«Пытанне, ці хоча дыяспара беларускамоўных школак поўнага дня? Бо беларусы нават у Беларусі гэтага сабе не вельмі каб і хацелі, не хацелі „мучыць“ свайго дзіцёнка беларускай мовай. Беларусы часта казалі: „А што нам з гэтай беларускай мовы? Вось ангельская — спатрэбіцца“. Яны ўспрымаюць мову як разменную манету. Але ж гэта не разменная манета».
Ася і Зміцер Смалякі адкрылі першую беларускую школу і садок у Варшаве ўвосень 2022 года. У Беларусі іх прыватны праект «Different School» быў добра вядомы ў адукацыйным асяроддзі, да 2021 года ішла супраца і з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, яны таксама заснавалі Мантэсоры клуб у Беларусі «Дзіцячы клуб Зорачкі» і курсы па Мантэсоры-метадзе, якія працягваюцца ў Польшчы. У інтэрв’ю Budzma.org Ася Смаляк, маці траіх дзяцей, мантэсоры-педагог Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, рэжысёр і педагог тэатральных дысцыплін, расказвае пра вынікі першага навучальнага года беларускамоўнай школкі ў Варшаве, цяжкасці беларускамоўнай адукацыі за мяжой увогуле і пра тое, як яна можа развівацца там.
Даведка
Педагогіка Мантэсоры, таксама сістэма Мантэсоры або метад Мантэсоры — педагагічная сістэма, прапанаваная ў першай палове XX стагоддзя італьянскай лекаркай і педагогам Марыяй Мантэсоры. Сістэма Мантэсоры заснавана на ідэях свабоднага выхавання і знаходзіцца ў рэчышчы гуманістычнай педагогікі, важнае месца нададзена сэнсарнаму выхаванню (развіццю органаў пачуццяў) пры дапамозе дыдактычных заняткаў і спецыяльна арганізаванага асяроддзя.
Асноўнымі прынцыпамі сістэмы з’яўляюцца: самастойнасць дзіцяці; свабода ва ўстаноўленых межах; натуральнае псіхалагічнае, фізічнае і сацыяльнае развіццё дзіцяці.
Вылучаюць наступныя ключавыя характарыстыкі метаду Мантэсоры:
— рознаўзроставыя групы, пры гэтым найболей распаўсюджаныя групы ўзросту ад 3 да 6 гадоў;
— самастойны выбар навучэнцамі заняткаў з наяўных у асяроддзі варыянтаў;
— мадэль «навучанне праз адкрыцці», дзе дзеці вывучаюць паняцці шляхам працы з матэрыяламі, а не з тлумачэнняў настаўніка;
— свабода перамяшчэнняў па класе;
— спецыялізаваныя адукацыйныя матэрыялы, распрацаваныя Марыяй Мантэсоры;
— бесперапынныя цыклы працы, якія звычайна доўжацца тры гадзіны;
— спецыяльна падрыхтаваны мантэсоры-педагог.
Для школ Мантэсоры характэрна адсутнасць іспытаў і адзнак (хоць некаторыя сучасныя сярэднія школы Мантэсоры выкарыстоўваюць адзнакі), заахвочваецца сумеснае абмеркаванне задач.
Да Другой сусветнай вайны школы Мантэсоры актыўна развіваліся ў Еўропе і з’явіліся нават у СССР. Сама Мантэсоры пакінула Італію з-за пераследу фашысцкім рэжымам Мусаліні.
За актыўную барацьбу за мір Марыя Мантэсоры тройчы — у 1949, 1950 і 1951 гадах — намінавалася на Нобелеўскую прэмію міру
— У Варшаве беларускіх школ у дзяржаўнай сістэме адукацыі не існуе ўвогуле, ёсць толькі на Падляшшы школкі, ліцэі з вывучэннем беларускай мовы. То-бок усе прадметы на польскай мове і беларуская мова як дапаўняльная мова для вывучэння плюс літаратура. Яшчэ там ладзяцца часам невялічкія фэсты, канцэрты, чытанні... І такія ўмоўна беларускія школы ёсць менавіта толькі на Падляшшы, бо афіцыйна вызначана, што тут жыве беларуская меншасць, якую абараняе закон, што гэта людзі з беларускімі каранямі і польскім грамадзянствам. У Варшаве ж такога закона для меншасцяў няма. Але нават каб такое тут і было, гэта ніяк на сітуацыю не ўплывала б. Бо мы тут усе без польскага грамадзянства і ўвогуле мала на што маем права. Беларускай мовы, заўважу, няма нават у спісе дадатковых моваў у польскіх школах, хаця вось руская, напрыклад, ёсць. Таму ўсе нацыянальныя школкі, якія тут існуюць, гэта прыватныя ініцыятывы грамадскіх актывістаў, фондаў. У Варшаве некалькі такіх, што можна назваць менавіта школкамі. Але ўсе яны займаюцца па суботах, акрамя нас, бо працуюць з дзеткамі, якія вучацца ў польскіх школах, а ўжо па суботах яны анлайн і зараз ужо трошачкі афлайн праводзяць заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры.
— А ваша школка, атрымліваецца, забяспечвае поўны адукацыйны цыкл?
— Наш праект працуе зусім па-іншаму, чым тыя школы выходнага дня. Па-першае, мы адзіныя, хто існуе не праз гранты, у нас няма фінансавай падтрымкі, мы падавалі некалькі заявак, але асаблівай дапамогі не атрымалі. А задумка была такая, што мы не плануем праводзіць навучанне толькі па суботах, мы хочам, каб усе прадметы вывучаліся на беларускай мове, а польскую мову, польскія тэрміны дзеці вучылі якраз дадаткова. Па сутнасці ім трэба ўмець размаўляць і ведаць тэрміны, каб здаць экзамен. Мы планавалі, што ў нас будзе школа поўнага дня — з 9-й раніцы да абеду, то-бок звычайная паўнавартасная школа. Але фінансавання мы не атрымалі, хоць два гады спрабавалі. Ільготаў нам аніякіх, усё толькі на камерцыйнай аснове, самі арандуем будынак, самі наймалі настаўнікаў, бацькі аплачваюць навучанне (каля 1500 злотых у месяц) — і такім чынам існуем. Дзеці ў нас прымацаваныя да іншай школы, польскай, бо ў нас няма ліцэнзіі.
— Што значыць прымацаваныя да польскай школы?
— Яны лічацца на хатняй адукацыі. Гэта афіцыйна ўсё зроблена, то-бок дзеці лічацца на хатняй адукацыі, але прымацаваныя да польскай школы, бо мы абавязаныя быць у польскай сістэме адукацыі. У канцы года гэтая польская школа прымае ў іх экзамены. Пры паспяховай здачы дзіця атрымлівае польскую сертыфікацыю.
— Ці шмат дзетак у праекце?
— Не так шмат, бо мы пачалі праект пасярод года, і ўжо ўсе размеркаваліся тады. Гэта быў лістапад—снежань 2022 года. Дзетак у нас каля трыццаці агулам, не шмат, але і нямала, з іншага боку.
Ася з дзецьмі
— Мантэсоры-метад не выклікаў «пытанняў» у беларускай сістэмы адукацыі?
— У Беларусі існаваў садок па сістэме Мантэсоры. Ён працаваў афіцыйна, быў у рэестры дашкольных установаў, мы давалі практыку мантэсоры-педагогам, я выкладала і мела супрацу з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі... Наш садок быў адзіным месцам у Беларусі, дзе можна было прайсці практыку па Мантэсоры-метадзе, сюды прыязджалі студэнты педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і студэнты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Але ў 2021 годзе прыватныя садкі сталі закрываць, і нам прыйшлося афіцыйна закрыцца.
— А як у Польшчы з гэтай сістэмай?
— У Польшчы ёсць афіцыйная праграма Мантэсоры, можна атрымаць сертыфікацыю. Калі хочаце адкрыць Мантэсоры-школу ці Мантэсоры-сад, то будзеце праходзіць сертыфікацыю па гэтай сістэме. У асноўным гэта прыватныя ўстановы, яны ёсць і вельмі папулярныя тут, асабліва садкі. Гэтая сістэма набірае абароты, бо яна адпавядае сучасным уяўленням аб адукацыі.
Напрыклад, фінская сістэма адукацыі, якая на сёння лічыцца адной з найлепшых у свеце, базуецца на 80% на Мантэсоры-метадзе. Тое ж можна сказаць пра Японію, папулярная яна і ў ЗША. Што дзіўна, методыка выйшла з Еўропы, але ў Еўропу асабліва не вярнулася, пэўна, у цяжкі ваенны і пасляваенны час увага была на іншым, а вось у Амерыцы, Індыі, Японіі метад развіваўся вельмі бурна, зараз гэтыя краіны ў лідарах такой методыкі. У Польшчы Мантэсоры-метад толькі набірае абароты.
— Вы зараз працуеце з дзецьмі, якія перажылі стрэс эміграцыі. Наколькі гэты досвед траўматычны, што можаце параіць сем’ям вымушаных рэлакантаў, беларускамоўным сем’ям у адаптацыйных пошуках?
— Вельмі шмат залежыць ад таго, які ўзрост дзіцяці, які стан у момант прыбыцця, што было да гэтага, якія былі стасункі з мовай, з беларускай школай, якая сям’я — поўная ці не, ці быў гвалт дзяржавы ў адносінах да бацькоў... Бо бачым, што калі дзеці былі больш-менш у бяспецы, бацькі пераехалі адносна спакойна, то гэта адна гісторыя, а калі бацькі з турмы прыехалі, то гэта зусім іншая... Тут можа быць цэлы набор стрэсавых сітуацый — стрэс, які перажывала сям’я ў Беларусі, стрэс пераезду, стрэс, які суправаджае адаптацыю да новай школы, асяроддзя... Гэта ўсё можа вельмі моцна нашкодзіць.
Вучыцца чалавек можа тады, калі няма стрэсу, бо ў стрэсе мозг не можа вучыцца адэкватна, фізічна не можа. Дзецям спачатку трэба адчуць базавую бяспеку, фізічную, псіхалагічную, адчуць падтрымку. І адчуць прыняцце іх здольнасцяў, што яны класныя, што іх любяць, што яны таленавітыя і г. д. І тады яны з задавальненнем пачынаюць вучыцца, без траўмы. Ва ўсіх астатніх выпадках гэта ўсё роўна траўма, бо нічога не зразумела.
Дарослы па сабе можа гэта адчуць. Прыкладам, калі вы нешта робіце і гэта нешта ніяк не атрымліваецца, то на дзясяты раз вы проста не захочаце гэтага рабіць. А дзеці асабліва. Ім вельмі важна мець пазітыўны досвед. Найлягчэй адаптавацца дзецям ва ўзросце шэсць—сем гадоў. Увогуле чым менш гадоў, тым лягчэй.
Ася ў садку
— Як і чым беларуская супольнасць можа дапамагчы такім праектам?
— Можна расказваць пра нас, фінансава дапамагчы, дапамагчы, напрыклад, рамонт зрабіць. Пытанне, ці хоча дыяспара такіх праектаў, ці хоча яна беларускамоўную школу поўнага дня? Бо беларусы нават у Беларусі гэтага сабе не вельмі каб і хацелі. Большасць жа бацькоў не хацелі «мучыць» свайго дзіцёнка беларускай мовай. А тут яны прыехалі і пачынаюць разумець, што такое нацыянальная самаідэнтыфікацыя, прыходзіць азарэнне, што яны не рускія, асабліва пасля 24 лютага 2022-га. Пачынаюць разумець, што яны беларусы. Але ж гэта і боль: прыняць усю сітуацыю ў рэальнасці, як яна ёсць. Людзям уласціва ўнікаць болю, не згаджацца з ім... І для псіхікі прасцей сказаць: ай, ну мы будзем, як усе. А як усе — гэта значыць, пайсці ў польскую школу, найхутчэй адаптавацца да польскага жыцця і г. д.
І таму мы змагаемся не проста за праект, мы змагаемся з такім агромністым кракадзілам — страхам, непрыняццем сваёй мовы, ідэнтычнасці, ды проста з сітуацыяй адсутнасці падручнікаў, дастатковай колькасці кніг, метадычных матэрыялаў, адсутнасцю ўсяго.
Ды і перспектывы цьмяныя, цяжка зразумець беларусу, што ж будзе пасля. Людзі нават у Беларусі, калі мы адчынялі беларускамоўны садок, казалі: «А што нам з гэтай беларускай мовы? Вось ангельская — спатрэбіцца». Яны ўспрымаюць мову як разменную манету. Але ж гэта не разменная манета. Нават калі вы ведаеце проста іншую мову — гэта зусім іншая праца мозга, ён ужо білінгвальны, ён зусім па-іншаму думае, слухае па-іншаму, інфармацыю апрацоўвае па-іншаму. Проста немагчыма палічыць, наколькі гэта важна. А ў нас людзі не разумеюць, што гэта такое — білінгвальнае навучанне, наколькі гэта класна. Таму тут праца не толькі з дзецьмі, якім трэба дапамагаць адаптавацца, праходзіць праграмы на польскай, беларускай і ангельскай мовах, але і праца з бацькамі — размаўляць з імі, з іх тараканамі, страхамі, неразуменнем.
— Як вы вырашаеце праблему падручнікаў?
— З-за таго, што мы вучымся па польскай праграме і мусім здаваць экзамены, мы самі пераклалі падручнікі на беларускую мову. Выдаць іх мы пакуль не можам — няма фінансаў, а пераклад ёсць. Нашы настаўнікі перакладаюць, раздрукоўваюць, а ў малодшых класах яны не так моцна патрэбныя — там у асноўным праектная дзейнасць. Проста друкуем заданні на картках і раздаем дзецям, яны вучацца адразу на трох мовах: польскай, ангельскай і беларускай. Я прэзентацыі раблю на беларускай, а настаўніца польскай мовы дублюе. Маем і польскія падручнікі, але яны нам не вельмі падыходзяць, бо складзеныя для польскіх дзяцей, якія з маленства размаўляюць, у якіх польская — першая мова. А нашым дзецям гэта заскладана. Але арыентуемся на польскую праграму, бо мусім яе здаваць. Мы яе даем дзецям па-беларуску, каб ім было дакладна ўсё зразумела, штосьці бярэм з падручнікаў — практыкаванні на польскай, а таксама маем нашы падручнікі на беларускай мове, выдадзеныя ў Беларусі, і займаемся яшчэ па іх.
Ася з сям'ёй
— У вас жа яшчэ ёсць праект у Беларускім доме ў Варшаве?
— Дзіцячы клуб «Творцы» Беларускага дома накіраваны на тое, каб дзеці ганарыліся сваёй спадчынай, культурай, гісторыяй, кулінарыяй. Усё, што тычыцца нашай беларускай культуры, мы ў гэты праект уключаем. І робім сесіі, напрыклад, у нас была адна тэатральная сесія, мы ўзялі два беларускія творы і паставілі спектакль. Наступная сесія была гістарычная, чатыры месяцы, мы з імі разабралі кавалкі гісторыі, якія ім спадабаліся. Тут гаворка ідзе пра дзяцей, якія ў школе яшчэ гісторыю не вывучалі. Нават пастаноўку зрабілі невялічкую, пра тое, як не атрымалася каранацыя Вітаўта. Наступная сесія ў нас плануецца кулінарная, мы будзем вывучаць беларускую кухню і пасля наведваць рэстарацыі розныя, якія тут беларусы паадчынялі. Штосьці ў іх падгледзім з іхняга дазволу, пасля зладзім такі званы абед ці вячэру, каб дзеткі самі прыгатавалі розныя стравы і пачаставалі гасцей. Гэта будзе такі выпускны баль.
На тэатральным праекце мы ставілі п’есу нашай сучаснай пісьменніцы Юліі Букштановіч «Сябры лесу» і «Казку пра герб» Сержука Вітушкі са зборніка «Дзінь-дзілінь. Пара гуляць у казкі». Ягоныя дачка і жонка прыязджалі з Вільні на наш спектакль. Увогуле пастаноўкі цэлую залю сабралі сяброў, усім спадабалася, успамінаюць па сёння. Мы назбіралі грошай, каб зняць гэта ўсё і зрабіць тэлеверсію, тэлеспектакль. І маем цяпер дэкарацыі, лялек, усё неабходнае, каб захаваць і іншым дзеткам паказваць.
Мы хацелі б увогуле зрабіць якасную тэатральную студыю, якая працуе чатыры разы на тыдзень, ездзіць на фестывалі, каб хтосьці змог паступаць пасля ў тэатральны. Пытанне зноў-такі ў тым, што для гэтага трэба праводзіць платныя заняткі. А ў нас беларусы негатовыя аплачваць заняткі дзяцей. Гэта ўсё няпроста. А так мы думалі зрабіць цэлых некалькі кірункаў, каб дзеці маглі вучыцца па-за школьнай праграмай, вось зараз прасоўваем два кірункі: прафарыентацыя на беларускай мове і фінансавая пісьменнасць. Гэта ўжо для падлеткаў. Будзе зараз яшчэ працаваць падлеткавы гурток з псіхолагамі, псіхатэрапеўтамі.
— Калі казаць пра вынікі першага навучальнага года вашай школы, то жаданне працягваць засталося, улічваючы стос праблемаў, якія вы ўзгадалі раней?
— Год быў няпросты. Ведаеце, я пасля года камунікацыі з бацькамі зразумела, што нікому гэта асабліва не трэба, акрамя мяне і майго мужа. У мяне, шчыра кажучы, шмат песімізму выклікае стаўленне нашых беларусаў да сваёй культуры, мовы і ўвогуле да будучыні. Калі беларускія беларусы не лічаць такі адукацыйны праект для сябе вартым, то я магу працаваць і на іншых мовах. Але хацела б на сваёй. Мы нават пачалі выпускаць прафесійны часопіс. Кожная краіна мае свой Мантэсоры-часопіс для заняткаў з дзецьмі. Бацькі набываюць, самі займаюцца, ёсць усе інструкцыі, апісанні. Беларусь такога свайго не мела, а тут мы пачалі выпускаць яго па-беларуску. Ён выходзіць у электронным выглядзе, ёсць адзін ужо нумар, рыхтуем другі. Трохі марудна, можа быць, але ж сваімі ўласнымі сіламі і сродкамі гэта робім.
Ёсць такі, я вам скажу, трошачкі песімізм у плане, як там будзе далей. Я дакладна ведаю, што пачатковая школа будзе развівацца, таму што дзецям першага, другога і трэцяга класаў сапраўды вельмі файна вучыцца такім метадам, бо яны менш сядзяць за сталамі, гэта вельмі фізіялагічна і карысна для здароўя, і тут ужо не важна, беларуская мова ці якая іншая. На любой мове Мантэсоры-метад — гэта крута. А вось з базавай школай усё складана...
— У чым складана?
— Калі дзеці не вучыліся па Мантэсоры-метадзе ў пачатковай школе, то ў чацвёртым класе ім ужо позна пачынаць, ім ужо трэба вучыцца так, як яны прывыклі. Не перавучыш. Тады прыходзіцца працаваць ужо ў звычайным фармаце: за парты селі, напісалі заданні па-беларуску. І тут паўстае пытанне банальнай канкурэнцыі, якую цяжка трымаць з польскімі школамі. Глядзіце, у нас няма матэрыяльнай базы, няма басейнаў, спартыўных заляў і гэтак далей. І атрымліваецца, што большасць бацькоў выбіраюць варыянт больш камфортны, матэрыяльна развіты. Гэта зразумела. У Беларусі была адна праблема: растлумачыць людзям, што ім патрэбная беларуская адукацыя дзяцей, у эміграцыі — зусім іншая, бо нам цяжка тэхнічна канкураваць з польскімі школамі, бо яны ўпакаваныя да зубоў, упакаваныя якасна, на вышэйшым узроўні. А мы такія ў напаўпадвальных умовах на энтузіазме...
І дакладна польскія ўлады не будуць фінансаваць беларускія школы ні ў якім выпадку. Нам гэта дастаткова ясна патлумачылі — для беларускай меншасці вызначанае Падляшша. Таму ў нас шлях толькі прыватных ахвяраванняў і грантаў.
— Такая сітуацыя склалася не толькі з беларускімі школамі?
— Ты можаш тут рабіць школу на любой мове, але яна будзе прыватнай. Ёсць ангельскамоўныя школы, яны ўсе прыватныя. Адну ўкраінскую польская дзяржава стварыла, усё ж хваля бежанцаў моцная была. Большасць жа ўкраінскіх дзяцей размеркавалі ў польскія школы. І, як ведаю, шмат дзяцей, асабліва старэйшыя за 4-ты клас, с цяжкасцю змаглі, а хтосьці і не змог, за год адаптавацца. Пры гэтым жа экзамены прымаюцца на ўзроўні з польскімі дзецьмі. І ты калі не ведаеш прадмет на ўзроўні з палякамі, то застаешся на другі год. А для дзіцёнка гэта траўма.
З плюсаў адзначу адаптаванасць горада і ўвогуле прыязнасць да дзяцей. У нас бываюць выезды, то ў бібліятэку варшаўскую, то іншыя экскурсіі ладзім, ездзім па Варшаве і за горад. У гэтым плане тут вельмі файна, для дзяцей усё арганізавана і для людзей у прынцыпе. Таму будзем карыстацца.
Што да нашай школы, то сёлета, будзем спадзявацца, застанецца базавая школа, а пачатковая школа будзе дакладна.
Навіны ад нас і любую інфармацыю можна атрымліваць тут і тут.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org