Праблемы аховы і інтэрпрэтацыі помнікаў гісторыі і культуры. Грамадска-дзяржаўнае партнёрста

30.04 – 01.05.2016 г. на тэрыторыі агра-турыстычнага комплекса “Наносы-Наваселле” адбылася навукова-практычная канферэнцыя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры “Праблемы аховы і інтэрпрэтацыі помнікаў гісторыі і культуры. Грамадска-дзяржаўнае партнёрста”. Сярод удзельнікаў канферэнцыі былі прадстаўлены сябры Таварыства, прадстаўнікі рэгіянальных устаноў культуры, беларускіх ВНУ, музейных і архіўных устаноў, органаў дзяржкіравання, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, недзяржаўных камерцыйных прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў.

На пленарным пасяджэнні і пад час працы секцый абмеркаваны праблемы аховы помнікаў гісторыі і культуры, методык даследчых і рэстаўрацыйных прац, удзелу грамадскасці і профільных спецыялістаў у ахове гісторыка-культурнай спадчыны, праблемы выбудовы партнёрскіх адносін паміж грамадскімі аб’яднаннямі і ініцыятывамі з дзяржаўнымі органамі і камерцыйнымі структурамі па шматлікіх пытаннях нарматворчай, інспектарскай дзейнасці, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры.

Пад час працы канферэнцыі адбыўся абмен думкамі і дыскусіі вакол апошніх нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць дзейнасць у сферы археалогіі, абмеркаваны шэраг спрэчных палажэнняў Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь, які рыхтуецца для разгляду ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Па выніках працы канферэнцыі быў выпрацаваны праект рэзалюцыі, у якім прапанавана пашырыць ролю грамадскасці, спецыялістаў з дзяржаўнай і недзяржаўнай сферы ў законатворчай і нарматворчай дзейнасці, пры правядзенні навуковых даследаванняў на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны і пры распрацоўцы навукова-праектнай дакументацыі для правядзення рэстаўрацыйных прац. Асобным пунктам у рэзалюцыі адзначана неабходнасць стварэння Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, падпарадкаванай Савету міністраў Рэспублікі Беларусь.

Прэзідыум канферэнцыі. Злева-направа: А.Трусаў, В.Лакіза, З.Яцкевіч, А.Астаповіч

Прэзідыум канферэнцыі. Злева-направа: А.Трусаў, В.Лакіза, З.Яцкевіч, А.Астаповіч

Канферэнцыя працуе

Канферэнцыя працуе

Дакладае археолаг М.Плавінскі

Дакладае археолаг М.Плавінскі

Панарама в. Наносы

Панарама в. Наносы

Канферэнцыя адбылася пры падтрымцы Фонда Конрада Адэнаўра і ПТУП “Наносы-Наваселле”.