У дзень памяці выбітнага беларускага дзеяча культуры і навукі Вацлава Ластоўскага прыгадваем некаторыя цікавыя факты з ягонага жыцця.
Вацлаў Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі перабраўся ў сталіцу БССР у канцы сакавіка 1927 года. Гэта абставіна была яшчэ адным сімвалічным ударам бальшавікоў па тагачаснай беларускай эміграцыі. Дзеяч, які зрабіў сабе кар’еру ў беларускім руху яшчэ да 1917 года, не проста прызнаў савецкі Менск за палітычны і культурніцкі цэнтр беларусаў ва ўсім свеце, але яшчэ і пераехаў у яго.
Фрагмент успамінаў аб паездцы ў БССР. «Крывіч», 1927 год.
Такі быў вынік знакамітай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, якая адбылася ўвосень 1926 года ў Менску і сабрала вялікую колькасць адмыслоўцаў не толькі з Савецкай Беларусі, але таксама і замежжа. Аб той падзеі Ластоўскі пакінуў багатыя ўспаміны ў апошнім нумары выдаванага ім у Коўне часопіса «Крывіч». Пэўна, тады і надумаў перабірацца. А вайсковы пераварот у Літве, які здарыўся ў канцы 1926 года, толькі паскорыў гэты працэс. Бо новы літоўскі ўрад адмовіўся працягваць фінансаванне выдаванага Ластоўскім «Крывіча» і падтрымліваць Беларускі цэнтр.
Вацлаў Ластоўскі
Пасля пераезду Ластоўскі пачуваўся адносна няблага. Ён не стаў камуністам, але быў сярод так званых «папутчыкаў». Тым не менш яму даручылі даволі адказныя пасады, якія дазвалялі рэалізавацца напоўніцу: ён стаў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея і загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інстытуце беларускай культуры. Потым яго прызначылі неадменным сакратаром Інбелкульта. Пры гэтым Вацлаў Ластоўскі быў ці не адзіным навукоўцам на ўсю ўстанову, які не меў ні вышэйшай, ні хаця б сярэдняй адукацыі.
Калі ў канцы 1928 года Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук, Вацлаў Ластоўскі быў у шэрагу першых акадэмікаў. У адмысловай пастанове Савета Народных Камісараў БССР пра зацвярджэнне складу правадзейных сябраў і прэзідыума новай установы, Ластоўскі апынуўся ў адной кампаніі з Янкам Купалам, Сцяпанам Некрашэвічам, Якубам Коласам, Уладзімірам Пічэтам, Язэпам Лёсікам ды іншымі знанымі дзеячамі таго часу. Прызначылі акадэмікам нават Браніслава Тарашкевіча, які ў той час знаходзіўся ў польскай турме, але нягледзячы на зняволенне працягваў навуковую працу.
Гэта была даволі плённая пара для Ластоўскага: ён рэдагуе «Працы кафедры этнаграфіі», працуе ў камісіі «Жывой беларускай мовы», уваходзіць у «Камісію па ахове помнікаў старасвеччыны ў БССР», ладзіць этнаграфічныя экспедыцыі па розных рэгіёнах Беларусі. У перыёдыцы таго часу захаваліся сціплыя згадкі аб геаграфіі яго паездак за першую палову 1929 года. Разам са Сцяпанам Некрашэвічам яны пабывалі ў Семежаве, Капылі, Пясочным і Койданаве.
Памянялася ўсё ў адзін момант увосень 1929 года, калі ў канцы лістапада і Вацлаў Ластоўскі, і Сцяпан Некрашэвіч былі вызваленыя ад сваіх пасадаў у Акадэміі навук. Фармальна — за тое, што апублікавалі працу Яна Станкевіча пад назвай «Дыспалаталізацыя і ў беларускай мове» ў «Запісках аддзела гуманітарных навук». Але на гэтым іхныя злыбеды не скончыліся, але толькі пачаліся...
Пастанова ў газеце «Звязда», 1929 год
У канцы ліпеня 1930 года Вацлава Ластоўскага і Сцяпана Некрашэвіча арыштавалі на рацэ Обі, калі тыя даследавалі побыт перасяленцаў-беларусаў у Сібіры. Гэта быў пачатак знакамітай справы «Саюза вызвалення Беларусі», па якой былі арыштаваныя, асуджаныя і высланыя з краіны больш за сотню беларускіх дзеячаў. А ўжо ў пачатку снежня 1930 года адмысловай пастановай іх пазбавілі звання акадэмікаў.
На кіраўніка гэтай таемнай контррэвалюцыйнай арганізацыі, якой у прыродзе нават і не існавала, думалі прызначыць Янку Купалу. Але той парэзаў сябе і трапіў у бальніцу, а пасля напісаў ліст, дзе каяўся за сваё дарэвалюцыйнае мінулае і адмаўляў любую сувязь з «нацыянал-дэмакратамі». Таму ролю аднаго з кіраўнікоў адвялі Вацлаву Ластоўскаму. Нібыта менавіта ён быў аўтарам назвы і перайменаваў існуючы з 1921 года канспіратыўны Саюз адраджэння Беларусі ў Саюз вызвалення Беларусі.
У красавіку 1931 года Уладзімір Дубоўка, Максім Гарэцкі, Мікола Шчакаціхін і многія іншыя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, якія былі арыштаваныя па гэтай справе, без суда атрымалі ў якасці пакарання за свой нібыта ўдзел у міфічнай арганізацыі высылку тэрмінам на 5 гадоў. Вацлаў Ластоўскі і Язэп Дыла выправіліся паводле прысуду ў Саратаў.
Язэп Дыла
Там Ластоўскі працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў бібліятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Троху з яго побыту ведаем з лістоў, якія ён пісаў Адаму Багдановічу — бацьку Максіма Багдановіча. Апублікаваныя ўпершыню яны былі Язэпам Янушкевічам 30 гадоў таму ў часопісе «Нёман». З іх можам дазнацца аб маральным стане Власта ў розныя перыяды высылкі.
Адам Багдановіч
Так, у лісце ад 5 траўня 1934 года Вацлаў Ластоўскі сярод іншага наракае на немагчымасць вярнуцца дамоў:
«Как мне понятно Ваше стремление на место своего детства!
Очевидно, потребность дохнуть воздухом юности находится в нашей крови. По крайней мере, у меня эта потребность переходит чуть ли не в болезненную форму. Но я не могу даже мечтать об этом».
Разам з тым ён глядзіць на будучыню аптымістычна і нават спрабуе маральна падтрымаць бацьку Максіма Багдановіча:
«Выше знамя наших поколений, умеющих творить и бороться за свою красивую жизнь. Я сказал — красивую красотой той созидательной умственной жизни, которая отличает подлинную человеческую жизнь от жизни праздной. Будем же мы достойными представителями своих поколений».
Але ўжо праз 2 гады, у лісце ад 3 красавiка 1936 года, мы бачым выразны песімізм і паняверку:
«Теперь несколько слов о себе. Работаю там же. Здоровье мое крепко пошатнулось. Этой зимой переболел гриппом с осложнениями: воспаление почек. Печень побаливает. Во рту ни одного зуба. Впрочем, это хорошо: у меня перестали болеть зубы. На родину меня не тянет. Моя родина во мне, там, где я обитаю. То, что люди называют родиной места детства, их тоже нет. Изменились и люди, и природа. Все кругом чужое. Люди? Все люди злы, в том числе и я. Нет людей добрых, не надо обманываться».
Трэці ліст да Адама Багдановіча, які датаваны 12 красавiка 1936 года, перапоўнены не проста смутнаглядствам, але адчаем аўтара:
«С меня примера не берите, я человек, выбитый из колеи. Человек живет, пока есть воля к жизни, пока познание наше не дает послабки разрушению, мы живем и действуем. Но стоит только на момент поддаться, как на вас наваливаются всякие напасти, вроде жалок (?) и т. п.»
Звяртаючыся да даўняга знаёмага, Ластоўскі, нібы прадчуваючы хуткі скон, падкрэслівае сваю адзіноту:
«Вы для меня единственный человек в мире, ибо со всеми другими я порвал и наново навязывать отношений не собираюсь. Не люблю узлов: вязанное и некрепко, и неудобно. Вот — человек всегда эгоистичен, и я начал писать субъективное».
Паўторна арыштавалі яго ў жніўні 1937 года, а ўжо 23 студзеня 1938 года ён, як «агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі» быў прысуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР да расстрэлу.
Рэабілітацыя навукоўца пачалася праз 20 гадоў пасля смерці. Спачатку па другім прысудзе, увосень 1958-га, а потым і па першым — у чэрвені 1988 года. А праз два гады, у 1990 годзе, Вацлаў Ластоўскі быў адноўлены ў званні акадэміка.
Л. Г., budzma.org