Маштабнае святкаванне 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне выявілася, у тым ліку, у адкрыцці шэрага новых мемарыялаў. Але па іх змесце ў гісторыкаў ёсць вялікія пытанні — у новых аб’ектах бачаць і палітыку, і абсурд. Як выправіць сітуацыю? Піша «Салідарнасць».
У савецкай гістарыяграфіі замест Другой сусветнай вайны было ўведзена паняцце Вялікай Айчыннай (ВАВ), якое выключала вельмі нязручныя моманты з агульнай карціны. У тым ліку, саюзніцкія адносіны СССР з нацысцкай Нямеччынай у 1939-1941 гадах. Так была практычна сцёртая памяць аб беларусах, якія загінулі ў пачатку Другой сусветнай у складзе польскай арміі.
У сучаснай Беларусі не толькі працягнулі савецкія традыцыі замоўчвання, але і пайшлі далей, выкарыстоўваючы тэму Вялікай Айчыннай у сваіх палітычных інтарэсах.
Пасля мірных пратэстаў 2020 года Генпракуратура ініцыявала справу аб «Генацыдзе беларускага народа», якая мае палітычную мэту ў стварэнні ворагаў з Захаду і апазіцыі.
У год 80-годдзя перамогі ў ВАВ у абласных цэнтрах з’явіліся тыпавыя манументы ў памяць аб ахвярах «генацыду беларускага народа» — у Гродне, Віцебску і Магілёве (у Гомелі і Брэсце іх устанавілі ў 2024-м).
Адкрыццё манумента аб ахвярах «генацыду беларускага народа» ў Віцебску. Фота: sb.by
Гісторык Павел Церашковіч звяртае ўвагу: тэрмін «генацыд» мае выразны юрыдычны характар і ў гэтым выпадку не можа быць дастасавальны — у выпадку падзей на тэрыторыі Беларусі варта казаць пра «злачынствы супраць чалавечнасці».
— І акрамя таго не зразумела, што ў гэтым выпадку маецца на ўвазе пад беларускім народам. Габрэі, якіх масава знішчалі ў Беларусі, — гэта беларускі народ ці не? Улады дапускаюць шмат недасказанасці і непаразуменняў, — адзначае ў каментары «Салідарнасці» Павел Церашковіч.
Апроч помнікаў у памяць аб ахвярах «генацыду беларускага народа» ў 2025-м у Беларусі з’явіўся шэраг іншых манументаў. Толькі памятных дошак героям Савецкага Саюза, верагодна, адкрылі дзясяткі.
Адкрыта абсурднай атрымалася гісторыя з прысваеннем Баранавічам і Оршы статусаў «Горад працоўнай славы 1941-1945» — пры тым, што да лета 1944-га яны знаходзіліся пад нацысцкай акупацыяй.
З блытаных тлумачэнняў чыноўнікаў нельга было зразумець, як такое магло атрымацца. А справа ў тым, што падобная ініцыятыва даўно існуе ў Расіі і па яе прыкладзе да 80-годдзя перамогі Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД вырашыў «узнагародзіць» ганаровымі статусамі іншыя тылавыя гарады былога СССР — у Казахстане, Узбекістане, Азербайджане і г.д.
А беларускія ўлады, жадаючы, верагодна, падстроіцца пад грашовы паток, зрабілі так, што ў спіс уціснулі і беларускія гарады: у Баранавічах абсурдную стэлу ўжо адкрылі, у Оршы ўстаноўка яшчэ плануецца.
Адкрыццё стэлы «Баранавічы-горад працоўнай славы. 1941-1945». Фота: «Наш край»
Канадскі гісторык Дэвід Марплз, аўтар кнігі «Our Glorious Past: Lukashenka’s Belarus and the Great Patriotic War» адзначае ў каментары «Салідарнасці»:
— Мемарыялы і музеі служаць у Беларусі для ўмацавання месца вайны ў сучасным грамадстве, асабліва зараз, калі амаль усе ветэраны пайшлі з жыцця. У XXI стагоддзі колькасць музеяў і помнікаў хутка пашырылася, абапіраючыся на савецкую мемарыяльную спадчыну, якая пачала актыўна развівацца ў 1965 годзе, у 20-я ўгодкі заканчэння вайны. Апошняя афіцыйная з’ява, «генацыд беларускага народа», несумненна, прывядзе да стварэння новых помнікаў і мемарыялаў.
Пры гэтым Дэвід Марплз падкрэслівае: «З дапамогай помнікаў і музеяў, рэжым увекавечвае сталінізм у сучаснай форме — магчыма, не гэтак відавочна, але гэта адбываецца».
У гэтым кантэксце можна ўзгадаць комплекс «Лінія Сталіна», які адкрыўся 20 гадоў таму. Таксама паказальна адкрыццё ў 2025-м «Музея Славы Магілёўшчыны» на Буйніцкім полі. У першых дзвюх залах новага музея — рамантызацыя даваеннага Магілёва і фігуры курсантаў мясцовай школы НКУС.
Акадэмічны дырэктар «Беларускага інстытута публічнай гісторыі» Аляксей Ластоўскі ў каментары «Саліданасці» звяртае ўвагу, што ў савецкай Беларусі імкнуліся расстаўляць акцэнты па-іншаму:
— У савецкія часы ўлады БССР змаглі выбіць сваю нішу і стварыць уласную традыцыю траўматычных помнікаў, прысвечаных вайне. Гэта сапраўды моцныя помнікі. Самы яскравы прыклад — мемарыяльны комплекс Хатынь.
Праўда, палітолаг, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч лічыць, што намаганні ўладаў у сферы мемарыялаў і музеяў не атрымліваюць жаданага эфекту:
— Пры штучнасці наратываў уладаў адкрыццё новых аб’ектаў, па маіх назіраннях, не выклікае эмпатыі ці нейкай заўважнай эмацыйнай рэакцыі. «Ну адкрылі і адкрылі». Пра памятную шыльду забываюць праз некалькі дзён. Як, скажам, у Мінску большасць жыхароў не ведае, у гонар каго названыя вуліцы па якіх яны ходзяць.
Акрамя выкарыстання мемарыялаў у палітычных мэтах, гісторыкі бачаць і іншыя недахопы ў дзяржаўнай палітыцы. Гісторык Уладзімір Лобач у каментары «Салідарнасці» адзначае, што фактычна ігнаруецца тэма Халакоста:
— Помнікі быццам бы ёсць, але напрыклад у вялікім і пампезным музеі Вялікай Айчыннай у Мінску няма экспазіцыі, прысвечанай Халакосту. Няма нават згадкі, што па нацыянальнай прыкмеце забілі 800 тысяч беларускіх габрэяў. Няма слова «Халакост» і ў кнізе пра «генацыд беларускага народа».
Гісторык Ірына Кашталян адзначыла, што ў сучаснай Беларусі не надаецца дастаткова ўвагі захаванню аб’ектаў часоў вайны, якія маюць гістарычную каштоўнасць.
— Шыльды можна зняць ці памяняць. Намнога горш, калі не захоўваюцца належным чынам арыгінальныя гістарычныя аб’екты, якія можна незваротна страціць.
У мінскай Масюкоўшчыне пакуль захаваўся шэраг будынкаў былога лагера для ваеннапалонных «Шталаг 352». Іх лёс турбуе. Гэты ўнікальны комплекс, калі б быў аформлены ў фармат мемарыяла з адпаведнай выставачнай прасторай, мог бы шмат даць для захавання памяці пра вайну ў Беларусі, бо адрозніваецца ад дастаткова нам ужо прывычных фарматаў.
На гістарычным месцы можна было б наглядна зразумець як быў уладкаваны лагер як частка нацысцкай сістэмы масавага зняволення і знічтажэння, як ён функцыянаваў падчас вайны, як выжывалі ягоныя вязні.
Гісторык Уладзімір Лобач звяртае ўвагу, што адкрываючы новыя сумнеўныя мемарыялы, дзяржава не клапоціцца ўвекавечаннем памяці ахвяр у рэгіёнах:
— У Беларусі шмат месцаў, дзе былі спаленыя вёскі — і на месцы многіх з іх ніякага памятнага знака. Гэтыя месцы, дзе адбылася трагедыя, зліваюцца з прыродай, на іх тэрыторыі людзі па нязнанню смажаць шашлыкі. У гэтым я бачу вялізны разрыў паміж афіцыёзам і тым, што мы маем на зямлі.