«Жыць не ў Беларусі больш не магу». Перачытваючы дзённік Кузьмы Чорнага

Наш геніяльны раманіст Кузьма Чорны пражыў вельмі кароткае, але надзвычай насычанае жыццё. За ўсяго 44 гады ён паспеў напісаць цэлую купу твораў, якія назаўжды застануцца ў залатой скарбонцы беларускай літаратуры. Але мала хто ведае, якім чынам давалася гэтая цяжкая праца творцу. У дзень памяці пісьменніка дзелімся з вамі вытрымкамі з ягонага дзённіка, які Кузьма Чорны вёў цягам апошняга года жыцця.

1_Czorny_1943.jpg
Партрэт Кузьмы Чорнага, 1943 год. Крыніца — nlb. by

Кузьма Чорны нарадзіўся ў 1900 годзе на гістарычнай Случчыне, а гадаваўся ўжо на Капыльшчыне — рэгіёнах, адкуль у пачатку ХХ стагоддзя выйшла шмат таленавітых беларускіх дзеячаў.

У 1923 годзе Кузьма Чорны перабярэцца ў Менск, дзе ў два скокі зробіцца самай сапраўднай літаратурнай зоркай. Далучыцца спачатку да «Маладняка», потым стане адным з заснавальнікаў «Узвышша», а праз нейкія 5 гадоў пасля пераезду будзе ўжо сам запальваць зоркі на літаратурным небасхіле. Дзякуючы свайму раману «Сястра», які пабачыў свет у 1927 годзе ён стаў самым сапраўдным аўтарытэтам як для пачаткоўцаў, так і для прызнаных класікаў кшталту Янкі Купалы або Якуба Коласа.

kuzma-czorny-2.jpg
 Кузьма Чорны з першай жонкай Ідай Чырвань, сёстрамі і братам. Канец 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.

Нездарма Кузьму Чорнага параўноўвалі з крыху старэйшымі за яго сучаснікамі — Кнутам Гамсунам і Джэймсам Джойсам, якія фактычна і стварылі ў сусветнай літаратуры напрамак пад назвай мадэрнізм. Нашым айчынным мадэрністам быў Кузьма Чорны. Бо героі ягоных твораў, гэтак як і ў Гамсуна з Джойсам, вельмі шмат разважаюць. Псіхалагізм і ўнутраны голас — тое, што адрознівае творы Чорнага ад многіх іншых пісьменнікаў.

czorny-babareka.png
Кузьма Чорны і Адам Бабарэка. Чэрвень 1925 г. Крыніца – Вікіпедыя

У апошні год свайго жыцця Кузьма Чорны вёў дзённік — рабіў запісы з 2 ліпеня 1944 года да 22 лістапада, калі пайшоў з жыцця. Пісаў многа і на розныя тэмы — пра жыццё, літаратуру, побыт вайсковага часу і сваё зняволенне ў канцы 1930-х гадоў. Запісваў, дарэчы, свае думкі Кузьма Чорны ў сшытак, які быў падараваны яму Сяргеем Прытыцкім — знаным дзеячам КПЗБ.

Мы вырашылі перачытаць гэты цікавы дакумент эпохі, каб падзяліцца ім з вамі. Бо нідзе так добра пісьменнік не раскрываецца, як у сваіх уласных дзённіках.

Пра вызваленне Мінска і любоў да родных мясцін

Ужо з першых старонак пісьменнік радуецца таму, што Чырвоная Армія вызваліла беларускую сталіцу, нават троху выпівае з гэтай нагоды 4 ліпеня з іншымі вядомымі беларусамі і беларускамі, ангажаванымі ў літаратурны працэс:

«Учора нашы забралі Менск. Нямецкая навалач прэ з Беларусі на ўсе застаўкі. З гэтае прычыны ўчора ўвечары сабраліся: я, Цімох Крысько, Алеся Александровіч. Больш нікога няма, усе нашы ў Гомелі. Я выпіў добрую шклянку віна, гэта ўпершыню пасля хваробы. І нічога. Дзякуй богу, я здаравею. Учора ўночы паведамілі ў зводцы, што ўзялі Цімкавічы, Вялікую Раёўку, Жавалкі... Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае. Пішучы пра Скіп’ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скіп’ёва каля Цімкавіч, паміж лясамі Скіп’ёўшчынай і Ліхадзёўшчынай, мілае малое Селішча, хараством якога заўсёды захаплялася мая маці нябожчыца».

Пра адзіноту і няўпэўненасць у будучыні

Разам з тым пісьменнік час-почас скардзіцца ў дзённіку на тое, што яму няма з кім пагаварыць. Адзінота — самая сапраўдная хвароба эміграцыі, пагатоў вымушанай. Прынамсі можам гэта зразумець па запісе за 10 ліпеня:

«Сёння рана пайшоў у рэдакцыю. Там пісаў, пакуль нікога не было. Цяпер каля шасці гадзін па паўдні. Сумна, пайсці няма да каго, нашы бадай што ўсе ўжо то ў Гомелі, то ў Менску. Адзіная мая ўцеха ў працы, яна мяне ратавала заўсёды. Калі ўжо заеду ў Менск, тады не будзе смутку. А сёння яшчэ да вечара многа пісаць трэба».

Пісьменнік ірваўся ў Беларусь, але разам з тым пераймаўся за сваю будучыню. Не ведаў, як будзе жыць і дзе, гэта разумеем па ягоным запісе за 9 жніўня:

«Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялікі горад не дасць мне як мае быць ачуняць. І жыць не ў Беларусі больш не магу. А дзе жыць у Менску? І як там жыць на попелішчы? Што там есці? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нікога не было, пісаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у „Беларусь“ № 5. Артыкул ужо напісаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразу найшло людзей, і падняўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю».

Антырасейскі запіс

Відавочна, што Кузьма Чорны нягледзячы ні на што, заставаўся беларускім патрыётам, які хацеў зрабіць нешта карыснае для Беларусі і беларускай культуры і не надта каб шанаваў «старэйшага брата» з Усходу. І рабіў гэта цалкам справядліва. Па іроніі лёсу ў ягоным дзённіку антырасейскі запіс быў зроблены акурат 8 верасня, нібыта спецыяльна:

«За шэсць дзён пераклаў „Позняе каханне“ Астроўскага — так гнаў мяне ў карак тэатр. І ўжо месяц ляжыць гатовы тэкст, і не забіраюць. Гэта ўсё азіятчына ў эўрапейскай краіне Беларусі. Я мог бы звацца не Чорны Кузьма, а чорнарабочы. Колькі за свой век я зрабіў гэтых перакладаў і напісаў усяго, што без майго подпісу запоўнівае старонкі ўсёй нашай прэсы і ўсё на кавалак хлеба! Хлеб наш насушчны, усіх нас пасушыць».

Пра катаванні ў зняволенні

Камунікуючы з іншымі пісьменікамі Чорны вяртаўся і да свайго досведу. Так, паслухаўшы аповеды Піліпа Пестрака, які амаль 11 гадоў у міжваенны час правёў у польскіх турмах за сваю беларускую пазіцыю, Кузьма Чорны прыгадаў і ўласны досвед зняволення ў запісе ад 3 кастрычніка. Гэта, дарэчы, была першая згадка ў літаратуры жорсткіх сталінскіх часоў:

«У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алаўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумавым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць.

У яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі».

Пра сустрэчы з жонкай ксяндза Адама Станкевіча і мастаком Пётрам Сергіевічам. Але нягледзячы ні на што, Кузьма Чорны быў і заставаўся беларускім патрыётам. У ягоным дзённіку застаўся дзіўны запіс ад 11 кастрычніка, дзе ён пераказвае сустрэчу з жонкай ксяндза Адама Станкевіча, якая просіць заступніцтва. Пры гэтым сам Станкевіч быў таксама рэпрэсаваны бальшавікамі неўзабаве:

«Сёння многа і, здаецца, добра пісаў. 7 кастрычніка заходзіла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовіч з Вільні, жонка ксяндза Адама Станкевіча. Яна прыехала ў Менск, каб дайсці тут якое-небудзь рады: віленск[і] біскуп, пілсудчык Ялжбыкоўскі садзіць усюды па Беларусі на парафіі палякаў ксяндзоў, якія і прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталікі ёсць чыстыя палякі. Гэтая жанчына вельмі прыемная асоба, тыповая яшчэ нашаніўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлігійны, а палітычна-нацыянальны характар і так падаць у адпаведныя рэспубліканскія органы.

У тым жа запісе ён згадвае і партрэтыста Пётру Сяргіевіча, які прыехаў у той жа самы час у беларускую сталіцу. Згодна з запісам Чорнага бачым, што падзел паміж «усходнікамі» і «заходнікамі» ўсё ж існаваў:

«Прыехаў з Вільні мастак Сергіевіч. Мілы чалавек і з вялікім талентам. Заходзіць часта. Пражыўшы з маленства і дагэтуль на Заходняй Беларусі, ён у нас аніяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкі і парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.»

kuzma-czorny-5.jpgЯнка Купала і Кузьма Чорны ў Пячышчах у 1942 годзе. Хаім Ліўшыц, 1963 год. Крыніца — nlb. by

Апошні запіс

У апошні дзень жыцця Кузьма Чорны робіць вельмі смутнаглядны запіс у свой дзённік, які хіба варта прывесці цалкам, каб лепей зразумець атмасферу:

«Бадай што ўжо месяц, як у „кватэры“, дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень — вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у „пульку“.

У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва, паклёпніцтва — за апошнія годы паднялося на вялікую вышыню. Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы!

У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысці. Доўгія годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага не ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага святла ў вакно і мучуся ў пограбе. Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?»

Неўзабаве пісьменік пайшоў з жыцця. Ягоны дзённік упершыню быў апублікаваны праз 21 год пасля запісу — на старонках часопіса «Полымя» ў 1965 годзе. Але ў зусім скарочаным выглядзе — цэнзары выкінулі ледзь не траціну напісанага, прыбраўшы ўсе некамфортныя запісы, якія так ці іначай маглі скамправетаваць савецкую рэчаіснасць у вачах чытачоў.

У арыгінальным выглядзе дзённік Кузьмы Чорнага выдаваўся ўжо толькі пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе. Для многіх ён нават у той час быў даволі шокавай чытанкай, бо Кузьма Чорны без прыўкрас спрабаваў адлюстраваць эпоху, у якой яму давялося жыць.

Л. Г., Budzma.org