Янка Маўр — суперзорка сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Ён карыстаўся шалёнай папулярнасьцю, але ў памяці нашчадкаў не атрымаў месца ў галоўным пантэоне беларускае літаратуры, нягледзячы на «Палескія рабінзоны», піша Павел Хадзінскі ў «Новым Часе». Што ж гэта за чалавек, Маўр?
Не Янка, не Маўр
Як амаль усе творцы ў першай палове ХХ стагодзьдзя, пісьменьнік узяў сабе псэўданім. Сапраўднае імя таксама не зусім сапраўднае: Іван Міхайлавіч Фёдараў. Прозьвішча дасталося ў спадчыну ад бацькі, якому памылкова ў войску запісалі імя па бацьку Фёдаравіч (Фёдараў сын) у якасьці прозьвішча.
Дарэчы, нарадзіўся клясык літаратуры таксама не ў Беларусі, а ў сучаснай Латвіі, у горадзе, што тады насіў назву Лібава, а цяпер Ліепая. Адбылося гэта 10 траўня 1883 года. У Латвіі шукалі шчасьця-долі бацькі Янкі Маўра ад адсутнасьці зямлі і грошай на радзіме.
Сябар жыцьця — Якуб Колас
«Як я пазнаёміўся з Коласам? Гэта было ў 1905–1906 гадах. Я быў вясковым настаўнікам і на канікулы часам прыязджаў да сваіх знаёмых у сяло Верхмен каля Смалявічаў. Там мне расказвалі пра іхняга настаўніка Канстанціна Міцкевіча.
— Цікавы чалавек. Малады, а такі сур’ёзны, усё бачыць і заўважае. А калі што скажа, дык так трапна, што толькі дзіву даешся.— Потым расказчык азіраўся і казаў ужо ціханька: — Ён — рэвалюцыянэр. Па начах доўга сядзіць, чытае і піша. Відаць, мае сувязь з сацыялістамі, атрымлівае праклямацыі, у бога ня верыць. У царкву не ходзіць. А таварыш добры, усе яго любяць.
Усё гэта мяне вельмі зацікавіла, бо і сам я быў «бязбожнікам» і лічыўся «неблаганадзейным».
У той час на беларускай мове мала хто пісаў: царская ўлада друкаваць на роднай мове кнігі і газэты забараняла. Друкаваных вершаў Якуба Коласа тады яшчэ не было. Яны хадзілі па руках перапісаныя. А многія ўрыўкі, найбольш трапныя радкі, маленькія вершы-эпіграмы перадаваліся адзін аднаму на памяць.
Але ж і калючыя былі гэтыя вершы! Даставалася ў іх і памешчыку, і ўрадніку, і прыставу, і валасному старшыні ці пісару, і самому цару зь яго міністрамі. І такой сакавітай мовай былі напісаны яны, што ня толькі сяляне, але і тыя служачыя, якія не цікавіліся «мужыцкай» мовай, захапляліся яе хараством.
Можна сабе ўявіць, як мне хацелася пабачыць гэтага «таемнага» настаўніка, пазнаёміцца зь ім».
Маўглі і Твэн
Янка Маўр перакладаў на беларускую бэстсэлеры сусьветнай літаратуры для дзяцей і падлеткаў, але разам з тым не забываўся і на дарослыя творы. Наш зямляк пазнаёміў беларусаў з «Маўглі» Кіплінга:
«Закон Джунгляў, пэўна, самы даўнейшы ў сьвеце, прадугледзеў бадай усе выпадковасьці, якія могуць здарыцца з насельніцтвам Джунгляў, і цяпер збор гэтых законаў настолькі дасканалы, наколькі могуць гэта зрабіць час і звычаі. Калі вы чыталі іншыя апавяданьні пра Маўглі, то павінны памятаць, што ён правёў большую частку свайго жыцьця ў Сіянійскай Воўчай Зграі, дзе навучаўся Закону ў бурага мядзьведзя Балу. Балу ж, калі хлопчыку абрыдалі бясконцыя загады, сказаў яму, што Закон падобны да гіганцкай Паўзучай Ліяны, — ён падае на сьпіну кожнаму, і ўхіліцца ад яго няма магчымасьці.
— Калі пажывеш столькі, колькі я, Браток, дык убачыш, што ўсе Джунглі падначальваюцца прынамсі хоць аднаму Закону! І зьявішча будзе ня вельмі прыемнае... — скончыў Балу».
Савецкія дзеці маглі чытаць буржуазнага Марка Твэна зь яго Томам Соерам і Гекльбэры Фінам, а таксама «80 000 кілямэтраў пад вадой» Жуля Вэрна ці «Дзевяноста трэці» Віктора Гюго.
Амаль сеў за краты ў 1908-м
Янка Маўр прыняў удзел у знакамітым нелегальным настаўніцкім зьездзе. У гэтым жа зьездзе прыняў удзел і Якуб Колас. Вынік зафіксаваны ў запісах пісьменьніка: «1906. VIII. Звольнены са службы і аддадзены пад суд...».
«Сьледства цягнулася гады два, бо мы ўсяляк стараліся заблытаць справу. Тут вельмі дапамог Якуб Колас. Так да суда наша справа і не дайшла. Толькі нідзе нас не прымалі на работу...
А сам Якуб Колас усё-такі трапіў пад суд і ў турму. Яго абвінавацілі ў тым, што ён пісаў і рассылаў праклямацыі. Знайшліся «экспэрты», якія прызналі яго почырк. А ў сапраўднасці пісаў ня ён. Якуб Колас ведаў, хто пісаў, але не сказаў гэтага ні на на сьледстве, ні на судзе. Так ён і пайшоў у турму за другога. І адседзеў тры гады.
Янку Маўра адхілілі ад педагагічнай дзейнасьці і ўзялі пад нагляд паліцыі, але ўсё ж такі праз 5 гадоў ён працаўладкаваўся выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Менскую прыватную гандлёвую школу.
Чытайце яшчэ: Беларускі Рабінзон: Янка Маўр
Ня верыў у Божую маці, а давяраў сваёй
«Мама мая, вядома, была самая лепшая, самая прыгожая і самая разумная з усіх жанчын. Я вельмі пакрыўдзіўся б і ніколі б не паверыў, каб хто сказаў, што гэта няпраўда.
Мяне яна навучала такім рэчам, якія ў нас нікому і ў галаву не прыходзілі. Перш за ўсё — не лаяцца непрыстойнымі словамі, асабліва не прыплятаць да лаянкі слова «маці».
— Такога граху бог ніколі не даруе,— казала яна.— Па-першае, ты лаеш маці-багародзіцу, па-другое, маці-зямлю і, па-трэцяе, сваю родную маці.
Ужо аднаго апошняга доваду было б досыць, каб ніколі не лаяцца, а тут яшчэ і зямля, і багародзіца, і гнеў божы. Таму я ўвесь свой век пражыў бяз гэтай лаянкі, не лаяўся нават і тады, калі перастаў баяцца і граху, і бога, і багародзіцы, і зямлі. Толькі аднаго я баяўся ўсё сваё жыцьцё — абразіць памяць маёй роднай маткі».
Янка Маўр быў сапраўдным адданым сынам сацыялізму. Увайшоў у партыю, атрымаў ордэны. Разам з тым крытык Пятро Васючэнка адзначаў яго «неадназначнасьць» у партыйных адносінах.
Змагаўся з эпілепсіяй
Па словах унучкі Янкі Маўра, пісьменьнік у нейкіх старажытных кнігах вычытаў народны рэцэпт, як перамагчы эпілепсію. Пытаўся сунуцца з той інфармацыяй ў Міністэрства аховы здароўя, але там зь яго проста сталі сьмяяцца.
Але людзі аднекуль даведаліся пра той рэцэпт і прыходзілі да яго. І сапраўды, Янка Маўр дапамагаў у барацьбе з гэтай хваробай, кажа ўнучка.
Захапляўся сьпірытызмам
У яго хаце зьбіраліся кампаніі, якія практыкавалі выклікі духаў. У Маўра быў філязофскі склад розуму, і ў сьпірытызме ён бачыў ня містыку, а недасьледаваную прыродную зьяву, і спрабаваў зразумець яго мэханізм. У пісьменьніка былі два тоўстых сшытка, у якія ён запісваў вынікі сьпірытычных сеансаў, але ў 1938 годзе ён іх спаліў.
Сьпірытычныя сеансы праводзіў пры дапамозе сподка на стале з альфабэтам. Акурат так, як вы можаце сабе ўявіць гэты працэс пасьля шматлікіх фільмаў на гэтую тэматыку. Безумоўна, нечаканыя заняткі для адданага справе Леніна.
Вядомы выпадак, калі ён зладзіў нейкаму партыйнаму працаўніку міні-сеанс сьпірытызму, падчас якога прымусіў рухацца аловак. На думку Міхася Міцкевіча, Янка Маўр валодаў незвычайнымі здольнасьцямі.
Зьбярогся ад ГПУ
«Калі пачаліся рэпрэсіі пісьменьнікаў, бацьку па начах спалася кепска. Ён, як і большасьць, чакаў арышту. Але яму пашанцавала. Яго выклікалі да сьледчага НКУС для высьвятленьня некаторых пытаньняў. А сьледчым аказаўся малады чалавек, які быў прыхільнікам бацькавага таленту, у юначыя гады зачытваўся кнігамі Янкі Маўра. Ён вельмі далікатна сустрэў бацьку, нешта высьветліў і адпусьціў дахаты, сказаўшы, што яму няма чаго баяцца. Магчыма, ён выратаваў Маўра ад арышту», — пісала Наталля Міцкевіч, дачка Янкі Маўра.
Выдаў дачку за сына Якуба Коласа
Літаратурны шлюб урэшце зрабіў сваякамі сяброў Янку і Якуба. Як успамінае ўнучка абодвух пісьменьнікаў, напярэдадні вайны Маўр напісаў новую п’есу і павінен быў на наступны дзень атрымаць грошы.
Але пачалася вайна. І сям’я пісьменьніка амаль што бяз грошай выехала ў эвакуацыю. Тады Янка Маўр напісаў ліст Якубу Коласу, што, маўляў, дачку Натальлю не прымаюць у школу, трэба заплаціць нейкія грошы за іспыты. І Колас даслаў грошы, яшчэ ня ведаючы, што ён дапамагае сваёй будучай нявестцы.
Эспэранта
Янка Маўр быў вядомым эспэрантыстам. Свайму зяцю Міхасю Міцкевічу ён чытаў «Яўгена Анегіна» на эспэранта. Маўр вёў ліставаньне з эспэрантыстамі сьвету і атрымліваў ад іх наўпрост рэдкую інфармацыю. Дзякуючы гэтаму ён напісаў кнігу «Амок».
Неўзабаве пасля выхаду ў сьвет раман «Амок» быў перакладзены на іншыя мовы, у тым ліку і на ангельскую. Маўр атрымаў водгукі з Інданэзіі і непасрэдна з выспы Ява, пра якую і вядзецца ў рамане. Варта прыгадаць адну з сустрэчаў, якую з задавальненьнем узгадваў і сам Маўр.
Адбылася яна ў 1960 годзе. У час сваёй паездкі ў Маскву супрацоўнік замежных справаў Інданэзіі Кхо Куатліят спецыяльна прыехаў у Менск, каб убачьщь беларускага пісьменьніка, аўтара рамана «Амок».
Вельмі быў уражаны пасланец Інданэзіі, калі даведаўся, што аўтар рамана ніколі на Яве ня быў. А дыплямат не сумняваўся, што гэты беларускі пісьменьнік ня толькі доўга жыў на Яве, а нават быў удзельнікам тых рэвалюцыйных падзей 1926 года. Тут мела значэньне багацейшая фантазія Янкі Маўра.
Янка Маўр вёў перадачу для эспэрантыстаў на беларускім радыё. Больш за 20 гадоў прысьвяціў гэтай на той час моднай «агульнай» мове пісьменьнік.