«Захаваць не астылыя эмоцыі»: Аляксандр Фядута пра «Кнігу нэкралёгаў» і яе важнасць для нашай гісторыі

Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута піша пра новае выданне даследчыкаў эміграцыі Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча «Кніга нэкралёгаў», якое нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Kamunikat.org» у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны».

Людзі нараджаюцца і паміраюць, часта не пакідаючы пасля сябе іншых матэрыяльных сведчанняў, апроч надмагілляў. Інфармацыю пра іх суаўтары Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч выдалі ў выглядзе вялізнага, багата ілюстраванага тома «Кніга могілак: Беларускія пахаваньні ў сьвеце», які выйшаў у 2024 годзе.

Knihi

Новая «Кніга нэкралёгаў» — ёсць своеасаблівым працягам папярэдняга фундаментальнага выдання. Яго падрыхтоўка запатрабавала ад укладальнікаў каласальнай працы — перадусім бібліяграфічнай, бо неабходна было de visu прагледзець падшыўкі перыёдыкаў, рэдка даступных у «мацерыковай» Беларусі, — тых эміграцыйных газет, што захаваліся дзякуючы энтузіязму людзей, якія разумеюць сваю адказнасць перад гісторыяй. У кнізе змешчана больш за пяцьсот некралогаў — укладальнікі нічога не адкідалі, усе знойдзеныя ў газетах «Бацькаўшчына» і «Беларус» некралогі трапілі ў выданне.

Чые некралогі ўключаны ў кнігу, і што з іх можна ўбачыць

Некралог — асаблівы жанр. Ён захоўвае яшчэ не астылыя эмоцыі сучаснікаў — але разам з тым і дакладную інфармацыю. Сярод тых, чые некралогі ўключаны ў зборнік, — самыя розныя людзі: палітыкі, навукоўцы, пісьменнікі, мастакі. Далёка не ўсе яны прадстаўляюць беларускую эміграцыю. Уключаны, напрыклад, некралогі памерлых у Савецкім Саюзе Рыгора Бярозкіна, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Дубоўкі, Петруся Броўкі, Якуба Коласа. З іх можна ўбачыць, як успрымаліся гэтыя аўтары і іх тэксты па-за межамі савецкай метраполіі, — і для прафесійных літаратуразнаўцаў гэта бясцэнная інфармацыя.

Некралогі Ларысы Геніюш і Уладзіміра Дубоўкі змяшчаюць інфармацыю, якая аб’ектыўна не магла з’явіцца ў Савецкай Беларусі, — перадусім пра рэпрэсіі, якім падвяргаліся гэтыя пісьменнікі. Некралог жа Петруся Броўкі — хутчэй міні-памфлет, біяграфія не паэта, а чыноўніка, «партыйнага палітрука беларускай літаратуры».

Не менш, а, магчыма, яшчэ больш цікавыя некралогі палітычных дзеячаў, якія фармальна не мелі дачынення да эміграцыі, а часта і да Беларусі. У прыватнасці, у кнігу ўключаны некралогі Сталіна, сенатара Роберта Кенэдзі, папы Яна XXIII ды іншых. Калі некралог Сталіна напоўнены эмоцыямі, гневам, дык, напрыклад, некралог Яна XXIII — спроба даць аб’ектыўную ацэнку таму ўнёску ў міжканфесійны дыялог, які зрабіў гэты сапраўды выбітны рэлігійны дзеяч.

Ёсць і сціплыя некралогі, якія практычна не змяшчаюць інфармацыі, апроч датаў жыцця і смерці. Такое, напрыклад, паведамленне пра смерць падпісчыка газеты «Беларус» Уладзіміра Брылеўскага — своеасаблівая даніна ўдзячнасці чалавеку, які падтрымліваў выданне, аплачваючы такім чынам выхад чарговых яго нумароў, — або Фёдара Баслыка, пра якога паведамляецца як пра сумленнага беларуса і сябра Згуртавання беларусаў Канады.

«Kniha nekraliohaŭ»

У кнізе змешчаны біяграфіі чальцоў некалькіх сем’яў, так што фактычна можна прасачыць іх радавод. Пры гэтым паказальна, што некралог былога старшыні Рады БНР Вінцэнта Жук-Грышкевіча — усяго толькі сухое паведамленне, а тэкст пра смерць яго ўдавы Раісы — разгорнуты, хоць і параўнальна невялікі мемуарны нарыс, падпісаны Ганнай Сурмач.

Аўтары некралогаў звяртаюць увагу на некаторыя значныя дэталі, якія праз гады могуць выслізнуць ад увагі даследчыкаў. Вось, напрыклад, пасаж у некралогу Петрусю Броўку:

«Калі ў 1975 годзе памёр, здавалася-б, таксама моцна заслужаны для партыі беларускі савецкі пісьменьнік, грамадзкі й палітычны дзеяч Міхась Лынькоў, дык былі зьмешчаныя ў друку адно рэспубліканскія афіцыйныя паведамленьні пра ягоную сьмерць, на першым месцы пад якімі быў падпісаны першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Затое пад афіцыйнымі паведамленьнямі пра сьмерць Петруся Броўкі подпіс Пётры Машэрава фігуруе аж на пятым месцы пасьля подпісаў саюзных кіраўнікоў партыі і ўраду» (с. 71–72).

Некралог Уладзіміра Дубоўкі ўяўляе сабой кароткі агляд яго творчага шляху з элементамі аналізу (аўтар — Станіслаў Станкевіч), некралог Ларысы Геніюш, напісаны Янкам Запруднікам, — хутчэй лірычная замалёўка.

Чыіх некралогаў няма ў выданні

«Kniha nekraliohaŭ»

Цікава таксама, чыіх некралогаў у кнізе няма. Напрыклад, няма некралога Пятра Машэрава (хоць ёсць Сталін), Алеся Адамовіча (хоць ёсць Васіль Быкаў і Іван Мележ). Няма Генадзя Бураўкіна — хоць, здавалася б, на пасадзе паўнамоцнага прадстаўніка Беларусі пры ААН ён шмат кантактаваў з прадстаўнікамі дыяспары.

Няма Адама Мальдзіса, стваральніка ўнікальнага Скарынаўскага цэнтра. І такая адсутнасць таксама ёсць своеасаблівым гістарычным фактам, бо скрупулёзнасць укладальнікаў не дазваляе западозрыць іх у тым, што некралогі такіх значных постацей былі імі проста праігнараваны. Даводзіцца зрабіць выснову, што водгукаў на іх сыход у друкаваных эміграцыйных выданнях не было.

Рэдкія фота, імянны і геаграфічны паказальнікі

Кніга ілюстравана рэдкімі фотаздымкамі — можна меркаваць, што некаторыя з іх друкаваліся ў тых самых нумарах побач з некралогамі. Кожны некралог забяспечаны заўвагай пра тое, у якім нумары і пад якім подпісам ён быў надрукаваны. Калі некралог падпісаны крыптонімам, крыптонім — відавочна, наколькі гэта было магчыма, — расшыфраваны. У шэрагу выпадкаў некралогі суправаджаюцца неабходнымі каментарыямі-спасылкамі — асабліва калі гаворка ідзе пра цытаты з сёння ўжо рэдкіх або проста забытых выданняў.

Як і належыць сур’ёзнаму навуковаму выданню, у кнізе ёсць імянны і геаграфічны паказальнікі, а таксама паказальнік арганізацый і перыёдыкаў, згаданых у тэкстах некралогаў, — што надзвычай важна, асабліва для чытача, які не мае магчымасці свабодна знайсці тую інфармацыю, на пошукі якой укладальнікі кнігі выдаткавалі гады.

Думаецца, што, калі б падобны збор тэкстаў з’явіўся на матэрыялах газет савецкага і постсавецкага перыядаў (асабліва 1964–1990 гг. і ад 1995 г. да нашых дзён), не было б таго адчування эмацыйнай шчырасці, якое суправаджае чытача па меры таго, як ён прасоўваецца па старонках гэтага фундаментальнага тома. Няма сумнення, што рана ці позна падобнае выданне таксама з’явіцца, аднак, улічваючы сітуацыю, якая склалася ў беларускай гістарычнай і гуманітарнай навуцы, — хутчэй позна.

«Kniha nekraliohaŭ»

Надзейны падмурак для стварэння Беларускага біяграфічнага слоўніка

У цэлым можна сказаць, што гісторыя беларускай эміграцыі аказваецца апісанай значна лепш, чым можна было б меркаваць. Працы Наталлі Гардзіенкі, Алега Гардзіенкі, Лявона Юрэвіча, іншых даследчыкаў, якія супрацоўнічаюць з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (БІНіМ), служаць надзейным падмуркам для ажыццяўлення даўняй мары светлай памяці Адама Мальдзіса — стварыць Беларускі біяграфічны слоўнік, аналагічны тым, якія маюць нашы найбліжэйшыя суседзі.

Аднак, як паказвае гістарычны досвед, для фінансавання падобнага праекта неабходна зацікаўленасць дзяржавы — як гэта было ў выпадку з «Русским биографическим словарём» XIX стагоддзя, які выдаваўся пад патранатам дзяржаўнага сакратара А. А. Палоўцава, або з «Polskim Słownikiem Biograficznym», рэдакцыя якога непасрэдна атрымлівае сродкі з бюджэту польскай дзяржавы. Праўда, досвед нашых польскіх калег паказвае, што гэта задача на шмат пакаленняў (цяпер рыхтуецца да выхаду том на літару T, а першыя тамы выйшлі яшчэ ў міжваеннай Польшчы). Фактычна неабходна стварэнне незалежнага ад палітычнай кан’юнктуры Беларускага біяграфічнага цэнтра імя Адама Мальдзіса, у якім акумулявалася б інфармацыя і пра «святых», і пра «злачынцаў і адступнікаў» беларускай гісторыі.

Магчыма, калі-небудзь гэтая ідэя будзе рэалізавана. Пакуль жа нам застаецца карыстацца плёнам працы Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча і спадзявацца, што гэтымі кнігамі іх даследаванні не завершацца.

«Кнігу нэкралёгаў» можна набыць па спасылцы.

Аляксандар Фядута, Budzma.org