У Гомельскім цырку паказалі праграму да 80‑годдзя перамогі — з сярпом, молатам і штурмам Рэйхстага

На арэне дэманструюць сцэны франтавога жыцця, але з удзелам дрэсіраваных мядзведзяў, сабак і марскіх ільвоў, піша "Наша Ніва".

screenshot2025-11-17at134209-jhkn0.png.png
Фота: anna_kutsakova / Instagram

На сайце Гомельскага дзяржцырка гэту пастаноўку апісваюць як сумесную працу самога цырка і Расійскай дзяржаўнай цыркавой кампаніі. Аўтары апісання не шкадуюць эпітэтаў:

«Гэта не проста шоу — гэта падарожжа ў часе. Вы пабачыце вайну вачыма ветэранаў: першы бой, лісты з дома, канцэрты на перадавой, штурм Рэйхстага і трыўмфальны Парад перамогі.

Кожны эпізод — асобная гісторыя, расказаная праз галавакружныя цыркавыя нумары, якія зрабіліся метафарай мужнасці і моцы духу».

Якім чынам у гомельскім цырку сабраліся ўсё гэта расказваць?

Напрыклад, у праграме ўдзельнічаюць паветраныя гімнасты, акрабаты і жанглёры, чые выступы «ўвасабляюць гераізм салдатаў». Таксама абяцаюць паказаць сцэны франтавога жыцця, але з удзелам дрэсіраваных мядзведзяў, сабак і марскіх ільвоў.

screenshot2025-11-cyrk.jpg
Фота: anna_kutsakova / Instagram

Яшчэ ў праграме ёсць «легендарны конны атракцыён імя народнага артыста Расіі Тамерлана Нугзарава», у якім удзельнічаюць 19 коней. Абяцаюць рарытэтныя матацыкл і самалёт, вайсковую форму ваенных часоў і выступы ў стылі цыркавых артыстаў 40-х, якія ўдзельнічалі ў франтавых брыгадах.

cyrk-02.jpg
Фота: gomel_circus / Instagram

Для поўнага пагружэння ў эпоху падчас шоу паказваюць архіўныя відэа, уключаюць старую музыку і спецэфекты накшталт святла і дыму.

Першыя наведнікі ўжо зацанілі пастаноўку ў канцы кастрычніка, і ў сеціве багата здымкаў і відэа з той праграмы. Дзякуючы ім мы ведаем, што наконт формы ў анонсе не схлусілі: на кадрах можна ўбачыць паветраных гімнастаў у амплуа савецкіх салдат, дзяўчат у сукенках у духу 40-х, цыркачак з пафарбаванымі вуснамі ў авіяшлемах, якія выкочваюць на арэну мадэль самалёта. І чырвоны сцяг з сярпом і молатам.

cyrk-03.png
Фота: anna_kutsakova / Instagram

Паказваць шоу плануюць да 30 лістапада.