• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
04.01.2023 | Культура Мастацтва

Аляксандр Рак: «У маляваных дыванах» зашыфравана душа народа

Аляксандр Рак — галоўны захавальнік фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Дзякуючы яму і ягоным калегам з музея-запаведніка, у Заслаўі сабрана вялікая калекцыя «маляваных дываноў», якая перарасла ў асобны музей, які днямі адчыніць свае дзверы. Памяшканнем для яго стаў флігель-эрмітаж былога палаца Пшаздзецкіх. У свой час там знаходзілася карцінная галерэя: прасочваецца пэўная гістарычная пераемнасць. Аб экспазіцыі новага музея з Аляксандрам Ракам паразмаўляла «Планета Беларусь».


kgm5vlhuy7d7q9xyel0uifikbey0d8el.jpg

— Чаму менавіта ў Заслаўі з’явіўся менавіта такі музей? Наколькі нам вядома, у ім знаходзіцца ўсяго адна праца з гэтай мясцовасці.

— Так атрымалася, што першым прадметам, які патрапіў у музей-запаведнік, быў менавіта «маляваны дыван» працы Язэпа Драздовіча.

Музей ствараўся напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя: і побач нешта істотнае для папаўнення калекцыі было цяжка знайсці. Таму першыя экспедыцыі ладзіліся ў Віцебскую і Брэсцкую вобласці. Падчас такой паездкі па Віцебшчыне мы і знайшлі творы Драздовіча.

52g5qf1qrty32zkixh3gn1oauabpw0vo.jpg
«Краявід-з-балюстрадай», Я.Драздовіч, 1950-1954 гг.

У 1998-м калекцыю папоўніла праца Язэпа Драздовіча — «Паляўнічы з сабакам». Тэму было вырашана разьвіваць. У 90-я гады я і Юры Малаш ездзілі ў асноўным па Глыбоцкім раёне, крыху пазней даведаліся яшчэ адно імя мастака з Глыбоччыны, Генадзя Кузаўкова. У Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах знайшліся невялікія «дыванкі» і макаткі, аўтары якіх заставаліся невядомымі. Калекцыя фармавалася, расла, у 2004 у ёй з’явілася яшчэ адна праца Язэпа Драздовіча, макатка «Лісіца».

nfrgc2i2d3bchvxz0h1ks919ykwgg8d9.jpg
«Паляўнічы з сабакам». Язэп Драздовіч, 1950–1954 гады

Пазней сярод знаходак пераважна былі дываны арцельнай вытворчасці (канец 1950-х і далей). Аўтарскіх твораў сёння ў свабодным доступе амаль ўжо не засталося...

— А якія рэгіёны апынулісяя самымі «ўраджайнымі» на знаходкі?

— Віцебская вобласць! Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі, Мёрскі раёны. З Пастаўскага таксама прывезлі з дзясятак дыванкоў. А яшчэ вылучаецца Случчына з калекцыяй працаў Алены Кіш. З больш як 300 твораў, створаных ёю ў 1930-1940 гады, сёння вядома 13 працаў, 11 з іх знаходзяцца ў фондах нашага музея-запаведніка.

lt6qh1pbcx5orwab214g4jh0rw2oul5c.jpg
«Рай». Алена Кіш, 1930-1940 гады

Падчас экспедыцыі па Случчыне нам распавядалі пра мастачку, якая малявала дываны, і мы думалі, што гаворка ідзе пра Алену, але ёй апынулася Ядвіга Вайцешык. Так мы даведаліся яшчэ адно новае імя. Пазнаёміліся з сынам Ядзвігі, які падараваў нам некалькі працаў маці, за што мы яму вельмі ўдзячныя!

Яшчэ адзін цікавы аўтар, якога мы «адкрылі», — гэта Хведар Сухавіла, вучань Драздовіча. У нас у калекцыі тры ягоныя працы.

mswdgpupfs30h9kge2clc9s5kcf274ui.jpg
«Пейзаж з лебедзямі». Фёдар Сухавіла, 1953 год

Не так даўно быў знойдзены кілімок і на Міншчыне. Выпадкова, праглядаючы на «Куфары» аб’явы аб продажы нерухомасці, убачылі фота інтэр’еру вясковай хаты ў Вілейскім раёне з «маляванкай» на адной са сценаў. Патэлефанавалі: хатка ўжо прададзена. Але кілімок нам атрымалася набыць, ён апынуўся рэдкім, падобных больш не сустракалася: на ім выява анёла, а ўпрыгожаны ён аскепкамі бітых цацкаў для ўпрыгожвання ялінкі.

— Атрымліваецца практычна праца дэтэктываў... Што Вы адчуваеце падчас пошукаў?

— Нам займальна шукаць. Апошняя экспедыцыя на Глыбоччыну была ў 2018 годзе, знаходкамі сталіся адзін арцельны кілімок, адзін — фабрычнай вытворчасці, тры дні ездзілі безвынікова, ад вёскі да вёскі, дзе мясцовыя жыхары расказвалі пра двух братоў, якія пісалі кілімкі, і ў рэшце рэшт, на мяжы Шаркаўшчынскага раёна, зазірнулі ў хату наўскрайку. Дзед завёў нас у камору, дзе, побач з каўбасамі, вісела маляванка тых самых братоў. Мы даведаліся, што гэта Васіль і Уладзімір Крывёнкі.

— А хто-небудзь з мясцовых жыхароў Вам дапамагае, падключаецца да «расследаванняў»?

— Людзі сёння самі прапануюць, дасылаюць маляваныя працы, нядаўна адна жанчына прывезла кілімок ад бабулі з Аршаншчыны.

Калі рабілі выставу ў музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, па тэлебачанні прайшоў невялікі сюжэт, у якім мы расказвалі пра «маляванкі», і пра тое, што іх сёння вельмі цяжка адшукаць — у адказ з Лідскага раёна нам даслалі два кілімкі.

Яшчэ адну выставу з назвай «Заслаўе — скарбонка беларускай маляванкі» мы зладзілі ў 2016 годзе ў Магілёве падчас працы форуму музеяў Беларусі, і тады дырэктар Драгічынскага музея Сяргей Уладзіміравіч Гранік запрасіў нас да сябе.

З гэтага моманту ў Драгічынскі раён было наладжана некалькі экспедыцый. Тут мы пазнаёміліся з працамі Ніканора Зосіка. З дапамогай Сяргея Уладзіміравіча знайшлі пяць кілімкоў. Акрамя таго, у сярэдняй школе вёскі Закозель таксама выявіліся тры ягоныя працы.

fu2nadqob49pouxlghqcd5z1rch98yt7.jpg
«Ў лесе». Ніканор Зосік, 1955–1965 гады

Лёс Ніканора трагічны і паказальны ў кантэксце гісторыі нашай краіны: заступіўся за аднавяскоўку, у якой «рэквізавалі» карову падчас калектывізацыі, і атрымаў турэмны тэрмін.

Адна з працаў у нашай калекцыі напісана на прасціне, звычайна такі матэрыял майстрамі не выкарыстоўваўся. Стала цікава, і вось што мы даведаліся. Да 1953 года яе аўтар, Іпаліт Ворса, быў у ГУЛАГу, дзе для кіраўніцтва лагера пісаў карціны і дываны. Часта матэрыялам тут служыла пасцельная бялізна. Па інерцыі, калі ён вярнуўся ў Пастаўскі раён, працягнуў пісаць на прасцінах.

tfjj2kd2ee4mx4mrb3mx01f8rm91jx0f.jpg
Іпаліт Ворса. Праца «Дзяўчына і музыка»

— Атрымліваецца, у Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» сёння — самая вялікая калекцыя «маляванак»?

— Усяго ў нас больш за 260 працаў, у тым ліку самая прадстаўнічая калекцыя Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Скажу адразу, што сапраўдных «насьценнікаў» народных мастакоў каля 180 адзінак. А ў Глыбоцкім музеі, напрыклад, усяго дываноў 15...

— Дык усё жі чаму менавіта вы заняліся гэтай тэмай? У вас што не было ў гэтай сферы канкурэнтаў?

— Для пошуку неабходны транспарт, ім валодаюць нешматлікія музеі. Але гэта другаснае, а ў першую чаргу, вядома, патрэбнае жаданне. У пачатку 90-х можна было знайсці шмат чаго, але час, нажаль, мінуў, і бабулі, у якіх гэтыя кілімкі ўпрыгожвалі сцены, сышлі. Дзесьці за непатрэбнасцю гэтыя прадметы выкінулі, дзесьці іх «падабралі» прадпрымальныя шукальнікі. Дарэчы, з Маскоўскага музея традыцыйнага мастацтва народаў свету мне прывезлі набор паштовак з нашымі маляванкамі, ён так і называецца «Беларускія кілімкі». У іх 25 экспанатаў на дадзеную тэму.

— Наколькі сёння гэтыя працы ўяўляюць гістарычную, культурную, духоўную і іншую каштоўнасць? Што яны сімвалізуюць?

— Гэта яскравыя ўзоры інсітнага (наіўнага) мастацтва, аднаго з напрамкаў прымітывізму. Яны, напрыклад, увайшлі ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва, выдадзеную ў Югаславіі ў 80-х. Сярод 800 імёнаў мастакоў з 50 краін, побач з сусветна вядомымі мастакамі-прымітывістамі: французам Анры Русо, грузінам Ніка Пірасмані і іншымі, знаходзіцца імя нашай Алёны Кіш. Як вядома, свае насценныя дываны мастачка стварала паводле замоваў падчас паездак па Мінскай вобласці. З пачатку 1930-х гадоў яна пісала дываны на замову, і часта узнагародай за іх былі прытулак і прадукты. Мастачка любіла фантастычна-алегарычныя тэмы: «Рай», «Ліст да каханага», «Дзева на водах», «У райскім садзе» і інш. У іх увасобіліся імкненне людзей да лепшага — райскага, гарадскога — жыцця і надзея на яго.

r3wp49r7sb4g6lg72981uhm0jyiom161.jpg
Дзева на водах. А.Кіш, 1930–1940 гады

Творы Алены Кіш уражваюць кампазіцыйнай смеласцю і багатай фантазіяй. Непасрэдныя і шчырыя працы надавалі інтэр’еру жытла яскравую дэкаратыўнасць і казачнасць, дарылі недасяжную мару. Для замоўцаў яна стварала розныя варыянты. Напісаныя нават паводле вядомага сюжэту, усе яе кілімкі адрозніваліся адзін ад аднога.

Росквіт мастацтва маляваных дываноў у даваенны і пасляваенны час тлумачыцца тым, што інтэнсіўная перабудова вёскі і паляпшэнне інтэр’еру вясковага жытла патрабавалі яго дэкаратыўнага афармлення. Пасля вайны набіваныя і размаляваныя дываны былі амаль у кожнай сялянскай хаце.

0vdwjvlwidk9yclgy8qguh1bqlxy7tfa.jpg
Макатка «Букет у кошыку з коцікам», Г.П. Кузаўкоў, 1950–1952 гады

Дыванкі пісалі і народныя майстры, і арцелі, у 60-я гады з’явіліся працы фабрычнай вытворчасці, якія мы памятаем з фільма «Аперацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка». У асноўным матэрыяламі служыла тое, што было ў наяўнасці ў мастакоў ці ў замоўцаў. Гэтае лён, які фарбавалі ў чорны колер або цырата, кардон, папера. Аўтар збіраў па вёсцы матэрыялы, яму замаўлялі сюжэты: мішкі на паляне, букет у вазе, лісіца ці алень, казачныя птушкі. А потым ён пісаў і раздаваў працы замоўцам. Або, як той жа Драздовіч, мог сяліцца ў вёсцы і пісаць за «харчы». Дарэчы, у пошуках нам вельмі дапамаглі апублікаваныя ў 90-я ў часопісе «Маладосць» «Дзённікі Драздовіча» з падрабязнай справаздачай пра геаграфію яго малюнкаў.

jf9pp9z3rpem1c7qvq4t8p88a18zpaqa.jpg
«Янка і Алена». Аўтар невядомы, 1968–1975 гады

А з Заслаўя ў нас, як ужо было згадана, усяго адна праца, з дому заможнага краўца. У яго ўнучкі мы куплялі прадметы інтэр’еру: шафы, раскройны стол, сапраўдны каваны аршын і іншыя рарытэты — і сёе-тое яна перадала нам у дар.

— Назавіце, калі ласка, імёны найбольш вядомых аўтараў маляванак.

— Гэта класікі, Язэп Драздовіч і Алёна Кіш, пазнейшыя Ніканор Зосік, Ядвіга Вайцешык, Хвдар Сухавіла, Генадзь Кузаўкоў, Міхаіл Мароська, Сяргей Шурпік, Вілюсь Скіпар, а яшчэ Палюлян і Туча (магчыма, гэта нават не прозвішчы, а мянушкі гэтых аўтараў). ).

9hjfydgryyg7xh11s126xuywy2dq09hg.jpg
«Накцюрн». Язэп Драздовіч, 1937 год

Працы сучасных мастакоў, Аляксея Марачкіна і Віктара Маркаўца, спадкаемцы «маляванкаў», у нас таксама ёсць.

o5vg3yvd30uphz18b77zwwzdyr2e9yms.jpg
«Скрыпачка». Палюлян, 1949 год

З 2000 годза ў Заслаўі праводзіліся пленэры грамадскага аб’яднання «Мастак», куды ўваходзілі і прафесійныя мастакі, і маладыя, нашы заслаўскія дзеці. У экспазіцыі прадстаўлены і гэтыя сучасныя працы.

— Ці можна больш падрабязна распавесці нашым чытачам пра новы музей?

— На плошчы 300 квадратных метраў размесцяцца 4 раздзелы.

Першы — «Дываны ў інтэр’еры сялянскай хаты» — бо з’явіліся яны не на роўным месцы, а сталі працягам традыцыі вышытых і тканых вырабаў, а таксама традыцыйнай інкрустацыі і роспісу куфраў, якія мелі шырокі распаўсюд у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Такі размаляваны «куфар» для «пасагу», знойдзены ў суседняй з намі вёсцы Закаблукі Мінскага раёна, можна будзе пабачыць у экспазіцыі першага раздзела.

Другі раздзел экспазіцыі музея — на тэму творчасці Алены Кіш, дзе таксама будуць размешчаныя працы Уладзіміра Ламейкі ў гонар мастачкі: скульптура, габелены, посуд, распісаны з выкарыстаннем элементаў працаў Алены.

193tttvxj292xn4tq04vdy4f5h3h9lup.jpg
Дыван «Тэатральны». Язэп Драздовіч, 1952 год

Трэцяя зала называецца «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча» і прысвечана майстру і ягоным вучням. Час ад часу, калі пад рукой не было матэрыялаў, на якіх можна было пісаць, мастак размалёўваў драўляную мэблю. Адна з такіх шафаў, з яскравымі папугаямі, будзе прадстаўлена ў экспазіцыі.

spld5ar1l7wiyx1vfkd1afim5iocdk3s.jpg
Макатка «Музыка і танцорка». Аўтар невядомы, 1942 год

Чацвёрты раздзел — «Народныя дыванкі», дзе ёсць і аўтарскія, і ананімныя працы. Прадугледжваецца, што экспазіцыя будзе зменнай, бо наша калекцыя вялікая, і час ад часу з фондаў музея будуць выстаўляцца новыя працы.

— Дзякуй за цікавы аповед, зычым плённай працы новаму музею і запрашаем нашых чытачоў у захапляльнае падарожжа па маляваных марах аб райскім жыцці!

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя

Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні

Трагедыя, што адбылася ў вёсцы Хатынь, не павінна быць забытая, як і падобная гісторыя сотняў іншых вёсак Беларусі....

valiancina_shauchenka
Культура

«Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Быццам бы жыццё абарвалося» Маргарыта Ляўчук мае праблемы з голасам

Канцэрты Маргарыты Ляўчук у Варшаве і Гданьску, прымеркаваныя да Дня Волі, адмяняюцца, але гэтым разам не праз...

valiancina_shauchenka
Грамадства Літаратура

Беларусы Швецыі падрыхтавалі аўдыяварыянт кнігі «Цудоўнае падарожжа Пыхыча й Шустрыка па Беларусі і яе гісторыі»

Прэм’ера аўдыёварыянта кнігі адбудзецца 25 сакавіка. Пра гэта паведамілі «Беларусы Швецыі» на сваёй старонцы ў Фэйсбук. ...

valiancina_shauchenka
Замежжа

У Беластоку адкрылася фотавыстава святкаванняў Дня Волі ў розныя гады

Некалькі дзясяткаў фотаздымкаў з розных гадоў і з розных гарадоў Беларусі прадстаўлены ў беластоцкім хабе «Новая...

Апошнія навіны

    Гісторыя
    Міты Другой Сусьветнай вайны. Да дня спаленьня Хатыні
    Культура
    «Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Быццам бы жыццё абарвалося» Маргарыта Ляўчук мае праблемы з голасам
    Грамадства Літаратура
    Беларусы Швецыі падрыхтавалі аўдыяварыянт кнігі «Цудоўнае падарожжа Пыхыча й Шустрыка па Беларусі і яе гісторыі»
    Замежжа
    У Беластоку адкрылася фотавыстава святкаванняў Дня Волі ў розныя гады
    Грамадства Кіно
    Мінкульт адмяніў правядзенне кінафестывалю «Нефільтраванае кіно»
    Краіна
    Вуліца «БНР» замест 60 год СССР, Езавітаўскія чытанні замест Паскевіцкіх і шыльда Язэпу Няцецкаму замест Леніна на вакзале
    Культура
    Аўтарскія дыванкі і прыгожыя габелены прадставяць майстры народных рамёстваў на выставах у Віцебску
    Грамадства
    Святлане Алексіевіч заблакавалі банкаўскі рахунак у Германіі
    Кіно
    Што вядома пра серыял пра Уладзіміра Мулявіна «За паўгадзіны да вясны», трэйлер якога з’явіўся ў сеціве?
    Кіно
    Беларуская анімацыя: Іван Гапіенка і яго фільмы
    Музыка
    У Беласток з першым сольным канцэртам завітаў бард Віктар Шалкевіч
    Мастацтва
    «Я маю бінты, каб апрацаваць гэтыя раны». LAZARET — персанальная выстава Цемры ў Варшаве.
    Грамадства «Музыка»
    Удзельнікам гурта Litesound прысудзілі «хатнюю хімію»
    Грамадства Літаратура
    Словы, якія забіваюць, і словы, якія лечаць. Што можа паэзія ў часы, калі не да вершаў?
    «Разумняты»
    Мінуўшчына і суаснасць. Распавядаем пра беларускія гарады ў новым выпуску відэапраекта для дзяцей «Разумняты»

Афіша

  • 23.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Прэзентацыя трэцяга тома трылогіі «Галасы Беларусі» ў Вільні

  • 23.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 23.03 — 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 23.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 23.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 23.03 — 26.03«Штучны інтэлект: мастак ці машына?»: выстава ў Мінску
  • 23.03 — 26.03Выстава «Джаз! Каты! Вясна!» у Мінску
  • 23.03 — 26.03Выстава «Веснавыя святы, абрады і звычаі беларусаў» у Гродне

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • У мастачкі Нікі Сандрас здарылася кровазліццё ў мозг. Ёй патрэбна дапамога
    • Абламейка: «У беларусаў па вялікім рахунку няма сяброў на гістарычным полі»
    • Ведаеце, на якой мове насамрэч размаўлялі ў Беларусі ў канцы 18 стагоддзя?
    • Ва Украіне з’явіўся сайт пра тое, чаму ў Беларусі ўсё так і беларусы такія
    • Пісьменніца Наталка Харытанюк запусціла відэаканал с урокамі ангельскай праз беларускую
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип