Прэмія ўручаецца аўтару ці калектыву аўтараў за найлепшую кніжную вокладку. Дэдлайн падачы заявак — 20 ліпеня, паведамляе Беларускі ПЭН.
Прэмія мае на мэце падтрымку дызайнераў беларускай кнігі і ўшанаванне памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры Міхала Анемпадыстава (1964-2018).
Да ўдзелу прымаюцца кнігі, выдадзеныя ўпершыню ў 2021 годзе ў папяровым або электронным варыянце. Таксама можна падаць кнігі, выдадзеныя цягам 2020 года, якія не бралі ўдзел у конкурсе летась.
Абмежаванні для аўтараў вокладак паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў адсутнічаюць. Намінуюцца кнігі жывых аўтараў вокладак. У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго аўтара вокладак.
Тэрмін прыняцця заявак — з 6.07 па 20.07 (да 22.00 па беларускім часе). Няпоўныя заяўкі і заяўкі, якія паступяць пазней за гэтую дату, прымацца да ўдзелу не будуць. Перадача папяровых асобнікаў будзе арганізаваная ў індывідуальным парадку пасля праверкі ўсіх дадзеных і матэрыялаў заяўкі. Кнігі, пададзеныя на конкурс, не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца намінатарам.
З рэгламетам прэміі можна пазнаёміцца па спасылцы.
Сачыць за навінамі прэміі можна ў фэйсбуку і на старонцы прэміі ў інстаграме.