Літаратура і цывілізацыя — аднагодкі. Абедзве нарадзіліся ў часы вынаходства фанетычнага алфавіту і пісьменства. Прадукт прафесійнай літаратуры — кніга. «Прафесійная» цывілізацыя — культура. Кніга і «культурная» цывілізацыя — аднаяйкавыя блізняты.
Па вялікім рахунку, усе вынаходніцтвы скончыліся пасля з’яўлення кола і кнігі. Іх працяг — толькі тэхнічнае ўдасканаленне: калясніца, паравоз, «Бэнтлі»; запіс на гліне, летапіс, інтэрнэт…
Гісторыя мастацкай кнігі робіцца гісторыяй культуры. Гісторыя ж беларускай кнігі — гісторыяй Беларусі. Без сваёй кнігі Беларусь была б ці «Kresy Wschodnie», ці, хутчэй, «Западной губернией». Хто хацеў знішчыць Беларусь, першай знішчаў яе кнігу: ці наклады выданняў, ці кнігі жыццяў.
На кожнага беларускага кніжніка пачынаючы ад Францыска Скарыны было па некалькі інквізітараў, а ў нашыя часы — і цэлыя карныя аддзелы з рознымі назвамі (НКВД, Галоўліт, Міністэрства інфармацыі і падобныя).
Факты палення Скарынавых кніг маскоўскімі «ідэолагамі»-святарамі вядомыя. Не быў літасцівым лёс і да працы беларускіх першадрукароў Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага (апошняга забілі). Менш вядомы лёс «Трэнасу» Мялеція Сматрыцкага, выдадзенага ў 1610 годзе. Кнігу Сматрыцкага, полацкага архіепіскапа, аўтара славутай «Граматыкі», якую Міхайла Ламаносаў назваў «вратами» сваёй вучонасці, кароль Сігізмунд, знаходзячыся з войскам пад Смаленскам, пад пагрозай штрафу (у 5000 злотых!) забараніў прадаваць і купляць, а канфіскаваны наклад «Трэнасу» загадаў спаліць, друкарню, якая выдала кнігу, — закрыць, а друкароў — арыштаваць…
І нішчылі беларускую кнігу — з усходу і захаду. У 1697 годзе быў прыняты каралеўскі ўказ аб забароне «пісару» карыстацца ў справаводстве беларускай мовай. Забарона беларускага друку на абшарах Расійскай імперыі пачалася ў 1795 годзе, калі на Беларусь пашырыўся закон Пятра І (гэты «закон» быў выдадзены для Украіны ў 1720-м). Пётр І патрабаваў, «дабы в Малой Росіи вновь никаких книгъ, кроме церковных прежнихъ изданій, не печатать, а и оные церковные старые книги — с такими же церковными книгами исправливать <…>, дабы никакой розни и особого наречия в них не было». Тым жа ўказам забаранялася друкаваць па-беларуску святыя і рэлігійныя кнігі.
А ў беларускай гісторыі словы «забараніць» і «знішчыць» — сінонімы.
Пра знішчэнні беларускіх мастацкіх кніг у наступным — XІХ — стагоддзі першым сведчыў Рамуальд Зямкевіч, вядомы бібліяфіл і калекцыянер. «Пасля скасавання уніі, — пісаў ён у артыкуле «Нацыянальнасць у Вінцука Дуніна-Марцінкевіча», — кніжкі беларускія, як «Беларускі катэхізм» 1835 года, «Сялянка» Марцінкевіча, «Песні» Чачота, прызнаныя былі шкоднымі, і ўжо цераз колькі гадоў пасля таго, як іх надрукавалі, пачалі іх адбіраць і ніштожыць. Ініцыятарам быў вядомы мітрапаліт Сямашка, злы дух тагачаснай культуры і вораг беларушчыны».
Вартбургскае святкаванне, 1817
У 1859 годзе канфіскавалі перакладзеную В. Дуніным-Марцінкевічам паэму «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. 30 траўня 1859 года выйшаў загад пад №1298 «Аб забароне ўкраінскага друку, напісанага польскім альфабэтам». Віленскі цэнзурны камітэт захацеў вырашыць, ці можна дазволіць друкаваць беларускія кніжкі лацінкай (у згаданым дакуменце пра беларускі друк не згадвалася), і 22 жніўня таго ж 1859-га запрасіў тлумачэнні ў міністра народнае асветы. «Главное Управленіе Цензуры <…> 26 истекшего сентября определило: не допускать употребленія польскаго алфавита при печатаніи сочиненій на белорусскомъ наречіи; книгу «Pan Tadeusz » Марцинкевича <…> не выпускать въ светъ». Пад лістом стаяў подпіс міністра народнай асветы Кавалеўскага.
Атрымлівалася наступнае: кнігі па-беларуску не дазвалялася друкаваць ні «рускім» шрыфтам, ні лацінкай. Дата ж першай афіцыйнай забароны беларускай кнігі — 26 верасня 1859 года…
Захаваліся сведчанні, што пад забарону падпадалі і нелегальныя беларускія выданні часоў паўстання 1863 года. Я. Карскі ў сваіх «Беларусах» (т. ІІІ, ч. 3) адзначаў, што «пасля Баршчэўскага, Рыпінскага, Чачота, Дуніна-Марцінкевіча, Каратынскага і інш. былі строгія ўрадавыя забароны ўжывання друкаванага слова на беларускай мове». Беларускае друкаванае слова мусіла выдавацца за мяжой: у Кракаве, Львове, Познані, Парыжы, Лондане. В. Дунін-Марцінкевіч «ціснуў» свае творы ў друкарні Бэйліса як польскія, дзеля чаго ўкладаў прадмовы да кніг па-польску — каб зблытаць цэнзараў.
«Мясцовыя ўласьці, тлумачачы па-свойму і пашыраючы на Беларусь указ Пятра І, <…> не дазвалялі друкаваць ніводнай кніжкі ў роднай мове, — зазначалі ў «Меморыі», агучанай у 1916 годзе на Швейцарскай канферэнцыі народаў, кніжнікі Вацлаў Ластоўскі і Іван Луцкевіч. — Ад 1793-га да 1905-га года знаходзім толькі два выданні беларускія, — гэта два катэхізмы». За стагоддзе — дзве кнігі.
І толькі 12 снежня 1904 года цар Мікалай ІІ падпісаў указ, які здымаў ранейшыя абмежаванні на выкарыстанне «мясцовых» моў у Расійскай імперыі…
Пра тое, як знішчаліся беларускія кнігі напрыканцы 30-х — пачатку 50-х гадоў ХХ ст, напісаў Аляксандр Лукашук. Ім быў апублікаваны і спіс кніг, якія «прадпісвалася» канфіскоўваць і спальваць паводле загада № 33 Галоўліта БССР (галоўнай цэнзурнай управы) ад 3 чэрвеня 1937 года. У тым спісе, што складаўся з 421 пазіцыі, былі кнігі Ф. Аляхновіча, І. Абдзіраловіча, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча, А. Бабарэкі, М. Гарэцкага, А. Гаруна, У. Дубоўкі, С. Дарожнага, А. Дудара, У. Жылкі, М. Зарэцкага, А. Звонака, У. Ігнатоўскага, К. Каганца, Т. Кляшторнага, Я. Купалы, Я. Лёсіка, А. Луцкевіча, В. Ластоўскага, В. Маракова, Б. Мікуліча, Я. Пушчы, Я. Скрыгана, У. Хадыкі, М. Чарота, Ядвігіна Ш. і інш. Усе яны — залаты кнігазбор Беларусі і наша літаратурная класіка.
Пазней, у 1954-м, замест тэрміна «канфіскацыя» прыдумалі іншы: «ачыстка». ЦК КПБ прыняў пастанову «Аб ачыстцы бібліятэк, кніжных кіёскаў, кнігарняў і базаў ад састарэлай і палітычна шкоднай літаратуры».
Усходні Берлін, 1955
У 60-х гадах Галоўліт СССР рэгулярна выдаваў брашуры «Зводнага спісу кніг, якія падлягаюць выключэнню з бібліятэк і кнігагандлёвай сеткі». І пільна «клапаціўся» пра тое, каб да друкарскага варштату не даходзілі найлепшыя ўзоры вольнай мастакоўскай думкі. Да прыкладу, «Мёртвым не баліць» Васіля Быкава або «Нельга забыць» Уладзіміра Караткевіча…
Думалася, «ачысткі» кніг скончацца з гарбачоўскай «галоснасцю і перабудовай». Аднак — не ў Беларусі! Колішні высокапастаўлены супрацоўнік апарата ЦК КПБ перадаў дзеля знаёмства другі асобнік машынапісу чарговага «дакумента» (з адпаведнымі пячаткамі і подпісамі). Працытуем яго:
«Главное управление по охране
государственных тайн в печати
(Главлит БССР)
220050, ул. Урицкого, 10
от 30.10. 1989 г.
Для служебного пользования
Главное управление направляет «Список книг, подлежащих исключению из библиотек и книготорговой сети» для сведения и руководства.
Так же сообщаем, что согласно «Списку лиц, все произведния которых подлежат изъятию» (Минск, 1962), произведения нижеперечисленных авторов до распоряжения этого вопроса директивными органами остаются в спецфондах библиотек».
І зноў паўтараліся прозвішчы Лёсіка, Смоліча, Ластоўскага, Луцкевіча, а таксама пісьменнікаў-эмігрантаў: Адамовіча, Арсенневай, Віцьбіча, Ільяшэвіча, Казака-Крушыны і іншых.
Працягнем цытаванне цэнзарскага дакумента ўзору 1989 года: «Приложение: Список книг на четырех листах, ДСП , только адресату», — і пасля подпіса начальніка Галоўліта А. С. Лазоўскай падаваўся «крамольны» спіс тых кніг, якія загадвалася «ачысціць». Сярод іх — «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, «Беларускі рух ад 1917 да 1920 г.» Язэпа Варонкі, «Песні выгнання» Тодара Лебяды, «Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаазначэнне народа» Фабіяна Шантыра і пад. У другой частцы немалога «забароннага» спісу — «Школьная карта Беларусі», «Беларускарускі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча, «Хрэстаматыя па беларускай літаратуры для ІХ–Х класаў» і дзясяткі іншых. Нават вучэбны дапаможнік «Нацыянальная палітыка камуністычнай партыі» (1933 года выдання).
Супрацоўнікі «Галоўнага ўпраўлення па ахове дзяржаўных тайнаў у друку» дзейнічалі зладжана і апантана. Ззаду — доўгія стагоддзі вопыту. Аднак жа якая дзяржаўная тайна адкрывалася ў забароненым зборніку ў 32 старонкі вучнёўскіх вершаў Люцынскай беларускай гімназіі — дзяцей беларусаў латвійскай дыяспары — «Ластаўка», выдадзеным у 1924 годзе?! Зрэшты, як і ў іншых… Апроч адной: любові да беларушчыны. Разгадаць тую таямніцу не змог яшчэ ніводзін цэнзар, таму і выбіралі прасцейшае: канфіскаваць…
Так было раней, так застаецца і сёння: хто хоча знішчыць Беларусь, спачатку забараняе яе кнігу.
Алесь Пашкевіч, budzma.by
Насамрэч іх было крыху больш, і гэтага не мог не ведаць аўтар працы «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В. Ластоўскі. Аднак выходзілі тыя кнігі-брашуры напаўлегальна, амаль саматужна — то як балгарская, то як лацінская. Адно каб не беларуская.