Беларуская мова стала адной з нешматлікіх, на якую пераклалі старажытную “Рыгведу”

Беларускі паэт і перакладчык Ігар Кулікоў збірае сродкі на публікацыю свайго перакладу старажытнаіндыйскага збору рэлігійных гімнаў “Рыгведа”. Пераклад зроблены ім непасрэдна з санскрыту і захоўвае вершаваную форму тэкстаў. А ў самой кнізе разам з перакладам будзе шмат карысных дадаткаў.

Каб надрукаваць першыя 100 асобнікаў, аўтару перакладу трэба сабраць 27 мільёнаў рублёў. Праз пляцоўку “Талака” ахвочыя могуць ахвяраваць грошы на гэтае выданне. А гэта сапраўды важны і каштоўны для беларускай культуры праект.

Мы распыталі пра яго Ігара Кулікова.

Ігар Кулікоў

– Мінула каля 3 тыдняў, як ты апублікаваў праект па выданні першай часткі паэтычнага перакладу “Рыгведы” на “Талацэ”, і прыблізна столькі ж засталося да канца кампаніі па зборы сродкаў. Кніга амаль гатовая да выдання, засталося, па вялікім рахунку, зрабіць толькі карэктуру, і можна запускаць у друк. Але тут пытанне ўпіраецца ў грошы, бо для друку кнігі ты мусіш назбіраць 27 мільёнаў. Ці шмат адгукнулася зацікаўленых да праекту? Якую частку грошай засталося назбіраць, каб ажыццявіць выданне?

– На дадзены момант адгукнулася 24 чалавекі. З іх 13 – маё знаёмыя, якія так ці іначай ужо ведалі, што я займаюся перакладам “Рыгведы”. Многія сачылі за ходам праекту ў фэйсбуку. Чарнавікі першых хвалебнаў я пачаў вывешваць больш за два гады назад. Я рабіў гэта свядома, каб ужо загадзя прыцягваць увагу людзей да падзеі. Таму многія мае знаёмыя ўжо няблага ўяўляюць, што гэта будзе за кніга, і, мабыць, таму так хутка й шчодра адгукнуліся на абвешчаны збор сродкаў. Але асабліва прыемна бачыць астатніх 11 чалавек, якія дагэтуль былі мне зусім не знаёмыя. І хаця мы сабралі пакуль што толькі траціну патрэбнае сумы, я не адчайваюся, бо яшчэ адну траціну – па-за Талакоштам – ужо ахвяравалі мае найбліжэйшыя сябры, а таксама людзі, што вучаць у мяне санскрыт.

 

– Хто, на тваю думку, будзе найперш зацікаўлены ў гэтым выданні і чаму?

– Безумоўна, перадусім гэта кніга прыдасца людзям, якія цікавяцца Індыяй, і такіх у Беларусі досыць многа. Таксама кніга можа зацікавіць і тых, хто сам займаецца мастацкім перакладам: думаю, яны знойдуць там нямала цікавых перакладніцкіх хадоў. Акрамя таго, кніга будзе цікавая і з моўнага гледзішча: дзеля больш адэкватнага перакладу мне прыйшлося вельмі сур’ёзна папрацаваць не толькі над стылем, але й над самою моваю як такою. У канцы кнігі будзе змешчаны 8-старонкавы слоўнік рэдкіх слоў і наватвораў, ужытых мною ў перакладзе.

Я стараўся зрабіць кнігу як мага цікавейшаю й даступнейшаю, таму забяспечыў яе не толькі ўвагамі да кожнага хвалебну, але й цэлым шэрагам артыкулаў дачынна паходжання “Рыгведы”, асаблівасцяў стылю ды мовы помніка. Частка нататак прысвечаная асноўным паняткам светагляду арйаў “Рыгведы”, а таксама тлумачэнню, як я падбіраў для іх беларускія адпаведнікі. Акрамя таго, будзе ў кнізе і даведкавы спіс уласных імёнаў багоў, чартоў, князёў ды паэтаў.

– Вось ты згадваеш, што поўны пераклад зроблены толькі на некалькі моваў, у тым ліку на рускую – яна ў тым спісе са славянскіх адзіная. І што ў асноўным гэта празаічныя пераклады, а паэтычных дык і яшчэ менш. (Дарэчы, можа быць пералічыш, на якія?) Таму ці не здаецца табе, што твой пераклад можа стаць вельмі цікавым не толькі для беларускага чытача, але і для чытачоў у іншых славянамоўных краінах?

– “Рыгведа” як адзін з найстаражытнейшых твораў чалавецтва перадусім цікавіць навукоўцаў. Адсюль і мноства празаічных перакладаў, якія як мага дакладней перадаюць арыгінал. Трэба разумець, што ўжо ў VI ст. да н.э. “Рыгведа” пачала станавіцца незразумелай у самой Індыі. Першая спроба каментавання “Рыгведы”, пра якую мы ведам, належыць Йаску, які жыў прыблізна ў VI ст. да н.э. Таму добры паэтычны пераклад і не мог бы з’явіцца без сур’ёзнага навуковага падмурку ў выглядзе падрадковіка. На сёння поўных паэтычных перакладаў, пра якія мне вядома, толькі тры: на ангельскую, французскую ды расейскую. Першыя два вельмі састарэлі. Паэтычны пераклад асобных хвалебнаў ёсць таксама на расейскую, чэшскую і, мабыць, на яшчэ пару моваў. Што да іншых славянамоўных краін, то, безумоўна, яны могуць зацікавіцца – было б жаданне разбірацца ў беларускіх грымзолях :-).

 

– Ну а так, раскажы, ці весела табе было працаваць над перакладам? Хутка праца ішла, ці яно так – калі як плынню ідзе, а калі завіснеш на чымсьці? Падазраю, што багата цікаўнасцяў за час перакладу табе сустрэлася.

– Уласна пераклад заняў у мяне прыблізна два гады. Перакладаў амаль штодзень па некалькі гадзін, нярэдка даходзіла да паўнавартаснага рабочага дня. Перапыняўся на летнія канікулы, вядома. Адразу скажу, што пераклад прыйшлося рабіць двойчы. Калі я пачынаў, то не меў зусім ніякага ўяўлення, як гэта рабіць. Таму метад перакладу прыйшлося выпрацоўваць ужо ў працэсе работы. Пасля прачытання якой-небудзь манаграфіі прыходзілася ўносіць змены. Таму, калі я закончыў першы чарнавік, то зразумеў, што ён нічога не варты, і прыйшлося ўвесь 191 хвалебен перарабляць нанава – у прыватнасці, я памяняў спосаб перадачы арыгінальных вершаваных памераў. Трэцяя праўка была ўжо менш радыкальнай. Калі я б рабіў тое самае цяпер, то гэта, вядома, заняло б значна менш часу.

Цікаўнасцяў было процьма, перадусім гэта датычыць перакладу асобных словаў. Напрыклад, для перакладу слова mantra я прыдумаў новае слова “мыслітва”: рэч у тым, што mantra утворана ад кораня man ‘мысліць, чціць’, таму мантра – гэта такое паважнае думанне пра кагосьці, плюс, вядома, малітва й заклён. Хацелася гэта неяк перадаць у перакладзе. Задача ўскладнялася яшчэ й тым, што слова “малітва” ўжо было занятае пад пераклад іншага санскрыцкага слова. Так і з’явілася мыслітва, утвораная паводле мадэлі “маліць → малітва”, “лавіць → лавітва” і г.д. Але галоўная цікаўнасць была ў тым, што, перакладаючы “Рыгведу”, я як бы вёў размову з паэтамі, якія жылі дзесьці 2500 гадоў да мяне. Гэта ні з чым не параўнанае пачуццё. Дакранацца да іх свядомасці было захапляльна. Спадзяюся, мой пераклад дазволіць чытачам адчуць нешта падобнае.

У якасці прыкладу хацеў бы прывесці хвалебен, прысвечаны знакамітаму ў Індыі ахвярапрынашэнню каня Ашвамэдга. Яго мог чыніць толькі князь і толькі з асаблівым канём.

 

хвалебен 162

 

паэт – Дырґгатамас, сын Учатхйаў

 

хай Мітра Варуна Арйаман Увішны

хай Індра з Марутамі нас не прагледзяць

калі мы на вучце вяшчацьмем учынкі

каня богароднага здабычаношы /1/

 

вядуць перад ім разубраным ў аздобы

казла пярэстага дарунак у путах

ідзе ён з бляяньнем прастуе наперад

да мілага жытлішча Індры-Пушана /2/

 

перадуе прыгожаму каню на вучце

той казёл усябожны Пушанава доля

жарабца ды прыяльную пераджаротву

падганяе Тваштар дзеля славападзеі /3/

 

калі ў час суладны жарабца-жаротву

наўкол пуці божага тройчы абводзяць

то першаю рушыць Пушанава доля

казёл што зьвястуе багом пра адправу /4/

 

жрэц абраднік адрочнік вогнезапальнік

дзяржальнік жорнаў і прамоўца натхёны

належнаабрэчаным гэтым аброкам

напоўнеце чэравы краснаю стравай /5/

 

пейце хвалу слупарубам ды слупавозам

тым што вянец выразаюць на слуп аброчны

тым што зьбіраюць начыньне конегатоўлі

хай іх услаўленьне нам стане ў прыгодзе /6/

 

пайшоў у сялібу багоў прамасьпінны

усьлед яму складзена мною мысьлітва

радуюцца жортве натхнёныя рушы

на годах багоў здабылі мы супольца /7/

 

аброць скакунова вузда жарабцова

стрыножныя путы ды повад ягоны

трава каторую у рот палажылі

хай будзе з табою і ў божай сялібе /8/

 

што муха паела з убоіны конскай

што к дрэву прыліпла і што да сякеры

што к пальцам рэзьніка да яго пазногцяў

хай будзе з табою і ў божай сялібе /9/

 

ад рэштак пахучых нястраўленай ежы

ад затхі сьмярдзючага сырога мяса

хай рэзьнікі тушу скакуна ачысьцяць

хай вывараць варма закольную страву /10/

 

сок з тушы тваёй на ражон устыкнёнай

жыр зь мяса твайго на агні гатаваным

няхай да Зямлі не прыстане ні к травам

багом прагавітым хай будзе дарунак /11/

 

хто сочыць за смажаньнем конскае тушы

хто кажа пах добры здымайце нарэшце

хто жджэ частаваньня жарабцовым мясам

хай іх услаўленьне нам стане ў прыгодзе /12/

 

пруток каштаваць ці зварылася мяса

судзіны якімі разьліваюць юшку

накрыўкі гаршкоў і тушыльныя чопы

крукі ды паўміскі ўсё служыць стаенцу /13/

 

пакоцьвішча ходзішча лежбішча збруя

стаенца стрыножныя путы

пакорм і наедак вада што ён выпіў

хай будзе з табою і ў божай сялібе /14/

 

агонь хай цябе не ўкуродыміць дымам

кацёл не абернецца кіпам кіпучы

жаданы аброк асьвячоны апеты

з ахвотай хай прымуць стаеньніка богі /15/

 

убраньне каторым каня убіраюць

апона й яго залатыя аздобы

аброць і стрыножныя крэпкія путы

няхай у багоў жарабца утрымаюць /16/

 

калі цябе вершнік падганяючы надта

ці пяткай ці пугай ударыў балюча

як жырачарпалам на жортваабрадах

сцаляю твае ўсе вярэды малітвай /17/

 

на трыццаць чатыры наткнецца сякера

часак на каня богадружнага рэбры

бяз псоты разьберце яго на чалоны

аддзельце назваўшы сустаў за суставам /18/

 

адзін разьбірае скакуна Тваштара

а двое трымаюць такі бо парадак

і колькі тваіх прыгатую чалонаў

ў агонь столькісама абраку я клёцак /19/

 

хай дых цябе любы на ўходзе ня мучыць

і ў целе тваім не захрасьне сякера

хай рэзьнік няўмелы прамазаўшы ў празе

нажом абы-як не адрэжа чалонаў /20/

 

ня мрэш ты о коню ня церпіш вярэды

а рушыш да багоў дарогаю лёгкай

з рабымі з буланымі ў супражы станеш

скакун баявіты у дышлі асловым /21/

 

кароў жарабцоў прынясе нам стаеньнік

сыноў найвыдатных скарб цэланасытны

бязгрэшнасьцю нас хай надзеліць Бязьмежа

валоду хай конь нам здабудзе аброчны /22/

Гутарыла Алеся Башарымава

Падрыхтавана адмыслова для ГКК “Будзьма беларусамі!”