Фестываль Беларускай Бардаўскай і Аўтарскай Песні «Бардаўская восень 2025» сёлета святкуе 30-гадовы юбілей. Адметнасць юбілейнай эдыцыі фэсту — вяртанне конкурсу выканаўцаў. Упершыню ў гісторыі фестывалю абіраць пераможцу конкурсу будзе аўдыторыя праз сацыяльныя сеткі.
Фестываль шукае новыя імёны ў беларускай аўтарскай песні і запрашае да ўдзелу ў конкурсе беларусаў і беларусак, якія:
пішуць і выконваюць свае песні па-беларуску,
маюць мінімум 4 аўтарскія творы,
жывуць у адной з краін Еўропы.
Каб узяць удзел, трэба да 30 верасня запоўніць анлайн-форму і даслаць запіс адной уласнай песні на беларускай мове.
Конкурс адбудзецца анлайн праз адкрытае галасаванне ў сацсетках Tutaka.
Пераможца выступіць на сцэне Бардаў 2025 і атрымае грашовую ўзнагароду.
Усе падрабязнасці — у рэгламенце конкурсу на сайце tutaka.org.
Сёлета Фестываль «Бардаўская восень» адбудзецца на Беласточчыне — у Бельску Падляшскім 24-25 кастрычніка 2025 года.
Увесь час свайго існавання фестываль быў адной з галоўных пляцовак рэпрэзентацыі беларускамоўнай аўтарскай творчасці і месцам сустрэчы розных пакаленняў творцаў.
«У гэтым годзе мы зноў хочам падкрэсліць, што „Бардаўская восень“ — гэта не толькі музычная падзея. Музыка застаецца асновай фестывалю, але поруч з ёй гучней заявіць пра сябе мастацтва слова ў самых розных формах. Юбілейная праграма аб’яднае канцэрты, літаратурныя дыскусіі, паэтычныя выступы і паказы мастацкага кіно. Тут будуць абмяркоўвацца новыя ідэі, важныя пытанні і свежыя творчыя падыходы», — кажуць арганізатары.
Сачыце за навінамі. Арганізатары абяцаюць неўзабаве абвесціць праграму фэсту.