«Калі б я апынулася ў беларускай турме, пасля нарэшце выйшла, пабачыла мужа ды сына, я б святкавала кожны дзень, купаючыся ў ванне з ігрыстым». Натхніўшыся дыскусіяй вакол святкаваня Дня народзінаў Сяргея Ціханоўскага, пісьменніца і публіцыстка Ганна Златкоўская разважае пра тое, чаму беларусы ўмеюць спачуваць, а вось шчыра цешыцца чужому багаццю і чужой радасці — на жаль, не.
Ганна Златкоўская. Фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Навіна пра тое, што Ціханоўскі адсвяткаваў свае народзіны з размахам, прайшла б міма мяне, але сам Сяргей прыцягнуў да яе ўвагу сваім абурэннем і наступнай прэтэнзіяй да СМІ.
Я прачытала загаловак, і першая думка была: «І? У чым прыкол?». Журналісты падлічылі, колькі каштавалі салаты ды ігрыстае? Сяргей зняў хмарачос Empire State Building і запрасіў Мадонну ў якасці музычнага суправаджэння? Чаму гэта патрабуе асобнага артыкула? Прачытала, фота паглядзела: ні Мадонны, ні Удавы Кліко, толькі яблыкі, торцік і кветкі. Так сабе размах, на маю думку.
Cвяткаванне Дня народзінаў Сяргея Ціханоўскага. Фота: інстаграм Lucia_vargus
Але калі б ён насамрэч быў, калі б Сяргей ці нехта іншы з былых палітвязняў адсвяткаваў народзіны за дзясяткі тысяч даляраў альбо еўра, я б толькі парадавалася за людзей.
Калі б я апынулася ў беларускай турме, пасля нарэшце выйшла (не важна — дома ці дэпартаваная), пабачыла мужа ды сына, я б святкавала кожны дзень, купаючыся ў ванне з ігрыстым. І мне было б абсалютна пофігу на тое, што падумаюць пра гэта беларусы і беларускія журналісты. Пасля ўсіх гэтых выпрабаванняў людзі маюць права жыць на ўсю катушку. Былі б толькі сродкі.
І вось што бянтэжыць у гэтай сітуацыі — гэта любоў да падлічвання чужых грошай. СМІ робяць такія артыкулы, бо гэта цікавіць іх чытачоў — беларусаў. І я ніяк не магу зразумець, чаму? У сеціве часта назіраю абурэнне: «Вось! Жывуць на гранты!». І гэта чамусьці заўсёды гучыць як абраза.
Мець грошы, быць заможным — не паважаецца беларусамі, а вось пакуты і сціпласць — так.
Мала хто шчыра прызнаецца, што проста зайздросціць, бо зайздрасць заўсёды лічылася кепскай рысай. Лепей быць пушыстым катом, які з-за рога назірае за іншымі і раз-пораз ды нагадзіць каментамі альбо плёткамі, не разумеючы ўласнай слабасці. Але нічога дрэннага ў зайздрасці няма. Трэба толькі разумець гэтае пачуццё і шчыра сказаць сабе: «Так, я зайздрошчу, што нехта можа дазволіць сабе злятаць у Парыж, калі мой максімум — паездка ў Тракай». Ну, напрыклад.
Зайздрасць паказвае нам, што мы хочам насамрэч, да чаго імкнемся. І жыць прыгожа — гэта нармальна, ненармальна якраз бясконца бедаваць і нічога не рабіць, каб быць трошкі шчаслівейшымі. Ненармальна — жадаць, каб бедавалі іншыя людзі толькі таму, што не ты атрымаў круты грант альбо клёвую працу.
Мне таксама знаёмая зайздрасць. Яна не адчуваецца ў маім целе нейкім болем альбо жахам. Не, я проста назіраю, як жывуць багатыя альбо забяспечаныя людзі, бо таксама хачу так жыць. Я з зайздрасцю гляджу на тых, хто можа дазволіць сабе есці ў рэстаранах, хадзіць з сябрамі ў бары, бо зараз для мяне гэта немагчыма.
Але калі я гляджу на людзей, якія трацяць грошы на розныя прыгожыя рэчы, то стаўлю ў думках галачку: «У мяне так будзе аднойчы таксама абавязкова». Мне не цікава, колькі каштуе чужы гадзіннік альбо торба, паліто альбо туфлі. Мне не цікава, колькі сродкаў патраціў Ціханоўскі на свой дзень нараджэння, а Вольга Такарчук на адпачынак (гэта таксама чамусьці абмяркоўвалася беларусамі). Мне цікавыя толькі магчымасці, якімі я таксама магла б скарыстацца, і што трэба зрабіць дзеля гэтага.
Ганна Златкоўская. Фота з яе старонкі ў Фэйсбуку
Сумна, калі не атрымліваецца, як цяпер, калі ў жыцці настаў вельмі цяжкі фінансавы перыяд. Прыходзіцца эканоміць на самых простых рэчах, часта трошкі страшна, як быць далей, але гэта толькі мае праблемы, з якімі мне трэба справіцца. Але калі я стану зарабляць больш, то дазволю сабе ўсё, што душы заўгодна. І Парыж, і рэстараны, і святкаванне народзінаў з сапраўдным размахам — «Нашай Ніве» такі загаловак і не сніўся.
Назіраючы ўсю гэтую бурбалку вакол чужых грошай, хачу сказаць, каб мы нарэшце зразумелі, што быць багатымі — гэта вельмі крута і звычайна. Да гэтага імкнуцца, гэтага жадаць, шукаць умовы, каб рэалізавацца, атачаць сябе прыгожымі рэчамі — таксама. І ненавідзець кагосьці за тое, што ў яго атрымалася, — гэта зашквар.
Як і тое, дзе «прэзідэнт» краіны дазваляе сабе будаваць шматлікія рэзідэнцыі з залатымі ўнітазамі, а пенсіянеры не могуць купіць лекаў.
Не аднойчы я назірала сітуацыі, калі даволі заможныя знаёмыя-беларусы саромеліся ўласнай забяспечанасці. Яны не хваліліся добрымі пакупкамі альбо файным адпачынкам. Бо побач заўсёды будзе той, хто пазелянее ад злосці замест узаемнай радасці. Мы можам толькі спачуваць. А вось шчыра цешыцца, на жаль, не.
Але трэба ўжо пачынаць пазбаўляцца комплексу бядовага народа, які ўзвёў пакуты ў нацыянальную прыкмету. Гэта карысна толькі дыктатуры, а не нам з вамі.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org