Як па-беларуску павіншаваць з Калядамі і Новым годам? Падборка пажаданняў

Што рабіць, калі напісаць нешта на паштоўцы ці ў мэсэнджары хочацца, а ў галаве толькі «шчасця-здароўя»? Мы звярнуліся да традыцыі, а таксама троху пакруцілі папулярныя звароты і зрабілі для вас падборку калядных і навагодніх віншаванняў па-беларуску на розныя густы і для розных людзей: у вершах і ў прозе, пяшчотныя і натхняльныя, рамантычныя і патрыятычныя. Выбірайце на свой густ!


Каляды 01

Беларуская традыцыя калядных віншаванняў

Беларусы маюць багатую этнаграфічную традыцыю калядных віншаванняў. Але — вусную, не пісьмовую. Беларускія класікі (Купала, Бядуля) пісалі пра Каляды вершы, але часткай масавай культуры яны так і не сталі. Шмат у чым праз атэістычную традыцыю ў БССР.

Традыцыя калядных віншаванняў (на паштоўках) вядомая ў колах беларускай дыяспары на Захадзе 1940-х — 1980-х. Тое-сёе было створана на пачатку 1990-х.

Паспрабавалі сабраць адусюль патроху. Ад лаканічных віншаванняў у некалькі словаў да чатырохрадкоўяў. Зразумела, іх можна міксаваць, замяняць адно адным ці дадаваць.

Простыя і лаканічныя віншаванні

Вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага году!

Найлепшыя навагоднія і калядныя пажаданні!

Хай будуць шчаснымі Каляды! Хай будзе ўдалым Новы Год!

Хрыстос нарадзіўся! Вясёлых Святаў!

Магічных Святаў!

Каляды 05

Больш разгорнутыя варыянты

Вясёлых Калядаў, а таксама...
12 месяцаў здароўя
53 тыдні кахання
8784 гадзінаў трываласці
527 040 хвілінаў гармоніі духу
1 622 400 секундаў шчасця
У Новым годзе!

***
Найлепшаму мужу/жонцы ў Новым Годзе:
Мараў, за якія варта змагацца,
Якасцяў, якімі варта дзяліцца,
Сяброў, з якімі варта быць,
І Надзеі, без якой марна жыць!

Каляды 02

***
Памятай, што Калядная ноч — час цудаў. Не забудзь загадаць жаданне: самае смелае, фантастычнае, невымоўнае. Ва ўсім астатнім — заўсёды дапаможам мы. Твае любячыя бацькі.

***
Каханая/Каханы! Дзякуй за гэты год ды магчымасць разам з ім развітацца, сустракаючы новы. Хай усе мары здзяйсняюцца, на сэрцы хай будзе бель, як зараз за вакном, а горыч ніколі не кране тваіх вуснаў! З Калядамі і Новым годам!

***
Каляды — найцямнейшы час за ўвесь год. Але гэта ноч цудаў, пасля якой сонца вяртаецца да нас. Ніколі не забывайся на гэта. З Калядамі!

***
Няхай у Новым Годзе лад і згода не пакідаюць Вашага дому, а перамогі і поспехі суправаджаюць і Вас, і Вашых дзетак. Шчырыя віншаванні ад сям’і ...

Каляды 03

Вершаванае — з класікаў

Тэматычныя вершы, якія пасуюць для подпісу на паштоўку:

Сняжыначкі-пушыначкі,
Як матылькі ляцелі,
Як красачкі-пралесачкі,
Над хаткамі блішчэлі,
Насіліся-кружыліся
Над ціхімі палямі,
Даліначкі-сняжыначкі
Пакрылі дыванамі.

(Змітрок Бядуля)

***

Спяваюць дзеці, што на свеце
Нам Збаўца мае нарадзіцца,
І ўсе вясёлы, нат’ жывёлы,
Прыйшлі Дзіцяці пакланіцца.

(аўтар невядомы)

***

У эміграцыі Сын Божы
Меў няшчасну долю:
З Ім мы гора пераможам —
Вырве нас з няволі!
Беларусы, Божы дзеці,
Верым у Божа Імя,
Зорка Волі нам засвеціць —
З Богам не загінем!
Вясёлых Святаў і шчаслівага Новага году! Найшчырэйшыя пажаданні ад...

(паводле каляднай паштоўкі беларусаў Брытаніі, Брэтфард)

***

Сваркі, звадкі няраз былі згубай для нас
Разлучалі са шчасцям, свабодай...
Хай жа з Новым Гадком новы блізіцца час,
Брацтва, роўнасць, супольнасць і згода!

Вось жаданні ўсе, Новы Год, да Цябе;
Іх ня вельмі і многа, здаецца,
Так і песня пяе, так, людцы вы мае
Знаю, у думках, усім вам снуецца.

(Янка Купала)

Сучасная паэзія па тэме

Болей цукерак, агнёў, падарункаў,
Поспехаў у размаітых кірунках,
Сэксу штоночы,
Шчаслівыя вочы,
Картку з грашыма,
Мегадзяўчыну,
А лепей — чатыры,
Новую «Джылі»,
Ці «Мазэрацці»,
Не гараваці,
Смеху ды ладу,
Новага ўраду,
Сцягу, парламенту і прэзідэнта,
Дом, ці кватэру з бясплатнай арэндай,
Каб на Карыбах — кожнае лета,
Усе будзе добра. Або — яшчэ лепей!

Каляды 04

***

Зорка ў небе. Хлеб на стале
Полымя свечкі згасае
Мары не згаснуць. Твае і мае.
Мары — яны не згасаюць!

***

Каляднай ночы змрок калі навокал,
Шукай у небе зорку ў аблоках,
Бо зорчына святло — відаць у змроку,
Жыццё хай не спыняе кроку!
Заплюшчы вочы, думку загадай
За зорку, за сябе, за дом і край.
Наведае зямлю наш добры Божа,
Усё здзейсніцца — інакш і быць не можа!

Budzma.org