Лявон Вольскі: «Захад мусіць нарэшце зразумець, што ў змаганьні з дыктатурамі і таталітарызмам пакуль гэтую барацьбу прайграе»

Лявон Вольскі разважае пра тое, што адбываецца на мяжы Беларусі з Еўразвязам, і спробы Захаду змагацца з дыктатурамі і таталітарызмам.

Lavon Volski Лявон Вольскі

Сьвятое трымценьне перад дзяржаўнай мяжою

У школе нам мэтанакіравана даводзілі, што дзяржаўная мяжа — гэта сьвятое, і нікому нельга яе парушаць. Натуральна, дзікі заходні сьвет ненавідзіць наш стабільны й упарадкаваны сацыялізм і засылае сюды агентаў і дывэрсантаў, каб дэстабілізаваць і пасеяць хаос. Але нашыя памежнікі надзейна стаяць на варце, і наўрад ці ў якога Агента 007 ёсьць тут хоць нейкі шанец. 

Мы, савецкія школьнікі, чыталі адмысловую дзіцячую літаратуру пра гераічныя будні памежнікаў, пра абясшкоджваньні асабліва небясьпечных рэзыдэнтаў, якія прымацоўвалі на ногі ласіныя капыты, каб савецкія жаўнеры падумалі, што гэта звычайны лось вырашыў пашпацыраваць па кантрольна-сьледавой паласе. Але пільныя савецкія памежнікі ўмомант вылічвалі хітрага агента, і вось ён ужо дае паказаньні, зьліваючы сваіх начальнікаў ды паплечнікаў...

Нават на занятках па сьпевах у малодшых клясах мы развучвалі патрыятычную песьню: «Стой, хто ідзе, стой, хто ідзе! Ніхто не праскочыць, ніхто не прапаўзе!». У нас выхоўвалі сьвятое трымценьне перад дзяржаўнай мяжою. Каб мы нават ня думалі пра тое, што яе можна парушыць — і з аднаго, і з другога боку — ледзь што: «Стой, хто ідзе!» — і стрэл у плечы.

Эўрапейская ідылія парушылася

Malunak Lavona Volskaha

Малюнак Лявона Вольскага

З гадамі трымценьне зьнікла, уяўная сьвятасьць выпетрылася, мы пачалі езьдзіць па сьвеце і ўбачылі, што ў Эўропе паміж краінамі межы зьніклі, засталіся толькі шыльды з назвамі краінаў ды правіламі праезду па іх. І ўсё. Ніякіх табе гераічных памежнікаў з сабакамі, ніякіх суворых позіркаў, якія працінаюць цябе наскрозь. Ня кажучы ўжо пра праверкі зьмесьціва смартфонаў і прыніжальны допыт: мэта паездкі, што вязем, ці маецца нешта забароненае да правозу? 

Вандроўка па Эўропе зрабілася лёгкай ды прыемнай — ты едзеш праз розныя краіны і не губляеш час і нэрвы на чэргі, праверкі, пячаткі ў пашпарт і зносіны са службовымі асобамі. 

Гэтая эўрапейская ідылія раптам парушылася, калі зь Беларусі ў Эўразьвяз пачалі масава перці нелегальныя мігранты. Не, не беларусы. Аўганцы, сырыйцы, ураджэнцы арабскіх краінаў ды Афрыкі. Беларускія службоўцы ды памежнікі ўсяляк дапамагалі ім — падвозілі, арыентоўвалі, забясьпечвалі рыштункам для пераадольваньня плоту й калючых дратоў. Польскія, літоўскія й латвійскія памежнікі лавілі мігрантаў (ня ўсіх, натуральна) і накіроўвалі назад — туды, адкуль яны прыйшлі. 

Заўважце, ніхто не адкрыў агонь не паражэньне, хаця была відавочна парушаная мяжа (цікава, што б рабіла памежная служба РБ у падобным выпадку? «Стой, хто ідзе!» — і стрэл у плечы?). Праз гэтую хваравітую сытуацыю Нямеччына (мэта для большасьці мігрантаў) аднавіла памежны кантроль на межах з Польшчай, а Польшча — на мяжы зь Літвою.

Да чаго прыводзіць ігнараваньне праблемаў у адной краіне ў цэнтры Эўропы

Гэта тыповы прыклад таго, да чаго можа прывесьці ігнараваньне таго, што адбываецца ў адной асобна ўзятай краіне ў цэнтры Эўропы. Маўляў, хай яны там самі разьбіраюцца са сваімі посткамуністычнымі дыктатурамі. Мы выразім заклапочанасьць і гэтым абмяжуемся. І вось — калі ласка! — гэтая адна асобна ўзятая (не без дапамогі сваёй усходняй гаспадыні) справакавала міграцыйны крызыс у Эўропе. 

Дайшло да таго, што Польшча зачыніла памежныя пераходы, і Літва зрабіла тое самае, бо была ў дадатак масава атакаваная мэтэазондамі з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі (гэтыя балёны неаднаразова паралізоўвалі працу Віленскага аэрапорту).

Усё вяртаецца на свае колы

Miaža
Фота: Reuters

Дыктатуры, на жаль, вынаходлівыя. У падступнасьці, подласьці ды вычварнасьці зь імі цяжка спаборнічаць. У дыктатураў ніякіх нормаў няма — усё добра, што нанясе непапраўную шкоду ворагу. А вораг у гэтым выпадку — Захад. Дыктатуры ня стрымлівае нічога — у тым ліку чалавечае жыцьцё. Для таталітарызму гэтае жыцьцё нічога не каштуе, бо «бабы яшчэ нараджаюць». 

Перакрыцьцё межаў — гэта адчайны рашучы крок. Маўляў, мы перакрыем, і яны вымушаныя будуць пайсьці на саступкі. Але дыктатура ня можа дэманстраваць слабасьць — адзін раз прадэманструй, і ўсё пасыпецца! — яна будзе чакаць безь ніякіх крокаў у адказ.

І вось ужо адчыняюцца, здавалася б, навечна перакрытыя «Баброўнікі» і «Кузьніца». Бо за кошт памежжа жыло цэлае Падляшша, і гэтае перакрыцьцё нэгатыўна на ім адбілася. І ўжо літоўскі бок аднаўляе памежны рух. 

І ўсё вяртаецца на свае колы, і старонка, здаецца, амаль перагарнутая, прычым без аніякіх саступак з боку РБ. Мігранты працягваюць свой марш, а кантрабандныя мэтэазонды — свой палёт. Дыктатура напаўняе свае турмы новымі і новымі палітвязьнямі і вырабляе зброю для Расеі, сваёй усходняй гаспадыні, каб тая пасьпяхова ваявала з Украінай.

Кепскі сыгнал

Нядаўна ў Польшчы адбылася дывэрсія на чыгунцы — кіраваным выбухам пашкодзілі рэйкі. Праваахоўныя ворганы выявілі, што гэта зрабілі два дывэрсанты, якія пасьля акцыі пасьпяхова зьехалі ў Беларусь праз адчынены надоечы памежны пераход...

Мяжа цяпер ня ёсьць чымсьці сакральным. Сьвет па-трапяткому ставіўся да ўсталяваных пасьля Другой сусьветнай вайны межаў паміж краінамі. Але зьнянацку Расея пачала зьмяняць звыклыя межы, праігнараваўшы меркаваньне ўсяго (амаль усяго) сьвету. А на мяжы Эўрапейскага зьвязу з задворкамі імпэрыі пануе гармідар — мігранты, кантрабанда, дывэрсанты... 

Дэсакралізацыя гэтае мяжы — вельмі кепскі сыгнал. Сёньня — мігранты, а заўтра — рэгулярныя войскі?

І Захад мусіць нарэшце зразумець, што ў змаганьні з дыктатурамі і таталітарызмам пакуль гэтую барацьбу прайграе. Бо дыктатуры брутальна нападаюць, а ён знаходзіцца ў вымушанай абароне.

Хаця ў гэтым змаганьні ўсе сродкі добрыя. 

Ці не?

Лявон Вольскі, Budzma.org