У беларускім выдавецтве «Папуры», якое спецыялізуецца на выданні бізнес і матывацыйнай літаратуры, нядаўна пабачыў свет «Уладар» Нікало Мак’явэлі ў перакладзе на беларускую мову Змітра Коласа. Расказваем, навошта сёння чытаць гэты знакаміты палітычны трактат часоў Адраджэння.
Вокладка беларускага перакладу «Уладара»
Пачаць варта хіба з таго, што на Youtube цяпер процьма ролікаў са зваротам да спадчыны вялікага фларэнційца. Як стаць цёмным эмпатам, як навучыцца маніпуляваць іншымі людзьмі, як не паддавацца на правакацыі, як ствараць правакацыі самому і навучыцца дасягаць сваіх мэтаў, як зарабляць шалёныя грошы і так далей.
Матэрыял створаны і начытаны, а часам яшчэ даволі густоўна аформлены штучным інтэлектам, сапраўды паводле роздумаў самога Нікало Мак’явэлі. Але відавочна ў скажоным выглядзе, бо яго аўтары асабліва і не заглыбляліся ні ў біяграфію, ні ў філасофію Мак’явэлі. Таму трэба думаць, што ў перспектыве гэтыя ролікі пачнуць называцца зусім камічна, кшталту Мак’явэлі і поспех, Мак’явэлі і жанчыны, Мак’явэлі і раскоша і таму падобнае.
Вядомы партрэт Нікало Мак’явэлі
Зрэшты, такая цікавасць да яго філасофіі не выклікае здзіўлення. Бо ўжо сама фігура Мак’явэлі выглядае даволі спрэчнай. Прынята лічыць, што Нікало Мак’явэлі прапагандаваў у сваіх творах цынічнасць, амаральнасць і адсутнасць усялякіх прынцыпаў у імя дасягнення ўласных мэтаў. То-бок тое, што цяпер у свеце называюць Realpolitik — рэальнай палітыкай. Але насамрэч навукоўцы дагэтуль спрачаюцца, кім жа насамрэч быў гэты ці не найлепшы з паліттэхнолагаў усіх часоў — апалагетам тыраніі або прыхільнікам рэспубліканскага ладу.
Дакладна вядома, што Нікало Мак’явэлі быў вядучым празаікам і палітычным пісьменнікам XVI стагоддзя, а таксама паспяховым палітыкам і дзяржаўным чыноўнікам, спачатку на службе Фларэнтыйскай Рэспублікі, а потым нейкі час і сям’і Медычы. Якая ў выніку яго і адправіла на заўчасны адпачынак у выніку зацятай палітычнай барацьбы.
Ён сапраўды спрабаваў, штопраўда далёка не заўжды паспяхова, адлюстраваць свой досвед палітычнага кіравання ў літаратурных творах, пачынаючы з «Уладара», аднаго з найважнейшых трактатаў эпохі Адраджэння і італьянскай літаратуры ў цэлым.
Мак’явэлі быў заснавальнікам палітыкі як навукі і першым аўтарам, які аддзяліў сферу грамадскай дзейнасці ад сферы маралі і рэлігіі. Прычым зрабіў гэта настолькі выразна, што гэта выклікала шмат крытыкі і пасмяротнае асуджэнне з боку каталіцкай царквы, якая мела тады даволі моцныя пазіцыі ў грамадстве.
Менш вядомы партрэт Нікало Мак’явэлі
Важнымі таксама з’яўляюцца яго гістарычныя працы, ваенныя трактаты і літаратурныя творы ў вузкім сэнсе, дзё ён і праўда ўхваляў рэчы неадназначныя. Але разам з тым не варта забывацца, што сам Мак’явэлі паспеў пабыць цягам жыцця як у амплуа трыумфатара, так і ў ролі ахвяры, калі тыя самыя Медычы выгналі яго з Фларэнцыі і забаранілі вяртацца да ранейшага ладу жыцця. Уласна пасля свайго палітычнага фіяска ён і ўзяўся пісаць гэты знакаміты трактат. Гэта быў хіба што адзіны даступны яму спосаб узаемадзеяння са светам і спробы паўплываць на яго.
Калі б не тое палітычнае фіяска, наўрад ці мы ведалі б і пра гэты тэкст, і пра самаго Мак’явэлі. Бо ён, з аднаго боку, быў сапраўды не толькі чыноўнікам, але з іншага, не асабліва вылучаўся на фоне астатніх.
Дак навошта чытаць «Уладара»? Хаця б таму, што гэты твор Нікало Мак’явэлі лічыцца безумоўным шэдэўрам усёй трактатнай літаратуры шаснаццатага стагоддзя.
Партрэт Ларэнца Медычы
Разам з тым трактат не з’яўляецца творам, якому аўтар прысвяціў значную частку свайго жыцця. Насамрэч ён задумаў яго як сціплы «памфлет» падчас вымушанага знаходжання ў выгнанні з мэтай прадэманстраваць сваю палітычную кампетэнтнасць сям’і Медычы, ад якой ён спадзяваўся атрымаць дзяржаўную пасаду і вярнуцца да ранейшага жыцця.
Мак’явэлі напісаў трактат за некалькі месяцаў у 1513 годзе і, верагодна, часткова перарабіў яго ўжо пазней, аб чым сведчыць той факт, што першапачаткова ён меў намер прысвяціць яго Джуліяна Медычы, а прысвячальны ліст пазней быў адрасаваны ўжо Ларэнца Медычы, бо першы памёр у 1516 годзе.
У першыя гады гэты твор распаўсюджваўся ў рукапісным выглядзе і быў надрукаваны пасмяротна ў 1532 годзе пад назвай, якая, магчыма, не адпавядала задумцы аўтара. Нягледзячы на ўсё гэта, «Уладар» карыстаўся шырокай папулярнасцю за межамі Італіі і выклікаў буйны скандал з-за свайго цынічнага і бязлітаснага партрэта палітычнай улады. Гэта асабліва тычылася нечуванага ў той час сцверджання, што правілы палітыкі і правілы маралі ідуць абсалютна асобна і ніякім чынам не перакрыжоўваюцца. То-бок суверэн павінен ствараць уражанне, што валодае цэлым шэрагам станоўчых якасцяў, гэткіх як вернасць, шчодрасць, міласэрнасць і так далей, але ў рэальнасці павінен паводзіць сябе адваротным чынам пры неабходнасці.
Трактат быў перакладзены на многія мовы і атрымаў шырокі распаўсюд у Еўропе, дзе справакаваў жывыя крытычныя дыскусіі і выклікаў сваім з’яўленнем самыя розныя рэакцыі. Прычым некаторыя інтэлектуалы вельмі высока ацэньвалі шчырасць аўтара, у сваю чаргу, як іншыя асуджалі Мак’явэлі як злога генія. Такім чынам з’явіўся, дарэчы, так званы антымак’явэлісцкі падыход, у аснове якога ляжыць маральнасць.
Адно з першых выданняў «Уладара»
Каталіцкая царква амаль адразу дадала гэты твор у Індэкс забароненых кніг, дзякуючы чаму цягам доўгага часу «Уладар» падвяргаўся скажоным і памылковым інтэрпрэтацыям нават з боку важных пісьменнікаў.
Таму не будзе перабольшаннем сказаць, што гэтая кніга з’яўляецца ці не самай абмеркаванай і спрэчнай ва ўсёй італьянскай літаратуры, крыніцай супярэчлівых меркаванняў сярод навукоўцаў нават сёння.
Стылістычна аўтар выбірае простую форму, пазбаўленую рытарычных упрыгожанняў і прыкрас. Ён просіць прабачэння за гэта ў сваім лісце да Ларэнца Медычы, сцвярджаючы, што змест павінен пераважаць над формай, а мова, якая выкарыстоўваецца, — фларэнтыйская часоў аўтара, у адпаведнасці з прапановай, якую ён сам высунуў у «Разважанні пра нашу мову», блізкая да народнай.
Асабліва значным з’яўляецца строгі і лагічны падыход аўтара да сваіх аргументаў, часта з выкарыстаннем дыхатамічных разважанняў. Напрыклад, як у першым раздзеле: «Усе дзяржавы, усе гаспадарствы, якія трымалі і трымаюць людзей у сваёй уладзе, былі і ёсць або рэспублікамі, або адзінаўладнымі панствамі», што адпавядае ягонаму жаданню аналізаваць «дзейсную праўду», а не гіпатэтычныя «ўяўленні» пра яе.
Такім чынам, мэта трактата заключаецца ў тым, каб апісаць гістарычную рэальнасць такой, якой яна была да Мак’явэлі і ў яго часы, але ніяк не разбіраць утапічную дзяржаву, якой не існуе ў чалавечым грамадстве. Варта таксама адзначыць, што «Уладар» у пэўным сэнсе з’яўляецца таксама трактатам пра паводзіны, бо аўтар звяртаецца да ўладара (якім можа быць Ларэнца Медычы, але таксама і любы іншы суверэн) і дае яму парады аб найлепшым спосабе кіравання і ўтрымання ўлады, выкарыстоўваючы мову, часта грубую і пазбаўленую рытарычнай прэтэнзіі або крывадушнасці.
Такім чынам, «Уладар» Нікало Мак’явэлі — найлепшая чытанка для часоў палітычнай турбулентнасці, бо прыводзіць у парадак уласны светагляд і дае лепей зразумець свет, у якім мы цяпер жывем. Бо людзі не змяняюцца, і наўрад ці нешта генеральна памянялася з тых часоў, калі быў напісаны гэты трактат.
Ф.Т., Budzma.org