У Брэсце падчас кансервацыі руін кляштара бернардынак сабраны масіў каштоўных гістарычных артэфактаў, піша Белта.
Фота Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта
Руіны кляштара бернардынак знаходзяцца на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Рэстаўратары з канца вясны займаюцца кансервацыяй руін. Праект, у прыватнасці, мяркуе ўзмацненне перакрыццяў і падмурка, рэстаўрацыю сцен і падлогі. Падчас археалагічных прац было сабрана шмат матэрыялу, звязанага з сярэднявечнай гісторыяй Брэста, а таксама з гісторыяй Новага часу.
«У прыватнасці, выяўлены фрагменты керамікі (гаворка ідзе пра кафлі), а таксама іншыя гістарычныя прадметы. Цікавасць сярод іх уяўляюць, вядома ж, манеты. У першую чаргу манеты 60-х гадоў XVII стагоддзя, якія называюцца барацінкамі. Іх чаканілі на Брэсцкім манетным двары, які, паводле архіўных дакументаў, знаходзіўся на тэрыторыі мужчынскага кляштара бернардзінцаў. Не выключаем, што гэтыя манеты якраз паходзяць з нашага манетнага двара», — сказаў доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Аляксандр Башкоў.
Таксама зроблены іншыя гістарычныя знаходкі. Навукоўцы разлічваюць, што яны дазволяць больш дэталёва даследаваць тэрыторыю і стануць падмогай для далейшых археалагічных работ на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці.
Напрыклад, у адным з памяшканняў на першым паверсе рэстаўратары натрапілі на шкляныя колбы, бутэлькі, ампулы з празрыстай вадкасцю. Іх перадалі для аналізу экспертам-хімікам упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці. На даследаванне паступіла каля тысячы розных ёмістасцяў. Спецыялісты ўстанавілі склад вадкасцей. Імі аказаліся кадэін, марфін, барбітал, якія выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх мэтах, а таксама камфара, фенол і кафеін. Крыміналісты падчас балістычнай экспертызы даследавалі знойдзеныя савецкія і нямецкія патроны. Для стральбы яны непрыдатныя.
Ідзе збор усіх артэфактаў, знойдзеных у руінах кляштара бернардынак. У будучыні там плануюць стварыць музейную прастору.
Манастырскі комплекс бернардынцаў на брэсцкай зямлі заснавалі ў XVII стагоддзі. У розныя перыяды гістарычныя будынкі былі прыстасаваны пад розныя патрэбы. З пачатку 1990-х гадоў гэты аб’ект не выкарыстоўваўся.