8 чэрвеня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава выступілі ў дачным пасёлку Клыпаўшчына пад Дзяржынскам і ў Заслаўі. Першая сустрэча была зладжаная на сядзібе сп. Яна Грыба і прысвячалася 150-м угодкам нацыянальна-вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Літаратурна-песенна-тэатральнае дзейства адбывалася на імправізаванй сцэне, пры якой проста паміж соснаў быў нацягнуты транспарант са словамі правадыра паўстання: “Дык сейце ж, дзецюкі!”. Таццяна Грыневіч-Матафонава праспявала песні на вершы З. Пазняка, У. Караткевіча, Л. Геніюш, а таксама славуты паланез “Развітанне з радзімай” (муз. М.К. Агінскага, сл. С. Сокалава-Воюша). Міхась Скобла прачытаў прысвечаныя тэме паўстання вершы, а таксама звярнуў увагу слухачоў на дзве акалічнасці:
“У свой час мяне ўразіла імклівая эвалюцыя Каліноўскага: напярэдадні паўстання ў сваёй “Мужыцкай праўдзе” ён звяртаўся да “дзецюкоў” і “мужыкоў”, а з-за кратаў, у знакамітым “Лісце з-пад шыбеніцы” ён ужо прамаўляў да народа. Якая ж асноўная думка Каліноўскага, якую ён хацеў данесці да беларусаў? Які ягоны, кажучы сучаснай мовай, мэсідж? Вось цытаты з тае самае «Мужыцкай праўды»: «Ад маскаля няма чаго дабра спадзявацца… Маскаль хітры, урад маскоўскі нас дурманіць… Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма… Жыццё пад маскалём – горкая доля… Паспрыяеш маскалю – саграшыш перад Богам… Маскаль – як саранча, што худобу гаспадарскую глуміць… Храмы нашы маскаль перарабіў на стайні… Як дзень з ноччу не сходзяцца, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай… З усіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку аб сваім брацтве з намі, але брацтва там нямнога знойдзеш». Думаю, каментаваць гэтыя словы няма асаблівай патрэбы, ясна ўсё, як Божы дзень”.
У “лясной сустрэчы” прынялі ўдзел літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, які расказаў пра выдадзеную ім паэтычную анталогію “Тварам ды шыбеніцы”, пісьменнік Уладзімір Арлоў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Павел Знавец, які выканаў ролю Кастуся Каліноўскага ў тэатралізаваным прадстаўленні.
Другая сустрэча прайшла ў Заслаўі на сядзібе Вінцэся Манько, дзе была прэзентаваная кніга Зоські Верас “Я помню ўсё”. У прэзентацыі, якую вёў Міхась Скобла, прынялі ўдзел мастакі Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік, літаратуразнаўца Юрась Пацюпа, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, якія расказалі пра свае сустрэчы з аўтаркай кнігі. Іх выступы былі лірычна інкруставаныя песнямі ў выкананні Таццяна Грыневіч-Матафонавай на вершы паэтаў, якія сябравалі з Зоськай Верас (М. Багдановіч, У. Караткевіч, Л. Геніюш ды інш.).
Выступы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, ад імя якой арганізатары і ўдзельнікі сустрэчаў атрымалі памятныя сувеніры.