Як па гарматах Радзівілаў адсачыць пяць стагоддзяў гісторыі?

17.03.2015 Гісторыя

Артылерыя як від выяўленчага мастацтва – гучыць досыць дзіўна, праўда? Аднак калі паглыбіцца ў гісторыю, то можна высветліць, што калісьці гэтыя два словы мелі поўнае права знаходзіцца побач. Пра гэта ў тым ліку распавядае кніга маладога гісторыка Міколы Волкава “Артылерыя Нясвіжскага замка”, напярэдадні прэзентацыі якой мы пагутарылі з аўтарам пра ўнікальнасць беларускай зброі, створанай Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткай.

-Спадару Мікола, чым жа гарматы Нясвіжскага замка настолькі адметныя, што ім можна прысвяціць асобную кнігу.

-Напрыклад тым, што ў дэкаратыўным плане артылерыя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі з’ява ўнікальная для Еўропы. Гарматы былі створаныя на мяжы XVI-XVII стагоддзяў і яўлялі з сябе сапраўдны твор мастацтва. Таму ў 1706 годзе шведскі кароль Карл XII хацеў вывезці іх з сабой у Стакгольм у якасці трафея, але не змог, давялося гарматы затапіць. Вартае увагі таксама меркаванне крон-прынца Вільгельма, які ў 1886 годзе наведаў Нясвіж, а пазней стаў кайзерам пад імемем Вільгельма ІІ. У час візіту ў Нясвіжскі замак ён адзначыў, што такой прыгожай калекцыі зброі не сустракаў нідзе ў Еўропе. Самі разумееце, гэта тыя людзі, якім можна давяраць.

-Пытанне ад чалавека далёкага ад артылерыі, але навошта Радзівілам было ўпрыгожваць гарматы?

-Прыгожа аздобленая зброя – гэта сімвал высокага статуса і не абыякіх мастацкіх густаў яго ўласніка. Праўда, ужо ў XVI стагоддзі ў дэкоры гармат назіраецца пэўнае спрашчэнне, што было выклікана імкненнем надаць зброі больш функцыянальны выгляд. Аднак гарматы Сіроткі выбітная рэч: з дапамогай складанага і да дробязяў распрацаванага дэкору кожнага гарматы набыла свой непаўторны вобраз. Праўда, чаму замоўца захацеў стварыць гарматы менавіта такімі – вялікае і разам з тым вельмі пытанне. Сіротку цяжка зразумець, кажуць, што ў сваім выбары ён арыентаваўся на Італію, аднак там нечага падобнага не захавалася.

У адказ на пастаўленае пытанне варта прыгадаць вельмі распаўсюджаную у 18 ст. байку. Маўляў кароль Ян Сабескі падарыў Радзівілам гарматы, узятыў у туркаў падчас бітвы пад Венай. Такім чынам Радзівілаў стараліся паказаць сябе пераемнікамі Сабескага, ці каралеўскага роду. У далейшым гэта давала магчымасць пазмагацца за карону. Аднак тое байка.

-А ці можна было выкарыстоўваць такія гарматы як зброю?

-Гэта абсалютна нармальная зброя. Гарматы праходзілі прыстрэлку і выкатваліся на замкавыя валы ў час небяспекі. Разам з тым тут варта ўлічваць тагачасны менталітэт: пачвары, выяўленыя на гарматах, таксама нясуць пэўны сэнс. Па ўсёй верагоднасці, людзі верылі, што міфічныя пачвары ці звяры, у выяўленыя на гарматах дапамагалі зброі рабіць сваю разбуральную справу.

-А як асабіста вы зацікавіліся радзівілаўскай артылерыяй?

-Спачатку я цікавіўся фартэцыямі, якім чынам абараняліся ў тыя часы, што для гэтага было патрэбна. Пасля зразумеў, што самі па сабе ўмацаванні могуць даць не шмат, і трэба вывучаць зброю. Я вывучаў радзівілаўскі арсенал і назбіралася шмат матэрыялу, якога хапіла на кнігу. Гэта ж цэлы пласт гісторыі ад XVI да ХХ стагоддзя!

-Хто чытач вашай кнігі? Бо выглядае на тое, што яна прызначана не толькі для адмыслоўцаў?

– Гэта вельмі важны момант, адмыслоўцаў мала, і пісаць толькі для іх прызнацца не асабліва цікава. Я хутчэй разглядаю артылерыю як частку матэрыяльнай культуры таго часу, праз якую лепей разумееш кім былі Радзівілы, што ўяўляў сабой Нясвіж, што адбывалася ў тагачасным грамадстве.

-А ці засталіся гарматы ў Беларусі?

-Нясвіжскія гарматы (каля дваццаці штук) да 1939-40-га захоўваліся ў Нясвіжы, пасля бальшавікі адправілі іх у Мінск. Падчас вайны радзівілаўская зброя апынулася ў Берліне, адтуль у пасля вайны трапіла ў Ленінград. А ў 1953 годзе савецкія ўлады перадалі большасць гармат у Варшаву, дзве пакінулі ў Ленінградзе. Ёсць адна гармата ў Стакгольме. Некаторыя гарматы захоўваюцца ў Львове. У Нясвіжы ж мы маем адну арыгінальнуюю гармату – жалезную, якую знайшлі патопленай у рове падчас рэстаўрацыі. Канешне, гэта не адна з тых прыгожых бронзавых гарматаў, але па вялікім рахунку, адзіная якая знаходзіцца на сваім месцы – у Нясвіжы. У рэшце рэшт, вось гэтыя “прыгожая” артылерыя стваралася адмыслова для Нясвіжа, колькі б не ішлі спрэчкі да культуры якой краіны гэтыя гарматы належаць, але, бясспрэчна, што яны ствараліся для Нясвіжскага замка.

Мікалай Левертаў

Vokladka_front_1

Прэзентацыя кнігі “Артылерыя Нясвіжскага замка”  адбудзецца 18 сакавіка а 15-ай гадзіне. Адрас ЦНБ імя Я.Коласа: г. Мінск, вул. Сурганава 15.