Класік беларускай літаратуры Максім Танк цягам жыцця зрабіў галавакружную кар’еру, захоўваючы пры гэтым амаль што неверагодную сціпласць.
У дзень народзінаў паэта, які яшчэ пры жыцці стаў прыкладам для не аднаго пакалення беларусаў, прыгадваем некаторыя факты з яго пакручастага лёсу.
Здаецца, лепей за ўсё жыццёвую эвалюцыю Максіма Танка апісаў літаральна ў некалькіх сказах пісьменнік і мастак Адам Глобус у сваёй кніжцы «Партрэты», якая пабачыла свет у выдавецтве «Галіяфы» некалькі гадоў таму:
«З усіх танкаўскіх самая танкаўская рыфма „рэвалюцыі-рэзалюцыі“. З палымянага віленскага камунара Жэніка Максім Танк зрабіўся партнаменклатурным чыноўнікам Яўгенам Іванавічам. Менавіта такая дыялектыка і адлюстроўваецца ў згаданай рыфме, таму і гучыць яна ў вершы „Як многа гаворым і нудна...“ арганічна. З’яўленне гэтай жа рыфмы ў іншых беларускіх паэтаў выклікала ў мяне неразуменне і нават агіду.»
Хата ў Пількаўшчыне, дзе нарадзіўся М. Танк, цяпер яго музей. Фота: wikipedia.org
Яно і праўда так было, бо з’явіўся на свет Яўген Скурко — так насамрэч звалі паэта, у вёсцы Пількаўшчына на Мядзельшчыне ў самай звычайнай сялянскай сям’і. Як і многія іншыя беларускія сем’і ў той час, ягоная зведала бежанства. Пасля таго, як пачалася Першая сусветная вайна, бацька паэта пайшоў на фронт, маці выправілася ў Маскву. Там малы Жэнік пачаў атрымліваць пачатковую адукацыю.
Яўген і Вера Скурко. Масква, 1922. Фота: wikipedia.org
Дамоў вярнуліся толькі ў 1922 годзе пасля таго, як быў падпісаны ганебны Рыжскі мір, што разарваў Беларусь практычна напалам, і з’явілася сталая савецка-польская мяжа. Першы год малы сядзеў дома і вучыўся польскай мове для таго, каб пайсці ў пачатковую школу. Бацька быў яму за настаўніка.
Скончыўшы ў 1926 годзе пачатковую польскую школу, Максім Танк паспеў два гады правучыцца ў Вілейскай рускай гімназіі, а потым перавесціся адразу ў пяты клас беларускай гімназіі ў Радашкавічах. Менавіта там пачынаецца і «палітычны» і «літаратурны» шлях творцы. Танк піша вучнёўскія вершы, якія наважваецца чытаць таварышам, а таксама далучаецца да падпольнага руху.
Па іроніі лёсу ў камсамольскі рух яго прыцягнула пачуццё найперш нацыянальнай, але не сацыяльнай справядлівасці. Яшчя ў пачатковай польскай школе ён адчуў пэўны ўціск, бо там забаранялася гаварыць па-беларуску. А звычайны каляндар на беларускай мове, які трапіў да юнака ў рукі ў 1925 годзе, назаўжды перавярнуў ягонае жыццё. З гэтага моманту паэт будзе неабыякавым да беларускай справы.
У той час Другую Рэч Паспалітую, як тады называлася Польшча, многія беларусы бачылі мачыхай. Ды і не толькі беларусы, але і іншыя народы, напрыклад, габрэі. Да ўсяго ў Савецкай Беларусі з 1924 года з размахам разгарнулася палітыка «беларусізацыі» і многія з тых беларускіх дзеячаў, хто аказаўся ў замежжы, не без цікавасці назіралі за гэтым працэсам. Пройдзе год-два-тры і некаторыя з іх пакрысе пачнуць перабірацца ў падсавецкі Менск. Бальшавікі гралі ў доўгую, таму няма ніякага дзіва, што сімпатыі беларусаў былі менавіта на іхным баку.
Калі ў 1928 годзе пачаліся выступы гімназістаў супраць паланізацыі і ліквідацыі беларускіх школ у Заходняй Беларусі, Максім Танк далучыўся да іх, за што і быў у выніку «выдалены» з гімназіі. Вярнуўся ў Вільню, дзе пайшоў вучыцца ў легендарную Беларускую Віленскую гімназію, з якой неўзабаве таксама быў выключаны з той жа самай прычыны.
На той момант у ёй працаваў Радаслаў Астроўскі, які і паведаміў «кампетэнтным органам» аб вучнёўскім бунце. У Максіма Танка застаўся негатыў да яго на ўсё жыццё: можна адшукаць познія інтэрв’ю паэта, у якіх ён крытыкуе Астроўскага і за тыя «гімназічныя» часы і за тое, што пайшоў на супрацу з немцамі ў час вайны. Пэўна, для самога Танка гэта былі рэчы аднаго парадку.
У 1930 годзе Танк працягне вучобу ў Віленскай рускай гімназіі імя Аляксандра Пушніна, аднак атэстата так і не атрымае праз арышт і зняволенне ўвесну 1932 года за супрацу з легальным і нелегальным камуністычным друкам.
Публікавацца Яўген Скурко пачаў у розных беларускіх выданнях у 1932 годзе. А першы раз псеўданім «Максім Танк» выкарыстаў у газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё», якая выйшла ў Львове 7 красавіка 1932 года. Там быў апублікаваны хрэстаматыйны верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны».
Пасля вызвалення «да суда» і пад залог Максім Танк пераходзіць польска-савецкую мяжу і накіроўваецца ў Менск. Аднак, трапіўшы ў сталіцу Савецкай Беларусі, будучы класік спачатку акажацца на «Валадарцы», а затым вернецца ў Заходнюю Беларусь у якасці інструктара ЦК камсамола Заходняй Беларусі.
За прыналежнасць да легендарнай КПЗБ Максім Танк больш за год, з траўня 1933 года да траўня 1934 года і з верасня па снежань 1934 года, правядзе ў Лукішскай турме. Першапачаткова яму прысудзяць да шасці гадоў турмы, але потым, пры пераглядзе справы, пакаранне заменяць на два гады вязніцы з адтэрміноўкай. Акрамя гэтага яго абмежавалі ў правах як недобранадзейнага элемента.
Максім Танк у турме Лукішкі, 1932 г. Фота: wikipedia.org
Па выхадзе з турмы Максім Танк перайшоў на так званую «легальную» дзейнасць — супрацоўнічаў з дазволенымі газетамі, заходзіў у Беларускі музей, дзе хаваў свае рукапісы, наведваў легальныя беларускія мерапрыемствы. Сувязі з былымі паплечнікамі па падполлі не губляў, але пры гэтым трымаў пэўную дыстанцыю ад тых, хто быў выразна па-за законам. Можна сказаць, што балансаваў на мяжы.
Менавіта гэтая акалічнасць дазволіць яму стаць самым сапраўдным сімвалам беларушчыны. Яго фота будуць друкаваць у газетах, яго будуць запрашаць на розныя імпрэзы, яго вершы і кнігі будуць друкавацца і карыстацца папулярнасцю. Пра тую пару ён напіша потым кнігу з красамоўнай назвай «Лісткі календара». Гэта дзённік маладога чалавека, які жыве ў міжваеннай Вільні, і ахоплівае па часе прамежак паміж 1935 і 1939 гадамі.
Ужо з першага запісу, які датаваны 7 студзеня 1935 года, можам зразумець, што аўтар не такі і наіўны, як яго спрабуюць цяпер часам падаць. Малады рэвалюцыянер Максім Танк піша:
«Лісткі майго календара ўвесь час перагортвае і шматляе навальнічны вецер. Некаторыя з іх я сам вырываю і нішчу Цяжка па такім календары жыць, яшчэ цяжэй будзе некалі аднавіць мінулае, а па ініцыялах і клічках — уваскрасіць сапраўдныя імёны многіх маіх сяброў».
Імаверна, што многае з той пары так і засталося па-за кадрам, бо дзённік гэты ўпершыню быў апублікаваны яшчэ за савецкім часам. Так ці іначай, але ён карыстаўся папулярнасцю, бо быў перакладзены і выдадзены на рускай і польскай мовах.
Дэбютная кніжка паэзіі Максіма Танка называлася «На этапах» і пабачыла свет у Вільні ў 1936 годзе. Дапамог у яе выданні Рыгор Шырма, які не проста падтрымаў маладога аўтара словам — напісаўшы да ягонага збоніка прадмову, але таксама і знайшоў яму выдаўца. Праўда, польская паліцыя ў канцы ліпеня 1936 года канфіскуе асобнікі і распачне судовую справу. За сваю творчасць Максім Танк атрымае ў 1938 годзе паўгода турмы.
Максім Танк таго перыяду — гэта сапраўдны нонканфарміст, які жыве па прынцыпе «no gods, no masters» і свядома парушае межы дазволенага. Калі Макар Касцевіч, вядомы пад псеўданімам Краўцоў Макар і аўтар гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» напіша непрыхільную рэцэнзію на дэбютную кніжку паэта, той зрэагуе імгненна. Максім Танк напіша і апублікуе верш «Крытык», дзе выявіць свайго апанента ў выглядзе сабакі, які ходзіць на задніх лапах і «вылізвае панскія міскі».
Малады Танк не губляў дарэмна часу і выдаткоўваў яго на самаадукацыю. У той час ім была прачытана процьма самай рознай літаратуры. У тым ліку і тыя аўтары, якія лічыліся ў Савецкім Саюзе непажаданымі, кантраверсійнымі і забароненымі. У ліку іх і Вацлаў Ластоўскі, які напісаў «Гiсторыю беларускай (крыўскай) кнігі» — арыгінальны асобнік якой быў у кнігазборы маладога паэта, і многія еўрапейскія аўтары.
Магчыма, менавіта праз такую «культурную разнастайнасць» яго паэзія нават у позні перыяд будзе выразна адрознівацца ад твораў іншых савецкіх паэтаў і пісьменнікаў. А можа быць, яшчэ і таму, што Максім Танк цягам усяго жыцця быў абыякавы да любога кшталту стымулятараў. Не паліў і не піў ад слова «зусім». Для савецкай рэчаіснасці гэта было выключнай рэдкасцю.
Калі прыйшла восень 1939 года, кар’ера Максіма Танка нарэшце пайшла ў гару. Спачатку ён год адпрацаваў у рэдакцыі газеты «Вілейская праўда». У часе вайны быў супрацоўнікам выданняў «За Савецкую Беларусь» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». Пасля вайны працаваў у «Вожыку» і быў галоўным рэдактарам «Полымя». І акрамя гэтага займаў кіроўныя пасады ў Саюзе пісьменнікаў, быў дэпутатам Вярхоўнага савета.
Асабістая картка сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР, запоўненая ўласнаручна Максімам Танкам. Фота: wikipedia.org
Вельмі сімвалічна, што нарадзіўся Максім Танк менавіта 17 верасня, бо акурат гэтая дата стала знакавай у жыцці творцы. Да верасня 1939 года Яўген Скурко — гэта бунтар, рэвалюцыянер і падпольшчык, а пасля — чыноўнік, які займае адказныя пасады.
Пры гэтым Максім Танк — гэта адзін з нямногіх сябраў былой КПЗБ, хто не проста застаўся ў жывых пасля ліхалецця, але таксама змог рэалізавацца ў межах савецкай сістэмы. Акрамя яго прыгадваюцца хіба што Піліп Пестрак і Сяргей Прытыцкі. Многія з тых, хто ацалелі пасля сталінскага разгрому гэтай арганізацыі, у пазнейшы час не надта любілі прыгадваць сваё сяброўства ў ёй.
Разам з тым паэт так і не стаў косным наменклатуршчыкам. Да канца жыцця ён захаваў жвавы розум, бачыў і разумеў, што адбываецца вакол. Зразумець тое можна, калі пачытаць ягоныя дзённікі, якія ён веў амаль што да самай смерці. Гэта самы сапраўдны летапіс цягам жыцця — ад прыгаданых ужо «Лісткоў календара» і да 1994 года.
Што ж мы ў іх бачым? Нягледзячы ні на што, аўтар тых запісаў захаваў вернасць. Найперш тром рэчам: літаратуры, беларушчыне, сабе.
У яго нават верш ёсць аб тым:
Максім Танк калісьці падпісаў гэты здымак сімвалічна: “На парозе. Пількаўшчына. 1989”. Фота: sb.by
Пайшоў з жыцця Максім Танк у жніўні 1995 года. Паводле запавету быў пахаваны у сваёй роднай Пількаўшчыне.
Л.Г., budzma.org