Моладзь — усюды моладзь. Ці так гэта? Чым адрозніваецца беларуская моладзь ад брытанскай? Пра што трэба памятаць дарослым, калі яны крытыкуюць цінэйджараў? Чаму хуліганаў у Брытаніі не судзяць? На гэтыя і іншыя пытанні за кубачкам гарбаты адказвае Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл.
Я шмат выступаю з прамовамі па-ангельску, бо мяне часта просяць пра гэта. У асноўным мая аўдыторыя — студэнты ўніверсітэтаў, адзін з якіх аднойчы спытаў, чым адрозніваецца беларуская моладзь ад брытанскай. Перш чым даць адказ, мне давялося моцна задумацца.
Шчыра кажучы, мой досвед зносін з брытанскай моладдзю абмяжоўваецца двума маімі сынамі-цінэйджарамі. Таму цалкам магчыма, што мой погляд на маладых брытанцаў не самы аб’ектыўны, бо гляджу я на іх з бацькоўскай званіцы.
З іншага боку, з беларускай моладдзю я сустракаюся звычайна як амбасадар, таму стаўленне да мяне вельмі ветлівае, паважлівае, а то і здзіўленае. Так што наўрад ці я магу да канца зразумець, як гэта — быць маладым у Беларусі.
Затым я прыгадаў артыкул пра Беларусь у адным з брытанскіх СМІ. Аўтар казаў, што не бачыў у Беларусі ніводнага маладзёна з татуіроўкай. Вядома ж, пасля таго як я прачытаў гэты артыкул, усюды ў Мінску мне пачалі трапляцца на вочы татуяваныя маладыя людзі.
Падумаў я і пра тое, як моладзь асвятляецца ў брытанскай прэсе. Гэтая тэма — прадмет пастаянных спрэчак, і, як часта здараецца ў Вялікабрытаніі, меркаванні па ёй рэзка адрозніваюцца. Часам аўтары схільныя да спрашчэння — тады яны ўжываюць слэнгавае слова «yoof» для іранічнага абазначэння ўсяго, што звязана з моладдзю. Іншы бок медаля — празмерная рэакцыя ў выпадку, калі «здзічэлыя юнакі» вінаватыя ў здзяйсненні злачынстваў.
Шкада, што я адказаў да таго, як мне давялося пагутарыць з прафесарам Говардам Уільямсанам, які гасцяваў у мяне пару тыдняў таму. Даследчык, супрацоўнік аддзела па справах моладзі і дарадца брытанскага ўрада па пытаннях моладзевай палітыкі з найбагацейшым вопытам працы, ён супрацоўнічае з Радай Еўропы і каардынуе міжнародныя агляды нацыянальных моладзевых палітык па ўсёй Еўропе. Беларусь была адной з апошніх еўрапейскіх краін, дзе ён яшчэ не пабываў.
Мы з прафесарам гутарылі на розныя тэмы, якія так ці інакш уплываюць на моладзевую палітыку (і наадварот): адукацыя, змяненне сувязі паміж адукацыяй і працаўладкаваннем, сацыяльная ізаляцыя, злачыннасць, злоўжыванне наркотыкамі і іншымі рэчывамі.
Таксама мы абмеркавалі пазітыўныя пытанні, напрыклад, магчымасці для заняткаў спортам або самадзейнасцю, валанцёрства, сацыялізацыю дзяцей, важнасць сям’і і падтрымкі грамадства. Мы гаварылі пра моду і хобі, пра «багаж вопыту», які мае моладзь, пра тое, якую важную ролю ў адукацыі адыгрываюць падарожжы.
Мы гаварылі пра сацыяльныя перамены ў Вялікабрытаніі, у прыватнасці пра тыя, што адбываліся ў 60-я — у часы, калі моладзевая культура зрабілася часткай мэйнстрыму, калі пакаленне «бэбі-бумераў» 1945—1954 гг. пачало дасягаць паўналецця і не жадала прымаць бацькоўскую адказнасць за дзяцей і ставіцца да іх адпаведна.
Пагаварылі мы і пра цыклічнасць меркаванняў. Кожнае пакаленне праходзіць праз перыяд, калі паводзіны моладзі ўсяляк крытыкуюцца. Прафесар Уільямсан нагадаў мне пра кнігу “Hooligan — A History of Respectable Fears”, у якой аўтар Джэфры Пірсан піша, што дарослыя асуджаюць паводзіны моладзі, але ў той жа час выбіральна ставяцца да ўспамінаў пра ўласнае юнацтва.
Тэрмін «хуліган» з’явіўся ў канцы XIX стагоддзя, калі моладзевыя банды ладзілі пагромы ў паўднёвай частцы Лондана. У пачатку ХХ стагоддзя гэтае слова хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце, у тым ліку па Расійскай імперыі. Я дагэтуль не магу прызвычаіцца да ўжывання слова «хуліганства» па-руску і па-беларуску. У Брытаніі мы ўсё яшчэ ўжываем яго, каб выказаць незадавальненне ў паўсядзённым жыцці; у Расіі ж яно пачало абазначаць тып злачынстваў — гэткі абагульняльны тэрмін для пераследу тых, хто паводзіць сябе непрыстойна.
Мой адказ мог быць значна глыбейшым (і даўжэйшым) за той, што я даў. Я б выкарыстаў думку прафесара Уільямсана аб неабходнасці старанна сачыць за пераходам з дзяцінства ў дарослае жыццё; аб тым, што развіццё моладзі залежыць ад супольнасці, да якой яны належаць; аб тым, што ўмяшальніцтва ў жыццё маладых людзей з боку дзяржавы мусіць быць пазітыўным, то бок забяспечваць падтрымку і заахвочванне, а негатыўным толькі тады, калі існуе небяспека для іх саміх ці іншых.
Што ж я адказаў тады? Пасля нядоўгага роздуму — мне, зрэшты, падалося, што думаў я даволі доўга, — я сказаў, што маладыя беларусы не так ужо і адрозніваюцца ад брытанцаў. Часам шумныя, часам трывожныя і ўсхваляваныя наконт будучыні, яны хочуць пакінуць свой след у свеце і атрымліваць асалоду ад жыцця.
І, як я даведаўся пару тыдняў таму, беларускія ўлады хвалююць тыя ж самыя праблемы, звязаныя з моладдзю, што і брытанскія: новыя віды наркотыкаў і складанасці барацьбы з сацыяльнай ізаляцыяй.
Цяпер я адказаў бы так: маладосць — гэта час, калі трэба шанаваць магчымасці, якія дае табе адукацыя, калі трэба займацца спортам і шукаць шляхі для самавызначэння. А астатнія павінныя шанаваць маладых людзей проста за тое, кім яны ёсць — нашай будучыняй.