10 лістапада (23 лістапада па новаму стылю) 1906 года ў Вільні пачала выходзіць «Наша Ніва» — першая беларуская газета з рысункамі, як пазіцыянавала выданне ягоная рэдакцыя.
Значэнне гэтай падзеі для найноўшай гісторыі Беларусі немагчыма пераацаніць, бо калі зірнуць на яе з вышыні прамінулага стагоддзя, без перабольшвання можна сказаць, што «Наша Ніва» стала адной з галоўных цаглінаў у падмурку нашай дзяржаўнасці, піша «Салідарнасць».
— Разумеем мы, як важна цяпер беларуская газета, разумеем, якую вялікую работу яна можа зрабіць. І дзеля таго мы будзем старацца, каб наша газетка глянула ўсюды, каб папала яна і пад страху беднай курной хаты мужыкабеларуса, — звярталіся да будучай аўдыторыі ў праграмным артыкуле першага нумара выдаўцы газеты.
Рэдакцыя газеты ў Вільні на вуліцы Завальнай. Фота 1910-х гг. з фондаў БДАМЛМ
Заснавальнікамі выдання былі кіраўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч. Яны абяцалі служыць не «толькі ці панам, ці адным мужыкам»:
— Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра, святло падала ў цёмнасць... Мы будзем браць усё ад усіх і, злажыўшы ў парадак, зноў аддаваць.
З першага нумару рэдактары дэкларавалі працу на карысць агульным інтарэсам.
Ведайце добра, што «Наша Ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на старонках нашай газеты і кіраваць ёю, толькі каб было разумна. Мы з сваёй стараны будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, — зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права і памагалі нам у нашай рабоце.
На старонках тагачаснай «Нашай Нівы» друкаваліся многія будучыя класікі беларускай літаратуры, для некторых тыя публікацыі былі дэбютнымі.
Вось не самы поўны спіс: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Канстанцыя Буйло, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны... Тут жа публікаваліся пераклады на беларускую мову — ад Адама Міцкевіча да Антона Чэхава.
А вось гэты радок з артыкула на Вікіпедыі кідае масток да падзей нашых дзён, да таго, чым ад моманту адраджэння ў 1991-м займаецца адноўленая «Наша Ніва»:
— [Газета] выступала «за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сялянскага землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове.
І першае, і адноўленае выданні рэгулярна сутыкаліся з цэнзурай і пераследам палітычных рэжымаў. Канфіскацыі, ператрусы, суды і турэмныя пасадкі.
Пасля «візіту» паліцыі ў віленскай рэдакцыі ў пачатку ХХ ст.
Бюст заснавальніка «Нашай Нівы» Івана Луцкевіча ў нашы дні разбілі на кавалкі людзі, якія лічаць сябе ахоўнікамі правапарадку
Як бачым, прайшло яшчэ два дзесяцігоддзі, а задачы перад «Нашай Нівай» і яе чытачамі, а таксама ўсёй незалежнай прэсай, стаяць ці не тыя самыя.
Вось што пісала новая рэдакцыя «НН» у першым нумары адноўленага выдання ў траўні 1991-га:
— «Наша Ніва» выходзіць зноў. Людзі, якія стварылі яе ў 1906-м годзе, разлічвалі не на нейкі перыяд, ці этап, ці нейкую праграмумінімум, пасля чаго трэба было б спыніць выданне, але на ўсю перспектыву беларускага нацыянальнага жыцця.
Гэты разлік у 1915-м сарвала вайна, пасля — рэвалюцыя, часы сацыялістычнага будаўніцтва. Цяпер, калі гэта ўсё адышло ў нябыт, калі спакваля зноў акрыйвае беларускае нацыянальнае жыццё, «Наша Ніва» выходзіць зноў. Як люстэрка дзён і жаданняў...
Больш за 70 гадоў моўкнасці няхай стануць для нас не забыццём, а новым, добры забытым досведам, не гнілымі лаўжамі, а крэпкім сухім паленнем ў грубку адноўленае «Нашай Нівы».
Так, выхад той газеты, якую выдавалі Луцкевічы, Купала, і дзе друкаваўся Багдановіч, перапыніла вайна. У 2021-м годзе рэдакцыя сучаснай «Нашай Нівы», як і астатнія незалежныя выданні, мусіла з’ехаць з краіны ў выніку вайны, якую ўладны рэжым развязаў супраць уласнага народа.
Адноўленая «НН» прайшла шлях ад элітарнага выдання накладам у некалькі тысячаў асобнікаў, якое фармулявала сэнсы першых крокаў незалежнай краіны, да самай масавай і папулярнай беларускамоўнай інтэрнэт-газеты.
Ночка цёмная на свеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе.
Гэтае прысвячэнне Янкі Купалы «Нашай Ніве», напісанае ў далёкім 1911-м, тоіць у сабе адказ на балючае для ўсіх нас пытанне: «Што будзе далей?». Праверана гісторыяй.