Моўнае пытаньне ў Беларусі здаўна выклікае бурлівыя дэбаты, спрэчкі і крыўды. Падзеі ў Беларусі 2020 году і вайна ва Ўкраіне правялі тлустую лінію ў папярэдніх дэбатах і нагадалі прынцыпова, гвалтоўна, гостра аб гісторыі і сучаснасьці моўнай ідэнтычнасьці беларусаў-ак, піша Уладзіслаў Гарбацкі ў «Новым Часе».
Аўтарка ілюстрацыі мастачка Караліна Гульшані (Karolina Gulshani)
Калі адразу пасьля 2020 году расейскамоўныя апынуліся ў сымбалічным тупіку, сымбалічнай мяншыні (хоць і ў пэўнай дэмаграфічнай бальшыні), але перад дылемай: працягваць карыстацца (новай) мовай імпэрыі і гвалту, вайны, рашызму ці перайсьці, вярнуцца да забытай (старой) мовы продкаў, да мовы, ад якой крывава, гвалтоўна імпэрыя адвучыла беларусаў. Зразумела, такой дылемы ніколі не паўставала хіба перад зацятымі русацяпамі, пра якіх тут і няма мовы.
Пасьля 2020 году ў размовах, паводзінах расейскамоўных беларусаў і беларусак чыталася паніка, самота, згуба арыентыраў і пошук новых. Як вядома, частка беларускіх расейскамоўных беларусізаваліся і беларусізуюцца дасюль, выбраўшы шлях пераходу да беларускай мовы. Паступова яны пазбавіліся панікі, самоты, комплексу. Але значная частка расейскамоўных беларусаў-ак пасьля пэўнага замяшаньня ўсё ж выбрала шлях эгаізму, ляноты, каляніялізму. Шлях пошуку адвечных апраўданьняў. А часам проста шлях цынізму. Па інэрцыі яны выбралі звычку, лягчэйшы шлях, зручнасьць; а яшчэ досыць часта яны супакойваюць сябе «нармальнасьцю рэчаў» і цьверджаньнем таго, што расейская мова, сапраўды, стала і нашай мовай, а таму няма чаго і сароміцца прызнаць гэта. Калі прызнаем гэта, то варта тады прызнаць усю карціну цалкам, як гэта было, як яна стала нашай ці хутчэй як яе паспрабавалі зрабіць нашай, а не выбіраць зручныя адарваныя вобразы і апраўданьні. Можа ёсьць сэнс прыгадаць, што бацькі большасьці сучасных расейскаймоўных беларусаў, няма сумневу, размаўлялі ў маладосьці і дасюль размаўляюць на рэштках беларускай мовы: пэўным беларускім дыялектам, трасянкай. А бабулі і дзядулі тых самых расейскамоўных часта ня ведалі ці блага ведалі расейскую мову, зь іх кпілі, сьмяяліся і ўсяляк перавучвалі. Часта так, як М. Гарэцкі апісаў у сваёй цудоўнай і вусьцішнай аповесьці «Ціхая плынь»: пісьменьнік апісаў як за царскім часам настаўнікі зьдзекваліся зь беларускіх шкаляроў праз тое, што ў школе яны размаўлялі па-беларуску. Ім чаплялі біркі, каб зь іх усе сьмяяліся, а потым бацькі плацілі за гэта штраф. А цяпер многія расейскамоўныя беларусы гэтак жа сьмяюцца зь беларускамоўных.
Многіх сваякоў цяперашніх расейскамоўных выслалі, забілі ці траўмавалі-зьнявечылі праз тое, што яны былі беларус-к-амі ды яшчэ беларускамоўнымі. Беларускую інтэлігенцыю расстралялі, выслалі ў Сыбір і забаранілі пісаць па-беларуску і часта вяртацца на радзіму. Беларускія клясы, школы расфармавалі, зачынілі і/ці перавялі на расейскую мову. А цяперашнія многія расейскамоўныя ў Беларусі кажуць, што «расейская мова заўсёды была нашай роднай», а «беларускай мы і ня ведалі». Гэта альбо татальнае няведаньне ці па-просту цынізм. Многія да ўсяго сьцьвярджаюць, што «расейская мова нам шмат чаго дала».
Бязумоўна, яна дала нам вялікую траўму, комплекс непаўнавартасьці, страх, забыцьцё, калектыўную амнэзію, няведаньне ўласнай гісторыі, мовы, культуры, праз вынішчэньне інтэлектуальнай часткі грамадзтва адставаньне ў гуманітарным і тэхнічным разьвіцьці і ў разьвіцьці, як грамадзтва, нацыі, дзяржавы... Праўда, прыгэтым многім расейскамоўным цынікам Беларусі расейшчына дала працу за мяжой ва ўнівэрсытэтах на катэдрах русістыкі, расейскіх і (пост)савецкіх штудыяў і прыналежнасьць да вусьцішнага вялікага «мы», апісанага ў шматлікіх дыстопіях, у тым ліку ў вядомым рамане Замяціна «Мы». Ці не таму часта чуваць менавіта галасы расейскамоўных беларусаў-ак з замежжа, якія спрабуюць выказацца на тэму, якая іх ужо ня тычыцца, але ж яны ўсё адно прамаўляюць, каб знайсьці апраўданьне перадусім свайму эгаізму і траўмаванасьці. Чаму ўсе аднабакова кажуць пра плюсы расейскай мовы, замоўчваючы мінусы? Бо яны таксама ёсьць, але беларусы-скі, у тым ліку беларускамоўныя, праз адвечную далікатнасьць маўчаць і саромяцца прызнаць, што расейская мова можа быць перашкодай на шляху разьвіцьця Беларусі, лішнім элемэнтам і па-просту паразыткай і траўмай.
Большая частка цяперашніх расейскамоўных беларусаў-ак размаўляюць на адрознай ад іхных продкаў мове, вельмі часта маюць радыкальна іншыя ідэалягічныя ўстаноўкі і каштоўнасьці, чымся мелі іхныя бабулі і дзядулі. Той факт, што ў гістарычнай пэрспэктыве адна і тая нацыя размаўляе на розных мовах ці ў разрэзе розных пакаленьняў адной нацыі мяняе мовы з розных прычынаў — вядомы сацыялінгвістычны факт, які сустракаецца ў многіх культурах. Але калі гэта адбываецца гвалтоўна, прымусова, зь вялікімі ахвярамі, і прыгэтым розныя пакаленьні ці групы ўхваляюць вынішчэньне роднай мовы і апраўдваюць дамінаваньне новай мовы, — гэта выклікае заклапочанасьць ці хаця б зьдзіў. Тут прысутнічае ідэалягічны момант, момант прапаганды, момант працы імпэрыі па вынішчэньні моваў, культураў, якія замінаюць функцыянаваньню імпэрыі.
Дзіўна, што вельмі часта беларускія расейскамоўныя асобы з фэмінісцкіх і гендарна чульлівых колаў праяўляюць моўную беларусафобію. Чакаецца, што якраз яны добра ведаюць і разумеюць зьяву хатняга гвалту і як траўматызаваныя ахвяры, збольшага жанчыны і дзяўчаты, але часам і хлапцы, на працягу жыцьця не даюць рады справіцца з траўмай. У дадатак, траўма перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Падобную сытуацыю — як фізычнай, так і сымбалічнай траўмы — зьведваюць і зьведалі ў гісторыі беларускамоўныя асобы. Толькі гэтага часта ня бачаць многія расейскамоўныя беларускі і беларусы з фэмінісцкай супольнасьці.
І такі эгаізм, а часам і цынізм, няма сумневу, мае імпэрскія, каляніялісцкія карані, уласьцівыя расейцам, а цяпер і частцы расейскамоўных беларусаў-ак. У пэўнай ступені, не зважаючы на вайну, гэта тычыцца і расейскамоўных украінцаў.
Відавочны эгаізм праяўляецца да ўсяго ў розных стэрэатыпных апраўданьнях, якія расейскамоўныя бясконца шукаюць, выдумляюць ці зьвяртаюць увагу на Б, ігнаруючы А: напрыклад, «так было заўсёды», «Віцебск быў заўсёды расейскамоўны і ідышамоўны», «беларуская мова ня можа абслугоўваць філязофіі», «пакуль важна думаць пра сур’ёзныя эканамічныя і геапалітычныя выклікі, мова пачакае...» і пад.
Насьмешкі зь перакладаў на беларускую наагул і ў прыватнасьці расейскай літаратуры на беларускую — яшчэ адна ўлюбёная тэма ўпікаў расейскамоўных эгаістаў, якія лічаць, што сэнсу няма ў такіх перакладах, бо беларусы і так добра разумеюць па-расейску. Аднак якраз пераклад — важны этап на шляху да моўнай упэўненасьці, таму крытыка расейскамоўных часта цалкам супадае з практыкай беларусафобскіх уладаў СССР і Беларусі, якія ня тое, што вынішчылі інстытут і рэсурс перакладу з заходніх моваў на беларускую, бо баяліся ўплыву і дысыдэнцтва праз мову, а па-просту не стварылі яго як сьлед.
Ну і гэтае вядомае усім у вуснах расейскамоўных «мова», «разговаривать на мове» і пад. — яшчэ адна страшэнная насьмішка і эгаізм, бо падкрэсьліваецца быццам нейкая экзатычнасьць, іншасьць, другаснасьць беларускае мовы. Расейскамоўныя нібы спускаюцца з сваіх нябёсаў «вялікай расейскай культуры» і ўжываюць хаця б адно слова па-беларуску, нібы шануючы беларускую мову, а, насамрэч, крывадушнічаюць і кпяць.
Падаецца, найлепшы адказ расейскамоўным цынікам і эгаістам даўна далі нашыя клясыкі. Так, у сваіх запісах розных гадоў Барыс Сачанка ў 1991 годзе распавёў ужо хрэстаматыўную гісторыю зь беларускага падсавецкага жыцьця:
«Настаўніца адной зь менскіх школаў, прыйшоўшы на занятак расейскай мовы, з захапленьнем пачала хваліць свой прадмет:
— Какой прекрасный и богатый русский язык! Что бы мы делали, если бы не было его?
Адна з вучаніцаў паднялася з-за парты і сказала:
— Тады б мы размаўлялі па-беларуску.
Настаўніца разгубілася, доўга не магла і слова вымавіць».