Уладзімір Дудзіцкі: паэт, лавелас, таленавіты прамоўца і арганізатар, які аднойчы загадкава знік без следу

Лёс Уладзіміра Дудзіцкага нагадвае раман, у якім ёсць усё: літаратура, лагеры, каханне, эміграцыя, поспехі, расчараванні і таямнічае знікненне без следу. Пры гэтым пра самога паэта сёння вядома значна менш, чым пра многіх ягоных сучаснікаў. Захавалася няшмат дакументаў, няшмат успамінаў, а апошнія гады яго жыцця і сёння застаюцца загадкай.

Расказваем пра пакручасты лёс Уладзіміра Дудзіцкага, версіі ягонага знікнення і ўрэшце — вяртанне паэта ў беларускую літаратуру.

Dudzicki.jpg
Уладзімір Дудзіцкі. Фота з Вікіпедыі

Першыя вершы і спробы атрымаць адукацыю

Нарадзіўся Уладзімір у 1911 годзе ў вёсцы Дудзічы, што ў Пухавіцкім раёне. Насамрэч Дудзіцкі — гэта літаратурны псеўданім. Сапраўднае яго прозвішча было Гуцька. У сям’і ён быў самым малодшым з васьмі дзяцей. Як і многія вясковыя хлопцы таго часу, спачатку вучыўся ў мясцовай школе, а потым трапіў у Мінск. Менавіта там, яшчэ школьнікам, пачаў пісаць свае першыя вершы і друкаваць іх у сценгазетах.

У 1927 годзе паступіў у Мінскі Беларускі педагагічны тэхнікум — установу, якая ў тыя гады была сапраўднай кузняй беларускай інтэлігенцыі. Там выкладалі такія постаці, як Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік, Якуб Колас. Але менавіта на гады яго вучобы прыпала кампанія барацьбы з так званым «нацыянал-дэмакратызмам». Пад падазрэнне траплялі і выкладчыкі, і студэнты. Не абмінула гэта і Дудзіцкага. Разам з Сяргеем Астрэйкам, Лукашам Калюгам і іншымі ён быў выключаны з тэхнікума.

Тым не менш жыццё працягвалася. У 1929 годзе дзякуючы падтрымцы Уладзіміра Хадыкі і Лукаша Калюгі ён уладкаваўся стыльрэдактарам у газету «Савецкая Беларусь», працаваў перакладчыкам у навукова-тэхнічным выдавецтве і адначасова працягваў адукацыю на літаратурна-лінгвістычным факультэце Вышэйшага педагагічнага інстытута.

3 гады лагераў і 2 гады ссылкі

Здавалася, усё толькі пачынаецца. Быў нават падрыхтаваны да друку яго першы паэтычны зборнік «Песняй дум». Але ў лютым 1933 года, як і многія яго былыя сябры па тэхнікуме, Дудзіцкі быў арыштаваны. Суд прысудзіў яму тры гады лагераў. Падчас арышту рукапіс яго першага зборніка бясследна знік.

Пакаранне ён адбываў у Бірску і Марыінску. Пазней пакінуў успаміны пра людзей, якіх сустрэў за калючым дротам. Пасля заканчэння тэрміну атрымаў яшчэ два гады ссылкі ў Сярэдняй Азіі. Жыў у Ташкенце, працаваў у газеце «Фізкультурнік Узбекістана». Але там цяжка захварэў на малярыю. Хвароба аказалася настолькі сур’ёзнай, што яму дазволілі датэрмінова вярнуцца ў Беларусь у 1937 годзе.

Некалькі разоў быў звольнены як ненадзейны чалавек

Вярнуцца ў Мінск ён не мог. Былыя палітычныя вязні не мелі права жыць у сталіцы. Давялося выбіраць паміж Барысавам і Віцебскам. Ён выбраў Віцебск. Працаваў у газеце «Віцебскі пралетарый», затым выкладаў беларускую мову і літаратуру. Але і там яго мінулае нагадвала пра сябе. Урэшце яго звольнілі з даволі характэрнай фармулёўкай: не здолеў забяспечыць партыйнасць у выкладанні мовы і літаратуры.

З дапамогай Аўгена Клубовіча яму ўсё ж удалося вярнуцца ў Мінск і ўладкавацца ў часопіс «Савецкая школа», але ненадоўга. Адтуль яго таксама звольнілі як ненадзейнага чалавека. Апошнім месцам працы перад вайной стаў ветэрынарны тэхнікум у Курасоўшчыне — тады яшчэ вёсцы каля Мінска.

Падчас нямецкай акупацыі жыццё Дудзіцкага зрабіла новы паварот. Ён стаў адным з арганізатараў «Беларускай газеты», пазнаёміўся там з Наталляй Арсенневай, працаваў у культурна-асветных структурах, быў школьным інспектарам у Барысаве, рэдагаваў часопіс «Беларусь на варце». Менавіта ў гэты час ён падрыхтаваў да друку другі зборнік вершаў «Напярэймы жаданням» і кнігу прозы. Але ніводная з гэтых кніг так і не выйшла.

2 жонкі у розных канцах горада

Пра Дудзіцкага таго часу хадзіла шмат гісторый. Ён быў чалавекам надзвычай харызматычным і вельмі любіў жаночую ўвагу. Калегі жартавалі, што ў акупаваным Мінску ён меў адразу дзве жонкі, якія жылі ў розных частках горада. Аднаго разу, калі яго не маглі знайсці ў рэдакцыі, паслалі хлопчыка да яго дадому. Той вярнуўся ні з чым. Калі ж Дудзіцкі нарэшце з’явіўся, на пытанне, дзе быў, адказаў: «У жонкі». Яму заўважылі, што дома яго не знайшлі. Тады ён спакойна адказаў: «Дык я быў у другой жонкі».

За адмову супрацоўнічаць партызаны забілі яго маці

Але былі ў яго жыцці і значна больш трагічныя падзеі. Ён стаў адным з удзельнікаў першага нелегальнага пасяджэння, дзе абмяркоўвалася стварэнне Беларускай незалежніцкай партыі — арганізацыі людзей, якія не мелі ілюзій ні адносна немцаў, ні адносна савецкай улады. Пры гэтым асабістая варожасць Дудзіцкага да савецкага рэжыму была асабліва моцнай. Ён не забыў ні лагераў, ні пераследу.

А пазней адбылася яшчэ адна трагедыя: партызаны спрабавалі прымусіць яго супрацоўнічаць, а пасля адмовы забілі яго маці. Гэты боль ён пранёс праз усё жыццё. Вобраз маці пасля часта з’яўляўся ў яго вершах.

Эміграваў у Венесуэлу і стварыў там першую беларускую арганізацыю

У 1944 годзе Дудзіцкі пакінуў Беларусь. Спачатку ён апынуўся ў аўстрыйскім Зальцбургу, у лагеры для перамешчаных асобаў. Там разам з Алесем Салаўём, Міколам Ганьком і Алесем Грыцуком арганізаваў беларускую культурную працу, выдаваў часопіс «Пагоня» і газету «З беларускага жыцця».

У 1949 годзе ён пераехаў у Венесуэлу. І зноў праявіліся яго арганізатарскія здольнасці. Менавіта Дудзіцкі стварыў там першую і фактычна адзіную беларускую арганізацыю — Аб’яднанне беларусаў у Венесуэле.

Працаваў садоўнікам у дзяржаўнай сістэме паркаў і садоў, добра зарабляў і нават спрабаваў перацягнуць у Венесуэлу іншых беларускіх пісьменнікаў. Праўда, большасць яго сяброў аддала перавагу Злучаным Штатам.

uladzimir-dudzucki-02.png

dudzicki2advarot.jpgФотаздымак, дасланы Уладзімірам Дудзіцкім Юрку Віцьбічу. Фота: Новы час

Венесуэльскі перыяд стаў адным з самых плённых у яго творчасці. Ён пісаў новыя зборнікі вершаў «Хвалі» і «Да блізкіх і далёкіх», кнігу апавяданняў «Купальскія росы», аповесць «Голас крыві», працаваў над вялікімі паэмамі. Але амаль нічога з гэтага не было надрукавана.

Пасля скандалу мусіў пачынаць усё нанова і здолеў дабіцца поспеху

У нейкі момант ён нават знік з поля зроку сяброў. Выявілася, што паэт разышоўся з жонкай, закахаўся ў іншую жанчыну, якая таксама пакінула свайго мужа. Скандал прывёў да таго, што ён страціў працу і мусіў пачынаць усё нанова.

І ўсё ж яму зноў удалося падняцца. Ён абараніў дысертацыю па сельскагаспадарчых навуках і ў 1953 годзе стаў кіраўніком эксперыментальнага цэнтра сельскагаспадарчых культур пры Міністэрстве земляробства Венесуэлы. Пазней атрымаў ад дзяржавы сто гектараў зямлі для гаспадарання. Матэрыяльна яго жыццё было наладжана.

Узначаліў беларускую службу Радыё Вызваленне ў Мюнхене

Але ў 1955 годзе паступіла нечаканая прапанова ад прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка — узначаліць беларускую рэдакцыю Радыё Вызваленне ў Мюнхене. З матэрыяльнага пункту гледжання пераезд быў яму непатрэбны. Аднак ён адказаў, што калі беларускі незалежніцкі рух лічыць яго карысным, то адмовіцца ён не можа.

У 1956 годзе Дудзіцкі стаў кіраўніком беларускай службы Радыё Вызваленне. Здавалася, гэта вяртанне да той ролі, для якой ён быў створаны: арганізатар, публіцыст, прамоўца, чалавек з моцным голасам і талентам пераконваць.

Але менавіта тут пачалі праяўляцца яго асабістыя трагедыі. Ён шмат піў. Яшчэ горш было тое, што ў яго развівалася манія пераследу. Яму пастаянна здавалася, што за ім сочаць савецкія спецслужбы. Часам гэта прыводзіла да цяжкіх сямейных сцэн. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, ён нават мог узяцца за зброю, шукаючы ўласных пераследнікаў там, дзе іх не было.

Урэшце гэта пачало ўплываць і на працу. У 1962 годзе ён пакінуў пасаду і пераехаў у Злучаныя Штаты.

Пераезд у ЗША

Спачатку жыў у Нью-Ёрку, потым атрымаў працу ва ўніверсітэце Індыяны ў Блумінгтане. Туды яго запрасіў іншы беларускі пісьменнік — Масей Сяднёў. Пазней там жа працаваў і Уладзімір Клішэвіч. Некаторы час у адным універсітэце апынуліся адразу тры беларускія літаратары. Але сяброўства не склалася. Характары былі занадта розныя.

Неўзабаве сям’я пераехала ў Сірак’юз. Да таго часу ў Дудзіцкага было ўжо шасцёра дзяцей. Яго жонка, этнічная расіянка з Казані, паспяхова выкладала рускую мову ва ўніверсітэтах.

Версіі знікнення Уладзіміра Дудзіцкага

У 1968 годзе адбыўся апошні вядомы паварот у ягоным лёсе. Ён нечакана вырашыў вярнуцца ў Венесуэлу. Развітаўся з сям’ёй і паехаў. Спачатку яшчэ пісаў лісты, прасіў даслаць кнігі, паведамляў, што хоча напісаць кнігу пра ўласнае жыццё.

А потым перастаў пісаць.
Сувязь абарвалася раптоўна і канчаткова.

Жонка, дзеці і сябры спрабавалі яго адшукаць. Звярталіся ў «Чырвоны крыж», у праваабарончыя арганізацыі, да знаёмых у розных краінах. Ніхто нічога не ведаў.

Адна з версій грунтуецца на словах знаёмай ягонай сям’і, якая паведамляла, што паэт знаходзіўся ў стане глыбокай дэпрэсіі і яго маглі таемна вывезці ў Савецкі Саюз.

Гэтая думка пераклікаецца са сведчаннямі двух былых зняволеных, якія сцвярджалі, што сустракалі Дудзіцкага ў мардоўскіх лагерах, дзе ён распавядаў пра сваю сям’ю і шасцёра дзяцей. Хаця беларускі КДБ у 1990-х гадах адказаў даследчыцы Лідзіі Савік, што звестак пра яго паўторнае зняволенне пасля 1933 года няма, навукоўцы дапускаюць, што такая інфармацыя можа захоўвацца ў расійскіх архівах спецслужбаў.

Іншая, больш экзатычная версія, належыць ягонай знаёмай Яніне Каханоўскай, якая дапускала, што Дудзіцкі мог апынуцца ў Аргенціне сярод прасавецкі настроеных эмігрантаў і ў стане падпітку быў адпраўлены на параходзе ў СССР.

У сваю чаргу, даследчык Лявон Юрэвіч выказваў меркаванне, што пісьменнік, які і раней быў схільны да радыкальных пераменаў у асабістым жыцці, мог проста вырашыць збегчы ад свайго мінулага. Паводле гэтай тэорыі, ён мог пачаць жыццё з чыстага ліста з новай жанчынай недзе ў Венесуэле ці іншай краіне, цалкам абарваўшы сувязі з ранейшай сям’ёй і суродзічамі

Нягледзячы на спробы яго дачкі Ані знайсці бацьку праз міжнародныя арганізацыі, ніводная з гэтых версій пакуль не атрымала афіцыйнага пацверджання. Уладзімір Дудзіцкі проста знік.

Вяртанне ў беларускую літаратуру

Пры жыцці ён не выдаў ніводнага ўласнага зборніка вершаў. І толькі ў 1994 годзе Беларускі інстытут навукі і мастацтва выдаў кнігу «Напярэймы жаданням», падрыхтаваную Лявонам Юрэвічам паводле рукапісаў, якія захавала сям’я. Для многіх гэта стала сапраўдным адкрыццём. За складаным, супярэчлівым і часта няшчасным чалавекам раптам убачылі моцнага і самабытнага паэта.

Пазней выйшла яшчэ адно, пашыранае выданне яго твораў. Імя Дудзіцкага вярнулася ў беларускую літаратуру, хоць ягоны ўласны лёс так і застаўся незавершанай гісторыяй.

dudzicki_vokladka.jpgВокладка мінскага выдання твораў Уладзіміра Дудзіцкага («Лімарыус», 2010)

Артыкул падрыхтаваны паводле анлайн-лекцыі даследчыцы іміграцыі Наталлі Гардзіенкі «Загадкавыя зьнікненьні й сэнсацыйныя знаходкі — лёсы беларускіх пісьменьнікаў у ЗША».

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org