«Усё, што я раблю, я раблю на голым энтузіязме». Аксана Акуневіч пра культурную прастору «аКсяродак» і беларускую школу ў Батумі

Няўрымслівая, усмешлівая Аксана Акуневіч заўжды ў акружэнні людзей. Кожны наведнік беларускай шматфункцыянальнай прасторы «аКсяродак» у Батумі імкнецца перакінуцца з ёй слоўцам. «аКсяродак» стаўся сапраўдным месцам прыцягнення беларусаў Батумі, куды можна завітаць нават у вольны ад мерапрыемстваў час. Аксана Акуневіч нядаўна выехала ў Польшчу, каб атрымаць праязны дакумент. Пры гэтым і «аКсяродак», і беларуская школа працягваюць дзейнічаць. Як удаецца кіраваць працэсам на адлегласці, што самае складанае і самае натхняльнае ў працы, Аксана распавяла ў інтэрв’ю для Budzma.org.


Aksana Akunievič
Аксана Акуневіч 

Аксяродак — шматфункцыянальная прастора для беларусаў у Батумі, заснаваная ў 2022 годзе. У ёй праводзяцца розныя культурныя мерапрыемствы, як для дзяцей, так і для дарослых. Там жа знаходзіцца і бібліятэка беларускіх кніг. 

У 2023 года дзякуючы старанням Аксаны Акуневіч ды іншых неабыякавых беларусаў у Батумі адкрылася агульнаадукацыйная беларуская школа ў партнёрстве з грузінска-французскай. Пасля сканчэння гэтай школы вучні атрымліваюць афіцыйны атэстат Грузіі. Тры разы на тыдзень дзеці прыходзяць у «Аксяродак», дзе ўсе агульнаадукацыйныя прадметы выкладаюць на беларускай мове, а два разы на тыдзень — у грузінскую школу. На сённяшні дзень у школе вучацца 22 вучні з 1 па 9 клас.

—  У якім рэжыме працуе Аксяродак і беларуская школа пасля вашага ад’езду?

— З маім ад’ездам нічога не змянілася. Усе працоўныя працэсы былі наладжаныя яшчэ на пачатку навучальнага года. Тады я наўмысна рызыкнула, калі вярталася з Польшчы ў Батумі. У мяне якраз скончылася віза, і я не ведала, як яе атрымаць. У той час мэтай было распачаць і наладзіць вучобу ў школцы, камунікацыю з бацькамі, вучнямі, настаўнікамі. Таму і «аКсяродак», і школа, працуюць у стандартным рэжыме.

«Aksiarodak»Расклад урокаў і правілы беларускай школы ў Батумі

Аднак на дадзены момант у мяне менш сувязі з вучнямі, бо я іх не бачу. Але і з бацькамі, і з настаўнікамі я пастаянна на сувязі анлайн. Вось нядаўна быў суботнік, рабілі перастаноўку ў памяшканні, каб было зручна і школе, і культурнаму цэнтру. Тады я была на аўдыё і відэасувязі, каб накіроўваць сваіх калег. Як у тым анекдоце: «нават бульбу без мяне перабраць не могуць».

Агулам для дыяспары нічога не змянілася: ужо падчас майго ад’езду адбылося некалькі знакавых мерапрыемстваў, прыязджалі госці. Да нас завітала дырэктарка Віцебскага музея, даследчыца-этнографка. Многія госці ведаюць пра мой ад’езд, але не адмаўляюцца ад выступаў.

«Aksiarodak»У  шматфункцыянальнай беларускай прасторы "аКсяродак"

— Ці цяжка для вас вырашаць арганізацыйныя пытанні на адлегласці?

— Насамрэч, канешне, цяжка. Значна прасцей раз на два тыдні зрабіць агульны сход і, гледзячы вочы ў вочы, прагаварыць. А цяпер замест рэгулярных сходаў у нас сазвоны, праз гэта хуткасць рашэнняў знізілася, няма натхняльнай прысутнасці, нейкіх асабістых стасункаў. Але мы і так большую частку часу вядзём стасункі анлайн, ды і пандэмія навучыла ўсіх вырашаць важныя пытанні праз Zoom.

Калі раней я прыходзіла ў «аКсяродак», да мяне выстройвалася чарга з жадаючых паразмаўляць, то менавіта гэтага ўсім бракуе. Але, хачу падкрэсліць, што ў нас склалася цудоўная каманда.

«Aksiarodak»Бібліятэка ў прасторы "аКсяродак"

«Тое, што ў школе ўсё функцыянуе належным чынам, заслуга маёй сяброўкі»

У «аКсяродку» няма ніякага знешняга фінансавання, таму прыцягваць людзей большымі заробкамі за іншыя школы немагчыма. Але для нашай дыяспары важна прыналежнасць да беларускамоўнай адукацыі і беларускай справы. Менавіта гэта прыцягвае людзей. Альбо я сама. Тое, што ў школе ўсё функцыянуе належным чынам, заслуга маёй сяброўкі. Я даўно заклікала яе перавесці дачку ў нашу школу і далучыцца да нас рэгуляваць працэсы, стаць адміністратаркай-завучам, і літаральна перад маім ад’ездам яна пагадзілася. За навучанне дачкі яна плаціць сваёй працай. Акрамя яе, так жа працуе яшчэ адна настаўніца. Канешне, хацелася б зрабіць настаўнікам заробкі найвышэйшыя па горадзе і сабраць на гэта грошы, каб цалкам пакрываць арэнду і агулам хаця б у нуль выходзіць, але пакуль як ёсць. Добра, што хоць на настаўнікаў збіраем.

«Aksiarodak»
Кінапрагляд у "аКсяродку". Фота прасторы "Аксяродак"

«Пакуль беларусаў не высылаюць, будзем жыць і працаваць»

—  Як для вас выглядае будучыня «аКсяродка» і беларускай школы з улікам цяперашніх абставінаў?

—  Я шмат размаўлю з рознымі беларусамі, і з наведвальнікамі, і з бацькамі. Яшчэ на этапе першых пратэстаў, якія былі ў траўні 2024 супраць закона пра іншаземных агентаў, грузіны папярэджвалі нас, каб мы не рызыкавалі і не падстаўляліся. Таму пакуль што мне бачыцца, што мы і далей будзем заставацца ў Грузіі, прынамсі ў многіх такія планы. Зараз няма ў свеце краіны, куды лёгка пераехаць беларусам, законна навучацца на беларускай мове, падтрымліваць беларускую ідэнтычнасць, ды яшчэ і ў такіх камфортных прыродных умовах, як тут.

Пакуль беларусаў не высылаюць, будзем жыць і працаваць. Хаця ў большасці бацькоў з нашай школкі гарызонт планавання — навучальны год.

«Aksiarodak»У беларускай школе ў Батумі

— Ці разглядаеце магчымасць вяртання ў Батумі?

— Так, канечне, як толькі дачакаюся дакументаў. Прыкладна ў сакавіку 2025 года.

— Што для вас самае складанае і самае натхняльнае ў гэтай дзейнасці?

— Усё маё жыццё мяне натхняе беларуская ідэя, беларуская мова і беларуская ідэнтычнасць.

«Aksiarodak»У беларускай школе ў Батумі

Гэта тая каштоўнасць, якую мне перадалі мае дзед Адам Карпавіч Ломскі і баба Нюра — Ганна Паўлаўна Калала. Гэта той скарб, які гуртаваў беларусаў Паўночнага Каўказу, а цяпер аб’ядноўвае беларусаў Свету. Я спадзяюся перадаць гэтую каштоўнасць сваім і іншым дзецям.

Агулам мяне натхняюць беларусы сваім уменнем гуртавацца ў патрэбны час.

А самае складанае, канешне, фінансавае пытанне, бо часам, хочацца купіць нешта сабе, паехаць у вандроўку, але ўсе грошы ідуць на «аКсяродак». Таксама мне цяжка, калі пра мяне пляткараць і кепска адгукаюцца, бо ўсё, што я раблю, я раблю на голым энтузіязме. А пасля такіх момантаў рукі проста апускаюцца.

На шчасце, добрых людзей вакол мяне больш, таму атрымліваецца трымацца і дзейнічаць. То пераможам!

aksiatodak-szkola-03.jpgУ беларускай школе ў Батумі

Кацярына Луцэвіч, Budzma.org