«Надта балюча лічыць гэты горад сваім і бачыць, што зь ім робяць «прыхадні розныя». Лявон Вольскі разважае пра родны горад Менск і параўноўвае горад свайго дзяцінства і Менск узору 2025 году. Параўнаньне, на жаль, не на карысьць апошняга, але Лявон, як заўжды, захоўвае аптымізм: «Прыйдзе час, калі горад зноў будзе зьмяняцца».
Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada
Менск быў калісьці маім горадам. Так, я тут нарадзіўся, я памятаю вуліцу Адоеўскага і праспэкт Пушкіна яшчэ да зьяўленьня ўнівэрсаму «Фрунзэнскі», калі на раёне былі адно лякальныя крамкі, і да кожнай зь іх трэба было парадкам ісьці.
Я памятаю праспэкт Леніна (Сталіна, Скарыны, Пераможцаў) — увесь зялёны ад лісьця высокіх дрэваў і поўны мінакоў у выходныя дні.
«Разынкай» Менска была ягоная правінцыйнасьць, а, значыцца, утульнасьць і свойскасьць, цеплыня — сталінскі нэаклясыцызм у цэнтры і дзе-нідзе на раёнах, хрушчоўкі, Розачка, Грушаўка, Трактарны — усё невысокае, штосьці зь белае цэглы, штосьці фарбаванае нажоўта, штосьці — пакрытае нетрывалым «кабанчыкам», а сталінскія будынкі ў цэнтры паблісквалі кавалачкамі сьлюды, бо для іхнага аздабленьня выкарыстоўваліся адмысловыя матар’ялы — з сумесі розных камянёў і мінэралаў.
Я памятаю пратаптаныя сьцяжынкі ў траве, крыва пакладзеную савецкую плітку, дзядзек, што гуляюць у даміно ў двары за драўляным сталом з лаўкамі...
Гэтага ўсяго даўно няма.
Прыйшлі іншыя часы, усё зьмянілася, горад таксама мусіў зьмяняцца.
Менску новае кіраўніцтва паставіла задачу: зрабіцца сталіцай! У разуменьні гэтага кіраўніцтва (якое паходзіла ня тое, што ня зь Менску, а наогул ня з гораду), гэта азначала: усё мусіць быць чыста-прыгожа-высока-адрамантавана! То-бок, кіраўніцтва пачало наноў ствараць горад, які мусіў выглядаць, як сталіца. Паводле разуменьня гэтага кіраўніцтва.
І вось пафарбавалі «Сьнежкай» зашмальцаваныя (што зробіш, час ідзе) сталінскія будынкі ў цэнтры, фасады якіх раней паблісквалі кавалачкамі сьлюды. Адмываць было дорага, дык пайшлі прасьцейшым шляхам. Знаўцы абураліся: гэта ўсё нельга фарбаваць, там унікальная каменна-мінэральная сумесь, якая мае адмысловы колер! Іх, натуральна, ніхто не паслухаў, бо канцэпцыя ўжо была распрацаваная. Пафарбавалі. Зрабілася нядорага, але чыста, адрамантавана і калярова.
Потым узяліся за старыя дамы на Рэвалюцыйнай-Інтэрнацыянальнай. Штосьці зруйнавалі і пабудавалі наноў — з новых матар’ялаў — макет былога будынку ў натуральным памеры. Так таньней. І — што вы хочаце? — выглядае дакладна так, як і было. А штосьці перабудавалі — маўляў, так будзе дакладна лепей.
Зрабілі вуліцу Нямігу — адзін ейны бок быў забіты «домам Мусінскага», з другога боку зрабілі дзіўны праект «на два паверхі». Ніколі не зразумею гэтую архітэктурную задумку, але ведаю, што камусьці падабаецца, бо «было яшчэ горай».
Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Фота: planeta Belarus
Пабудавалі бібліятэку. Не хапіла грошай на люстраное шкло, і выйшла ня надта. Але — што ўжо там! — яна далёка ня ў цэнтры, хай сабе стаіць.
Узьвялі новы будынак вакзалу. Тут ужо грошай на шкло хапіла. Але новы вакзал безнадзейна парушыў сымэтрыю прывакзальнай плошчы зь ейнай «брамай Менску» — сталінскімі вежамі-блізьнятамі, якія сустракаюць цябе зь цягніку.
Малюнак Лявона Вольскага
Потым так разышліся — не спыніць, не стрымаць! — уляпілі грандыёзны дом Чыжа над мініатурным Траецкім (якое таксама навабуд з 80-х), гатэль «Кемпіньскі» — велізарны сучасны маскоўскі будынак каля цырку, на тле якога цырк зрабіўся дробнай хаткай, усялякія палацы незалежнасьці і вярхоўныя суды, якія безнадзейна зьелі калісьці ўнікальны менскі зялёна-водны пэрымэтар. Вішанька на торце — белы дом з чорнымі вокнамі проста ў сэрцы сталіцы каля палацу прафсаюзаў — бізнэс-палац братоў Карычаў...
Я, ведаеце, вельмі балюча перажываў усе гэтыя пераўтварэньні, бо лічыў калісьці, што гэта мой горад — я там нарадзіўся, гадаваўся, вучыўся, рабіў першыя крокі ў творчасьці, радаваўся першым посьпехам — а мне раз за разам давалі зразумець, што гэта ня так, гэта горад тых, хто ва ўладзе, тых, хто будзе вырашаць, як яму, гэтаму гораду, выглядаць, што ў ім будзе будавацца (руйнавацца), якія кавярні будуць працаваць (зачыняцца), якая музыка будзе гучаць (забараняцца)...
І вы можаце сьмяротна крыўдаваць на блогера, які хвастка апісаў побыт і жыцьцё беларускай сталіцы ўзору 2025-га на сваё незамыленае бэрлінскае вока, а ў мяне, карэннага менчука, нічога не адгукнулася ў душы, не абудзілася ніякае крыўды, ані прыкрасьці. Я даўно ўжо, нават калі жыў у Менску, дык і ня жыў у ім. Бо надта балюча лічыць гэты горад сваім і бачыць, што зь ім робяць «прыхадні розныя».
Вось і ўсё. Прыйдзе час, калі горад зноў будзе зьмяняцца, і нашая задача — зрабіць так, каб гэтым не займаліся «крэпкія хазяйсьцьвеньнікі», асобы, якія за грошы гатовыя прадаць любы кавалак сталічнае зямлі, і ўсялякія дурні без адукацыі і элемэнтарнага густу.
Лявон Вольскі, Budzma.org