«Пайсьці і (не) вярнуцца». Лявон Вольскі пра Анджэя Пачобута і свае самыя недарэчныя пераходы мяжы

Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. Перайшоў мяжу й накіраваўся ў Горадню. Як і абяцаў. Што ён адчуваў, калі праходзіў пашпартны й мытны кантроль на тэрыторыі РБ? Разважае Лявон Вольскі і прыгадвае розныя выпадкі з жыцця, якія здараліся з ім пры перасячэнні мяжы, — недарэчныя і нават смешныя (цяпер смешныя, а на той момант было зусім не да смеху).

Paczobut.jpgАнджэй Пачобут у Горадні. Фота з Фэйсбука Анджэя Пачобута

Што адчуваў Анджэй?

Магчыма, Анджэй пасьля шматгадовых нечалавечых катаваньняў у турмах настолькі загартаваўся, што пераход мяжы быў для яго чымсьці зусім ардынарным, ня вартым асаблівае ўвагі?

Можа быць. А я дык за доўгія гады пераездаў праз дзяржаўную мяжу РБ (туды і адтуль — як у «Хобіце») так і не навучыўся спакойна пачувацца падчас мытных ды памежных праверак.

1993. Паездка на фэстываль у Данію і «прыклееныя» вушы гітарыста

Здаралася рознае. У далёкім 1993-м гурт «Новае Неба» ехаў на фэстываль «Roskilde» ў Данію. Мусілі даехаць цягніком да Варшавы, а адтуль — да Сьвінаусьця і тады ўжо на пароме да Капенгагену. Трэба зазначыць, што фэстываль вельмі сур’ёзны, ужо тады на ім зьбіралася каля сотні тысячаў гледачоў, сярод выступоўцаў на пяці фэстывальных сцэнах былі пазначаныя Motörhead, Chris Isaak, Antrax, Midnight Oil ды Ray Charles. Выступ на такім фэсьце — проста гонар для беларускага гурту, што тут казаць!

Праблема ўзнікла ні з пушчы ні з поля — памежны начальнік выказаў сумнеў, што пашпарт гітарыста сапраўдны. Маёр пырскаў сьлінай, пагражаў, што вось проста зараз парве дакумэнт, пытаўся: «Чэм ушы клеіў?» (Я дагэтуль не разумею сэнс гэтых словаў), нема роў: «Зачэм ты ўклеіў у паспарт фатаграфію футбаліста мінскага «Дынама»? Гэта была натуральная гістэрыка.

Дзеля справядлівасьці трэба зазначыць, што гітарыст моцна схуднеў з моманту атрыманьня пашпарту, але дасьведчанае вока памежнага афіцэра мусіла сасканаваць рысы твару і даць сыгнал у мазгі: «Гэта той самы чалавек, толькі схуднелы». Дык вось, сыгнал не паступіў. Ня ведаю, чаму.

Можа, маёр з нудоты кульнуў грамаў зь 250 (гэта ж пачатак 1990-х!), і яны ператварылі яго ў ваўкалака, можа, папросту меў няўстойлівую псыхіку, але іншы афіцэр адвёў мяне ўбок і ціха прамовіў:

 Не спрачайцеся з маёрам, бо ён сапраўды можа парваць дакумэнт, паспрабуйце перайсьці празь іншы пераход, я ўпэўнены, там у вас усё ўдасца.

Гурт паехаў далей да Варшавы, а лідарка гурту зь гітарыстам перайшлі на аўтамабільны пераход, падселі ў аўто да добразычлівых людзей і безь ніякіх пытаньняў пра футбаліста менскага «Дынама» і прыклееныя вушы перайшлі мяжу.

2009 г. Баброўнікі. «Праверым ваш аўтамабіль і асабіста вас»

Ці то выпадак зь іншае эпохі. 2009 год. Я атрымаў у Польшчы стыпэндыю Міністэрства культуры Gaude Polonia, пісаў у Варшаве песьні для альбому «Белая Яблыня Грому» і час ад часу езьдзіў у Менск на некалькі дзён. Вось і гэтым разам — паехаў, як заўсёды, праз Баброўнікі. Памежны кантроль прайшоў імгненна, пад’ехаў на мытны. Са службовае будкі выйшаў маладзенькі мытнік (раней я яго там ня бачыў, відаць, ён толькі-толькі пачаў службу па разьмеркаваньні). У багажніку майго аўто ляжала гітара ў футарале.

— Вы музыкант? — запытаў мытнік.

— Так, — пацьвердзіў я.

 Добра, праяжджайце, — вярнуў мне пашпарт юны афіцэр.

Я пад’ехаў да памежнага шлягбаўму, і раптам перад самым выездам зь зямлі выпаўзьлі злавесныя сталёвыя цыліндры, праехаць празь якія было немагчыма. Я нават не зразумеў, што адбываецца, але мне растлумачыў памежнік, які выпускае (ці не) машыны:

— Вас вырашылі асабіста дагледзець. Пад’едзьце да таго чалавека ў чорнай форме.

Я неаднаразова заўважаў на памежных пераходах людзей у чорнай форме, але ня ведаў, што гэта за служба.

— Едзьце павольна за мной, — скамандаваў чорны. — Заедзем у бокс, праверым ваш аўтамабіль і асабіста вас.

Я паехаў за ім, пачуваючыся жаўнерам на перадавой. І тут зьнянацку чорны спыніўся, уважліва паглядзеў на мяне і вымавіў:

— Вы — Лявон Вольскі, я не памыляюся?

— Так, гэта я, — згадзіўся я.

— Халера, — плюнуў памежнік. — Добра, зробім так — заедзеце ў бокс, паразмаўляем дзесяць хвілінаў — і едзьце сабе далей.

— Добра, — згадзіўся я.

Дзесяць хвілінаў чорны памежнік з напарнікам распавядалі пра розныя непрыемнасьці службы, маўляў, у юнацтве слухалі «Краму», і вось яна, гэтая «Крама», едзе на «Басовішча», і раптам «зьверху» прыходзіць загад дагледзець бус.

— Вось яны стаяць, чакаюць, нэрвуюцца, а я замест таго, каб узяць аўтографы, раскручваю дзьверы і ненавіджу ўсё і ўсіх...

Неўзабаве я зноў пад’ехаў да шлягбаўму.

— Неяк вы хутка, — зьдзівіўся памежнік, які выпускае (ці не) аўто.

— Так атрымалася, — суха адказаў я і выехаў зь недружалюбнае казённае тэрыторыі.

2020. Меднікі. Напружанае чаканьне і прабачэньні за нязручнасьці

Памежных гісторыяў за доўгія гады назапасілася некалькі дзясяткаў. Але на астачу распавяду толькі адзін выпадак зь векапомнага 2020-га. Мяне запрасілі паўдзельнічаць у канцэрце, які адбываўся ў памежных Медніках (у нас чамусьці прынята называць места па-літоўску — Мядзінінкай). Гэта быў канцавы пункт «Балтыйскага шляху» — шматтысячнае акцыі ў падтрымку беларускіх пратэстаў. Лішне казаць, адбывалася ўсё адразу пасьля выбараў, народнага абурэньня, рэпрэсіяў ды гвалту.

Мы з жонкай прыехалі на пустую мяжу (быў COVID, і амаль ніхто не перасоўваўся паміж краінамі), падалі пашпарты ў казённую белую будку памежніцам. Яны нібыта вярнулі нам дакумэнты, але раптам ля вакенца ўзьнікла злавесная постаць памежнага афіцэра.

— Прабачце, але я вырашыў пазнаёміцца больш дэталёва з вашымі дакумэнтамі, — сказаў афіцэр, узяў нашыя пашпарты і дадаў: — Прашу сьледаваць за мною.

Мы пакрочылі за ім у будынак памежнай службы. Ззаду за намі (каб не ўцяклі?) ішоў іншы афіцэр.

na-miazhy.jpgНа мяжы. Малюнак Лявона Вольскага

Мы прайшлі ў няўтульны будынак. Першы памежнік пакінуў нас на калідоры з другім афіцэрам, кінуўшы: «Чакайце тут», і зайшоў у службовы кабінэт. Праз прыадчыненыя дзьверы было чуваць, як ён камусьці дыктуе нашыя пашпартовыя дадзеныя.

Краем вока я заўважыў, што нашую машыну пайшлі правяраць хлопцы ў чорнай форме з сабакам. «Могуць падкінуць штосьці, трэба там прысутнічаць!» — мільганула ў галаве, і я зрабіў крок да дзьвярэй.

 Мужчына, вам жа сказалі, чакайце тут! — падвысіў голас афіцэр, зь якім нас пакінулі.

«Усё, зараз прыедзе брыгада зь Менску, і паедзем мы туды, дзе ніколі ня гасьне лямпачка», — застукалі ў галаве думкі. Пульс гучна тахкаў у вушах, здавалася, яго чуюць усе — і жонка, і афіцэр. Яшчэ здавалася, што мінула з паўгадзіны, хаця прайшло ня болей за дзесяць хвілінаў.

Афіцэр выйшаў са службовага пакою і працягнуў нам пашпарты.

— Калі ласка, можаце працягваць дарогу і прыміце прабачэньні за нязручнасьці.

Агаломшаныя, мы праехалі мяжу, адыгралі свой сэт у Медніках, дабраліся да Вільні, засьпявалі там на акцыі каля амбасады РБ і вярнуліся назад. Гэтым разам догляд на мяжы быў не такі траўматычны, але таксама доўгі і непрыемны.

Пазьней, на пачатку восені мы паехалі ў Варшаву. Зайгралі тры канцэрты (сярод іх — на грандыёзнай акцыі «Solidarni ź Białorusią» на галоўным варшаўскім стадыёне PGE Narodowy). Гэтым разам у Польшчы мы прабылі цэлы месяц. І вырашылі вяртацца дадому.

І вярнуліся. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org