2020 год моцна адбіўся на сферы культуры, асабліва на кіно. Тыя, хто не пагадзіўся працаваць на прапагандысцкую машыну, вымушаны былі з’ехаць. Асабліва няпроста ўладкавацца за мяжой акторам. Тым не менш беларускія імёны ўсе роўна з’яўляюцца ў цітрах замежных фільмаў і серыялаў. Распавядаем пра некаторыя з іх.
Андрэй Ісаеў
Андрэй Ісаеў, бадай, адкрыццё гэтага года. У інтэрнэце інфармацыі пра яго няшмат: вядома толькі, што ён родам з Берасця, але ў 2020-м годзе эміграваў у Польшчу.
Андрэй Ісаеў. Кадр з фільма
Андрэй сыграў ролю садоўніка (Бранека) у фільме брытанскага рэжысёра Джонатана Глейзера пад назвай «Зона інтарэсаў» (The Zone of interest). Сюжэт разгортваецца падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Асвенцыма ў Польшчы. Камендант лагера са сваёй жонкай Хедвіг імкнуцца пабудаваць сваю мару аб сямейным жыцці, уладкаваўшыся ў доме і садзе за плотам лагера.
Фільм атрымаў гран-пры на Канскім фестывалі.
Элі Нова
Элі, яна ж Алена, перспектыўная акторка, якая здымаецца ў папулярных серыялах. Напрыклад, у серыяле пра футбольнага трэнера «Тэд Ласо» (Ted Lasso).
Элі Нова. Кадр з фільма
У серыяле Элі грае мадэль Анастэйшу. Па словах актрысы, хоць гераіня – поўная супрацьлегласць ёй самой, роля далася ёй нескладана: Элі сама доўгі час жыла ў Дубаі і працавала мадэллю, таму ведае гэта знутры.
Сама ж акторка з Мінска. Яшчэ ў падлеткавым узросце яна сышла ў мадэлінг і працавала ў розных краінах. Цяпер Элі жыве ў Лондане.
Таксама дзяўчына здымалася ў брэнд-роліку, рэжысёрам якой выступіў знакаміты Мішэль Гондры.
17 верасня 2022 года ў беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане адбылася чытка п'есы "Мова цела" з удзелам аўтаркі — паэткі Ганны Комар — і Элі Нова.
Анатоль Кацянёў
Анатоль Кацянёў — былы віцэ-прэзідэнт Беларускай гільдыі актораў кіно і народны артыст, якога ведаюць яшчэ па фільмах з 80-х. Пасля развалу СССР у асноўным ён іграў у расійскіх дэтэктывах. Напрыклад, у «Каменскай». Але ў 2022 годзе яго ўзялі на ролю Барыса Ельцына ў вядомым серыяле «Карона» (The Crown).
Анатоль Кацянёў. Кадр з фільма
Ён удзельнічаў у здымках эпізодаў, якія адлюстроўваюць візіт Барыса Ельцына ў Вялікабрытанію ў 1992 годзе, а таксама прыезд брытанскай каралевы ў Расію. Па сюжэту Лізавета II сочыць за падзеямі жнівеньскага путчу 1991 года ў Маскве.
Міця Савелаў
Серыял «Карона» (The Crown) таксама стаў дэбютам яшчэ для аднаго актора з Беларусі — Міці Савелава. У серыяле ён сыграў перакладчыка Барыса Ельцына.
Міця Савелаў, кадр з фільма
Актор жыве ў Вялікабрытаніі і вядомы па спектаклі «Сабакі Еўропы» Беларускага вольнага тэатра, які быў пастаўлены паводле рамана Альгерда Бахарэвіча. Таксама Міця вёў уласны праект на Ютубе Change LIVE.
Ганна Адор (Анастасія Гамолка)
Ганна Адор. Фота з Фэйсбука
29-гадовая Ганна Адор ужо шмат гадоў жыве ў Індыі і працуе ў кіно. Нядаўна яна ўзяла ўдзел у здымках рамантычнага трылера пад назвай "Не — значыць не" (No Means No), які распавядае гісторыю індыйскага чэмпіёна па лыжным спорце. Ён прыехаў для ўдзелу ў спаборніцтвах у незнаёмую краіну і закахаўся ў мясцовую дзяўчыну.
Фільм — сумесная вытворчасць Індыі і Польшчы. Здымкі праходзілі ў абедзвюх краінах.
Аляксандр Яфрэмаў
Не блытаць яго з больш сталым поўным цёзкам.
Аляксандр Яфрэмаў
Аляксандр Яфрэмаў зняўся ў французскім фантастычным мінісерыяле «Infinity», які намініраваўся на прэстыжную прэмію Emmy 2023, паведамляе тэлеграм-канал «Свяшчэны Белавуд».
Серыял распавядае пра касмічную станцыю, якой камандуе капітан Курц. У пэўны момант яна губляе сувязь з Зямлёй. Тым часам цела Курца знаходзяць на Байкануры. Як растлумачыць гэты парадокс?
Беларускі актор сыграў у фільме эпізадычную ролю касманаўта на арбітальнай станцыі.
Гледачам Аляксандр знаёмы па працы ў Тэатры-студыі кінаактора, СХТ, ТЮГ, праектам «Дыяфільм. Лайв», а таксама ў мностве расійскіх і беларускіх фільмаў і серыялаў.
Марта К., budzma.org