Антычныя манеты ў Беларусі. Як мы сталі часткай глабальнага свету больш за 2000 год таму? Адкуль у нашым краі манеты Аляксандра Македонскага і Рымскай імперыі? Навошта яны былі мясцовым жыхарам, калі таварна-грашовых зносінаў яшчэ не існавала? Чаму сярод рымскіх дэнарыяў так шмат фальшывак?
Скарб срэбраных рымскіх дэнаряў
У легендарнай кнізе Валянціна Рабцэвіча «Аб чым распавядаюць манеты» 1977 года ўзгадваецца пра 12 кладаў і 34 індывідуальныя знаходкі антычных манет у Беларусі. Праз паўстагоддзі карціна прынцыпова змянілася. Паспрыялі і новыя знаходкі археолагаў, і «адкрыцці» ўласнікаў металашукальнікаў — «чорных археолагаў». Пакуль ніхто з навукоўцаў яшчэ не звёў гэта ў адзіную карціну, але агулам наш погляд на бронзавы і жалезны вякі на тэрыторыі Беларусі ўжо не будзе ранейшым. Калі раней Беларусь лічылася «мядзведжым кутом», «задворкамі» сусвету, то масавыя знаходкі манет кажуць пра адваротнае — пра кантакты з далёкімі і магутнымі цывілізацыямі.
Ад бацькі Аляксандра Вялікага да калапсу Рыма
Найбольш раннія знаходкі належаць да часоў Аляксандра Македонскага і яго нашчадкаў. На Ашмяншчыне вядомая нават знаходка тэтрадрахмы Піліпа Другога — бацькі Аляксандра. Гэта срэбраная манета, адбітая ў IV ст. да н.э. Трапляецца і Пталемееўскі Егіпет ІІІ ст. да н.э., а таксама манеты рэспубліканскага Рыма ІІ ст., яшчэ да Цэзара. Зрэдку — манеты грэцкіх калоніяў на Чорным моры: Ольвіі, Пантыкапея. У цэнтральнай Еўропе тады панаваў развіты Жалезны век, у нас жа — паралельна з металам людзі карысталіся яшчэ каменнымі сякерамі... Але кантакты з Антычным светам ужо былі! Як сюды траплялі манеты — вялікая загадка. З іншага боку, Герадот (V ст. да н.э.) пісаў пра неўраў і гіпербарэйцаў. Зразумела, што не сам гісторык бываў у гэтых мясцінах, але запісаў інфармацыю са словаў падарожнікаў.
Герадот пісаў пра неўраў і гіпербарэйцаў яшчэ ў V ст. да Хрыста
Росквіт антычнай нумізматыкі ў нас — гэта другая палова І ст. н.э. — пачатак ІІІ ст. н.э. Ад імператара Веспасіяна да Септымія Севера. Такія манеты знаходзяць масава. Срэбныя кругляшы дэнарыяў ззяюць профілямі Траяна, Ціта, Антаніна Пія, яго жонкі Фаўсціны, Марка Аўрэлія ды іншых. Гэта час росквіту імперыі як такой. Пасля пачаліся грамадзянскія войны і згасанне Рыма.
Палітычныя і вайсковыя злыбеды паўплывалі і на якасць дэнарыя: у манеце было ўсё менш срэбра і ўсё больш дамешкаў. Зрэдку ў нас трапляюцца, напрыклад, манеты імператара Галіена 250-х гадоў, але яны ўжо фактычна медныя. Пазнейшыя знаходкі манет Канстанціна і яго нашчадкаў — хрысціянскіх імператараў — рэдкія.
Рэдкая для Беларусі медная манета эпохі калапсу Рымскай імперыі з Браслаўшчыны (на выяве - Капіталійская ваўчыца)
Усё гэта — агульнаімперскія манеты дзяржаўнага чэкану: срэбраны дэнарый білі толькі ў Рыме. Зрэдку ў нас трапляюцца і гарадскія манеты ІІІ ст., з-большага бронзавыя і медныя. Гэта гарады сучасных Балканаў (Місембрыя, Дыёльтум, Адрыянопаліс...). Забягаючы наперад, скажам, што падобныя выпадкі — найхутчэй плён асабістых кантактаў, а не гандлю.
Далей — поўны калапс Рыма. Пад занавес, на фоне агоніі Антычнага свету ў нас з’яўляліся рэдкія візантыйскія манеты Юстыніяна VI ст. і на гэтым — усё. Наступныя некалькі стагоддзяў, да эпохі вікінгаў, ніякага імпарту манет сюды не было. Імаверна, што і кантакты з «вялікім светам» сышлі на нішто.
«Бурштынавы шлях» Нерона і мясцовыя ваяры-гастарбайтары
Дык як сюды траплялі антычныя манеты? Гісторыкі пішуць, што Нерон (37-68 гг.) загадаў нейкаму свайму цэнтурыёну наладзіць пастаўкі бурштыну з Балтыкі ў Рым. Так з’явіўся «Бурштынавы шлях», амаль за 1000 год да «Шляху з варагаў у грэкі». Дзе менавіта ён праходзіў — таямніца.
Дакладна вядома, што ў Калініградскай вобласці ды польскім Памор’і клады рымскага срэбра знаходзяць масава. То бок, там былі гандлёвыя базы — рымскія факторыі. Як менавіта ішоў сам «Бурштынавы шлях», невядома, але ёсць тэорыя, што і Нёман з навакольнымі рэкамі быў у яго ўключаны.
Вось асноўныя версіі пранікнення сюды манет:
Пасярэдніцкі гандаль
У Прычарнамор’і ці раёне сучаснай Малдовы працавалі рымскія пункты закупкі. Рым заўжды актыўна закупаўся ў варвараў: зернем, пушнінай, рабамі ды іншымі рэсурсамі. Рымляне, зразумела, плацілі сваёй валютай. Далей манеты праз некалькі рук маглі даходзіць і да нас.
Памежны рымскі гарнізон недзе ў аддаленым закутку Еўропы. Аўтар малюнка - Івон Ле Галь
Наўпроставы гандаль
Рымскія гандляры, на свой страх і рызыку, усё ж даходзілі да нашых краёў, бо гандляваць праз пасярэднікаў — заўжды плаціць больш. Скажам, ля берагоў сучаснай Галандыі стаяў рымскі флот (гэта факт), ён мог падыходзіць да берагоў Балтыкі ды — тэарэтычна — падымацца ўверх па Нёману.
Дзеля грашовай выгады рымскія гандляры часам выпраўляліся ў далёкія і небяспечныя куткі Еўропы. Аўтар малюнка - Івон Ле Галь
Гандляры тэарэтычна маглі прыходзіць і на конях: з боку Прычарнамор’я ці Прыбалтыкі. Іншае пытанне, што Беларусь да сярэднявечча была пакрытая дзікімі лясамі, таму калі рухацца, то па рэках — тагачасных магістралях (калі цёпла, то на судах, калі халодна — па лёдзе).
Вайсковыя паходы
Традыцыйна лішак маладых баяздольных мужчын збіраўся вакол харызматычнага лідара — умоўнага мясцовага конунга. Каб заснаваць сваю дзяржаву з войскам сілаў не хапала, а вось пайсці наймітамі да некага моцнага — калі ласка. Напрыклад, да германцаў (дзяржава Германарыха) або да дакаў (дзяржава Дэцыбала). Урэшце, частка рымскага войска таксама фармавалася з наймітаў.
Мясцовыя правадыры маглі збіраць мясцовых хлопцаў і вадзіць у якасці наймітаў на Захад ці на Поўдзень, а ў якасці трафеяў прывозіць манеты
Так, гэта было рызыкоўна ды і шлях няблізкі, але чаму не? Германцы і дакі кантактавалі з Рымам, а таксама з ім ваявалі — асабліва, калі імперыя была слабой у III-IV стст. З наймітамі расплочваліся манетамі, а ў выпадку войнаў манета магла стаць траефеем ці памяткай. Магчыма, гэты кейс і ёсць адказам на пытанне пра знаходкі ў нас манет з балканскіх гарадоў: тутэйшыя хлопцы прывозілі іх з сабой з паходаў на Фракію.
Вайсковая арыстакратыя і «мера ўсіх рэчаў»
Лагічнае пытанне: навошта рымскія манеты мясцовым плямёнам, калі таварна-грашовых адносінаў яшчэ няма? Савецкія археолагі лічылі, што выключна для пераплаўкі. Маўляў, дэнарыі ўспрымаліся як сыравіна. Сёння гэтая версія падаецца хібнай: знаходак асобных срэбраных манет ці кладаў куды больш, чым тагачасных упрыгожванняў. Тым больш — срэбраных. Тады — навошта? Па аналогіі з германцамі, дакамі ці кельтамі можна лічыць, што акурат у гэты час соцыюм зрабіў рывок наперад. Раней усе былі роўнымі, класу вайскоўцаў не існавала: прымітыўную зброю у рукі пры патрэбе браў звычайны селянін-араты, каб пасля вярнуцца да гаспадаркі.
Тут жа з’яўляецца праслойка ваяроў, а з яе — вайсковая эліта, арыстакратыя. Гэтыя людзі ўжо не аралі зямлю, іхнай справай былі вайна і паходы. Пра гэта таксама сведчаць знаходкі ў нас рымскіх шпораў: каня ваяры ўспрымалі ўжо не як цяглавую жывёлу, але як машыну для гвалту і падарожжаў. І гэта — зусім іншая ментальнасць, іншае жыццё.
Шпоры вайсковай кавалерыі Рымскай эпохі
З’явілася паняцце статусу і прэстыжу, сімвалам якога ставалі тыя самыя рымскія манеты. Іх можна пусціць на пераплаўку, а можна — трымаць як капітал, даць шлюбны выкуп або набыць раба. Калі ўявіць, што мясцовыя ваяры хадзілі ў паходы ў набліжаныя да імперыі землі, то там яны бачылі грашовыя адносіны, а таксама ўніверсальную «меру ўсіх рэчаў» — манету.
«Касмічныя кругляшы» — пытанне да антраполагаў
Чаму мы ўвесь час гаворым менавіта пра срэбра, а не пра золата ці медзь? І медзь, і золата таго часу ў нас таксама знаходзяць, але вельмі рэдка. Справа не ў нас, а ў рымскай эканоміцы. Розныя дзяржавы мелі адрозны грашовы стандарт: Парфія ці Персія — срэбра, Візантыя — золата. У Рыме стандартам было акурат срэбра: асноўныя аперацыі праходзілі з ім, кошты называліся ў дэнарыях. Срэбра аб’ектыўна ў абароце было больш.
Час-почас у нас трапляюцца залатыя манеты, якія выкарыстоўвалі як упрыгожванні. Звычайна прыпайвалі калечка-трымальнік, каб насіць як медальён. Цікава, што ў адрозненне ад пазнейшых манет, срэбраныя дэнарыі не знаходзяць з дзірачкамі для нашэння ў якасці караляў ці завушніцаў. Магчыма, таямніца ў невялікім памеры і таўшчыні манеты: прабіваць яе было банальна нязручна — паламаецца.
Рэдкая залатая рымская манета, якую выкарыстоўвалі як упрыгожванне - звярніце ўвагу на дзірку
Асобнае пытанне — уплыў рымскіх манет на... псіхалогію мясцовага люду. Калі не лічыць тых адзінак, якія падарожнічалі ў дальнія краі, рэшта людзей ніколі не былі далей за 10-30 км ад дома. Матэрыяльная культура была максімальна простай. А тут кругляшы з белага металу з выявамі людзей, звяроў і багоў. Прычым, зробленыя эстэтычна і тэхналагічна. Нейкі космас!
Навукоўцы дапускаюць, што асобныя манеты маглі выкарыстоўваць у магічных рытуалах, захоўваць як талісманы і г.д. Надпісы на манетах месцічы найхутчэй успрымалі як арнамент, не больш. Патлумачыць не было каму. Важна, што да тых жа германцаў ці кельтаў трапляў і іншы рымскі імпарт — амфары, вырабы з металу ці шкла. Да нас — толькі манеты.
Манеты са скарбу І ст. з вёскі Лышчыцы на Берасцейшчыне (знаходка 1974 года)
Верагодна, нашы продкі, якіх не закранулі наўпроставыя кантакты, бачылі ў іх «касмічныя кругляшы», зробленыя невядома кім і навошта. Гэта ўжо пытанне да антраполагаў. Магчыма, ёсць сэнс падняць сведчанні еўрапейскіх этнографаў, скажам, ХІХ ст.: як плямёны Афрыкі ці Акеаніі ўспрымалі брытанскія, французкія ці галандскія манеты і што з імі рабілі?
Феномен «лімеса»: фальшыўка, каб дурыць варвараў
На лаціне «лімес» — гэта мяжа. «Лімесныя дэнарыі» або «лімесы» — памежная манета. Па факце, гэта тыя самыя дэнарыі, але не срэбраныя. Гэта або медная манета, пакрытая тонкім слоем срэбра, або вельмі нізкапробнае срэбра. У нас знаходзяць вялізную колькасць «лімесаў»: гэта ці не кожны трэці знойдзены тут рымскі дэнарый.
Дэнарыі Адрыяна і Траяна з Берасцейшчыны (злева - «лімес», справа - звычайны срэбраны)
Калі традыцыйна фальшыўка — гэта манета, зробленая махляром, каб надурыць дзяржаву, то «лімес» — тая ж фальшыўка, але зробленая дзяржавай, каб дурыць ... варвараў, неграмадзянаў Рыма. З выгляду «лімес» — ідэальная рымская манета, партрэт і тэкст цалкам супадаюць з арыгіналам. Найхутчэй іх білі тымі ж штэмпелямі, што і звычайныя дынарыі. «Лімесы» не знаходзяць у той жа Італіі ці Іспаніі, а вось у «варварскім свеце», ад Германіі да Індыі, знаходзяць. «Лімесы» — грандыёзная аперацыя на дзяржаўным узроўні для падману варвараў. Аб’ёмы знешняга гандлю Рыма былі каласальныя, адсюль і такая колькасць фальшывак. Ніякіх дакументаў на гэтую тэму не захавалася — рымскія гісторыкі пра гэта не пішуць.
Паламаны ''лімес'' з партрэтам Марка Аўрэлія з Кобрыншчыны
Рымскія дэнарыі ў Беларусі часам знаходзяць надламанымі — нібы надкушанымі збоку. Верагодна, мясцовыя ведалі пра кейс з «лімесамі», таму правяралі манеты. Тым не менш, дэнарый працягваў хадзіць на вялізных тэрыторыях, яму давяралі гэтаксама, як сёння амерыканскаму даляру. Але сам кейс застаецца ў гісторыі ўнікальным: гэта тое самае, што ў ЗША пачалі б друкаваць адмысловыя фальшывыя даляры для Зімбабвэ ці Калумбіі...
Не частка імперыі, але частка глабальнага свету
Большасць рымскіх манет, якія ў нас знаходзяць, трапляюцца на Гарадзеншчыне ды Берасцейшчыне. Чым далей на усход, тым менш. Для гістарычнай Расеі рымскія манеты — гэта экзотыка. У Ноўгарадзе або Туле вядомыя адзінкавыя знаходкі, якія адразу робяцца сенсацыямі. Эпоха манет там пачнецца значна пазней — у часы варагаў і Русі.
Дэнарый Антаніна Пія, знойдзены на Шаркаўшчыне
Асобныя навукоўцы сёння складаюць мапу знаходак рымскіх манет у Беларусі. Пакуль, праўда, пытанняў больш, чым адказаў. Напрыклад, чаму ў даліне вядомага ў антычным свеце Барысфена (Дняпра) рымскіх манет мала, а на Панямонні — багата? Чаму манеты з Панямоння не траплялі далей на ўсход? Якія мясціны, паводле геаграфіі кладаў, былі найбольш багатымі?..
Так, наш рэгіён не быў часткай імперыі — гэта не Праванс і нават не Тэўтабургскі лес, не Галія і не Германія. Тым не менш, наяўнасць кантактаў, пра якія сведчаць не адзінкавыя, а масавыя знаходкі манет, бясспрэчная. Тэрыторыя Беларусі не была ўключаная ў імперыю, але была часткай глабальнага свету той эпохі. Як і ў якой меры, спадзяюся, падкажуць адкрыцці і высновы бліжэйшага часу.
Алесь Кіркевіч, budzma.org