Горад Горадзен рэдка сустракаецца ў крыніцах ХІІІ—XIV стст. па прычыне незахаванасці мясцовых гарадзенскіх і наваградскіх летапісаў. Але ёсць адзін аспект жыцця тагачасных гарадзенцаў, які добра прадстаўлены спецыфічнымі крыніцамі, менавіта хронікамі дзяржавы Тэўтонскага ордэна. Гэта гісторыя абароны гарадзенцаў ад таго самага Ордэна.
Карціна жыцця тагачаснай Гародні праз дэталі вайсковых аперацый
Асаблівая, можа нават аж занадта пільная ўвага ордэнскіх военачальнікаў, храністаў і шпегаў да Гародні і гарадзенцаў была выкліканая стратэгічным значэннем горада.
Тэрыторыі часова занятыя Ордэнам
На той час гэта быў першы і адзіны буйны горад на Нёмане, ды яшчэ пры самай мяжы, ды яшчэ з моцнымі ўмацаваннямі, раней называнымі дзядзінец і вакольны горад, а пры крыжаках Верхні і Ніжні замкі. Для Ордэна Гародня была ключом да Вялікага Княства Літоўскага, для ВКЛ — галоўнай вайсковай базай у ліцвінска-ордэнскай вайне.
Браты-рыцары прыступілі да здабычы Гародні, як толькі закончылі пакарэнне Прусіі, менавіта ў 1284 г. Яны атакавалі горад малымі атрадамі і буйнымі вайсковымі аддзеламі часам па некалькі разоў на год, гарадзенцы ўпарта адбіваліся і самі пераходзілі ў наступ. А ордэнскія храністы ўсё дэталёва занатоўвалі.
Рыцар і ваяр Тэўтонскага ордэна
Дэталі вайсковых аперацый: імклівых нападаў, буйных паходаў, аблогаў, засадаў, сечаў на лясных дарогах, данясенні шпегаў, вайна на Нёмане і іншыя вайсковыя хітрыкі складаюцца ва ўнікальную карціну жыцця тагачаснай Гародні ва ўмовах вайны. Кожная, нават самая дробная дэталь — неацэнная гістарычная крыніца, тым больш каштоўная, што нічога падобнага да нас не дайшло з нашмат з пазнейшых часоў. Бо пасля Грунвальдскай бітвы крыжацкія напады спыніліся назаўжды і ордэнскія храністы пераключылі сваю ўвагу на іншыя справы.
Ліцвінскі рыцар
Археалагічныя знаходкі — сведчанні аблогі Гародні
Пастаянныя аблогі Гародні крыжацкімі войскамі засведчыла археалогія знаходкамі на тэрыторыі Старога замка (тагачасны Верхні) наканечнікаў ордэнскіх арбалетных стрэлаў — г. зв. балтоў і круглых каменных ядраў, якімі крыжацкія абложныя машыны ламалі замкавыя сцены. Археолагі адкрылі ў замку ў руінах Ніжняй царквы ХІІ ст. пахаванні канца ХІІІ—XIV ст. загінулых падчас аблогі абаронцаў, калі не было магчымасці пахаваць іх на гарадскім могільніку. Ды і сама царква, вельмі верагодна, абрынулася пад ударамі тых масіўных крыжацкіх ядраў, некаторыя з якіх мелі па паўметра ў дыяметры.
У 1987 г. на беразе Нёмана непадалёк ад замка школьнікі знайшлі амаль поўны камплект узбраення гарадзенскага рыцара ХІІІ ст. (аналагічныя рэчы адкапалі на замку), і можна толькі здагадвацца, як ён там апынуўся, адно ясна, што праз вайну.
Зброя рыцара 13 ст. у гарадзенскім музеі
Асаблівая тактыка і майстэрства русінскіх лучнікаў
Крыжакі на полі бою адразу распазнавалі русінаў, г. зн. беларусаў, па ўзбраенні і асаблівай тактыцы, напрыклад, храністы неаднакроць адзначалі высокае майстэрства русінскіх лучнікаў (балтыйскія ваяры больш біліся кароткімі кідальнымі коп’ямі — суліцамі).
Некаторыя эпізоды той вайны, хоць і пераказаныя сухой лацінай, па драматызме і эмацыйнай напрузе не саступаюць мастацкаму твору. Вось адзін з «Прускай хронікі» Пятра Дусбурга: «У год Панскі 1296 у зімнюю пару брат Зыгфрыд фон Рэхберг комтур Балгі з многімі братамі і вершнікамі з Натангіі вырушыў у Літву. І калі дайшоў да ваколіц замка Гартэ, натрапіў на свежыя чалавечыя сляды. Брат Вальтэр Голдзін пайшоў па іх разам з нямногімі воямі і ўсіх спатканых забіў, апрача аднаго, які ўцёк — дапяў брата Генрыха фон Вердэтхау і цяжка яго параніў. Але і брат Генрых смяротна параніў напаўшага. Аднак той русін забраў у брата Генрыха каня і ўцёк; а брат Вальтэр рушыў за ім па слядах крыві, якая сачылася з яго ранаў, дагнаў і забіў.
На наступны дзень браты перайшлі па лёдзе Нёман і ўвайшлі ў акругу і да прадзамча названага замка Гартэ. Спалілі яго агнём, абрабавалі, шмат каго забілі і вывелі палон у дзвесце чалавек».
Крыжакі пад Гародняй. Малюнак Паўла Татарнікава з кнігі: Краўцэвіч А. Рыцары і дойліды Гародні. Гародня — Уроцлаў, 2009
З падобных дэталёвых апісанняў дробных, здавалася б, падзей той вайны даследчыкі могуць выцягнуць безліч важнай і цікавай інфармацыі, напрыклад, выснову, што нашыя рыцары не саступалі ордэнскім у рукапашным баі. Неяк крыжацкі атрад падышоў да Гародні, а з замка яму насустрач выйшаў аддзел абаронцаў. Біліся, біліся, стаміліся, перапыніліся на адпачынак, потым зноў біліся, але ніхто не мог узяць верх, так і разышліся.
Гісторыя Беларусі перыяду ВКЛ так доўга была пад забаронай у савецкія часы, што сёння яна ўся «ў белых плямах». Вось і па гэтай тэме на падставе крыжацкіх хронік, дапоўненых нешматлікімі актавымі матэрыяламі ды шматлікімі археалагічнымі знаходкамі, можна напісаць цэлую кнігу. І не адну.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org