Лета мінула, але і ўвосень вандроўкі не губляюць сваёй актуальнасці, зараз у іх прыўносіцца асаблівая рамантычнасць атмасферы краявідаў, стану прыроды. Кожны, хто здольны адчуць, абавязкова знойдзе нешта сваё. Варта рушыць, каб зразумець. Падарожнікаў, што завітаюць на Івацэвіччыну, апроч Косаўскага палаца Пуслоўскіх (куды ж без яго), чакае шмат цікавага. Каб нічога не прапусціць, сабралі для вас восем найбольш цікавых для турыстаў архітэктурных аб’ектаў Івацэвіцкага раёна.
Фота: planetabelarus.by
1. Быцень, Свята-Успенская царква
Свята-Успенская царква — адзіны будынак у Быцені, што захаваўся ад колішняга велічнага архітэктурнага ансамбля базылянаў, які быў заснаваны тут у 1607 годзе слонімскім маршалкам Рыгорам Трызнам і ягонай жонкай Рэгінай з роду Сапегаў ды зруйнаваны па скасаванні ўніяцтва ўладамі Расійскай імперыі. Кляштар быў пабудаваны ў стылі ранняга барока, пазней, у 1673 годзе, пры кляштары была ўзведзена мураваная царква, кансекраваная ў 1710 годзе ў гонар Святога Язафата.
Фота: vedaj.by
Першапачаткова храм быў узведзены як капліца-пахавальня роду Трызнаў ды з таго часу шмат разоў перабудоўваўся. Сёння царква ў вёсцы Быцень унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У Свята-Успенскай царкве захоўваецца адна з першых копіяў абраза Маці Божай Жыровіцкай XVIII стагоддзя, якую варта пабачыць.
Фота: planetabelarus.by
2. Любішчыцы, царква Святой Ганны
Ужо пасля скасавання уніі ў Любішчыцах на месцы драўлянай уніяцкай была ўзведзена праваслаўная царква, асвечаная ў гонар Святой Ганны, каб пабачыць якую, раім завітаць у не вельмі папулярную сярод турыстаў вёску. Царква мае вельмі адметны выгляд, не тыповы для большасці праваслаўных цэркваў на тэрыторыі Беларусі, бо пабудаваная ў стылі позняга класіцызму ў 1845 годзе, яшчэ да Студзеньскага паўстання, пасля якога на тэрыторыі Беларусі пачалося масавае будаўніцтва цэркваў у рэтраспектыўна-рускім стылі, так званых «мураўёвак», з мэтай наблізіць беларускую праваслаўную архітэктуру да расійскай.
Фота: planetabelarus.by
Вядома, што 17 траўня 1863 года ля царквы ў Любішчыцах быў зачытаны паўстанцкі Маніфест. Пра гэты факт мы ведаем дзякуючы даносу мясцовага святара Лук’яна Гамаліцкага, які апісаў падзеі наступным чынам: «17 траўня ў 8 гадзін на дванаццаці паштовых тройках прыбылі ў вёску Любішчыцы ўзброеныя інсургенты. Яны пачалі біць у званы, разаслалі конных збіраць па вёсках сялянаў у царкву...». Тут, ля царквы, месцічы далучаліся да паўстанцкіх шэрагаў, а ўжо 21 траўня 1863 года недалёка ад Любішчыцаў адбылася знакамітая пераможная бітва пад Мілавідамі.
Фота: planetabelarus.by
3. Косава, касцёл Святой Тройцы
У колішнім мястэчку Косава сёння варта звярнуць увагу на касцёл 1878 года. Вядома, што першы драўляны касцёл у 1626 годзе тут фундаваў Леў Сапега. Храм быў вядомы тым, што тут хрысцілі Тадэвуша Касцюшку. Сучасны мураваны неагатычны касцёл Святой Тройцы быў узведзены на месцы свайго драўлянага папярэдніка з фундацыі Вандаліна Пуслоўскага.
Фота: budzma.org
Унутры храма варта звярнуць увагу на арган рукі знакамітага арганнага майстра Фларыяна Астраменцкага. Арган з’яўляецца блізкай копіяй інструмента, які захоўваецца ў знакамітым касцёле ў Гервятах. Даследчыкі мяркуюць, што створаны ён быў таксама ў 1880-х гадах і з таго часу захаваўся ў аўтэнтычным выглядзе, калі не ўлічваць статуяў анёлаў, надбудаваных у 1990-х.
Фота: argany.by
4. Урочышча Марачоўшчына, сядзіба Тадэвуша Касцюшкі
У Марачоўшчыне найперш варта наведаць музей-сядзібу, дзе ў лютым 1746 года ў мясцовай шляхецкай сям’і нарадзіўся легендарны генерал Тадэвуш Касцюшка, які паўплываў на гістарычнае развіццё не толькі Беларусі і суседніх дзяржаваў, але і стаў ганаровым грамадзянінам Францыі ды нацыянальным героем ЗША. Касцюшка пражыў у Марачоўчыне каля 12 год: пасля смерці бацькі ягоная сям’я пераехала ў родавы маёнтак Сахнавічы пад Жабінкай і з той пары больш не наведавала Марачоўшчыну.
Фота: budzma.org
Сядзіба Касцюшкаў у Марачоўшчыне згарэла па Першай сусветнай вайне і была адноўлена на падмурках XVIII стагоддзя паводле архіўных дакументаў і малюнкаў Напалеона Орды. Першы мемарыяльны камень на месцы дома Касцюшкі быў усталяваны тут у 1987 годзе, у 1999-м тут з’явіўся барэльеф знакамітага генерала. А ў 2018 годзе нацыянальны герой вярнуўся дадому ў выглядзе помніка з бронзы.
Фота: budzma.org
У музеі, які знаходзіцца ў памяшканні адноўленай сядзібы, пяць пакояў. Экспазіцыя дастаткова сціплая, але цалкам адлюстроўвае дух эпохі. У адной з заляў знаходзяцца матэрыялы археалагічных раскопкаў, праведзеных тут у 2003 годзе з мэтай даследавання падвальных памяшканняў колішняй сядзібы.
Фота: Мікіта Пастухоў
5. Урочышча Марачоўшчына, палац Пуслоўскіх
Насупраць маёнтка Касцюшкаў у Марачоўшчыне ў 1838 годзе збудаваў свой палац сын аднаго з першых беларускіх прадпрымальнікаў Войцэха Пуслоўскага Вандалін Пуслоўскі. Сам палац Пуслоўскіх захаваўся да нашых дзён у выдатным стане, добра адрэстаўраваны ды адчынены для наведвання. Будынак быў узведзены ў неагатычным стылі паводле праекта Францішка Яшчалда, а ў другой палове ХІХ стагоддзя над яго рэканструкцыяй працаваў Уладзіслаў Марконі. Косаўскі палац вельмі асаблівы: будынак складаецца з цэнтральнага двухпавярховага корпуса і двух бакавых крылаў, а дзякуючы гранёным зубчастым вежам яго часта называюць «замкам». Кожная вежа, паводле першапачатковай задумы, сімвалізавала месяц года, 4 з іх, цэнтральныя, былі ўзведзены самымі высокімі ў гонар ураджайных траўня, чэрвеня, ліпеня і жніўня.
Фота: budzma.org
Лічыцца, што ў сядзібе было больш за сто памяшканняў і ніводнага праходнага. Пра шыкоўныя інтэр’еры палаца ўжо шмат напісана. З самага незвычайнага вядома, што ў параднай залі была шкляная падлога, у якой сярод водарасцей плавалі рыбкі. Так яно ці не, яшчэ дакладна не даказана, але вядома, што падлога з падагрэвам там дакладна была. Паабапал палаца быў закладзены шыкоўны парк, дзе расло больш за 150 відаў раслінаў, а для асабліва рэдкіх экзэмпляраў была збудавана аранжарэя.
Фота: budzma.org
Пасля Леанарда Пуслоўскага, які прайграў маёнтак Косава ў карты, тут часта змяняліся гаспадары. Па Першай сусветнай вайне палац быў разрабаваны, шмат каштоўнасцей вывезена за мяжу. За польскім часам у будынку сядзібы месцілася акруговая адміністрацыя ды школа пчаляроў. У 1944 годзе падчас пажару палац канчаткова страціў унутраную аздобу, ацалелі толькі знешнія сцены будынка.
6. Бусяж, Свята-Успенская царква
Ад сярэдзіны XVII стагоддзя па сярэдзіну ХІХ стагоддзя гісторыя маёнтка Бусяж непарыўна звязана з дзейнасцю каталіцкага ордэна картэзіянцаў, аднога з самых аскетычных ордэнаў, які паходзіў ад 1084 года з Бургундыі. Бусяж картузам быў перададзены тагачаснымі гаспадарамі паселішча Сапегамі ў вечнае карыстанне. У 1773 годзе картузы распачалі ў Бусяжы будаўніцтва новага мураванага храма на месцы былой грэка-каталіцкай царквы, ён мусіў стаць цэнтральным храмам запланаванага тут новага кляштара картэзіянцаў.
Фота: planetabelarus.by
Але пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, калі землі сучаснай Беларусі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, новая ўлада абвінаваціла манахаў-картэзіянцаў у падтрымцы вызвольнага паўстання Тадэвуша Касцюшкі, пасля ў падтрыманні Лістападаўскага паўстання, праз што маёмасць манахаў была сканфіскавана на карысць дзяржавы, ордэн скасаваны, а храм перададзены праваслаўным вернікам.
Праваслаўныя пачалі перабудову храма, каб наблізіць ягоны выгляд да праваслаўнай архітэктуры, была дабудавана званіца, але ж познебарочны будынак самога храма мы можам пабачыць у амаль аўтэнтычным выглядзе і сёння. У сённяшняй Свята-Успенскай царкве яшчэ да сярэдзіны ХХ стагоддзя захоўваўся цудадзейны абраз «Пакроў Маці Божай» 1797 года, але яго забралі ў Нацыянальны мастацкі музей, дзе ён выстаўляецца як прыклад беларускай школы іканапісу. А ў храме ў Бусяжы месціцца ягоная фотакопія.
Фота: budzma.org
7. Альба, Свята-Юр’еўская царква
У вёсцы Альба захаваўся старажытны храм, які першапачаткова будаваўся як грэка-каталіцкі, а зараз з’яўляецца праваслаўнай Свята-Юр’еўскай царквой. Царква ў вёсцы Альба — помнік народнага дойлідства — ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У ведамасці царквы за 1931 год як дата пабудовы храма пазначаны 1692. Паводле іншых пісьмовых крыніцаў, Свята-Юр’еўская царква пабудаваная ў 1790 годзе на сродкі мясцовых парафіянаў. Вядома, што ў 1904 годзе храм быў перароблены на праваслаўны лад, у 1908 годзе да царквы была дабудаваная званіца.
Фота: planetabelarus.by
У 1962 годзе царква была зліквідавана савецкімі ўладамі ды будынак пачаў занепадаць. Унутранае ўбранства было разрабавана амаль цалкам, вітражы разбітыя, абразы скрадзеныя. Сёння з аўтэнтычнага аздаблення царквы засталася толькі царская брама (але абразы ўжо на ёй новыя, замоўленыя па аднаўленні царквы ў 1990-я), фрагменты вітражоў і ікона ХІХ стагоддзя «Маці Божая Адзігітрыя».
8. Бялавічы, Свята-Ільінская царква
У 1598 годзе мястэчка Бялавічы перайшло ва ўласнасць канцлера Льва Сапегі, за якім у 1630 годзе тут была ўзведзена ўніяцкая царква, на месцы якой у другой палове XVIII стагоддзя быў пабудаваны храм, які захаваў свой аўтэнтычны знешні выгляд да нашага часу. Сёння Свята-Ільінская царква з’яўляецца помнікам народнага дойлідства з рысамі позняга барока і класіцызму ды ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Пасля скасавання ўніяцтва Расійскай імперыяй царкву перадалі праваслаўным, але амаль усе грэка-каталіцкія абразы ў ёй былі захаваныя. І сёння іх можна пабачыць у праваслаўнай Свята-Ільінскай царкве ў Бялавічах. У 1960-х гадах храм быў зачынены, але на дзіва не ператвораны ні ў сховішча, ні ў клуб. Будынак вярнуўся да вернікаў у 1990-я гады. На тэрыторыі Беларусі захавалася няшмат драўляных архітэктурных помнікаў XVIII стагоддзя, таму царква ў Бялавічах абавязкова вартая ўвагі.
Чытайце яшчэ: Палац, які прайгралі ў карты, сядзіба, дзе нарадзіўся Касцюшка. Чаму варта наведаць Косава?
ПЖ, budzma.org