1 красавіка не зусім звычайны дзень. У гэты дзень, згодна з вераваннямі нашых продкаў, прачынаецца Хатнік (Дамавік). Па іншых звестках, у гэты дзень ён святкуе свае імяніны. У любым выпадку — гэта цудоўная нагода зладзіць свята! Як выглядаў Хатнік? Пра тое, чаму нашы продкі спрабавалі яго залагодзіць і як можна адзначыць свята абуджэння Дамавіка ў сучасных умовах, распавядаем у артыкуле.
Дамавік і дамавуха. Ілюстарцыя В. Славука, mythology.by
Ва ўяўленнях беларусаў хата, як і любая іншая лакацыя, мае свайго духа-ахоўніка. Версіі пра яго паходжанне і выгляд існуюць розныя. Часцей за ўсё Хатніка ўяўлялі сівенькім калматым дзядком альбо дзядзькам, падобным да гаспадара дома. На Палессі Дамавіком называлі вужа ці ласку, якіх бачылі побач з жытлом, і верылі, што яны аберагаюць дом, клапоцяцца пра дабрабыт сям’і.
Таксама хатні дух цесна звязаны з продкамі. У некаторых рэгіёнах лічылі, што Дамавіком стае першы памерлы ў новай хаце. А дзесьці кажуць, што ў хату не заселіцца апякун, пакуль хтосьці там не памрэ. На сувязь Дамавіка з продкамі ўказвае і тое, што ніводнае значнае сямейнае ці каляндарнае свята ў беларусаў не абыходзілася без ушанавання хатняга духа. І ўтаймаваць Дамавіка, калі ён раз’юшаны, прасілі менавіта продкаў.
Прыйшлі Дзяды. Ілюстрацыя праекта "Беларускія нячысцікі"
Хрысціянская царква аднесла духа-ахоўніка да кола нячысцікаў. Хаця святы Ілля шкадуе Хатніка, не б’е яго сваімі стрэламі. Ды й увогуле, у народным уяўленні Дамавік застаецца «добрай» істотай. І, бадай, гэта адзіны дух-ахоўнік, які дапамагае людзям.
Калі сям’я жыве дружна, гаспадары руплівыя, то Хатнік будзе клапаціцца пра людзей і гаспадарку. Пагайдае калыску, каб не заплакала немаўля, напрадзе нітак, калі гаспадыня вельмі стамілася, даглядзіць за печкай, каб не выпала вуголле.
Калі набліжаецца нейкая бяда, будзе намагацца папярэдзіць гаспадароў — скрыгатаць, завываць, казытаць у сне. Таму, відаць, яго часта блытаюць з нямецкім полтэргейстам. Але, у адрозненне ад «калегі», беларускі Хатнік грукоча, каб папярэдзіць пра магчымае няшчасце, а не напалохаць.
Любіць Дамавік пагарэзіць час ад часу. Можа хаваць патрэбныя рэчы, звінець посудам, казытаць сонных людзей. Калі яго жарты моцна замінаюць, гаспадар просіць продкаў утаймаваць гарэзу.
Але ж Дамавіка і раззлаваць можна. Не любіць ён сварак, неахайнасці, п’янства. Раз’юшаны Хатнік будзе помсціць: псаваць рэчы і ежу, душыць у сне, можа нават мор і бясплоддзе на хатнюю жывёлу наслаць. Праўда, трэба вельмі «пастарацца», каб настолькі раззлаваць Хатніка.
Хатнік. Ілюстрацыя праекта "Беларускія нячысцікі"
Як і іншыя духі-ахоўнікі пэўных лакацый (Вадзянікі, Лесавікі і інш.), Дамавік засынае на зімовы перыяд. Дзень яго абуджэння (імяніны) — 1 (14 па юльянскім календары) красавіка. Традыцыю хлусіць і жартаваць у гэты дзень якраз і прымяркоўваюць да гэтай падзеі. Маўляў, Хатнік можа прачнуцца не ў гуморы, то варта яго павесяліць. Хлусіць жа трэба, каб заблытаць Дамавіка (праўда, не ўказана, для чаго яго блытаць).
Прапануем некалькі ідэй, як адзначыць імяніны вашага хатняга духа, каб ён і надалей спрыяў вам. А калі вы не верыце ў яго існаванне, то гэта будзе цудоўная нагода парадаваць сябе і блізкіх незапланаваным святам.
Дамавік любіць чысціню. Самы час перабраць рэчы: зімовыя адправіць у глыбіню шафаў, а летнія пакласці бліжэй. Тое, чым вы не скарысталіся ні разу за цэлы год, смела можна аддаць каму-небудзь ці вынесці на сметнік. Свята абуджэння Дамавіка можа стаць вясёлым матыватарам прыборкі для вашых дзетак. З нуднага занятка прыборку можна ператварыць у захапляльны квэст!
Нашы продкі гатавалі для Хатнікаў адмысловыя пачастункі. З фальклорнай спадчыны вядома, што Дамавічкі любяць малако, кашы, салодкае.
І па сёння дзе-нідзе захаваўся звычай класці цукерку ў які-небудзь далёкі кут і прасіць Дамавіка вярнуць згубленую рэч.
Прыдумайце адмысловае меню для свайго духа-ахоўніка і прыгатуйце святочную вячэру. Калі прыцягнуць да яе гатоўкі ўсіх чальцоў сям’і ці сяброў, будзе яшчэ цікавей! Прыбярыце стол прыгожымі сурвэткамі, запаліце свечкі. Пастаўце дадатковы прыбор.
На дзень адкіньце ўсё, што вас турбуе. Падарыце сабе такую псіхаэмацыйную разрадку. Адмоўцеся, па магчымасці, ад выкарыстання гаджэтаў, прагляду навінаў і іншага «негатыўнага» кантэнту. Уключыце фантазію, прыдумайце бяскрыўдныя жарты ды павесяліце сябе і блізкіх. Узгадайце «хуліганскія» песні свайго дзяцінства, жартаўлівыя частушкі ці вершы. Зладзьце конкурс на лепшы анекдот альбо проста паспявайце разам.
Дамавікі любяць прыгажосць. Чым не нагода апрануць любімыя рэчы і ўпрыгожанні? Фарбаў і прыгажосці можна дадаць і прасторы навокал: пакладзіце на канапу яркія падушкі, засцяліце стол прыгожым абрусам, пастаўце кветкі. Можна і каляровыя ліхтарыкі дастаць дзеля такой нагоды. Рознакаляровыя стужкі таксама будуць дарэчы.
Дадайце не толькі яркіх фарбаў, але і прыемных водараў. Пахі цытрыны, апельсіна, цынамона, бергамота вам дапамогуць. Зрабіце нарэзку з садавіны, напячыце булачак, запарце смачнай гарбаткі. Альбо проста запаліце аромасвечку ці дадайце некалькі кропель эфірных алеяў у аромалямпу ці місачку з цёплай вадой. Можна, дарэчы, і ванну прыняць з духмянымі зборамі. І, канечне ж, не дапускайце сварак і крыўд. І не толькі 1 красавіка. Жывіце ў згодзе з сабой, са сваімі блізкімі і вашым Дамавічком!
Ева Вятрыскіна, budzma.org