Якія скарбы мы незваротна страцім праз 20 гадоў? Хто дагэтуль не мае годных могілак у Беларусі? Чаму не трэба чапаць помнікі Леніну на цэнтральных плошчах? Пра сітуацыю з гісторыка-культурнай спадчынай “Будзьма” пагаварыла са старшынёй найстарэйшай грамадскай арганізацыі “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антонам Астаповічам.
Рэтраспектыва за паўстагоддзя
— Таварыства ўзнікла ў 1966 годзе. Чым гэта было абумоўлена тады?
— Гэта было звязана з агульным саюзным трэндам — таварыствы аховы помнікаў пачыналі ўзнікаць ва ўсіх рэспубліках. БССР, дарэчы, была апошняй. Працэс тармазілі, стаўленне ўлады да захавання гісторыка-культурнай спадчыны было негатыўным. У РСФСР у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў паўстае рэстаўрацыйная школа і пачынаецца рэстаўрацыя культавых аб’ектаў, а ў нас — руйнаванні. Напрыклад, у Смаленску аднаўляюць Петрапаўлаўскую царкву XII стагоддзя, якую падарвалі ў 1936 годзе, а ў нас у гэты перыяд такую ж старадаўнюю Дабравешчанскую царкву ў Віцебску знішчаюць. Мабыць, у Савецкай Беларусі таварыства не арганізавалася б зусім, калі б пэўныя людзі не згулялі на тым, што такое аб’яднанне будзе акумуляваць сродкі на ўтрыманне і развіццё савецкай манументальнай прапаганды.
Спачатку гэта была шматлікая “добраахвотна-прымусовая” грамадска-дзяржаўная арганізацыя, куды запісвалі сябраў са школьнага ўзросту. Я, напрыклад, сябра таварыства з 1974 года, тады мне было дзесяць. У школы прыходзілі інспектары таварыства, выдавалі сяброўскія пасведчанні і раз на год бралі 30 капеек. Гэтыя сродкі акумуляваліся на рахунку і ішлі не толькі на манументальную прапаганду. За тыя грошы адбывалася рэстаўрацыя Сафійскага сабора ў Полацку, кальвінісцкага збора і касцёла ў Заслаўі, кальвінісцкага збора ў Смаргоні, былі пэўныя працы ў Брэсцкай крэпасці, Траецкім прадмесці.
З 1992 года таварыства зрабілася чыста грамадскім аб’яднаннем, звычайным НДА. Сёння ў нас амаль 400 сяброў, каля 100 з якіх — “актыўныя штыкі”. Прыемна, што сярод нас не выпадковыя людзі, а спецыялісты: рэстаўратары, архітэктары. То бок таварыства — яшчэ і экспертная супольнасць.
— Калі параўноўваць савецкі перыяд і час незалежнасці, які можна назваць больш спрыяльным для захавання і аднаўлення спадчыны?
— Самыя светлыя часы — 70-80-я гады мінулага стагоддзя, калі ў нас паўстала свая рэстаўрацыйная школа, фактычна ўжо не назіралася фатальнага руйнавання гісторыка-культурнай спадчыны, была прынятая праграма рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Мінска, аналагічныя праекты распрацоўваліся для іншых гарадоў. А ў 90-я гады ўсё развалілася. У Беларусі цяпер няма сваёй школы рэстаўрацыі. У 1999 годзе адмянілі ліцэнзаванне рэстаўрацыйнай дзейнасці, цяпер “і жук і жаба” з любой праектнай арганізацыі могуць працаваць у гэтай галіне, няма і нарматыўнай базы па рэстаўрацыйных працах.
Топ-3 абуральных парушэнняў
— Якія самыя абуральныя парушэнні і разбурэнні адбыліся ў сучасны перыяд?
— Найгоршая сітуацыя — з гістарычным цэнтрам Мінску. Такая процьма парушэнняў, што мы на гэтым месцы проста паставілі тоўсты крыж.
Вельмі балючая тэма — брутальная перабудова драўляных цэркваў XVII–XIX стагоддзяў: “ацыбульванне”, змены выгляду. Для цікавасці можаце зайсці на globus.tut.by, знайсці Драгічынскі раён, вёску Валавель і паглядзець, як старажытная драўляная царква выглядала некалькі гадоў таму і як — цяпер. І гэта няспынная хваля. Вельмі рэдка настаяцель і прыхаджане разумеюць гістарычную адметнасць будынкаў. У нас пакуль не адбыўся працэс прысваення спадчыны, мы не ўсвядомілі яе каштоўнасці.
Увогуле сёння сітуацыя катастрафічная. 3 лютага мінулага года набыў сілу Кодэкс аб культуры. Ягоны раздзел пра гісторыка-культурную спадчыну распрацаваны па прынцыпе “рабі што хочаш, і табе нічога за гэта не будзе”. Нават Міністэрства культуры пазбаўленае права выдаваць прадпісанні на спыненне незаконных работ. Гэта мусяць рабіць цяпер мясцовыя органы ўлады, якія у нас — першыя парушальнікі ахоўнага заканадаўства. Інстытут гісторыі пазбаўлены права спыняць незаконныя земляныя работы. Знішчаны інстытут навуковага кіраўніцтва.
— Вы калісьці казалі, што турыстаў з Заходняй Еўропы нашымі “правінцыйнымі” замкамі не здзівіш, а сапраўды прывабіць можна нязвыклай для іх праваслаўнай архітэктурай і вёскамі. Чым нашы вёскі адрозніваюцца ад заходнееўрапейскіх?
— У нашай вёсцы захаваліся элементы традыцыйнай гаспадаркі, чаго ў Заходняй Еўропе ўжо няма, няма нават у Польшчы. Там ёсць паказальныя вёскі, напрыклад, Клюкі ў рэгіёне Кашубія, дзе цалкам захаваўся традыцыйны лад жыцця, які прадаюць турыстам за грошы. А мы гэты вялікі патэнцыял можам страціць незваротна амаль праз 20 гадоў. Вёска памірае, традыцыйная гаспадарка сыходзіць. Нядаўна ў мяне была вялікая камандзіроўка па Палессі, я праехаў ад Ельскага раёна да Брэста. Заехалі ў вёску Зашыр’е да сябра, які кіруе там моцнай гаспадаркай. 20 гадоў таму там жылі 2 тысячы чалавек, цяпер — 1100. Раней было 800 работнікаў, цяпер — усяго толькі больш за 200. Нават вёскі з інфраструктурай і рабочымі гаспадаркамі паміраюць. Што рабіць? Лічу, што пакуль не будзе прыватнай уласнасці на зямлю, нічога не зробім. Заходнееўрапейская цывілізацыя, у адрозненне ад усходнееўрапейскай, трымаецца на прыватнай уласнасці на зямлю. Таму там дэмакратычны лад, а ў нас збольшага арыентальнага тыпу. Палітыкам трэба вывучаць этнаграфію.
Хто яшчэ не ўвекавечаны
— Пры дапамозе Таварыства ў мінулым годзе каля вёскі Дрануха Чавускага раёна быў усталяваны першы ў краіне памятны знак штрафным падраздзяленням Чырвонай арміі, якія змагаліся супраць нацыстаў. А якія катэгорыі дагэтуль не ўвекавечаныя ў Беларусі?
— Загінулыя ў час аперацыі, якая пачалася 17 верасня 1939 года. Берасцейскі гісторык, капітан другога рангу запасу Уладзімір Бешанаў напісаў пра тыя падзеі кнігу пад красамоўнай назвай “Чырвоны бліцкрыг”. Не было мірнага вызвалення Заходняй Беларусі, была паўнавартасная баявая аперацыя з ахвярамі. Гродна, напрыклад, Чырвоная армія штурмавала цэлыя тры дні. Загінула звыш 800 абаронцаў. Баі былі такімі гарачымі, што камкор Яроменка, будучы маршал Савецкага Саюза, асабіста павёў у атаку войска праз мост і быў паранены ў твар. І дзе могілкі загінулых чырвонаармейцаў? Няма. Праца па пошуку і перапахаванні загінулых польскіх вайскоўцаў вядзецца. У мінулым годзе, напрыклад, пры ўдзеле Вілейскай філіі Таварыства супольна з 52-м пошукавым батальёнам і польскім Інстытутам нацыянальнай памяці (Instytut Pamięci Narodowej) у Вілейскім раёне былі эксгумаваныя і перапахаваныя 5 салдат з Корпуса аховы пагранічча, якія загінулі 17 верасня ў баі з Чырвонай арміяй. Прыязджалі памежная ганаровая варта з Польшчы, аркестр польскіх памежных войскаў, амбасадар Польшчы, намеснік міністра замежных спраў Беларусі.
А байцы Чырвонай арміі ляжаць невядома дзе, як сабакі, хаця іх магілы можна знайсці па журналах баявых дзеянняў, якія знаходзяцца ў архіве Міністэрства абароны РФ у Падольску. Але, на дзіва, менавіта журналы баявых дзеянняў за 1939 год дагэтуль засакрэчаныя!
Ёсць яшчэ адна катэгорыя — удзельнікі савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў. Практычна ўся польская тэрыторыя пакрытая сеткай могілак Войска польскага, а ў нас я ведаю толькі тры брацкія магілы чырвонаармейцаў. Гэтыя людзі выконвалі свой вайсковы абавязак і павінныя быць годна ўвекавечаныя. Але падтрымкі пошукавых прац з боку дзяржавы цяпер няма. Так, існуе асобны пошукавы батальён Мінабароны. Але сёння, пасля скарачэння, ён налічвае каля 60 чалавек, а раней было больш чым 300.
Нашая пошукавая дзейнасць таксама не рэгламентаваная, працуем на даверыу і сувязях, за ўласныя грошы. Я заўсёды жартую, што калі б пару танкаў не вывелі на чарговы парад і сэканомленыя грошы далі таварыству, нам бы хапіла на тры гады працы.
Бліц-пытанні
— Сёння ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны каля 5000 аб’ектаў. А колькі мусіць быць па вашых падліках?
— Для параўнання: у Польшчы звыш 50 000 аб’ектаў пад аховай дзяржавы. За 10 гадоў маёй працы на пасадзе старшыні па ініцыятыве Таварыства ў дзяржспіс занеслі каля 60 аб’ектаў. Сёлета мы працягнем гэтую працу.
— Што рабіць з будынкам “Кемпінскі” на праспекце Незалежнасці ў Мінску?
— Ужо нічога не зробіш. Мне не верыцца, што яго калісьці ўвядуць у эксплуатацыю. Я ведаю, што там працуюць некалькі водапаніжальных станцый. Таму будынак будзе “залаты” ў эксплуатацыі. Сёння яго выкупіў расійскі інвестар, які да 2020 года быццам мусіць скончыць будоўлю. Але мне здаецца, што будынак будзе стаяць гадоў 15, а потым яго дэмантуюць.
— Ці трэба цяпер мяняць дзяржаўныя сімвалы — герб і сцяг?
— Мне б вельмі хацелася. Я спакойна стаўлюся да БНР, разглядаю яе ўтварэнне як дэтанатар, які спрацаваў на нашую незалежнасць. Без БНР бальшавікі ніколі б не пайшлі на стварэнне БССР, у іх не было такіх планаў. Таму я лічу, што ў нашай краіне павінныя быць сімвалы БНР, якія існавалі ў нас з 1991 па 1995 год. Але я не ўпэўнены, што калі цяпер вынесці гэтае пытанне на рэферэндум, мы збяром большасць. Змены ў грамадстве адбываюцца, але павольна.
— Хто мусіць стаяць на цэнтральных плошчах замест Леніна?
— Мяне за гэта шмат хто недалюблівае, але ў асобе Уладзіміра Ільіча я нічога дрэннага не бачу. Усебеларускі з’езд узняў пытанне аб аўтаноміі краіны толькі ў снежні 1917 года, таму што бальшавіцкі ўрад задэклараваў права народаў на самавызначэнне. Ленін — гэта негатыўная постаць для Расіі, бо ён зруйнаваў імперыю. Але не такі паганы для тагачасных нацыянальных ускраін Расійскай імперыі. Помнікі не трэба чапаць, яны самі дэградуюць. Я ўвогуле не прыхільнік таго, каб нешта руйнаваць. А калі браць плошчу Незалежнасці ў Мінску, як знаўца архітэктуры я буду першы супраць зносу помніка Леніну, бо гэта парушыць цудоўны ансамбль з Домам урада.
— У Курапатах трэба пакінуць камерны народны мемарыял ці пабудаваць музей ахвярам палітычных рэпрэсій?
— Я падтрымліваю думку, што мемарыяльны цэнтр накшталт польскага Інстытута нацыянальнай памяці нам патрэбны — у межах ахоўнай зоны, побач з народным помнікам.
Ганна Кручкова
Фота Аляксандра Кісялёва, з архіву А. Астаповіча, globus.tut.by