Клуб беларускамоўнай практыкі нядаўна пачаў дзейнічаць у грузінскім Батумі. На выходных прайшоў другі занятак клуба. І цікавасць да гэтага праекта пашыраецца. Галоўным прынцыпам клубу ёсць дэвіз «Стасуемся, а не вучым», а мэта — пераадолець моўны бар’ер дзеля пераходу на беларускую мову і проста атрымаць задавальненне ад размоваў з цікавымі людзьмі.
Арганізатар клубу, Сяргей, распачаў гэтую ініцыятыву толькі пару тыдняў таму, але гэтая справа для яго не новая — ён ужо арганізоўваў падобныя клубы ў Беларусі: як беларускай, так і англійскай моваў. І цяпер, у сувязі з вымушаным пераездам, пачынае гэтую справу наноў.
— Быў час, калі я з’ехаў у Германію на некалькі гадоў, а потым вярнуўся ў Беларусь. І так атрымалася, што я згубіў ці не ўсе свае сяброўскія сувязі: мае ранейшыя сябры ажаніліся, павыходзілі замуж, у іх змянілася кола камунікацыі. Фактычна я прыехаў у горад, мне вядомы, але чужы, і мне проста не хапала камунікацыі. Тады я ў Мінску замуціў такі клуб, каб пазнаёміцца з новымі людзьмі. Той клуб сваю функцыю выканаў, я знайшоў шмат людзей, з якімі і цяпер камунікую. Гэтыя мае сябры сталі цяпер даволі вядомымі асобамі — папулярныя блогеры, музыкі, бізнесоўцы... Атрымаўся вельмі добры праект: я паўгады праводзіў такія клубы раз на тыдзень. Але потым заснаваў свой бізнес, мне ўжо не ставала часу на клуб, і я спыніў яго дзейнасць.
І вось праз пяць гадоў я зноўку аказаўся ў чужым мне горадзе, амаль без знаёмых і сяброў. І ў мяне зноў паўстала пытанне, што трэба знайсці людзей, з якімі можна размаўляць і бавіць час.
Ёсць яшчэ адзін схаваны інтарэс: я шукаю сабе жонку. Клуб жа — гэта патэнцыйна вялікае кола знаёмстваў. Тут можна пакамунікаваць, лепш даведацца пра чалавека, бо наш клуб — гэта не суполка вывучэння беларускай мовы, а клуб камунікацыі і нэтворкінгу.
Класна, што тут адразу сустракаеш людзей, у якіх прынамсі адна каштоўнасць супадае з тваёй. А каштоўнасць беларускай мовы, беларускай культуры — асабіста для мяне фактар, што ўмацоўвае сяброўства, не кажучы ўжо пра стасункі.
У планах — зрабіць з гэтага некамерцыйную франшызу. Апісаць цалкам праект арганізацыі клуба, каб потым такія ж клубы маглі працаваць у розных гарадах: я б цалкам перадаў жадаючым усю дакументацыю і методыку. Мне цікава, як гэта стартане і наколькі пашырыцца. Таму што пры добрай арганізацыі і пры добра пастаўленым працэсе, можна зрабіць sexy любую рэч: клуб аматараў фіялак, клуб фанатаў архітэктуры. І будуць тысячы чалавек размаўляць пра фіялкі — гэта цалкам магчыма, калі паставіць працэс камунікацыі людзей, каб яны задаволілі сваю патрэбу быць часткай нечага большага, камунікаваць, пашырыць свае кантакты.
— І чаму б такой sexy-тэмай не быць беларускай мове?
— Таму мая мэта — на некалькіх бліжэйшых сустрэчах клуба паставіць гэты працэс: як гэта пакрокава адбываецца, зрабіць базу дыскусійных пытанняў, пераклады добрых цікавых пытанняў, распісаць методыку, сабраць фідбэк... Каб гэта было для людзей цікава — быць часткай кам’юніці. І тады нават тыя, хто не ведаюць беларускай мовы, будуць прыходзіць, каб задаволіць свае іншыя патрэбы ў камунікацыі — і адначасова далучацца да тых, хто можа размаўляць па беларуску, і хоча размаўляць па-беларуску. Такі план.
— Падаецца мне, гэта больш падобна на нейкі бізнес-працэс...
— Так, гэта стартап. Я вучыўся ў Германіі менавіта бізнесу, я там атрымліваў МВА, у мяне дастаткова вялікі досвед кіравання. Я кіраўнік ІТ-бізнесу, які працуе ў чатырох краінах. І ў прынцыпе, я гляджу на клуб як на лёгкі праект — у параўнанні з маім бізнесам, канешне. Бізнес — гэта больш складана, а аб’яднаць людзей вакол патрэбы камунікаваць, пашыраць кола стасункаў, весяліцца, мець fun — гэта вельмі лёгка. Таму гэта ў мяне такая «пясочніца» па стварэнні франшызы.
Я не вялікі фанат фіялак і архітэктуры, а ў беларускай мове я магу адначасова і задаволіць свае патрэбы, і зрабіць штосьці карыснае для іншых. Пры гэтым заставацца карысным у Грузіі гэтак жа, як я быў карысны ў Беларусі.
— Пры такім падыходзе спатрэбяцца вядучыя, менеджары, суарганізатары, можа быць...
— Так, і людзі гатовыя далучацца. Пасля першай сустрэчы адзін чалавек знайшоў нам памяшканне для другой сустрэчы. Пасля другой сустрэчы да мяне падышлі чатыры чалавекі, гатовыя валанцёрыць: не толькі дапамагчы з памяшканнем, але знаходзіць цікавыя пытанні, перакладаць гэтыя пытанні, хтосьці будзе сувядоўцам, хтосьці дапаможа з апісаннем... Фактычна стартаваў цудоўны некамерцыйны грамадскі праект.
Людзям трэба — і яны далучаюцца да гэтай справы. Гэта не пытанне грошай для іх, як і для мяне. Яны могуць адчуць сваю значнасць, прыносіць карысць, што асабліва актуальна для тых, хто непакоіцца, што ён з’ехаў і больш нібыта не прыносіць карысці Бацькаўшчыне. Ну, і дасягаць тых мэтаў, што дасягаю я — камунікаваць, быць часткай нечага большага... У прынцыпе, такім чынам мы ствараем інстытут, які інтэгруе беларусаў вакол агульнай каштоўнасці. І гэты інстытут адначасова дае карысць яго чальцам.
Ёсць такая кніга: «Чаму нацыі церпяць няўдачу», якую напісалі эканамісты Дарон Ачамоглу і Джэймс Робінсан. Там разбіраецца, чаму адны нацыі багатыя, а іншыя — бедныя. І яны пішуць, што сакрэт багацця — гэта інстытуты. І чым больш будзе такіх інстытутаў, як напрыклад, грамадскія арганізацыі, якія аб’ядноўваюць людзей гарызантальна, тым больш будзе шанцаў для краіны і народа быць паспяховым і багатым. Таму я думаю, што стварэнне клубу — гэта вартая справа. Калі хтосьці хоча далучыцца і падмяніць мяне — цудоўна, бо я не планую кіраваць ім доўгі час. Я распішу працэс, запушчу, каб яно «само паехала», у тым ліку ў іншых гарадах і іншых краінах, потым перайду на анлайн, зраблю там тое ж самае, а потым — пераключуся на іншую справу, напрыклад, на свой бізнес ці сям’ю, і буду спакойна прыходзіць на сустрэчы клуба ўжо як удзельнік.
Дзесяць гадоў таму ў Беларусі я сумесна з іншымі заснаваў англамоўны клуб, які працягваў дзейнічаць напрацягу ўсіх гэтых дзесяці гадоў, і закрыўся толькі нядаўна. Там памянялася літаральна ўсё: арганізатары, спікеры, мадэратары, ініцыятары. Я на яго прыходзіў як удзельнік — і ніхто нават не ведаў, што я стаяў ля яго вытокаў! Там усё змянілася, але — працягвала працаваць.
У гэтым перавага інстытута перад высілкамі індывідуальнага чалавека — чалавек можа перадумаць, перагарэць, захварэць, у яго можа скончыцца час, змяніцца прыярытэты. А ў інстытута гэтага не адбываецца: ён можа маштабавацца, рэфармавацца, але спыніцца яму цяжка. І гэта перавага перад ініцыятывай аднаго чалавека, які ўсё бярэ на сябе і не імкнецца ствараць сістэму.
— З іншага боку — у Батумі ўжо ёсць аналагічныя клубы: і «размаўлялкі», і адукацыйныя, і аматары «настолак», і аматары квізаў. Можна было б далучыцца да іх, навошта ствараць свой?
— У Батумі, па самых сціплых падліках, тры тысячы беларусаў, і кожны будзе шукаць што-небудзь для сябе. Калі яму не падыдзе наш фармат нэтворкінгу, яму захочацца нечага больш акадэмічнага — ён далучыцца да іншага. Мы задавольваем розныя патрэбы.
І на тры тысячы чалавек дзве, тры пяць, дзесяць ініцыятываў — гэта вельмі мала. Іх тут па-добраму мусіць быць каля трох тысячаў.
— ???
— У Швецыі колькасць грамадскіх арганізацый, ініцыятываў і клубаў большая за колькасць насельніцтва, і пакуль мы не дасягнем тут колькасці ініцыятываў у тры тысячы, попыт не будзе задаволены. Таму можна казаць, што ў Батумі яшчэ насамрэч амаль нічога няма. Тут вялікае поле для дзейнасці. Пакуль мы не налічым гэтых трох тысяч ініцыятываў — будзе месца, куды расці.
Таму, «няхай расцвітаюць сто кветак, няхай змагаюцца сто ідэй», як казаў Мао Цзэдун. Гэта ніяк не ажыццявілася ў Кітаі, было проста дэкларацыяй, але прынцып добры. Калі з’явіцца больш прывабны беларускі клуб, больш цікавы, і ўсе ўдзельнікі майго клубу пяройдуць туды — я буду шчаслівы.
У нас вельмі добрае партнёрства з іншымі, нам вельмі дапамагае Беларускі клуб Батумі — з памяшканнем, з арганізацыяй. Я ўжо спісаўся і з беларускім клубам Грузіі... Гэта не бізнес, мы не канкуруем за грошы, і мы можам ствараць сімбіятычныя стасункі, калі ў гэтым сімбіёзе адначасова вучымся адзін у аднаго, матывуемся быць лепшымі, больш эфектыўнымі, больш цікавымі, больш арганізаванымі, больш крэатыўнымі.
Разумееце, гэта як у камерцыі, як у бізнесе — шкодна аб’ядноўвацца і ствараць манаполію. Таму што вы злілі некалькі інстытутаў у адзін, і атрымліваецца грувасткая структура, якая ні з чым не канкуруе, нічому не вучыцца, не змагаецца за сваіх удзельнікаў — і паступова выраджаецца.
Гэта бяда беларусаў, беларускай апазіцыі, беларускіх грамадскіх арганізацый — пануе наратыў, што «трэба аб’яднацца [ў адно цэлае]». З чаго? З чаго трэба аб’ядноўвацца, калі вы зліваецеся ў адно, і робіце няўстойлівую структуру? Трэба спачатку стварыць тысячу ініцыятываў, а не саступаць месца. Потым можна наладзіць стасункі і кааперацыю між сабою, аб’ядноўваць высілкі, а не структуры. Бо інакш атрымаецца нешта «сярэдненькае», што хутка скончыцца.
Сістэма мусіць быць устойлівая, а ўстойлівыя сістэмы — не тыя, якія пабудаваныя іерархічна і ўключаюць ў сябе ўсё і ўсіх, а тыя, якія маюць шмат цэнтраў, якія ўзаемадзейнічаюць. Калі адключыцца адзін цэнтр — іншыя падхопяць яго функцыі, і будуць працягваць дзейнасць. Таму я хацеў бы, каб было больш грамадскіх ініцыятываў, арганізацыяў, палітычных партый, бізнесаў, стартапаў, чаго заўгодна. Тады мы хутчэй станем паспяховымі і дасягнем сваіх мэтаў.
— Як вы ацэньваеце старт свайго клубу — па першых дзвюх сустрэчах?
— У бізнесе мы звычайна ацэньваем даходам, вяртаннем інвестыцый (ROI). Тут для мяне прамежкавая мэта — апісанне працэсу. Я стартаваў з тых пытанняў, якія ў мяне засталіся ад беларускага клубу ў Мінску. Цяпер у мяне ёсць больш-менш набор правілаў, ёсць касцяк людзей, якія прыходзілі ў першы і ў другі раз — і яны прыйдуць і ў трэці. Гэта азначае, што мы дакладна зможам сабраць групу на наступную сустрэчу.
На першай сустрэчы было 9 чалавек, на другую прыйшлі 17, і, мабыць, хутка мы будзем абмяжоўваць колькасць удзельнікаў і ствараць атмасферу ажыятажу. Гэта вельмі добра працуе, калі людзям не хапае месцаў, бо яны спазніліся, калі ёсць адбор удзельнікаў — гэта стварае вакол нашай тэмы, вакол беларускай мовы аўру элітнасці. Гэта становіцца sexy, гэта эксклюзіў, і гэта становіцца крута.
— Вы не думаеце, што тая «элітнасць», наадварот, адштурхне патэнцыйных удзельнікаў? Людзі не змогуць трапіць на сустрэчу першы раз, другі — і пойдуць шукаць больш даступныя месцы?
— Ведаеце, у Мінску існаваў англамоўны клуб «Фіяльта». У іх было вельмі маленькае паўпадвальнае памяшканне, там змяшчалася максімум 15 чалавек, яны збіралі заяўкі праз гугл-форму, абіралі на сустрэчы кожнага трэцяга ці кожнага пятага... І, нягледзячы на тое, што наш клуб існаваў і даўжэй, чым яны, і памяшканне было большае — людзі казалі пра «Фіяльту» так, нібыта той клуб быў больш варты, чым наш. У «Фіяльту» трапіць было эксклюзіўна, элітна, я сам туды некалькі разоў запісваўся.
Ёсць такі псіхалагічны момант: «момант высокай базы». Калі вы, напрыклад, збіраецеся набыць дом, і вам заламваюць мільён еўра, а потым скідаюць кошт да 500 тысяч еўра, то гэты дом вам падасца больш прывабным, чым той, які са старту каштаваў 500 тысяч еўра. Гэта тая самая «высокая база».
Беларуская мова цяпер, па факце, канкуруе з іншымі тэмамі. Калі вы створыце «элітнасць» беларускай мове, а чалавек будзе абіраць, ісці ў клуб аматараў фіялак альбо ў клуб беларускай камунікацыі, куды яму пашэнціла трапіць, — ён пойдзе ў клуб беларускай камунікацыі.
Можа, кагосьці гэта і закране, але, калі вы не зможаце трапіць у наш клуб — стварайце свой. Альбо папярэдне запісвайцеся. Або прыходзьце ў час. А лепш — загадзя.
У тэлеграм-групе Батумскага клубу беларускамоўнай практыкі на момант напісання матэрыялу было 88 удзельнікаў. Месцаў на наступнай сустрэчы сапраўды можа не хапіць — улічвайце гэта! :)
Аліна Бялова, budzma.org