У Беларускім доме ў Вільні пакажуць уратаваную калекцыю паваеннай эміграцыі зь Нямеччыны

7 верасьня ў віленскім Беларускім доме (Віленская вул. / Vilniaus g. 20) пачынаецца Тыдзень беларускай культуры.

Bielaruski dom u Viĺni Беларускі дом у Вільні. Архіўнае фота

Кіраўніца Беларускага дому Людвіка Кардзіс паведаміла Свабодзе, што правядзеньне такіх тыдняў для іхнай установы — ужо ўстойлівая і вельмі прыемная традыцыя.

«Чацьвёрты год запар будзем праводзіць Тыдзень беларускай культуры. Зразумела, што гэта вельмі важная імпрэза, цікавая ня толькі беларусам, але і літоўцам, гасьцям Вільні, якія нас наведваюць. Таму нават не было думкі не праводзіць гэты тыдзень зноў», — прызнаецца яна.

Liudvika Kardzis
Людвіка Кардзіс, архіўнае фота

Людвіка Кардзіс адзначыла, што кожны год тыдзень беларускай культуры мае новы фармат. Сёлета каманда Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча, які стала працуе ў Беларускім доме, падрыхтавала праграму новага Тыдня на падставе калекцыі беларускага дзеяча Юрыя Попкі, экспанаты якой увесну папоўнілі калекцыю музэю.

«Цэнтральнай падзеяй будзе выстава ў нас экспанатаў музэю Юрыя Попкі, уратаванага беларусамі і прывезенага зь Нямеччыны. Адпаведна абраная і галоўная тэма Тыдня — гэта спадчына. Тое, што мы захоўваем, губляем, перадаем далей і што застаецца пасьля нас», — удакланіла спадарыня Кардзіс.

Сёлета ў сакавіку ў Вільню зь нямецкага гораду Ляймэн актывісты аб’яднаньня Razam перавезьлі калекцыю беларускага эмігранта Юрыя Попкі, які памёр у Нямеччыне ў 1990 годзе.

Гэтая выдатная калекцыя беларускай спадчыны адметная яшчэ і тым, што яе збору дапамагалі многія вядомыя беларусы. Сярод іх навуковец, прафэсар матэматыкі ўнівэрсытэту ў Мэрылендзе Барыс Кіт; захаваньнем экспанатаў апекаваўся Пётра Садоўскі, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне.

Зь беларускімі актывістамі працаўнікі Музэю імя Луцкевіча дамовіліся пра сталае экспанаваньне калекцыі Юрыя Попкі ў Беларускім доме, але адразу паказаць наведнікам экспанаты не ўдалося, бо ў рэчах калекцыі знайшлі жука-скураеда (від Anthrenus verbasci. — РС). Давялося зьмясьціць частку экспанатаў у карантын, у тым ліку патрымаць іх у маразільніках. Менавіта гэтая гісторыя падказала арганізатарам сёлетняга Тыдня беларускай культуры галоўную тэму імпрэзы.

«Кожны з нас мае свой асабісты архіў. Гэта фатаздымкі дзядоў і прадзедаў, нейкія рэчы, зьвязаныя з роднымі людзьмі. Вось у мяне ёсьць хустка маёй бабулі — такая вялікая, колішняя. Гэта ўсё мы завём спадчынай. Згодная, што для большасьці беларусаў, якія выехалі з краіны і не маглі ўзяць з сабой гэтыя рэчы, тэма спадчыны вельмі балючая. Але якраз гэтая экспазыцыя дае магчымасьць беларусам у Вільні запоўніць прагал, дакрануцца да агульнай беларускай спадчыны», — мяркуе Людзвіка Кардзіс.

Кіраўніца Беларускага дому нагадала лёс Юрыя Попкі: ён мусіў зьехаць зь Беларусі, куды ня змог вярнуцца да канца жыцьця, але зьбіраў гэтую калекцыю.

«Гэта выдатны прыклад таго, што можна рабіць нават у такіх складаных умовах. Вядома, пройдзе час, людзі вернуцца дамоў, да сваіх архіваў, але на цяперашні час вымушанай эміграцыі такі досьвед — спроба дапамагчы захаваць нашу тоеснасьць», — кажа Людвіка Кардзіс.

Менавіта адкрыцьцём экспазыцыі калекцыі Юрыя Попкі пачнецца Тыдзень беларускай культуры ў Беларускім доме 7 верасьня. Будуць выстаўленыя сабраныя калекцыянэрам беларускі тэкстыль, кнігі, часопісы, паштоўкі, лісты ды іншыя рэчы. Наведнікам будзе прапанавана лекцыя пра тое, як у музэях глядзяць за экспанатамі і як паўтарыць гэты досьвед у сябе дома.

«Ратавалі гэтую калекцыю ўсе. Калі пачулі нашу просьбу аб дапамозе, дык вельмі шмат беларусаў адгукнуліся. Набралі гэтыя рэчы, трымалі іх у лядоўнях, а потым усё вярталі. Такім чынам, да гэтай выставы прычынілася вельмі шмат беларусаў-віленчукоў і мы рады будзем іх пабачыць на выставе. А мэта куратараў выставы — паказаць літаральна ўсё, што мы атрымалі зь Нямеччыны», — расказала Людвіка Кардзіс.

Тэма спадчыны стане асноўнай 9 верасьня, у трэці дзень Тыдня. У Беларускім доме адбудзецца дыскусія з удзелам вядомага літоўскага рэстаўратара, дырэктара віленскага Агенцтва аднаўленьня старога места Юозапаса Блажунаса і беларускага гісторыка, доктара навук Сьцяпана Стурэйкі.

«Гэта будзе дыскусія пра спадчыну. Што пасьля нас застанецца, а што не застанецца. Вечар для тых, хто любіць складаныя пытаньні і складаныя адказы. Вельмі цікавыя суразмоўцы, і думаю, што будзе цікавая размова», — мяркуе Людвіка Кардзіс.

Найбольш насычаная праграма Тыдня беларускай культуры чакае наведнікаў у суботу, 12 верасьня: экскурсія, майстар-кляса вышыванки, дзіцячая майстэрня, кірмаш беларускіх сувэніраў і кніг, канцэртная частка.

«Мікіта Найдзёнаў, беларускі паэт і музыка, выступіць з адмысловай праграмай. Будзе і паэзія, і музыка, і трошкі размоваў. Будзе цікава», — кажа кіраўніца Беларускага дому Людвіка Кардзіс.

Падрабязна з праграмаю Тыдня беларускай культуры можна азнаёміцца тут.