Пытанне адукацыі на роднай мове за мяжой — адно з самых балючых для беларускіх эмігрантаў. Вырашаецца яно заўсёды марудна, а дзеці між тым губляюць самае каштоўнае — час. Вось і тыя, хто сёлета не патрапіў у Вільні ў Скарынаўскую гімназію, свой чарговы навучальны год ізноў правядуць у рускамоўных школах. Ёсць, праўда, у літоўскай сталіцы і прыватная беларуская школа, але кошт яе — 500 еўра ў месяц, — пад’ёмны не для ўсіх.
Вырашаць праблему ўзялася новая бацькоўская ініцыятыва. Дзе і калі можна будзе пакінуць свой подпіс за адкрыццё яшчэ адной беларускамоўнай школы ў Вільні, нам распавяла Марына Абрамовіч.
— Нашая ініцыятыва зусім маладая, мы нават пакуль яшчэ ніяк не аформленыя, але чакаць немагчыма, трэба дзейнічаць. Справа ў тым, што ў Вільні зараз вельмі шмат беларусаў, і хваля рэлакантаў не спыняецца. Бацькі, якія вымушана ўцякаюць з Беларусі, хочуць, каб іх дзеці навучаліся на роднай мове, — хвалюецца Марына.
На пытанне, а як жа Гімназія імя Францішка Скарыны, яна адказвае, што паступіць туды пасля пачатковай школы амаль немагчыма. Ахвотных — вялікая колькасць, а бяруць аднаго-двух. Яе дачушка, напрыклад, сёлета ізноў пойдзе ў рускамоўную школу, але і тут ёсць свае нюансы, тлумачыць беларуска.
— За год-два нашыя дзеці не ў стане асвоіць літоўскую мову. Застаюцца або рускамоўныя школы, або школы польскія. Але хацелася б, каб дзеці вучыліся на роднай мове.
Беларуская гімназія ў Вільні, фота: Радыё Свабода
Да верасня трэба сабраць сотні подпісаў
Адзіны выхад — адкрыць паўнавартасную беларускую школу, прытым муніцыпальную. Каб у беларускіх дзяцей была магчымасць вучыцца на роднай мове бясплатна, да верасня трэба сабраць подпісы пад адмысловай петыцыяй. А каб ініцыятыву ўспрынялі сур’ёзна, такіх подпісаў ад беларускіх бацькоў трэба сотні, тлумачыць Марына.
— Мы склалі петыцыю на беларускай мове, пасля яна будзе перакладзена на літоўскую і пададзена ў самакіраванне. У нашым дакуменце мы будзем спасылацца на літоўскае заканадаўства, на тое, што нашыя дзеці маюць права навучацца на роднай мове. Калі нас будзе дастаткова, то мы можам падавацца на адкрыццё менавіта муніцыпальнай школы, не прыватнай.
Шукаюць, дарэчы, не толькі тых, хто хацеў бы вучыцца ў школе, а і тых, хто мог бы там выкладаць.
— Шмат настаўнікаў былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Мы іх таксама чакаем, будзем дапамагаць ім з пацвярджэннем кваліфікацыі ў Літве — каб яны маглі ўладкавацца, маглі рэалізоўваць сябе як прафесіяналы, — запрашае Марына і кажа, што ў планах ёсць таксама і супраца са Скарынаўскай гімназіяй.
— На яе базе ўжо створана метадычная база, ёсць падручнікі, таму дадзеныя аспекты праблемай не будуць.
фота: oko.by
Дзе і як падпісаць петыцыю
Каб распачаць узаемадзеянне з Дэпартаментам адукацыі Літвы і іншымі дзяржаўнымі структурамі, неабходна ведаць колькасць дзяцей, якія могуць стаць вучнямі беларускай навучальнай установы. Таму стваральнікі ініцыятывы просяць прайсці апытанне. Гэта дапаможа зразумець колькасць магчымых вучняў у новай школе.
Яшчэ адна апытанка створаная для настаўнікаў, якія валодаюць беларускай мовай i здольныя выкладаць на ёй свой прадмет.
9 жніўня на вялікім маршы салідарнасці а 18-ай на Кафедральнай плошчы ў Вільні каля сцэны можна будзе падпісаць петыцыю. Шукайце валанцёраў з транспарантам пра школу. А пасля 9 жніўня на працягу тыдня, з 11.00 да 23.00, у «Карчме 1863» (Вokšto 2, Vilnius) можна таксама пакінуць подпіс пад зваротам.
Паліна Часноўская, budzma.org
Чытайце па тэме: Заснавальніца першай беларускай школы ў Варшаве Ася Смаляк: Усе звыклыя праблемы беларускамоўнай адукацыі «пераехалі» і ў эміграцыю