Вечнае вяртанне. Беларусь трэба прыдумаць нанова?

11.05.2026
Кожны раз, адглядзеўшы здымкі і відэа з 9 траўня, думаеш: што за хвароба такая пакрыла наш Край? Яно ж усё часовае, праўда? Можа, трэба проста падняць узровень імунітэту, прапіць антыбіётык, ды — вярнуцца да сябе. Да «нашай Беларусі». А што, калі... «нашай Беларусі» — ніколі не існавала?

Чым далей адсоўваецца 2020 год, тым прывабней выглядае год 2019-ты ці 2018-ты. «Макееўская адліга», замежныя турысты, бум на праекты і нізавыя ініцыятывы, людзі ўкладаюцца ў нерухомасць і бізнес, штодня адчыняюцца новыя кавярні... Любата. Здаецца, вось яна, краіна, дзе трэба было жыць. Знешне Беларусь падавалася цалкам здаровай і нават еўрапейскай.

«Не шкрабіся, само пройдзе!»

Ці так было насамрэч? Ці была краіна — здаровай? Зусім не. Хвароба на той момант ужо даўно апанавала суды, міністэрствы, гарвыканкамы, газеты, музеі, школьныя падручнікі... Усё, што мела марку: «дзяржаўнае» — было хворым. Вірус стаў структурай, якая падмяніла сабой імунітэт. Здаецца, на ім усё і трымалася: прыбярэш заразу — і Беларусь разваліцца, як картачны домік.

То-бок, усё, што мы ўбачылі пасля 2020-га — гэта вострая форма хваробы, якая была з намі ўжо вельмі-вельмі даўно. Часам мы стараліся яе не заўважаць: каб не звар’яцець. Бо як жыць, разумеючы, што вакол адбываецца трэш, на які ты не можаш паўплываць? Не можаш змяніць — не заўважай. Як дзецям кажуць: «Не шкрабіся, само пройдзе!».

PratestyБеларусь, 2020 г. Крыніца: orf.at

«Не атрымалася сёння, атрымаецца заўтра...»

Парадокс у тым, што нейкай іншай — «нашай Беларусі» — насамрэч ніколі не існавала. У Беларусі пачатку 1990-х, пад Бел-чырвона-белым сцягам, усё адно руліў былы «партхозактыў». У БССР, дзе Быкаў выдаваўся шматсоттысячнымі тыражамі, рулілі камуністы і Масква. БНР як дзяржава проста не існавала: змяшчалася ў некалькіх скрынях з дакументамі тых, хто яе прадстаўляў.

Дзе ж тады Беларусь — нашай мары? Яе ніколі не было. Заўжды гэта быў кніжны «праект навырост», які не мог рэалізавацца па аб’ектыўных, як здавалася, прычынах. А каб яно ўсё круцілася надалей, трэба было патлумачыць, чаму «не атрымалася сёння», але — «атрымаецца заўтра». Гэтым, уласна, і займаліся паэты, гісторыкі, палітыкі. Каб гульня працягвалася.

Беларусь вартая не «дэкаланізацыі», але — каланізацыі

Навошта ж нам тады светлыя вобразы мінулага? Так працуе псіхіка. Мы вечна вяртаемся, каб ісці наперад. Каб паверыць у «заўтра», нам трэба спачатку размаляваць яскравымі фарбамі кінахроніку «ўчорашняга дня». Узгадваць прасцей, чым прыдумляць наноў. Нашы ўспаміны — гэта заўжды сон, фантазія. Так не было. Але нам хочацца верыць, што так было.

Гаворка пра тое, што няма і не было ніякай Беларусі, у якую аб’ектыўна можна вярнуцца. Ані ў 1980-я, ані ў 1990-я, ані ў нулявыя ці дзясятыя. Беларусь трэба прыдумаць нанова. Змяніць яе аблічча цалкам: ад працы міністэрстваў да асартыменту паштовых аддзяленняў.

Беларусь вартая не «дэкаланізацыі», але акурат — каланізацыі. Каланізацыі ў значэнні — заваёвы новымі ідэямі, рэдызайну і перазагрузкі. Суцэльная тэрыторыя творчасці. Як вам такое?

Рэсентымент давайце пакінем нашым апанентам, прырэчаным штогод вяртацца ў 9 мая і круціць па коле гісторыю, якую яны самі для сябе і прыдумалі.

Minsk
Крыніца: 1prof.by

Алесь Кіркевіч, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org