Алег Хаменка:”Без дабрачыннасці культура пераўтвараецца ў сервіс”

Як звярнуць увагу на сацыяльныя праблемы і што агульнага між культурай і дабрачыннасцю тлумачыць напярэдадні “Добрага фэсту”, яго будучы удзельнік – лідэр гурта “Палац” Алег Хаменка.

aleg-hamenka

(c)

Алег Хаменка

— У чым на ваш погляд значнасць дабрачынных канцэртаў? Ці дастаткова такіх акцыяў на сёння?

— У першую чаргу дабрачынны канцэрты — гэта не грошы, а нагода звярнуць увагу на нейкія сацыяльныя праблемы, на тое, пра што мы ў звычайным жыцці забываемся за сваімі ўласнымі клопатамі.  І пра дзяцей, якім цяжка, і пра выхавацеляў, якія з імі працуюць — пра гэта можна нагадаць праз дабрачынныя акцыі. Мы заўжды адгукаемся на прапановы такога кшталту. Пэўна ў Беларусі, калі параўноўваць з замежным досведам, такіх акцыяў замала. Справа ў тым, што ёсць некаторыя праблемы з арганізацыяй такіх мерапрыемстваў.  На сённяшні час мы маем не самае якаснае заканадаўства, звязанае з правядзеннем гэтых канцэртаў. Калі канцэрт праходзіць у нейкай канцэртнай залі, то не кожная пляцоўка можа дазволіць сабе працу ў рэжыме дабрачыннасці.

— А якім чынам на дабрачыннасць мусіць паўплываць музыка?

—  Пэўна, тут музыка не настолькі важная. Тут важнае тое, што ў любым мастацтве, ды й у любой сферы ёсць неабыякавыя людзі, ці як іх называюць — сацыяльна актыўныя людзі, якім не ўсё роўна. І гэта нагода сабрацца разам, каб прыцягнуць увагу грамадскасці. Культура, міласэрнасць і музыка — гэта, безумоўна, тоесныя рэчы. Калі ў культуры адсутнічае дабрачыннасць і міласэрнасць, яна пераўтвараецца ў сервіс.

— Ці мусяць дабрачынныя канцэрты нейкім чынам адрознівацца ад звычайных?

— На такіх канцэртах хутчэй ты граеш не тое, што хоча публіка, а тое, што хочаш ты. Часта музыкі імкнуцца так ці інакш заігрываць з публікай. “Палац” да гэтага ніколі не імкнуўся і, пэўна, праз гэта таксама, дабрачынныя акцыі нам цікавыя.

— Канцэрт праходзіць пад лозунгам “Будзьма міласэрнымі”, на вашу думку, як мусіць праяўляцца гэты лозунг у паўсядзённым жыцці?

— Па першае — гэта адчуванне таго, што табе не ўсё адно, што адбываецца навокал. Па-другое — гэта прычыненне да таго, што адбываецца ў соцыуме, бо соцыум не толькі выхоўвае,  ён, па вялікім рахунку, рухаецца ў цывілізацыю. Дабрачыннасць залежыць ад узроўню культуры. Чым вышэй узровень культуры — тым больш дабрачыннасці. Тое багацце, якое чалавек здолеў сабраць, зарабіць,  безумоўна, павінна  быць скарыстана  на добрыя мэты.

Дабрачынны канцэрт пад назвай “Добры Фэст” адбудзецца ў клубе “Рэактар” у Мінску 22 красавіка.

Клуб “Рэактар знаходзіцца па адрасе: вул. В. Харужай, 29.

Кошт уваходу: 20000 (танцпляц загаддзя), 30000 (танцпляц у дзень канцерту), 40 000 (столік).