Кацярыне Ваданосавай не трэба плаціць польскай лякарні за лячэнне і рэанімацыю яе маці

Высветлілася, што ўсе выдаткі пакрыла страхоўка, а шпіталь, у якім лячылася маці Кацярыны Ваданосавай, проста забыў адклікаць дакументы з суда. Пра гэта вядоўца ютуб-канала «Будзьма беларусамі!» Кацярына Ваданосава паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Kaciaryna Vadanosava

«Мне не трэба плаціць 78000 злотых. Аказваецца, шпіталь ужо даўным-даўно ўсе дакументы ад Ужэнду да спраў уцекачоў атрымаў, і ўсё заплачана, але яны падалі на мяне ў суд раней, чым дакументы аб забеспячэнні мамы прыйшлі, і... забыліся скіраваць у суд адкліканне позвы.

Ну, забыліся, ну, бывае. Я тры ночы не спала, мяне ванітавала, прылівы кожныя 10 хвілін, рукі калоцяцца, як у паралітыка, скінула 3 кг (гэта плюс, канешне), але гэта ж няважна, бо хто я? — усяго толькі эмігрантка, якая зусім не перажывае пасля смерці маці і, канешне, мае ў кішэні 78 тысяч злотых, каб паўторна на запыт суда заплаціць рахунак за яе інсульт і смерць!.. <...> У гэтыя дні ў мяне, да кучы, былі маніпуляцыі ў маім, анкалагічным, шпіталі, і я бегала па ўжэндах паміж уколамі ды кропельніцамі. Проста молах, жорны. А ў дадатак, нягледзячы на тое, што плаціць мне не трэба, у суд усё роўна трэба падаць стос дакументаў, бо справу ж не адклікалі!», — напісала Кацярына.

16 чэрвеня Кацярыне Ваданосавай прыйшла позва ў польскі суд: шпіталь патрабуе спагнаць з вядоўцы 78313,99 злотых. У гэтую суму ўваходзілі выплаты за аперацыю маці журналісткі ў снежні 2025 года, яе рэанімацыю і дзеянні post mortem. Справа ў тым, што Нэлі Ваданосава знаходзілася ў працэсе атрымання міжнароднай аховы ў Польшчы і па законе павінна быць застрахавана, з‑за бюракратычнай памылкі яе дадзеныя не былі своечасова ўнесены ў базу Упраўлення па справах замежнікаў (Urząd do Spraw Cudzoziemców).

Вясной 2026 года Кацярына паведаміла, што сям’і удалося даказаць памылку, і рахунак будзе аплочаны дзяржавай. Аднак у чэрвені 2026 года справу перадалі ў суд, бо шпіталь, хоць і атрымаў выплаты, але папярэднюю заяву не адклікаў.