З 26.01.2009 па 31.01.2009 году на працягу шасьці вечароў у канцэртнай залі музычнай школы №19 г. Менску адбудзецца ў чацьверты раз запар Сьвята беларускай нацыянальнай культуры.
Гэтая традыцыя нарадзілася 7 год таму, калі ў школе пачалі ладзіцца канцэрты, прысьвечаныя творчасьці беларускіх кампазытараў. У 2002 г. усё пачыналася зь вечару народнай музыкі й выкананьня твораў 19 стагодзьдзя. Мэтай канцэртаў адразу сталася імкненьне адкрыць для шырокіх колаў нашых суайчыньнікаў глыбіню традыцыяў беларускай музыкі, якая была беспадстаўна забытая.
Так нарадзілася ідэя прэзэнтаваць увесь шлях разьвіцьця нацыянальнай культуры. Натуральна, што сіламі школы гэта было немагчыма, і так мы выйшлі па-за межы школьных канцэртаў, паступова пераўтварыўшыся ў сапраўдны культурніцкі фэст.
У 2005 г. грандыёзным посьпехам стаўся канцэрт сярэднявечнай музыкі й танцаў з удзелам гурту «Ліцьвінскі хмель», танечнага ансамблю «Bass Dance» ды рыцарскіх клюбаў. Нашыя гледачы, у тым ліку вучні беларускамоўнай гімназіі №4, з захапленьнем разглядалі строі танцораў ды латы рыцараў.
Але жадаючых прыняць удзел у Фэсьце было больш, чым дазваляла памяшканьне, і так з 2007 г. Сьвята пераўтварылася ў Тыдзень беларускай нацыянальнай культуры «Галасы стагодзьдзяў». Першы зь іх прайшоў пад эгідай Беларускага Саюзу музычных дзеячоў ды Беларускай Асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў. На працягу 5 вечароў выступілі больш за 40 калектываў, у тым ліку ансамбаль трубачоў «Festivo», гурты старадаўняй музыкі «Brevis», «Dolce espressivo» і «Рокаш». Другі дзень быў прысьвечаны канцэрту «Беларускія калядкі», а сапраўднай падзеяй Фэсту стаўся ўдзел у канцэрце народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, чые натхнёныя сьпевы й чытаньне вершаў нікога не пакінула абыякавым. Тыдзень скончыўся пастановай дзіцячай оперы па казцы Ш.Пэро «Чырвоны Капялюшык». Маладых актораў павіншаваў з посьпехам асабіста аўтар оперы, вядомы кампазітар У. Саўчык. Да таго ж, у якасьці ўзнагароды ён паабяцаў дзецям сваю наступную працу – ейная пастанова адбудзецца на гэтым Фэсьце.
Мінулае Сьвята адчынілася монаспектаклем па творах У.Караткевіча «Дабравесьце ад Уладзімера». Наступны канцэрт – «Музычная вандроўка ў мінулае» – перанес гасьцей у паганскія часы Ярылы й Перуна. Ансамбаль «Старалітва» рабіў рэканструкцыю абрадаў пад гучаньне беларускай дуды. Таксама пачулі ў той вечар і пяшчотны голас глінянай акарыны. Пасьля гледачы перанесьліся ў бальную залю каралевы Барбары Радзівіл, дзе танчыў гурт старадаўніх танцаў «Гістрыён». Канцэрт «Музыка сядзібаў» прэзэнтаваў вытанчаную музыку М.К.Агінскага, В.Казлоўскага, Ф.Міладоўскага, Н.Орды, М.Ельскага ў выкананьні прадстаўнікоў Філярмоніі й Акадэміі Музыкі.
Апошні дзень Фэсту быў сапраўдным адкрыцьцём для тых, хто яшчэ ня ведаў маладога беларускага паэта Глеба Лабадзенку, лаўрэата шматлікіх прэміяў, чыю творчасьць годна прызналі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Ўладзімер Някляеў. Глеб здолеў заставіць залю сьмяяцца ды ўздыхаць разам зь ім. Сумесна з Глебам выступіў ягоны сябар Яўген Валошын, лідар папулярнага гурту «Jabb Club». Яўген выканаў некалькі песень са свайго рэпертуару.
І вось звонку зноў студзень, а гэта значыць, што Фэст распачынаецца нанова, а разам зь ім да нас завітваюць новыя госьці – харэаграфічны ансамбаль «Дзіця сьвету», гурт старадаўняй музыкі «Тestamentum terrae», харэаграфічны ансамбаль «Лялькі», фальклёрныя гурты «Лагода», «Гасьцінец» і «Сеніца».
Два вечары прысьвечаныя 75-годзьдзю Беларускага Саюза кампазытараў. 28 студзеня адбудзецца сустрэча з кампазытарам Л.Захлеўным з выкананьнем ягоных усім вядомых твораў, а 29 студзеня цалкам прысьвячаецца інструмэнтальнай музыцы. 31 студзеня сьпецыяльна для спадарства будзе выкананая пастанова дзіцячай оперы «Дзюймовачка».
Сардэчна запрашаем у госьці ўсіх, хто любіць сваю Беларусь, хто ганарыцца ейнай культурай і ўласнымі рукома творыць нашую гісторыю сваім талентам і натхненьнем! Будзьма разам!
Усе канцэрты пачынаюцца а 18:30, у суботу – а 15:00.
Наш адрас: вул. Сухараўская 24
Даезд (гл. мапу): Ст.м. «Каменная Горка» → прыпынак «Сухарава-2»
Аўтобусы: 30; 140
Тралейбусы: 48; 52