У 2024 годзе дзяржаўныя СМІ ўсеагульна і пафасна адзначылі 105-годдзе з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Такая ўвага да БССР праяўляецца не толькі ў юбілейныя гады, бо лічыцца, што «менавiта на яе падмурку з’явiлася i працягвае ўзмацняць свой суверэнiтэт сучасная i незалежная Беларусь». Аднак ці адпавядаюць такія погляды рэальным падзеям, якія разгортваліся ў той час у Беларусі і Расіі? Акрамя таго мы дасюль не ведаем шэрагу важных акалічнасцяў, якія абумовілі стварэнне БССР у студзені 1919 года. У звязку з гэтым паспрабуем адказаць на самыя прынцыповыя пытанні, якія, спадзяемся, цікавяць і нашых чытачоў.
Даследчыца Таццяна Процька назвала абвяшчэнне БССР «вельмі трагічным, малавядомым і скажоным». З такімі высновамі можна толькі пагадзіцца пасля разгляду дакументальных крыніц і ўспамінаў таго перыяду.
Здаецца, літаратуры па гэтай тэме хапае, але неабходна ўлічваць наступныя нюансы. Савецкія навукоўцы (Вадзім Круталевіч, Іларыён Ігнаценка і інш.) проста не мелі магчымасці для аб’ектыўнага аналізу, бо не маглі парушыць каноны і традыцыі савецкай гістарычнай навукі. Напрыклад, немагчыма ўявіць, каб тады крытыкаваліся рашэнні партыйнага кіраўніцтва аб раздзеле тэрыторыі БССР.
У гісторыкаў постсавецкай Беларусі (Міхаіл Касцюк, Рыгор Лазько, Аляксандр Райчонак і інш.) узнікла не менш істотная праблема. Выявілася, што пры ўсім жаданні з-за недахопу дакументаў напісаць падрабязнае ўсебаковае даследаванне аб стварэнні БССР даволі цяжка. Дарэчы, сустракаецца такая думка і ў дзяржаўных СМІ: «Казалось бы, за 105 лет неизученных страниц того периода быть не должно. Однако имеющиеся в архивах нашей страны документы о создании БССР не позволяют составить полную картину событий начала 1920 х».
Як усё ж выглядае, калі не поўная, дык прыблізная карціна тых падзей?
У 1918 годзе значная частка беларускай тэрыторыі знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх войскаў. Пры гэтым камуністы ўспрымалі Беларусь як частку Расіі, таму далі ёй назву Заходняя вобласць, а ў верасні перайменавалі ў Заходнюю камуну. Кіраўнікі Заходняй камуны адмаўлялі права беларусаў на сваю дзяржаўнасць, адкрыта заяўлялі, што «белорусы не являются нацией» (газета «Звезда» — 6.10.1918 г.). Дзеячы беларускай секцыі РКП(б) і Белнацкаму (Беларускі нацыянальны камісарыят), якія атабарыліся ў Маскве, наадварот даводзілі неабходнасць савецкай беларускай дзяржавы.
Атрад беларускіх камуністаў у Петраградзе перад ад’ездам у Мінск, студзень 1919 г.
Вось некаторыя даты з тагачаснай храналогіі. 10 снежня чырвонаармейцы ўвайшлі ў пакінуты немцамі Мiнск, але ўлады савецкай Расіі па-ранейшаму не бачылі патрэбы ў самастойнай Беларусі. 23 снежня ЦВК РСФСР прыняў пастанову пра зацвярджэнне Заходняй камуны (складалася са Смаленскай, Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў) як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў складзе РСФСР.
Зусім нечакана, хутчэй за ўсё, 24 снежня ЦК РКП(б) пагадзіўся на стварэнне БССР. Аб гэтым 25 снежня паведаміў прадстаўнікам Белнацкаму кіраўнік Наркамата па нацыянальных справах РСФСР Іосіф Сталін. Ён жа прапанаваў вылучыць кандыдатаў у будучы ўрад БССР. Старшынёй урада выбралі Змітра Жылуновіча. 30-31 снежня на VІ Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б) у Смаленску прымаецца рэзалюцыя аб стварэнні БССР. 1 студзеня 1919 года пра з’яўленне беларускай дзяржавы абвяшчаецца ў Маніфесце Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі.
Гэта агульнавядомая версія, якая ёсць у падручніках і энцыклапедыях. З савецкіх часоў і па сённяшні час 1 студзеня 1919 года афіцыйна лічыцца днём нараджэння БССР. Але навошта стварылі БССР, як і калі гэта адбылося, чаму яна так мала праіснавала, мы і зараз ведаем ў самых агульных рысах.
Матывы прыняцця 24 снежня станоўчага рашэння ЦК РКП(б) аб дзяржаўным статусе Беларусі застаюцца невядомымі, бо гэты дакумент так і не быў знойдзены даследчыкамі. Не дадае зразумеласці цьмянае тлумачэнне Сталіна, што «ЦК партии решил по многим соображениям, о которых теперь говорить не приходится, согласиться с белорусскими товарищами на образование Белорусского Советского Правительства».
Размова І. Сталіна з А. Мясніковым 25 снежня 1918 г. (фота дакумента з сайта Нацыянальнага архіва РБ)
У выніку гістарыяграфія БССР назапасіла вялізную колькасць крыніц, у якіх выказваюцца самыя разнастайныя прычыны яе стварэння. У апошнія дзесяцігоддзі амаль абавязковым стала згадванне БНР, быццам камуністы вырашылі арганізаваць ёй годную альтэрнатыву ў выглядзе БССР. Безумоўна, у Крамлі памяталі пра БНР, але наўрад ці ўспрымалі як сур’ёзную небяспеку. Больш верагодна, што Ленін і яго паплечнікі адрэагавалі на іншую пагрозу сваёй уладзе.
На той момант савецкая Расія вельмі не жадала вайны з Польшчай і яе саюзнікамі. Польшча праводзіла маштабныя ваенныя прыгатаванні і, каб паменшыць польска-савецкае супрацьстаянне, камуністы тэрмінова стварылі БССР. Новая дзяржава стала буферам, які засланяў РСФСР ад Польшчы. Мы згодныя з тымі навукоўцамі, якія кажуць, што Масква дазволіла абвясціць дзяржаўную самастойнасць Беларусі выключна па знешнепалітычных меркаваннях.
БССР была абвешчана на партыйнай канферэнцыі ў Смаленску, які тады быў цэнтрам Заходняй камуны. Ужо гэта паказвае, што рэалізацыю маскоўскага сцэнарыя даручылі правераным кадрам. Паказальна, што ў парадку дня канферэнцыі ўвогуле не было пытання пра ўтварэнне БССР. У даклад старшыні прэзідыума Аляксандра Мяснікова проста ўключылі дадатковы пункт «Беларуская Савецкая Рэспубліка».
Цікава і тое, што дэлегацыя на чале са Змітром Жылуновічам спазнілася ў Смаленск, куды прыехала 31 снежня. А там 30 снежня ўжо прагаласавалі за прапанову абвесціць Заходнюю камуну Беларускай Савецкай Рэспублікай. 1 студзеня быў абнародаваны Маніфест Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Ўрада Беларусі. Наколькі вядома, арыгінал рукапіснага тэксту Маніфеста захоўваецца недзе ў расійскіх архівах, у Беларусі засталася фотакопія.
Фотакопія рукапіснага тэксту Маніфеста
Заўважым, што гісторыкі падвяргаюць сумневу дату 1 студзеня, якую і сёння працягваюць называць днём нараджэння БССР. У гэты дзень Маніфест агучылі па радыё. Надрукавалі яго ўноч з 1 на 2 студзеня, а фактычна 2 студзеня. Доктар юрыдычных навук Таісія Доўнар таксама звяртае ўвагу на тое, што дзень абнародавання Маніфеста можна з нацяжкай лічыць датай утварэння БССР. Канстытуцыі і законаў, дзяржаўных органаў улады, акрамя Урада на паперы, яшчэ не існавала.
Як ні дзіўна, гэтае пытанне цалкам заканамернае. Справа ў тым, што абвешчаная ў Смаленску дзяржава называлася як заўгодна, але толькі не БССР. У дакументах сустракаюцца розныя назвы — Беларуская рэспубліка, Беларуская Савецкая Рэспубліка, Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь і г. д. У беларускамоўным варыянце Маніфеста шрыфтам вылучаны дзве назвы — Савецкая Беларуская Незалежная Рэспубліка, Сацыялістычная Савецкая Працоўная Рэспубліка Беларусі. Урэшце рэшт афіцыйная назва Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь была замацавана ў лютым 1919 года ў Канстытуцыі ССРБ.
Урывак з Канстытуцыі ССРБ 1919 года
Расійскія камуністы, якія ініцыявалі працэсы па арганізацыі ССРБ, надзвычай хутка перагледзелі сваё стаўленне да самастойнай беларускай дзяржавы. Ужо 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанаўляе перадаць у склад РСФСР Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. Астатнюю тэрыторыю ССРБ (Мінскую і Гродзенскую губерні) прапанавалi аб’яднаць з Літоўскай ССР у адно дзяржаўнае ўтварэнне — Літоўска-Беларускую ССР.
2-3 лютага ў Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саветаў. На з’ездзе былі прынятыя два супрацьлеглыя па сэнсэ рашэнні. Дэлегаты зацвердзілі Канстытуцыю ССРБ, што завершыла юрыдычнае афармленне незалежнасці ССРБ. Адначасна яны падтрымалі перадачу трох беларускіх губерняў і адобрылі Дэкларацыю аб аб’яднанні Беларусі і Літвы ў адну дзяржаву. Практычна гэта азначала ліквідацыю ССРБ. Канчаткова яна перастала існаваць 27 лютага 1919 года, калі ў Вільні на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК ССРБ было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай ССР. Такім чынам, ССРБ праіснавала ўсяго два месяцы.
Створаная ў студзені 1919 года дзяржава абвесціла сябе Савецкай Беларускай Незалежнай Рэспублікай. Аднак ні беларускай, ні незалежнай яна, па сутнасці, не з’яўлялася. Нават яе абвяшчэнне прагучала на рускай мове. Даследчыкі высветлілі, што тэкст Маніфеста быў напісаны Жылуновічам на рускай мове, спачатку прагледжаны Сталіным у Маскве, а пазней надрукаваны ў газетах. Потым Жылуновіч пераклаў Маніфест на беларускую мову, пасля чаго кіраўнік Заходняй камуны Аляксандр Мяснікоў зрабіў яго праўку. Першая публікацыя беларускамоўнага варыянта Маніфеста ўбачыла свет 19 студзеня.
Тады ж Сталін даслаў у Смаленск тэлеграму Жылуновічу, дзе нагадаў яму, хто галоўны ў новастворанай дзяржаве: «белорусское правительство получает директивы непосредственно от ЦК партии через Мясникова как представителя последнего».
Яшчэ больш цынічна паводзіў сябе правадыр партыі Уладзімір Ленін, які з лёгкасцю перайначваў лёсы народаў і межы краінаў. Калі да яго прыехала беларуская дэлегацыя са скаргай на перадачу РСФСР трох губерняў, ён адказаў: «Республика — буферная и нужна постольку, поскольку граничит с другими странами. Поскольку Смоленская, Витебская и Могилёвская губернии не граничат с другими странами — постольку их можно исключить».
Вось такія рэальныя адносіны былі ў расійскіх камуністаў да незалежнасці і самастойнасці Беларусі. Яны дазволілі стварыць ССРБ у сваіх утылітарных мэтах, а ў хуткім часе пазбавіліся ад яе па тых жа прычынах.
Выдатны беларускі гісторык, прафесар Анатоль Грыцкевіч слушна адзначыў, што «яна толькі прамільгнула ў палітыцы дыктатараў бальшавіцкай Расіі» і не мае дачынення да БССР, адлік нараджэння якой памылкова пачынаецца з 1 студзеня 1919 года.
В. С., Budzma. org