Скандал у Варшаве. Будзе два Беларускія моладзевыя хабы?

2 жніўня ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве ў прысутнасці паліцыі мянялі замкі. Адбылося тое па ініцыятыве былога кіраўніка і заснавальніка «Белага легіёну» Сяргея Бульбы, які сцвярджае, што цяпер з’яўляецца законным кіраўніком моладзевага хаба. У сваю чаргу цяпер ужо былы кіраўнік Хаба Аляксандр Лапко заяўляе, што адбыўся рэйдарскі захоп. Каб разабрацца ў сітуацыі, якая склалася вакол Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве, карэспандэнтка budzma.org Алена Ляшкевіч пагаварыла з абодвума бакамі канфлікта.


дзверы Беларускага моладзевага хабуДзверы Беларускага моладзевага хаба 2 жніўня 2023 г.

Аляксандр Лапко: «Мы заклалі бомбу запаволенага дзеяння яшчэ ў 2020-м»

Вось што распавёў Аляксандр Лапко budzma.org пра сітуацыю вакол Хаба:

«Адбыўся фактычна рэйдарскі захоп Беларускага моладзевага хаба: як асацыяцыі, так сёння ўжо і прасторы. Але тыя людзі, якія гэтым займаюцца, не разумеюць, што Хаб — гэта не сцены, гэта не юрыдычная асоба, а гэта людзі, якія там працуюць, людзі, якія нас падтрымліваюць, якія ўвесь час разам з намі: нашы ініцыятывы, нашы валанцёры.

Аляксандр ЛапкоАляксандр Лапко

У назіральнай радзе Хаба, акрамя Станіславы Гліннік, яшчэ два чалавекі, якія былі яшчэ да таго, як з’явіўся Беларускі моладзевы хаб як асацыяцыя: Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова. Бо першапачаткова гэта была арганізацыя, якая называлася «Дом Еўропы і Азіі», якая ў 2020 г. была проста пераназваная. Людзі, якія датычыліся першапачатковай арганізацыі, абяцалі, што яны не будуць умешвацца ў нашы справы, а будуць толькі раз на год выконваць абавязкі назіральнай рады. Нас гэта цалкам задавальняла: мы меркавалі, што гэта будуць незалежныя людзі, якія акурат павінны быць у назіральнай радзе. Апошнім часам актывізавалася дзейнасць гэтых людзей: яны пачалі перашкаджаць працы Хаба. Мы спрабавалі неяк дамовіцца, але Андрэй Ракевіч пачаў вымагаць грошы. Пяцьсот тысяч. Я нават не ўдакладняў, у якой валюце. Гэта ён рабіў пры сведках. Прасіў водкуп, каб даць нам працаваць. Гэта было 23-га чэрвеня. Пасля, відаць, ён знайшоў кагосьці, хто яму заплаціў. Гэта маё асабістае меркаванне, як я бачу развіццё падзей.

Я не бачыў ніякіх дакументаў. Па нашым статуце прэзэса можа мяняць назіральная рада. Хіба што два чальцы назіральнай рады, Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова, проста выбралі новага прэзэса — Сяргея Бульбу — большасцю галасоў. Станіслава Гліннік ні ў якім галасаванні не ўдзельнічала. Юрыдычна гэта нібыта законна. Але была парушана працэдура інфармавання.

Атрымліваецца, мы заклалі бомбу запаволенага дзеяння яшчэ ў 2020 г., калі я, Стася Гліннік і Ганна Канеўская заснавалі Беларускі моладзевы хаб.

Мы думалі, як гэта юрыдычна аформіць. Была магчымасць ці зарэгістраваць сваю фундацыю, ці згадзіцца на дапамогу Андрэя Ракевіча. Знаёмы знаёмага яго да мяне падвёў на акцыі беларусаў ля Палаца культуры і навукі ў Варшаве. У яго была ўжо зарэгістраваная асацыяцыя. Нам прапанавалі не чакаць некалькі месяцаў, пакуль зарэгіструюць новую арганізацыю, а проста змяніць назву, кіраўніцтва і дзейнічаць ужо цяпер. З іх боку была таксама бухгалтарская і юрыдычная падтрымка, каб мы займаліся толькі непасрэдна беларускай справай, а яны — бюракратыяй. Мы пагадзіліся, бо па-максімалісцку лічылі тады, у 2020 г., што гэта ўсё ненадоўга, трэба хутка перамагчы і ехаць у Беларусь.

У першым складзе назіральнай рады, акрамя цяперашніх чальцоў, быў яшчэ я. А прэзэсам быў і наш, і іх знаёмы Аляксандр Міхайлоўскі. Ён займаўся адміністрацыйнымі справамі, але ў яго не атрымлівалася гэта сумяшчаць з іншай працай. З восені 2020 г. я стаў прэзэсам. Па нашым статуце я мог займаць гэту пасаду да пяці гадоў. У раду чацвёртага чалавека мы не запрашалі і ў іх, ранейшых удзельнікаў, засталася большасць галасоў. Я гэта бачу не як адміністрацыйную праблему, што, умоўна кажучы, у арганізацыі змяніўся дырэктар і яна можа далей працаваць. Гэта людзі, ніяк не звязаныя з арганізацыяй і

па факце знішчаецца ўся тая супольнасць, якая згуртавалася вакол Беларускага моладзевага хаба. Хаб — гэта людзі. Амаль усе, з кім мы працавалі, хто зараз выказвае нам словы падтрымкі, сказалі, што яны не будуць там далей працаваць.

каманда Беларускага моладзевага хабуКаманда Беларускага моладзевага хаба

Нішчыцца гэтая прастора, сімвалічная не толькі для беларусаў, а і для палякаў: там месцілася штаб-кватэра польскай Салідарнасці і для Варшавы гэта такая візітоўка, такі твар. І яны не хочуць яго губляць, асабліва калі на чале вядомай арганізацыі зараз становіцца чалавек, звязаны з іншымі, парамілітарнымі, арганізацыямі ў Беларусі і ва Украіне. Хутчэй за ўсё, польскія ўлады проста адбяруць гэта памяшканне.

Я ад прадстаўнікоў назіральнай рады Хаба ўвогуле не атрымліваў ніякіх паведамленняў. Толькі недзе каля 10 ліпеня з украінскага нумару (Сяргей Бульба жыве ва Украіне — рэд.) у Whatsapp нехта піша: «Я новы прэзэс. Дай ключы і дакументы». Я заходжу ў рэестр (судовы рэестр юрыдычных арганізацый — рэд.), а там няма ніякага новага прэзеса. Больш ніякіх кантактаў са мной не было. (На 2-га жніўня на старонках, дзе змешчаны рэестр, ужо пазначаны прэзэсам Сяргей Бульба. Апошнія змены інфармацыі пра Stowarzyszenie «Białoruski Młodzieżowy Hub» на старонцы rejestr.io пазначаны 26-м ліпеня — рэд.).

Назіральная рада зацвердзіла спіс сяброў арганізацыі, у якім людзі, якія да дзейнасці Хаба не маюць дачынення, але датычныя да Форума дэмакратычных сіл Валерыя Цапкалы і Вольгі Карач. Перад гэтым мы прапаноўвалі ўласны спіс, у які ўвайшлі б нашы валанцёры і розныя людзі, якія дапамагаюць Хабу функцыянаваць. Гэта было часткай нашага плану стратэгічнага развіцця — каб у арганізацыі з’явіліся сябры, якія плацяць складкі.

Яшчэ адна справа — гэта падробка подпісаў. У траўні я заўважыў, што ў Хаба ў рэестры памяняўся юрыдычны адрас. Гэта можа зрабіць толькі прэзэс. Але я адрас не мяняў. У архівах суда, дзе захоўваюцца такія дакументы, я знайшоў паперу, падпісаную ад майго імя, але не мной. Я нават знайшоў дакумент 2020 г., з якога той подпіс быў змаляваны. З таго часу у мяне змяніўся росчырк.

Перагледзеўшы іншыя дакументы, я выявіў, што ёсць і іншыя падробленыя подпісы, як мінімум Стасі Гліннік, якая ў дзень, які там пазначаны, нават не была ў Варшаве, і некаторых іншых людзей. Мы падалі заяву ў паліцыю, узбуджаюць крымінальную справу.

Мы ўжо атрымалі падтрымку ад офіса Святланы Ціханоўскай, ад Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. І гэта не проста маральная падтрымка, яны напісалі афіцыйныя паперы на імя прэзідэнта Варшавы і бурмістра раёна Środmieście (там знаходзіцца памяшканне, якое арыендуе Хаб — рэд.).

Наша сітуацыя падобная да таго, як разбураюцца іншыя арганізацыі. Метадычка працуе ўжо дзесяцігоддзямі: ствараюцца два БНФ, два Беларускія дамы, два Байполы, два Байсолы. Зараз, умоўна кажучы, створыцца два Беларускія моладзевыя Хабы.

Хаб — публічная, адкрытая прастора. Да нас заўсёды можна звярнуцца. У нас выступалі і Святлана Ціханоўская, і Зянон Пазняк, і Андрэй Ягораў, і ўкраінцы рабілі супольныя сустрэчы.

Мы былі да ўсіх прыязныя, адкрытыя і хочам працягваць гэту дзейнасць. Насамрэч, мы нічога не хочам, акрамя таго, каб нам далі працаваць далей на карысць беларусаў і беларушчыны».

Сяргей Бульба: «Да нас звярнуліся як да тых, хто можа спыніць гэты беспрэдзел»

Мы паразмаўлялі пра канфлікт вакол Хаба ў Варшаве і з Сяргеем Бульбам, які сцвярджае, што ён зараз з’яўляецца легальна абраным прэзэсам арганізацыі. Вось, што ён распавёў:

«Быў праведзены юрыдычны аўдыт Хаба. Аляксандр Лапко не прадставіў усіх дакументаў, аднак нават падчас праверкі дакументаў, што былі ў наяўнасці, былі выяўленыя істотныя парушэнні. З мэтай іх схаваць Лапко накіраваў ліст арэндадаўцу з просьбай скасаваць дамову арэнды з Хабам і заключыць з іншай арганізацыяй. Гэта і ё спроба рэйдэрскага захопу. Да нас звярнуліся заснавальнікі Хаба з прапановай захаваць Хаб для беларускіх ініцыятыў. Рашэннем назіральнай рады быў выбраны новы прэзэс.

Мы неаднаразова звярталіся да Лапко з просьбамі адкрыць дасяг да Хаба і прадаставіць дакументы, быў накіраваны ліст. Лапко таксама не прадаставіў справаздачы за 2022 г., а гэта з’яўляецца яго абавязкам. У мэтах працягнення дзейнасці Хаба мы былі вымушаныя арганізаваць дасяг да памяшкання і памяняць замкі. Пасля правядзення інвентарызацыі Хаб працягне сваю дзейнасць.

Польшча — прававая краіна. Калі б мы не мелі правоў, то польская паліцыя нам бы не дазволіла... А так яны самі сказалі, каб мы нанялі слесара, каб мы памянялі ключы. Таму што ўся гэтая публіка, якая расказвае байкі дэмакратычныя... Тры тыдні Хаб быў зусім зачынены. Нікога, ніводнага чалавека. Людзі ў Варшаве жаляцца, што толькі сваіх, любімчыкаў, туды запускаюць, астатніх — нікога.

Сяргей БульбаСяргей Бульба. Фота: Facebook

Ну, і самае галоўнае — справаздачы. Мы прасілі Лапко прадаставіць справаздачы, сесці за стол, нармальна дамовіцца. Ну, калі чалавек не чуе, што ты зробіш. Лапко хавае дакументы, яшчэ леташнія. Ім ё што хаваць. Увесь гэты гвалт таму, што яны гэты фонд ужо тры разы перазаклалі.

Да нас звярнуліся як да тых, хто можа спыніць гэты беспрэдзел. Таму мы і пагадзіліся ўвайсці. Але мы прасілі: калі мы заходзім, то мяняем увесь склад: і назіральнай рады, і прэзэсаў — усіх.

Мы марым, каб усе беларусы маглі карыстацца беларускім хабам, а не толькі сябры Лапко і Лявончыка».

На ўдакладняльныя пытанні Сяргей Бульба не адказаў.

дзверы Беларускага моладзевага хабу 2Дзверы Беларускага моладзевага хаба 2 жніўня 2023 г.

На скрыншотах з камер Беларускага моладзевага хаба сярод людзей, якія ўвайшлі ў памяшканне ранкам 2-га жніўня, заўважаны чалавек, падобны да беларускага гісторыка Андрэя Радамана. Мы звярнуліся да Андрэя па каментар. Ён адказаў, што выконваў функцыі перакладчыка і больш ніякіх каментароў даваць не будзе.

2-га жніўня ў судовым рэестры юрыдычных арганізацый з’явілася інфармацыя пра Belarusian Youth Hub з прэзэсам Аляксандрам Лапко, віцэ-прэзэсам Паўлам Забаўскім і нагляднай радай у складзе: Станіслава Гліннік, Ганна Канеўская, Алеся Гмір. Адпаведна Рэестру, Станіслава Гліннік дасюль уваходзіць таксама ў склад нагляднай рады арганізацыі Stowarzyszenie «Białoruski Młodzieżowy Hub».

Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота аўтаркі