Працягваем спазнаваць невядомыя мясціны Магілёўскай вобласці. Ужо былі ў Жылічах, наведалі Быхаў, Слаўгарад ды пакаштавалі вады з Сіняга Калодзежа, паглядзелі Чэрыкаў ды Крычаў, пабачылі прыродныя і архітэктурныя перліны Мсціслава. Сёння прапануем пазнаёміцца з некалі велічнымі будынкамі Магілёўшчыны, якія, на жаль, знаходзяцца ў закінутым стане ды імкліва разбураюцца. Раім паспяшацца сюды, пакуль яшчэ магчыма зрабіць маляўнічыя фота ды адчуць непаўторную атмасферу гэтых мясцінаў.
Фота: planetabelarus.by
Княжыцы. Касцёл Святога Мікалая / Антонія Падуанскага
Вёска Княжыцы Магілёўскага раёна вядомая ў пісьмовых крыніцах з 1501 года. Калі ехаць з Мінска, з шашы М4 будуць бачныя абрысы будынка, які нас сёння цікавіць. Гэта касцёл Святога Мікалая, узведзены ў перыяд з 1750 па 1780 гг. пры колішнім кляштары дамініканаў.
Дамініканцаў у Княжыцы ў 1681 годзе запрасіў тагачасны ўладальнік гэтых земляў Канстанцін Пац. Пад патрэбы манахаў тут былі узведзены кляштар і касцёл, першапачаткова драўляныя. Касцёл, які сёння можна пабачыць у Княжычах, пабудаваны ў стылі віленскага барока на сродкі чарговых уладальнікаў мястэчка шляхцічаў Крукоўскіх.
Касцёл Святога Мікалая. Фота: wikipedia.org
Кляштар дамініканаў быў ліквідаваны расійскімі ўладамі пасля Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гг, а пасля Студзеньскага паўстання будынак касцёла быў перададзены праваслаўным. Кляштарны корпус у той час быў цалкам зруйнаваны. У 1930-я гады ўжо за савецкім часам царква была зачынена, падчас вайны і па 1965 гг. тут яшчэ праводзіліся набажэнствы, але пасля рэлігійная дзейнасць у бажніцы была канчаткова забароненая і будынак застаўся без належнага нагляду. З-за гэтага ён пачаў імкліва занепадаць.
У дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусібудынак унесены з 1990-х гадоў, але знаходзіцца ў жахлівым стане. Дах храма разбураны, унутр можна вольна патрапіць, каб пабачыць рэшткі інтэр’ера. Бажніца была ўзведзена без утрымліваючых калонаў. Нягледзячы на разбурэнні, пятнаццаціметровы храм знутры выглядае вельмі велічна.
Аматарам прыгожых атмасферных фота лакацыя абавязковая для наведвання.
Касцёл Святога Мікалая ўнутры. Фота: hawat.by
Расна. Касцёл Святога Казіміра
Далей прапануем рушыць да маляўнічых руінаў езуіцкага касцёла Святога Казіміра ў вёсцы Расна Дрыбінскага раёна. У пісьмовых крыніцах паселішча вядомае ад XV стагоддзя як уладанне Свідрыгайлы.
Езуіцкая місія, пад патрэбы якой быў узведзены храм у Расне, была размешчана тут тагачасным уладальнікам мястэчка Міхалам Пацеем у 1747 годзе. Пасля І падзелу Рэчы Паспалітай, калі Расна патрапіла ў склад Расійскай Імперыі, Пацеі адмовіліся прысягаць Кацярыне ІІ, таму новыя ўлады забралі паселішча ў гаспадароў.
Касцёл Святога Казіміра, Расна. Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова езуіцкі храм быў драўляным, але ён моцна пацярпеў ад пажару ў 1804 годзе. Новая бажніца, якую можам пабачыць у Расне сёння, была узведзена ў 1818 годзе ў стылі класіцызм. Гэты храм, паводле некаторых звестак, будаваўся як паменшаная копія кафедральнага касцёла Святога Казіміра ў Вільні. Езуіцкая місія была скасаваная расійскімі ўладамі, але набажэнствы ў ім працягвалі праводзіць. Касцёл праіснаваў у добрым стане да ІІ сусветнай вайны, але быў часткова зруйнаваны падчас вайсковых дзеянняў і пакрысе занепадае да сёння.
Касцёл Святога Казіміра, Расна. Фота: planetabelarus.by
Бажніца з’яўляецца вельмі характэрным прыкладам стылю класіцызм на тэрыторыі Беларусі. Унутраная прастора храма простакутная, падзеленая шаснаццацю калонамі на некалькі няроўных частак.
Даху ў будынка даўно няма, але калоны працягваюць утрымліваць велічную канструкцыю храма. Вядома, усе каштоўнасці і дэкор касцёла даўно знішчаны. Раім паспець даехаць сюды, пакуль яшчэ ёсць на што паглядзець.
Пустынскі Свята-Успенскі манастыр
Старадаўні Свята-Успенскі манастырзнаходзіцца на самым ускрайку Магілёўшчыны, за два кіламетры ад вёскі Пустынкі і за паў кіламетры ад мяжы з Расіяй. Паводле легенды праваслаўную святынюўзвёў тут напрыканцы XIV стагоддзясын князя Альгерда Лугвен-Сымон Альгердавіч пасля таго, як, раптоўна аслепнуўшы, цудам ацаліўся амыўшы вочы вадой з мясцовай крынічкі.
Пустынскі Свята-Успенскі манастыр. Фота: planetabelarus.by
Святыня імкліва разбудоўвалася, манастыр ўжо ў XV стагоддзі меў ва ўласнасці вялікую маёмасць і быў адным з самых буйных праваслаўных манастыроў у краі. У 1596 годзе, адразу пасля заключэння Берасцейскай уніі паміж каталіцкім касцёлам і праваслаўнай царквой, манастыр быў перададзены базылянам, якія гаспадарылі тут ажно да самага скасавання ўніі, да 1839 года.
Архітэктурны ансамбль манастыра ўключае 3 храмы: Успенскую царкву, Раства-Багародзіцкую царкву, кляштарны корпус у стылі класіцызм разам з Пакроўскай царквой. Побач месцяцца званіца, школа, гаспадарчыя пабудовы, два жылыя дамы, пабудаваныя ўжо напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі расійскія ўлады зноў зрабілі манастыр праваслаўным. Комплекс будынкаў моцна пацярпеў падчас ІІ сусветнай вайны, а за савецкім часам тут месціўся дзіцячы інтэрнат, пасля школа.
Пустынскі Свята-Успенскі манастыр, манастырскі корпус да рэстаўрацыі. Фота: planetabelarus.by
Сёння архітэктурны ансамбль належыць праваслаўнаму манастыру. Некаторыя будынкі рэстаўруюцца, некаторыя знаходзяцца ў закінутым стане. Напрыклад, барочная Успенская царква, узведзеная яшчэ за уніятамі ў 1801- 1806 гг., не аднаўлялася пасля таго, як была моцна пашкоджана ў вайну, і працягвае імкліва занепадаць.
Пустынскі Свята-Успенскі манастыр, Успенская царква. Фота: planetabelarus.by
Сялец. Царква Святога Ануфрыя
Далей рушым у вёску Сялец Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці да руінаў колішняга базылянскага кляштару і царквы Святога Ануфрыя.
Частка Сяльца, дзе сёння месцяцца рэшткі манастыра мае гістарычную назву Ануфрыева і вядомая ажно з пачатку XV стагоддзя. Тады, паводле легенды, сын князя Лугвена Альгердавіча заблукаў у тутэйшых лясах і быў уратаваны Святым Ануфрыем, вобраз якога вывеў яго на правільны шлях. Удзячны бацька загадаў пабудаваць на месцы, дзе з’явіўся Святы Ануфрый, царкву і кляштар.
Царква Святога Ануфрыя
Будаўніцтва храма, які сёння бачым у Сяльцы, пачалося на пачатку ХІХ стагоддзя і скончылася ў 1825 годзе. На той час кляштар з 1601 года належаў грэка-каталіцкай царкве. Будынак быў узведзены ў стылі позняга барока, дамінантай бажніцы з’яўляецца высокая пяціўзроўневая вежа-званіца. Побач з храмам можна пабачыць рэшткі кляштарнага корпуса з часткова ацалелымі дэкаратыўнымі аздабленнямі.
Сялец, кляштар базылянаў
Пасля паўстання 1830-1831 гг. расійскія ўлады скасаваліордэн базылянаў, а царкву перадалі праваслаўным. За савецкім часам у будынку кляштара месцілася школа, а ў царкве спартовая заля. Бажніца моцна пацярпела падчас ІІ сусветнай вайны, у 1950-я з яе знялі металічны дах, пасля чаго будынак пачаў імкліва занепадаць.
Царква Святога Ануфрыя
Грудзінаўка. Сядзібна-паркавы комплекс Талстых
Яшчэ адна «заброшка», якую варта пабачыць на Магілёўшчыне, знаходзіцца ў вёсцы Грудзінаўка Быхаўскага раёна. Гэта палацава-паркавы комплекс Талстых.
Сядзібна-паркавы комплекс Талстых. Фота: planetabelarus.by
Грудзінаўка патрапіла ва ўладанне Талстых дзякуючы шчодраму падарунку Кацярыны ІІ, калі мясцовыя землі патрапілі ў склад Расійскай Імперыі. Яна падырыла вёску графу Дзмітрыю Аляксандравічу Талстому, прызначанаму губернатарам Магілёва.
Талстыя разгарнулі ў Грудзінаўцы актыўную гаспадарчую дзейнасць, спачатку яны жылі ў драўляным доме на беразе возера, а ў ХІХ стагоддзі ўзвялі тут двухпавярховы мураваны палац у стылі класіцызм, які мы можам пабачыць і сёння. Побач з палацам быў закладзены парк з разнастайнымі відамі экзотаў. Грудзінаўскі паркчасткова захаваўся да нашых дзён. Ён мае статус помніка прыроды і садова-паркавага мастацтва рэспубліканскага значэння.
Сядзібна-паркавы комплекс Талстых, парк. Фота: magilev.by
Апошнія гападары пакінулі Грудзінаўку, калі прыйшла савецкая ўлада. Падчас ІІ сусветнай вайны будынак сядзібы быў прыстасаваны пад шпіталь. Пасля вайны тут месцілася сярэдняя школа, дзіцячы інтэрнат, пасля санаторная школа-інтэрнат для дзяцей хворых на рэўматызм.
У дадзены момант сядзіба не мае гаспадара, унутры можна пабачыць выцвілыя малюнкі савецкіх часоў побач з дэкаратыўна аздобленымі класічнымі калонамі. Аматарам атмасферных фота лакацыя абавязкова прыйдзецца даспадобы.
Сядзібна-паркавы комплекс Талстых. Фота: magilev.by
Язэп Вараніцкі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Месцы сілы Бабруйска: ці ёсць яны і дзе?