У Беларусі на адзін помнік прыроды стала менш: улады канстатавалі «страту каштоўнага аб’екту»

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі ўхваліла пастанову аб спыненьні функцыянаваньня батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэньня «Астраўныя ельнікі Добрускія» ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці, піша «Радыё Свабода».

Jelniki ŭ Dobruskim rajonie Homielskaj vobłaści Ельнікі ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці. Фота Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, гэта адбылося праз страту каштоўнага аб’екту, у мэтах захаваньня якога ён ствараўся.

Статус помніка прыроды гэтая тэрыторыя атрымала ў 1963 годзе. Тады ельнікі расьлі на 30,8 га.

У 2014 годзе яму надалі статус рэспубліканскага значэньня, а ў 2015-м істотна скарацілі ягоную плошчу.

На момант ухваленьня рашэньня аб спыненьні функцыянаваньня помніка прыроды яго плошча скарацілася да 6,9 га. У ведамстве пераконваюць, што гэта стала вынікам «масавага ўсыханьня гэтага віду елкі», які рос на тэрыторыі паблізу вёскі Чыстыя Лужы ў Добрускім раёне.

У канцы кастрычніка міністэрства пераўтварыла два астраўныя ельнікі ў у Маларыцкім раёне — «Маларыцкія» і «Пажэжынскія». Ахоўную плошчу тэрыторыі маларыцкіх ельнікаў павялічылі з 17 га да 40,95 га, а пажэжынскіх — з 68 га да 127,10 га, а таксама астраўных ельнікаў «Калінкавіцкія» ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласьці з 171,5 га да 274,64 га.

Тэрыторыю сядзібы Ф. Э. Дзяржынскага з прылеглым участкам лесу, што знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласьці, павялічылі з 108,9 га да 110,37 га.

На тэрыторыях гэтых помнікаў прыроды не дапускаецца правядзеньне работ, зьвязаных зь зьмяненьнем рэльефу і існуючага гідралягічнага рэжыму, акрамя работ па яго аднаўленьні, разьведка і здабыча карысных выкапняў, а таксама правядзеньне суцэльных высечак галоўнага карыстаньня.