсіх музычных платформах. Гэта пяшчотная поп-рок-рэп-балада пра каханне.
«Добра, што да снежня паспелі прэзентаваць, а то ну канфуз інакш быў бы і прыйшлося б чакаць з рэлізам да наступнага лістападу.
Вокладка песні — на аснове малюнка прымадонны фаніпальскіх пост-рафаэлітаў @leanovich», — адзначыў музыка на сваёй старонцы ў Інстаграм.
Мінск лістападаўскім ветрам здувае, увесь дол у дробнага лісця крупе.
Заснулі на зіму катамараны насупраць дома-музея РСДРП.
Не самая цёплая сёлета восень, але нешта ўнутры мяне так мякенька грэе,
Што хочацца верыць — нешта харошае ёсць і ў гэтым усратым доме-музеі.
Свет стаў у нейкую кропку стабільнасці, у сталоўках стабільна праціўны кампот.
У Палацы мастацтваў ярмарка футра, ярмарку мёду і наадварот.
Ля БДЭУ зусім выпадкова ў лоб сутыкнуліся двое ілбом:
Яна з журналам групы пад пахай, і ён — у шортах пад пінжаком.
Ну што тут такога? Было і было, і ляцець бы далей, ну ёсць яшчэ справы:
Забраць на вакзале пасылку ад мамкі, завезці ў абшчагу і зноўку на пары.
Хто б мог падумаць, пасля той сустрэчы як шмат ў памяці змогуць заняць
Пакоі адзін аднаго ў інтэрнаце — сто шэсцьдзесят дзевяць і сто сорак пяць.
Цягнуцца ў неба тралейбусаў рогі,
Трамваі па рэйках паўзуць слімакамі.
Хто ж ведаў, што так цесна дарогі
Сплятуцца ў адну пад сухім лістамі.
Глінтвейн у меню дадалі кафэшкі,
Усохлі каштаны ў чаканні марозу.
Хто б мог ведаць тады, што іх сцежкі
Сплятуцца ў адну на рагу ля нархозу.
Так пачалося і хутка ўзрасло каханне памерам пад самыя зоры,
І разуменне, што грошы не тут, а недзе ў далёкім чужым Нуменоры.
І вось самалёт іх над хвалямі прэ туды, дзе заробяць яны мільярд.
Такі сабе, блін, варыянт work & travel дзе travel a little, but work very hard.
Work very шмат, work за капейку! Што, work-life balance? Ніколі не чулі!
Жыццё — не каробка цукерак, не цукар, не мёд, і не келіхі з кіндзмараулі.
І як ні хацелася ўсё і адразу, і як бы не прагнула сэрца палёту,
Дзень у дзень, дзень у дзень, з году ў год: работа, вучоба, работа, работа.
Выграблі неяк, няма як спыніцца, калі ўжо далёка заплыў за буйкі.
П’еса складаная, добра, што ім давялося іграць у чатыры рукі.
Упартай хадою дайшлі да жыцця, дзе за ўсё, што было, ні кроплі не шкода:
Дзе ён актуарый, яна антраполаг, дзе дзеці, дзе дом, дзе каханне і згода.
Цягнуліся ў неба тралейбусаў рогі,
Трамваі па рэйках паўзлі слімакамі.
Хто ж ведаў, што цесна дарогі
Сплятуцца ў адну пад сухім лістамі.
Глінтвейн гасцям налівалі кафэшкі,
Сохлі каштаны ў чаканні марозу.
Хто бы мог ведаць тады, што іх сцежкі
Сплятуцца ў адну на рагу ля нархозу.
Чую здалёку нямое пытанне: што ты, Сярога, нам выдаў за дзіва?
Дзве тысячы сімвалаў налапатаў, і ў іх выпадкова ні слова пра піва?
Ты што, асмялеў паказаць нам нарэшце свой верш, напісаны ў шаснаццаць гадоў?
Дзе мета-іронія? Чаму так сур’ёзна? Што за ванілька? Ты што, Рыжкоў?
Не, я не аб’еўся магічных грыбоў. Спакойна, рабяты, гэта апяты.
Восень — час лірыкі пагатоў, восень — адно юбілейныя даты.
Усё, што сёння я вам распавёў, як водзіцца, based on a true story.
Мяне папрасіла аб тым гераіня — тая, якая жыве за тры моры.
Насця з Ліды, дзе свае флюіды, дзе, як і ў Ашмянах, жыццё без прыўкрас.
І звязвае ніткаю тонкаю нас гісторыя даўняя, як піраміды.
У летніку школьным, дзе дзеці напрыканцы слёзна пішуць прызнанні ў анкеце,
У пакоі насупраць, дзе Насця жыла, я пачуў упершыню NRM на касеце.
І каб не тое лета пад Гродна, усё такой бы была пастаянная Планка.
Падумаеш, троху меншы быў сусветны лічыльнік згадак слова «фіранка».
Так жа паўзлі па Мінску тралейбусы, і трамваі з рэйкаў ганялі лісты.
Усё было б тое самае, але быў іншы я. А ты?
Мы жывём пад зямлёй, жывём пад асфальтам, мы добра бачым у цемры.
Мне не трэба літасці і шкадавання, але ўнутры ўсё жывое, а не кансервы.
Я чую ўсе шолахі і як скрабецца нешта глыбока цішком,
І ўсё, што мне трэба, — гэта хоць троху гісторый з харошым канцом.