Хочацца дадаць у сваю стужку ў інстаграме больш творчасці, прыгожых вобразаў і новых імёнаў? Мы сабралі 12 беларускіх мастакоў і мастачак, за творчасцю якіх цікава сачыць у сацсетках. Тут ёсць усё: ад класічнага алейнага жывапісу і гарадскіх замалёвак да ілюстрацый, калажаў, стрыт-арту і правакатыўных паштовак.
Беларускі мастак, які працуе пераважна ў жанры алейнага жывапісу і запамінаецца высокай дэталізацыяй у працах. Вядомыя серыі — «Птушкі з народам», якая з’явілася як рэакцыя на падзеі 2020 года, і «Доўгае падарожжа», у якой адбіўся досвед эміграцыі і пераасэнсавання ўласнай ідэнтычнасці.
У сваім акаўнце творца паказвае новыя працы і працэс іх стварэння.
Акаўнт у інстаграме — @antonij_art.
Блог ілюстратаркі і мастачкі Волі Кузьміч. Воля працуе з кніжнай і аўтарскай ілюстрацыяй і запамінаецца яскравымі, адметнымі малюнкамі. Гэта сапраўдны блог з паўсядзённымі гісторыямі пра жыццё, сям’ю і працу. Да таго ж — вельмі-вельмі стылёвы.
Тут можна сачыць за працай над кнігамі, жыццёвымі здарэннямі, новымі ілюстрацыямі і аўтарскімі серыямі. А яшчэ — за галубіным серыялам «Гжэгаж», які разгортваецца ў аўтаркі проста на балконе.
Акаўнт у інстаграме — @animatarka.
Мастак з Жодзіна Сяргей Савіч стварае пераважна жывапісныя працы, а часам звяртаецца і да стрыт-арту. Яго творы лёгка пазнаць па яркіх колерах, простых формах і сюжэтах, у якіх ёсць месца гумару і назіранням за паўсядзённасцю.
Асобная тэма — Мінск. У серыі, прысвечанай гораду, з’яўляюцца метро, Шабаны, «Каменная горка» і іншыя гарадскія сімвалы, напрыклад, «Хутка Смачна».
Іранічна, проста і вельмі па-беларуску.
Акаўнт у інстаграме — @savichz.
Мастачка і ілюстратарка дзіцячых кніг, найбольш вядомая серыяй «Коцікі свабоды». Яна пачала ствараць яе ў 2020 годзе, увасабляючы рэальных герояў беларускага пратэсту і падзеі сучаснай гісторыі ў вобразах коцікаў і ваўкоў.
На старонцы ёсць і іншыя праекты: ілюстрацыі да кніг, карціны і эксперыменты, такія як тэхніка «малявання скурай». А таксама анонсы пра выставы і адрабіна асабістага кантэксту.
Акаўнт у інстаграме — @yakubouskayaolga.
Беларускі творца, дызайнер і актывіст, які працягвае мастацкую адукацыю ў Варшаве. У яго інстаграме мастацтва існуе ў самых розных формах: калажы і плакаты, скульптура, жывапіс, фатаграфія і эксперыменты з рознымі медыямі.
Акаўнт у інстаграме — @aleks.atyasov.
Мастак з Віцебска, які прысвячае шмат прац гэтаму гораду і яго краявідам. Далікатныя скетчы і вобразы атрымліваюцца ў выніку спалучэнняў самых розных матэрыялаў з акварэллю, тушшу, алейнымі і акрылавымі фарбамі. У пастах творца таксама расказвае пра асаблівасці выкарыстання розных матэрыялаў, дзеліцца сакрэтамі тэхнікі і філасофскімі развагамі.
Акаўнт у інстаграме — @duhovnikov_art.
Старонка з працамі мастачкі Яўгеніі Давыдчык, якая працуе пераважна з маляўнічымі, дэталізаванымі вобразамі прыроды. У яе працах шмат кветак, мора, гор, лета і іншых сюжэтаў, якія ствараюць адчуванне спакою і святла.
Гэта той акаўнт, які можна адкрыць проста дзеля эстэтычнай паўзы паміж працай і навінамі: шмат колеру, фактуры і дробных дэталяў, якія хочацца разглядаць.
Акаўнт у інстаграме — @art_farfalla.
Ілюстратарка, якая працуе ў розных фарматах. На яе старонцы можна ўбачыць стыкеры, ілюстрацыі, карты, дызайн настольных гульняў і асобныя аўтарскія малюнкі. Тут шмат атмасферных, дэталёвых і проста мілых рэчаў, якія прыемна разглядаць.
Акаўнт у інстаграме — @yulia.reizis.
Малады мастак з Гродна, які жыве ў Варшаве і вучыцца ў Мастацкай акадэміі. Яго творчасць ахоплівае партрэты, гарадскія краявіды, рэпартажны жывапіс і эксперыменты з рознымі тэхнікамі, а ў сваім інстаграме творца паказвае і студэнцкае жыццё. Яраслаў таксама вядомы падкастам «Калякі-малякі», у якім размаўляе з гасцямі і адначасова малюе іх.
Акаўнт у інстаграме — @yaraslau_kirvel_art.
Творчасць мастака Міхася Мішука сёння можна часта сустрэць на вуліцах Варшавы і не толькі — менавіта ён стварае пазнавальных вадалазаў.
У інтэрв’ю культурна-асветніцкаму парталу «Будзьма беларусамі!» мастак зазначаў: «У прынцыпе вадалаз — гэта і ёсць той я, такі чалавек у футляры, што плыве па горадзе ў ахоўным касцюме».
Міхась малюе вадалазаў на крафтавай паперы, стварае графіку і піша карціны алеем і акрылам. У яго партфоліа ёсць і турэмная серыя, створаная пасля зняволення ў Жодзіне ў 2020 годзе.
Акаўнт у інстаграме — @artmihus.
Мастачка і пісьменніца з Гродна, якая працуе ў розных жанрах і тэхніках. У яе творчасці малюнак часта становіцца пачаткам гісторыі, а гісторыя — працягам малюнка.
Адзін з яе найбольш цікавых праектаў — «Прыгоды Ваўчка ў міфічным свеце», прысвечаны беларускай міфалогіі. Таксама Таццяна праводзіць майстар-класы, публікуе лекцыі анлайн і шмат расказвае цікавостак пра розныя тэхнікі і сам рабочы працэс.
Акаўнт у інстаграме — @vkusicvet_kalach.

Мастачка працуе з сучаснай ілюстрацыяй, у якой шмат цела, жаноцкасці, гумару і адвагі. Яе працы правакатыўныя і гучныя, ад паўсядзённай іроніі да палітычнай сатыры. А да таго ж — рознафарматныя. На старонцы можна сустрэць ілюстрацыі, стыкеры, паштоўкі і дызайн рэчаў.
Акаўнт у інстаграме — @shelkovskaya_ekaterina.
Гэтыя 12 імёнаў — толькі невялікая частка беларускай мастацкай сцэны і спроба паказаць яе разнастайнасць. Захоўвайце спіс, дзяліцеся ім з сябрамі і не забывайце падтрымліваць творцаў лайкамі і падпіскамі — падтрымайма беларускае разам!
Д. П., Budzma.org