«Сьвяткаваць колішнюю перамогу разам з тымі, хто сёньня разьвязаў новую захопніцкую вайну, у якой гінуць і беларусы — дзіўна і брыдка». Лявон Вольскі піша пра культ Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. Чаму аднойчы адкрытая балючая праўда пра вайну зноўку зацёрлася ў прапагандысцкіх штампах, і чаму культ вайны стаў асновай дзяржаўнай ідэалогіі РБ?
Лявон Вольскі
«Пра мёртвых — альбо добра, альбо нічога, апроч праўды», — так першапачаткова гучала знакамітая фраза старажытнагрэцкага палітыка Хілона. Мінуў час, «праўда» ў выслоўі сьцерлася, і зьявіўся іншы сэнс — «альбо добра, альбо нічога».
Так і з вайной. Той далёкай вайной, якую савецкія ідэолягі нараклі «Вялікай Айчыннай». Праўда, пра тую жахлівую вайну зацерлася, размылася прапагандысцкімі, «правільнымі» фільмамі, кнігамі, «успамінамі», і большасьць бачыць яе так, як было настойліва прапанавана прафэсійнымі агітатарамі-прапагандыстамі. «Альбо добра, альбо нічога», — з нашага боку былі адно гераізм і высакароднасьць, а з боку ворага — зьверствы, зьдзекі, нечалавечая жорсткасьць. Для народу гэты варыянт бачаньня тых даўніх падзеяў вельмі выгодны: вось «яны» — нахабныя, жорсткія, беспрынцыпныя, а вось — «мы» — гераічныя, нязломныя, чыстыя і сьветлыя. І гэта назаўсёды.
Гэта не пераглядаецца, не пераасэнсоўваецца. За перагляд і пераасэнсаваньне цяпер нават змайстравалі адмысловы крымінальны артыкул.
У савецкай школе, дзе я калісьці вучыўся, быў культ вайны. Піянэры-героі, Матросаў, палітрук Клачкоў, героі-панфілаўцы... Гэта было штодня, пра гэта казалі на лінейках, на тэматычных ранішніках, на ўроках. Гэтага было настолькі зашмат, што дзеці ўжо не рэагавалі на шматлікія паўторы, проста ўспрымалі гэта як непазьбежнае тло для жыцьця. Таксама не асэнсоўвалі яны пастаянныя заклікі раўняцца на піянэраў-герояў і, калі прыйдзе зноў навала (а яна прыйдзе, можна не сумнявацца, падступныя імпэрыялісты востраць свае кіпцюры і толькі чакаюць моманту, каб напасьці на краіну нашага шчасьлівага дзяцінства), нягледзячы на ўзрост, грудзьмі стаць на абарону Айчыны.
«Меня называли орлёнком в отряде, враги называли орлом», «Погиб наш юный барабанщик, но песня о нём не умрёт», «В чужой степи, в траве нескошенной остался маленький трубач»... Вось такія песьні мы развучвалі на ўроках сьпеваў. У нашыя дзіцячыя галовы настойліва забівалі немінучасьць таго, што, калі што якое, давядзецца заняць мейсца «арлёнка», «юнага бубнача» ці «маленькага трубача».
У гэтым і сэнс культу мінулай вайны. У падрыхтоўцы да вайны наступнай. Да яе ўпарта рыхтаваліся, разьдзімалі агонь, выклікалі ейны дух...
Святкаваньне Дня перамогі ў Дзяржынску, 2023 г. Фота: dzr.by
Зрэшты, прыйшлі часы, калі людзі даведаліся балючую і непрыемную праўду пра тую вайну — пра партызанаў, якія забіралі апошняе, а здаралася, і палілі вёскі, пра бязглуздае і жорсткае савецкае камандаваньне, якое пасылала на сьмерць дзясяткі тысячаў сваіх жаўнераў толькі дзеля таго, каб паінфармаваць «стаўку» пра тое, што «вышыня ўзятая», пра паводзіны жаўнераў-вызвольнікаў на «вызваленых» тэрыторыях...
І — дзіўна! — гэтая горкая праўда зноўку зацерлася ў прапагандысцкіх штампах «подзьвіг савецкага народу», «гераічная барацьба» і «песьні партызан, сосны ды туман». І — таксама дзіўна — тыя дзеці, чые галовы калісьці былі ня ў стане ўспрыняць прапагандысцкую навалу, цяпер мэханічна паўтараюць бляклыя савецкія клішэ.
Хаця — чаму дзіўна? Гэта цалкам можна зразумець — чымсьці прызнаць, што ў дзяцінстве цябе абалваньвалі, лепей згадзіцца, што гэта было годнае «патрыятычнае выхаваньне», якога цяпер так не хапае падрастаючаму пакаленьню...
У РБ так і ня склалася з ідэалёгіяй. З падмуркам дзяржавы. Полацкае, Тураўскае княствы, ВКЛ — не, гэта ўсё ня нашае. Там — усякія вялікія князі, арыстакраты, а нам гэта не пасуе, бо «выйшлі мы ўсе з народу».
Касьцюшка, Каліноўскі — таксама не, яны ж палякі, а мы — тутэйшыя.
Сапегі, Радзівілы, Агінскія — забірайце сабе, гэта магнаты, а мы — простыя людзі, зь сялянаў.
Што застаецца? Вайна! Вялікая Айчынная вайна і наш гераічны ўдзел у ёй. Вайна, ачышчаная ад усялякіх сумнеўных фактаў, ад супярэчнасьцяў, калі трэба — ад праўды. Вось яна — зьзяе сьвежай «залатой» фарбай на няхітрай вясковай скульптуры савецкага ваяра, гучыць у патэтычных нотах вайсковага духавога аркестру, адбіваецца блікамі сонца ў «франтавых» 100 грамах...
Зьзяе сьвежай «залатой» фарбай на скульптуры савецкага ваяра. Малюнак Лявона Вольскага
І галоўнае тады нам не забыцца на сапраўдны сэнс старажытнагрэцкага выслоўя:Сьвяткаваць колішнюю перамогу разам з тымі, хто сёньня разьвязаў новую захопніцкую вайну, у якой гінуць і беларусы — дзіўна і брыдка. Але «кіраўніцтва» мае свой погляд на ўсё гэта. «Кіраўніцтва» думае, што пройдзе час, і ягонае панаваньне таксама ачысьцяць ад сумнеўных фактаў, супярэчнасьцяў, дзе трэба, ад праўды, і выставяць у выглядзе безгустоўнага пафарбаванага залатой фарбаю помніка на ўсеагульны агляд.
Пра мёртвых альбо добра, альбо нічога. АПРОЧ ПРАЎДЫ!
Лявон Вольскі, Budzma.org