Нашы класікі, забранзавелыя ў сваёй бездакорнасці, глядзяць на нашчадкаў са старонак падручнікаў. Аднак што калі яны былі не такімі ўжо ідэальнымі і маглі не толькі закласці «за каўнерык», але і распачаць рукапашны бой? Між іншым, часам так і здаралася. Юрась Гарэлка, эксперт «Будзьмы!» па пісьменніцкіх адзінаборствах, разбірае тры топавыя сутычкі ў гісторыі белліта.
Гісторыя пра тое, што бывае з прыхільнікамі рэпрэсій
Макаёнак і Глебка разыгралі ў цягніку знакамітую сцэну з п’есы «Атэла». Крыніцы фотаздымкаў: bellitmuseum.by і nlb.by (замалёўка аўтара).
Андрэй Макаёнак — гэта беларускі Чак Норыс. Ды што там, нават круцей. Хочаце доказаў? Калі ласка.
Падчас Другой сусветнай вайны драматург спачатку служыў у Іране, а потым трапіў на Крымскі паўвостраў, у самае пекла, дзе быў цяжка паранены ў абедзве нагі (агулам больш за 13 аскепкаў). Боль быў страшэнны, аднак Макаёнак ратаваўся даволі арыгінальным чынам: вучыў на памяць твор украінскай літаратуры. «Однажды приходит врач Бугаенко, подает книжку и говорит: «Вот тебе, сынку, лекарство. Читай и учи наизусть. «Энеида» Котляревского». Развернул, посмотрел: «На украинском». «Найкраща мова, сынку. А гумор який! Учи. Отвлекать будет от боли». И я читал. Учил».
Аднак лячэнне не дапамагала. Дактары, западозрыўшы гангрэну, вырашылі ампутаваць ногі, аднак не ўлічылі істотны фактар: Макаёнак хаваў пад падушкай трафейны пісталет. Наставіўшы зброю на медыкаў, Андрэй Ягоравіч пераканаўча давёў, што рэзаць ногі не трэба: «Ампутаваць ня дамся. Паспрабуеце ўзяць сілай — буду страляць...» Перапалох, шум. (...) Загад санітарам: «Узяць яго!». «Вы думаеце — я жартую?» — стрэл у столь... (...) Адступіла шпітальнае начальства».
З акружэння яго перавезлі ў тыл, дзе ён перанёс некалькі цяжкіх аперацый «амаль без наркозу». Імаверна, Макаёнак спецыяльна ад яго адмаўляўся, каб ногі не ампутавалі, пакуль ён непрытомны. Такім чынам, усё засталося на месцы. І нават больш — да канца жыцця ён насіў у нагах больш за тузін аскепкаў.
Карацей, Андрэй Ягоравіч быў чалавекам, з якім не варта сварыцца. Яго процілегласцю можна лічыць Пятра Глебку, які жыў паводле прынцыпаў ката Леапольда, імкнучыся ўсіх улагодзіць і прымірыць (прынамсі так прыгадвалі яго сучаснікі, у тым ліку лепшы сябар Пятрусь Броўка). Хто б мог падумаць, што якраз Глебка давядзе Макаёнка амаль што да спробы забойства.
У пісьменніцкім дзённіку Барыса Сачанкі («З запісак рэдактара») ёсць успаміны пра тое, як аднойчы група беларускіх пісьменнікаў вярталася цягніком з Масквы, дзе адбыўся з’езд пісьменнікаў. Стральцоў і Сачанка бадзяліся па вагонах і прыйшлі да «старэйшых»: у адным з купэ пілі каньяк Нічыпар Пашкевіч, Андрэй Макаёнак і Пятро Глебка. І, вядома, далучыліся да іх.
Пасля некалькіх чарак Макаёнак раптам запытаўся ў Глебкі: «Я чуў, што Вы быццам апраўдваеце 37-мы год. Праўда гэта?». Пятро, і так чырвоны, пачырванеў яшчэ больш: «А 37-мы год патрэбен быў нам, праз яго трэба было прайсці, каб ачысціцца ад непатрэбных людзей. Вы не ведаеце таго часу, той барацьбы, скрытай і адкрытай, людзей тых... Сапраўды сярод іх былі ворагі...»
Тут усё і адбылося: не паспелі і вокам міргнуць, як Макаёнак ужо душыў Глебку. Прысутныя паспрабавалі іх расцягнуць, аднак гэта аказалася не так проста, «бо Макаёнак на дзіва здаровы і апантаны». Нарэшце бядовага абаронцу рэпрэсій вырвалі і павялі на калідор. Некаторы час пастаялі там, аднак размова не клеілася, таму разышліся па сваіх купэ.
Публічнага розгаласу гэтае здарэнне не мела. Невядома, ці змяніў Глебка сваё меркаванне пра 1937 год, аднак можна здагадвацца, што гэты выпадак навучыў яго асцярожнасці ў выказваннях. Прынамсі ў прысутнасці Макаёнка.
Як Броўка даў прачуханца Крапіве (але не таму, якому хацеў)
Магчыма, менавіта такі дыялог адбыўся паміж Ігарам Атраховічам (з левага боку) і яго знакамітым бацькам. Крыніца фотаздымка: zviazda.by (замалёўка аўтара).
Аднойчы Зміцер Бартосік узяў інтэрв’ю у Гарольда Вольскага — сына драматурга Віталя Вольскага і дзядзькі Лявона Вольскага. І той распавёў даволі пікантную гісторыю, якая прыведзена ў кнізе «Клініка кітайскага дантыста».
У міжваенны час творчы бамонд нярэдка бавіў час у «Падблоні» — пісьменніцкім доме адпачынку побач з Пухавічамі. Былі там не толькі самі аўтары, але і іх сем’і. Аднойчы Гарольд Вольскі разам з Ігарам Атраховічам (малодшым сынам Кандрата Крапівы) вырашылі пасваволіць. Далей цытата: «Быў такi эпiзод, звязаны з Барысёнкам [маецца на ўвазе акадэмік Васіль Барысёнак, рэцэнзіі якога былі сапраўднымі даносамі]. У яго сын быў — Гарык. Мы з Iгарам Крапiвой яго пабiлi добра. Ён нам нашкодзiў цi што. А потым прывязалi яго да дрэва й падпалiлi касцёр. Каб папужаць».
Так, стоп. Прывязалі да дрэва і падпалілі касцёр? Яны што там, у інквізіцыю гулялі? Страшна ўявіць, што будзе далей.
«У гэты час міма ішлі Броўка з Кучарам [Айзек Кучар, літаратурны крытык]. Убачылi ўсё й пачалi нас лупасiць. А Крапiва толькi лаўрэата палучыў Сталiнскай прэмii. Дык Броўка Iгару пад зад нагой улупiў i кажа: «У¬ух ты, няшчасны лаўрэат¬-т-т». Так яму зайздросна было».
На пачатку 1941-га, калі адбылася гэтая гісторыя, Крапіва сапраўды атрымаў Сталінскую прэмію. Але тут паўстае заканамернае пытанне: чаму ж тады «прыляцела» ад Броўкі не Кандрату Кандратавічу, а яго сыну?
Аднак не варта думаць, што Ігар здаўся без бою. Наадварот, скончылася гэта гісторыя даволі весела: «Ну мы адступiлi, наламалi пруцьеў там у бярэзнiку, падышлi ззаду й добра адлупцавалi пруцьямi iх. I за забор удралi».
Больш за ўсё ў гэтай гісторыі мне падабаецца ўяўляць Петруся Броўку — дарослага ўжо чалавека каля 35 з высокім інтэлектуальным ілбом, прафесарскімі акулярамі і партбілетам у кішэні — карацей, хоць помнік адлівай. І вось гэты плакатны савецкі інтэлігент разганяецца і нагой у шырачэзнай штаніне смачна дае пад зад шчасліваму сталінскаму піянеру. А той бярэ дубца, падкрадаецца ззаду да будучага народнага паэта і лупцуе яго пісьменніцкае сядалішча. Такую сцэну варта было б экранізаваць!
Засталося толькі адно пытанне: што ўвесь гэты час было з прывязаным хлопцам, пад якім падпалілі касцёр?
Бітва за «Каласы»: Караткевіч супраць Лужаніна
Рэдакцыйны цэнзар ці пісьменнік-наватар: хто каго? Крыніца фотаздымкаў: bellitmuseum.by (замалёўка аўтара).
8 жніўня 1965 года Уладзімір Караткевіч запісаў у сваім дзённіку: «Вечарам сядзелі ў Лужаніна, гаварылі. Здаецца, памірыліся-такі. А колькі ён мне зла прычыніў. Ды добра хаця, што быў шчыры вораг, не ў прыклад некаторым іншым. І разумны, калі не асляпляла злосць. А каго яна не асляпляла? Лезлі мы з ім адзін на аднаго з вачыма, налітымі крывёй».
Што ж паміж імі здарылася, і чаму яны лезлі адзін на аднаго? Каб зразумець гэта, трэба заглыбіцца ў гісторыю стварэння аднаго з найбольш вядомых твораў беларускай літаратуры.
Цяпер гэта цяжка ўявіць, аднак быў час, калі выдаўцам даводзілася даказваць, што раман «Каласы пад сярпом тваім» варты таго, каб быць надрукаваным. Справа ў тым, што яго першапачатковая версія была апублікавана ў часопісе «Полымя» (№ 2–6 за 1965 г.). Натуральна, паўстала пытанне пра выхад асобнай кнігі, аднак за твор узялася цэнзура: «Советская Белоруссия» надрукавала артыкул Якава Герцовіча, паводле якога Караткевіч абвінавачваўся ў прыхільнасці да «эксплуататараў» Загорскіх ды адсутнасці «сацыяльных нізоў». У апошнім абзацы сцвярджалася, што аўтар «паспяшаўся з публікацыяй», бо яму яшчэ трэба нямала папрацаваць над раманам. Фактычна ад Уладзіміра Сямёнавіча патрабавалася, каб ён напісаў прынцыпова іншы твор, які адпавядаў бы патрабаванням савецкай дактрыны.
Вядома, пачаўся вэрхал: хтосьці абураўся, дасылаў пратэсты ў рэдакцыю газеты і нават тэлефанаваў Герцовічу з прэтэнзіямі, на што ён не раз публічна скардзіўся з трыбуны (дарэчы, Караткевіч такіх званкоў не ўхваляў). Іншыя ж паціралі рукі ад задавальнення. А рэдакцыя выдавецтва ўспрыняла артыкул як прамое ўказанне афіцыйнага органа і паставіла перад раманістам задачу: прынесці нешта дыяметральна супрацьлеглае. Усё часцей раздаваліся галасы, што ў справу павінен умяшацца Саюз пісьменнікаў. Што і адбылося — па ініцыятыве Івана Мележа 22 лютага 1967 г. было арганізавана абмеркаванне твора.
Нягледзячы на тое, што за Караткевіча заступіліся многія аўтары (Брыль, Мележ, Адамовіч, Навуменка, Гілевіч, Кісялёў і інш.), сур’ёзных наступстваў паседжанне не мела. Аднак важна іншае: перш чым распачаць дэбаты, пісьменнікі запатрабавалі, каб прадстаўнік выдавецтва выклаў прысутным усе прэтэнзіі наконт кнігі. І той вымушаны быў зачытаць урыўкі з выдавецкай рэцэнзіі, аўтар якой даводзіў, што «добрых паноў» кшталту Загорскіх не было і быць не магло. І напісаў яе... Максім Лужанін.
Рэпутацыя ў Лужаніна, мякка кажучы, была сумніўнай. Сябар літаб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша», ён не пазбегнуў рэпрэсій: у 1933 г. быў асуджаны як «член контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» і сасланы на два гады ў лагер. Праўда, ужо праз пару месяцаў выйшаў. З чаго раптам такая шчодрасць, калі іншым не толькі не скасоўваюць тэрміны, але і актыўна накідваюць? Чуткі пра супрацу пісьменніка з вядомай установай распаўсюдзіліся хутка.
У 1947 годзе Лужанін стаў асабістым сакратаром Якуба Коласа. Той, магчыма, здагадваўся, што прыставілі такога памочніка не проста так, але ставіўся да гэтага спакойна. Тым болей, што свае абавязкі сакратар выконваў спраўна. Ды і рэцэнзію на твор Караткевіча яму даверылі пісаць невыпадкова: Рыгор Барадулін, напрыклад, сцвярджаў, што Лужаніну «было дадзена заданне канкрэтна ад дырэктара выдавецтва Матузава зарэзаць «Каласы пад сярпом тваім»».
Здавалася б, сітуацыя патавая. З аднаго боку — прынцыповы Караткевіч, а з іншага — 72 старонкі заўваг, якія напісаў Лужанін. Менавіта праз гэтыя заўвагі і адбывалася тое, пра што Уладзімір Сямёнавіч пазней напіша «лезлі мы з ім адзін на аднаго з вачыма, налітымі крывёй». Што ж канкрэтна там было: хапалі за шкіркі або абмежаваліся крэпкімі словамі ды красамоўнымі жэстамі? Гэтага мы не ведаем, аднак ведаем іншае: «Каласы» ўсё ж былі надрукаваны.
Трэба аддаць належнае абодвум пісьменнікам. Лужанін добра разумеў логіку цэнзуры і прапаноўваў такія праўкі, які б задаволілі ўладу і пры гэтым не змянілі сэнс поўнасцю. «Да пераразання жылаў твору не дайшло», — падсумаваў пазней работу рэцэнзента Рыгор Барадулін. Ну а ідэйны Караткевіч, хоць і не без зубнога скрыгату, усё ж пайшоў на кампраміс і пагадзіўся з большасцю правак. Так што ў гэтым змаганні можна смела залічыць баявую нічыю.
Цікава, што пазней аўтары нават пасябруюць. Дзённікавы запіс пра Лужаніна Караткевіч скончыць наступным чынам: «А выявілася — прычыны не было, трэбы было разабрацца, што за чалавек для сябе і сяброў другі. І выявілі мы ўзаемна, што абодва нішто сабе людзі. Ну й добра. Ну й няхай сабе і павек так. Я не супраць, калі не супраць ён».
І гэта толькі тыя гісторыі, якія атрымалася адшукаць у агульным доступе. А колькі ўсяго да нас не дайшло?
Юрась Гарэлка, budzma.org