Пакуль беларускія следчыя і пракуроры займаюцца «генацыдам» у гады Другой сусветнай, іх расійскія калегі адмяняюць тысячы рашэнняў пра рэабілітацыю ахвяраў сталіншчыны. Так званая «праверка» была ініцыяваная там у 2022 годзе: вядома пра мінімум 4000 скасаваных рашэнняў пра рэабілітацыю. Навошта і што з гэтага беларусам?
Піша Алесь Кіркевіч — пісьменнік і публіцыст, сцэнарыст гістарычнага відэапраекта «Трызуб і Пагоня».
Алесь Кіркевіч
Гэта не адзінкавы прэцэдэнт, але тэндэнцыя. Той самы Медзінскі, былы іхны міністр культуры, напрыклад, ініцыяваў раскопкі ў Карэліі. Гэта Сандармох, вусцішнае месца масавых пахаванняў будаўнікоў Беламорканалу. Вядомы пункт, які наведвалі дыпламаты, пра які пісалі кнігі. Мэта раскопак адна: давесці, што людзей там забівалі не Саветы, а... фіны ў гады Другой сусветнай.
Або — Катынь. Здаецца, даўно апублікаваныя дакументы, спісы расстраляных Саветамі польскіх афіцэраў. Ельцын гэтыя спісы перадаваў палякам, Пуцін удзельнічаў у мерапрыемствах на месцы забойстваў. Зараз жа зноў расіяне шукаюць там «нямецкі след».
Дадамо сюды рэпрэсіі супраць даследчыкаў рэпрэсіяў (гэта не абдрукоўка, так і ёсць), ганенні на «Мемарыял». Або, з нядаўняга: рашэнне ўладаў Томска пра дэмантаж памятных слупоў на пагорку Каштак, дзе сталіністы расстрэльвалі ў 1930-х. Усё гэта адна вялікая хваля: перапісванне гісторыі сталінскай эпохі. Рэабілітацыя метадаў і стылю кіравання.
Ці ёсць тут логіка?
Ёсць. Нельга пекчы як піражкі помнікі, кнігі, фільмы і серыялы пра чэксітаў ды СМЕРШ, але — мець у заплеччы гэтыя мемарыялы памяці ахвяраў чэкістаў ды СМЕРШу. Гэта шызафрэнія. Як вядома, «царства падзеленае ў сабе не выстаіць». Вось гэты падзел зараз старанна ліквідуюць.
Калі ва ўладзе сілавікі ды следчыя, то ім патрэбны не толькі эмацыйны фундамент, але і юрыдычны. Каб недзе было прапісана і зацверджана пячаткай: усё рабілася правільна, а невінаватых сярод забітых, зняволеных і сасланых — няма. Каб ніхто ўжо не мог сказаць: «Глядзіце, вашы героі забівалі бязвінных людзей, і пра тое ёсць рашэнні пракуратуры!».
Бо напрошваецца пытанне: што не так было са сталінскай сістэмай? Такіх пытанняў быць не павінна. А вынікам мае быць карт-бланш на «можем повторить» у сферы ўнутранай палітыкі. Тут і цяпер.
Наведнікі выставы, прысвечанай ахвярам сталінізму, Масква, 1988 г. Фота: Dmitry Borko / Wikimedia (CC BY-SA 4.0)
Чаго каштавалі тыя «рэабілітацыі»?
На фоне сённяшніх парадкаў у Расіі можа ўзнікнуць уражанне, што раней там была «амаль дэмакратыя»: прынамсі, ад ХХ з’езду партыі ў 1956-м да позняга Ельцына. Бо дэмантаж сталіншчыны зацягнуўся на ўвесь гэты час — другую палову дваццатага стагоддзя.
Але ўсё гэта былі касметычныя рашэнні. Нават не рашэнні, а іх імітацыя. Паперкі пра рэабілітацыю забітых, якія прыходзілі родным у 50-я — 60-я, найчасцей былі ілжывыя.
Чалавека расстралялі ў 38-м, а напісалі: «памёр у лагеры ад запалення лёгкіх у 43-м» (так было ў майго прадзеда). Канешне, не было ніякага пакарання вінаватых. Усе гэтыя маёры і лейтэнанты органаў дзяржбяспекі спакойна паміралі ў сваіх вялізных кватэрах у 90-я.
Рэпрэсіі прызналі як факт, але ніхто за іх не адказаў. Не стаў на калені. Не было гаворкі пра кампенсацыі родным. Падумайце, ці пагадзіліся б яўрэі на такі спосаб «перагарнуць старонку» з боку немцаў пасля Халакосту?.. Думаю — не. Бо такі варыянт пакідаў бы опцыю паўтарэння сцэнара... То-бок, сталінскія метады не дэмантавалі, а ўсяго толькі замаскавалі да пары да часу.
Што з гэтага беларусам?
Няма ніводнай прычыны, каб гэтыя тэндэнцыі не былі перанятыя адміністрацыяй у Мінску. Занадта прывабна. І ўсе гэтыя моды на «вялікую айчынную», Берасцейскую крэпасць, Хатынь, а зараз яшчэ і «генацыд» — маюць адну практычную мэту. Гэта не пра ахвяры. Гэта пра сакралізацыю сталінскага стылю. Маўляў, па-іншаму немагчыма, бо — вакол ворагі.
А таксама гэта непразрысты намёк грамадству: «Зіма блізка. Вы ж хацелі салдацкую кашу, гімнасцёркі і пілоткі?.. Усё атрымаеце».
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Не пабаяўся кінуць выклік сыстэме і ісьці наперадзе пратэснае калёны». Мой бацька Артур Вольскі